Павел Букель – у ліку лепшых
У мінулую пятніцу ў Гродна праходзіў абласны фестываль патрыятычнай песні, які штогод арганізоўваюць ГА БРСМ і аддзел моладзі. Наш раён на ім прадстаўляў цэнтр пазашкольнай работы, а дакладней – культарганізатар Павел Букель, які выступаў у намінацыі “Аўтарская песня”, і Вікторыя Гарбачэўская – намінацыя “Саліст”.
Як і кожны год, сёлета на мерапрыемства сабраліся вопытныя ўдзельнікі, кожны з якіх з’яўляўся сур’ёзным канкурэнтам і сапернікам для астатніх. Усе канкурсанты былі падзелены на дзве катэгорыі: прафесіяналы і самадзейныя выканаўцы. Вызначаць лепшых, канешне ж, было больш складана ў першай групе, бо амаль кожны ўдзельнік тут – сапраўдны майстар, узровень выканання быў вельмі высокі.
Аднак калі на сцэну падняўся наш Павел Букель і пранікнёна, як умее толькі ён, выканаў сваю песню “Мая зямля” – зала і журы застылі ў зачараванні ад прыгожай кампазіцыі.
Калі надышла чарга вызначаць лепшых, меркаванні журы раздзяліліся. У выніку Павел заняў другое месца, хоць на думку многіх ён быў лепшым.
Марына МАЦКЕВІЧ.