Інтэрв'ю з арганізатарам конкурсу "Рамантычная экспрэсія", які пройдзе ў Астраўцы

15:49 / 18.03.2011
12

У наступную суботу, 26 сакавіка, у культурным жыцці Астраўца адбудзецца значная падзея: першы адкрыты Усходнееўрапейскі конкурс харэаграфічнага, тэатральнага, музычнага і выяўленчага мастацтва “Рамантычная экспрэсія”. З гэтай нагоды – наша інтэрв’ю з адным з арганізатараў конкурсу Аляксандрам Валер’евічам Аўсяннікавым.


— Аляксандр Валер’евіч, ці шмат знайшлося жадаючых прыняць удзел у першым Усходнееўрапейскім конкурсе – усё ж сёння праводзіцца дастаткова фестываляў і конкурсаў самага рознага ўзроўню, і даволі прэстыжных, “раскручаных”…
— Шчыра кажучы, мы і самі не чакалі такога ажыятажу, калі пачыналі работу па арганізацыі конкурсу. Для ўдзелу ў ім ужо зарэгістравалася больш як 140 удзельнікаў, якія збіраюцца спаборнічаць у народнай і класічнай інструментальнай музыцы, вакале, тэатральным мастацтве, харэаграфіі, выяўленчым мастацтве, мастацкай фатаграфіі. Удзельнікі прадстаўляюць розныя рэгіёны Беларусі: зарэгістраваліся ўдзельнікі з Мінска, Магілёва, Гродна, Оршы, Ліды, Смаргоні, Брэста, Слуцка, Слоніма, Іўя, а таксама – са Смаленска Расійскай Федэрацыі.
Прыемна, што сярод удзельнікаў заяўлены і гаспадары – калектывы, выканаўцы, фотамастакі з Астраўца.
І ўзровень удзельнікаў вельмі салідны, асабліва сярод “народнікаў” – нездарма беларуская школа ігры на народных інструментах лічыцца лепшай у СНД. Сваё жаданне прыняць удзел у нашым конкурсе заявілі некалькі ўдзельнікаў і лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, да прыкладу, Андрэй Дзям’яненка, адзін з лепшых дамбрыстаў у СНД. Юная мандаліністка Сафія Ворса прыедзе на гэты конкурс непасрэдна з другога – міжнароднага конкурсу дамрыстаў і мандаліністаў, які 18-20 сакавіка адбудзецца ў Ніжнім Ноўгарадзе Расіі.
— Дзе і калі будзе праходзіць конкурс? Ці змогуць пабачыць яго астравецкія жыхары?
— Так, безумоўна, прычым уваход для гледачоў будзе свабодны.
Конкурс адбудзецца 26 сакавіка на дзвюх  пляцоўках: у кінаканцэртнай зале “Астравец” будуць спаборнічаць вакалісты, харэаграфічныя і тэатральныя калектывы і асобныя выканаўцы, у дзіцячай школе мастацтваў – інструменталісты. Выстаўкі выяўленчага мастацтва будуць размешчаны і ў кінаканцэртнай зале, і ў школе мастацтваў.
 У гледачоў будзе, я думаю, толькі адна праблема: як усюды паспець і нічога не прапусціць.
— Конкурс чакаецца, наколькі я зразумела, вельмі прадстаўнічы. А хто будзе “журыць” удзельнікаў?
— Склад журы – не менш прадстаўнічы, чым канкурсантаў. Узначаліць яго дала згоду народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Прафесіяналы высокага класу запрошаны і для ацэнкі выступлення інструменталістаў, майстроў выяўленчага мастацтва, танцораў і вакалістаў. Дапамагаць ім будуць спецыялісты з Астраўца – тут таксама, наколькі я ведаю, працуюць прафесіяналы высокага ўзроўню.
— Гэты конкурс плануецца як разавае мерапрыемства ці ў яго будзе працяг?
—  Мы вельмі спадзяемся, што адкрыты Усходнееўрапейскі конкурс “Рамантычная экспрэсія” стане традыцыйным і трывала прапішацца ў Астраўцы.


Гутарыла Ніна АЛЯКСЕЕВА.