Фотавыстава Карнэлія Консэка адкрылася ў школе мастацтваў

16:06 / 25.01.2011

Імя брата Карнэлія – каталіцкага манаха Карнэлія Консэка – ужо вядома астраўчанам, асабліва тым з іх, хто стараецца не прапускаць ніводнай падзеі ў культурным жыцці раёна. Брат Карнэлій – таленавіты фотамастак,  яго фотавыставы падарожнічаюць па розных гарадах Беларусі. Адна з іх, “Пятае Евангелле”, працавала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы восенню 2009 года і выклікала вялікі рэзананс у наведвальнікаў. Уменне ўбачыць незвычайнае ў звычайным, перадаць вялікі філасофскі сэнс простай рэчы, Асобу ў паставе ці жэсце, невыказнае шчасце ці невымернае гора ў адным толькі поглядзе ці руху – у гэтым майстэрства Мастака.


І яно ў поўнай меры перададзена ў новай фотавыставе “Крыніца жыцця і любові – сям’я”. Больш за сорак работ перадаюць розныя моманты сямейнага жыцця: шчаслівыя, сумныя, радасныя, будзённыя… І , спыняючы імгненні, аўтар сведчыць: сям’я – самае галоўнае, самае каштоўнае, самае важнае, што ёсць у чалавека…
Зрэшты, дарэмна спрабаваць пераказаць выстаўку словамі – яе трэба бачыць. Таму спяшайцеся ў раённую школу мастацтваў на выстаўку Карнэлія Консэка. Упэўнена: вам не проста спадабаецца – вы будзеце ўражаны.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.