Артисты Республиканского театра белорусской драматургии, сыгравшие на островецкой сцене спектакль "Незваный гость", дали интервью "АП"

15:41 / 27.11.2016
%d0%bd%d0%b5%d0%b7%d0%b2%d0%b0%d0%bd%d1%8b%d0%b9-%d0%b3%d0%be%d1%81%d1%82%d1%8c-%d0%b0%d1%84%d0%b8%d1%88%d0%b0Айчынныя і замежныя поп-зоркі ў апошні час сталі частымі гасцямі ў Астраўцы і буйнейшых вёсках раёна. А вось драматычныя артысты, на жаль, прыязджаюць да нас не так часта, як хацелася б прыхільнікам тэатральнага мастацтва, якіх нямала і ў правінцыі. Прыемным выключэннем з гэтага не вельмі добрага правіла з’яўляецца трупа аднаго з вядучых сталічных тэатраў (як на мой густ, то аднаго з лепшых) Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якая нядаўна ў чарговы раз наведала Астравец. Маленькім і дарослым гледачам сталічныя артысты прапанавалі два спектаклі: “Воўк-мораплавец” і “Нязваны госць”.

Падчас перапынку паміж спектаклямі нашаму журналісту ўдалося перахапіць крыху стомленых, але ад таго не менш шчырых і адкрытых артыстаў тэатра Андрэя Дабравольскага і Алену Баяраву, якія ўдваіх ігралі ў вячэрнім спектаклі “Нязваны госць”, і задаць ім некалькі пытанняў пра тэатр, артыстаў, гледачоў, асабістае жыццё і многае іншае. Спадзяёмся, што нашым чытачам – тым, хто бачыў Андрэя і Алену на сцэне, і тым, у каго тэатральныя сустрэчы з гэтымі цудоўнымі акцёрамі яшчэ наперадзе, – будзе цікава пазнаёміцца з імі бліжэй.

Візітныя карткі: 


АЛЕНА БАЯРАВА

%d0%b1%d0%be%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0Нарадзілася і вырасла ў Віцебску. Закончыла Беларускую Акадэмію мастацтваў (майстэрня прафесара А. Каляды). У РТБД з 1998 года. Занятая ў чатырнаццаці спектаклях. Здымалася ў серыялах “Сон як жыццё”, “Доўгая дарога”, “Прыкмета на шчасце”, “Школа пражывання”, “Паскораная дапамога-2”, “Ой, мамачкі!” і іншых. Узнагароджана медалём Францыска Скарыны.

АНДРЭЙ ДАБРАВОЛЬСКІ

%d0%b4%d0%b0%d0%b1%d1%80%d0%b0%d0%b2%d0%be%d0%bb%d1%8c%d1%81%d0%ba%d1%96Нарадзіўся і вырас у горадзе Жодзіна Мінскай вобласці. На працягу 1991-1995 года працаваў загадчыкам пастановачнай часткі ў народным тэатры Жодзіна. Вучыўся на рэжысёрскім факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. З 2001 года працуе ў РТБД. Заняты больш чым у дзесяці спектаклях. Здымаўся ў серыялах “Закон”, “Вакзал”, “Каменская-3”, “Нядзельны дзень у жаночай лазні”, “Паскораная дапамога” і іншых. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

– Ведаю, што вы толькі што вярнуліся з Польшчы, дзе паказвалі “Чарнобыльскую малітву”. На жаль, я не бачыла гэты спектакль, але добра ведаю гэты і іншыя творы Алексіевіч – яе стыль, мне здаецца, вельмі складаным для пастаноўкі. А яшчэ моўны бар’ер... Як успрынялі спектакль у Варшаве?

Алена Баярава:

– Ведаеце, вельмі добра. І моўны бар’ер не перашкодзіў разуменню і эмацыйнаму ўспрыняццю спектакля. Гэта зразумела: чарнобыльская тэма палякам блізкая – гэтаксама, як і беларусам. Вось калі мы паказвалі гэты спектакль у Іркуцку – яго прымалі па-іншаму: усё ж адчуваецца, што для людзей у расійскай Сібіры Чарнобыль і яго наступствы не такія балючыя і хвалюючыя, як для нас.

Андрэй Дабравольскі:

– А ў тым, што “Чарнобыльская малітва” не сцэнічная кніга – вы памыляецеся. Гэты твор Святланы Алексіевіч паставілі ўжо ў многіх замежных краінах. Спектакль пастаўлены французскім рэжысёрам  Бруно Бусаголем у садружнасці з нашым рэжысёрам Валерыем Анісенкам.  І там не толькі маналогі: музыка, касцюмы – усё мае вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на гледача.

– Хочацца спадзявацца, што вы прадоўжыце добрую традыцыю наведваць Астравец са сваімі лепшымі спектаклямі і некалі прыедзеце да нас з “Чарнобыльская малітвай”...

А ўвогуле сталічны і правін-цыйны глядач – яны адрозніваюцца? І чым?

Алена Баярава:

– Так, адрозніваюцца. У сталіцы ў дзяцей і дарослых шмат магчымасцей для таго, каб заняць свой вольны час, вялікі выбар забаў, і ў тэатр далёка не ўсе з іх ідуць, каб паглядзець спектакль, ацаніць ігру акцёраў – часта гэта проста выпадковы збег абставінаў. Адпаведна і паводзяць сябе ў зале: шум, смяшкі, размовы па тэлефоне…

У правінцыі ж зусім іншы глядач – не распешчаны “відовішчамі”, калі так можна сказаць. І ён зусім па-іншаму ўспрымае дзейства, што адбываецца на сцэне. Мы адзначылі гэта і сёння на першым дзіцячым спектаклі “Воўк-мораплавец”: сталічныя дзеці ўспрымаюць яго зусім па-іншаму.

– Ад чаго, на вашу думку, залежыць поспех спектакля – ад  п’есы, рэжысёра, ігры акцёраў, падрыхтаванасці гледача? І ці ёсць у вас ролі любімыя – і не вельмі?

Алена Баярава:

– Ну вось калі будзе ўсё тое, што вы зараз пералічылі: добрая п’еса, таленавіты рэжысёр, натхнёныя акцёры, зацікаўленыя гледачы – тады і атрымаецца добры спектакль.

Андрэй Дабравольскі:

– Поўнасцю згодзен з Аленай.

А што тычыцца любімых роляў, то тут нельга сказаць: вось гэтую ролю я люблю, а гэтую – так, нумар адбываю. Ролі – яны як дзеці: кожная любімая.

–  На вашых “асабовых рахунках” нямала роляў, сыграных у тэатры, да таго ж у абодвух салідная фільмаграфія. А якая праца – у кіно ці тэатры – дастаўляе большае задавальненне?

Андрэй Дабравольскі:

– Канешне ж, тэатр! У кіно сыграў – і ўсе, гэта застанецца назаўжды. А ў тэатры, калі нават нешта не атрымалася сёння – заўсёды ёсць магчымасць  гэтую ролю сыграць па-іншаму, выправіць памылку, падаць вобраз у іншым ракурсе. Гэта пастаянная творчасць, работа над сабой і над роляй.

Алена Баярава:

– Згодная з Андрэем. Ведаеце, калі б яшчэ ў кіно прапаноўвалі сур’ёзныя, глыбокія ролі – магчыма, працаваць было б цікавей. А так гэта ў асноўным серыялы…

Андрэй Дабравольскі:

– Калі ўжо зусім шчыра, то кіно – гэта для грошай, а тэатр – для душы.

– А як становяцца акцёрамі? Прынамсі, як гэта было ў вас?

Алена Баярава:

– Маё дзяцінства прайшло ў Віцебску. І я вельмі любіла тэатр. Глядзела ўсе спектаклі, некаторыя – па некалькі разоў. Ну вось так: хадзіла, назірала, марыла, што і сама некалі выйду на сцэну…

Пасля школы, хоць не з першага разу, усё ж паступіла ў Акадэмію мастацтваў – і ў рэшце рэшт усё ж стала іграць на сцэне. Так што дзяўчаткам, якія, магчыма, будуць чытаць гэтае інтэрв’ю, хачу сказаць: трэба марыць – мары збываюцца, гэта праўда. Ну і, канешне, працаваць над ажыццяўленнем сваёй мары. Прычым пачынаць як мага раней…

– І што, калі б нехта з блізкіх вам людзей захацеў звязаць сваё жыццё з тэатрам, вы б не сталі яго адгаворваць?

Алена Баярава:

– У кожнай справе ёсць нюансы, плюсы і мінусы. У прафесіі акцёра таксама свае складанасці. Мая дачка, якая вырасла, лічы, за кулісамі нашага тэатра, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, сказала: толькі не актрыса! І гэта яе рашэнне, яе выбар.

Я ж люблю сваю прафесію – найперш за тое, што, калі выходзіш на сцэну, адбываецца нябачны, але адчувальны абмен энергіяй з гледачамі. І калі па нейкай прычыне гэтага доўга няма – напрыклад, ты ў адпачынку ці яшчэ што, – пачынаеш адчуваць сябе дыскамфортна: хочацца на сцэну.

Андрэй Дабравольскі:

– Не, у мяне ўсё было не так рамантычна. Я ўвогуле не збіраўся быць артыстам. Але тым не менш паехаў у Маскву і паступіў у Шчукінскае вучылішча. Але ішоў 1991 год, разваліўся Савецкі Саюз, за вучобу трэба было плаціць. А ў мяне да таго часу ўжо не было мамы, бацька ж не меў столькі грошай, каб аплачваць мае забавы ў Маскве. Таму я вярнуўся дамоў, у Жодзіна, і стаў працаваць.

Ужо ў даволі сталым узросце, у 24 гады, паступіў на рэжысёрскае аддзяленне ўніверсітэта культуры. І на чацвёртым курсе мяне запрасілі ў тэатр беларускай драматургіі – так з 2001 года, вось ужо пятнаццаць гадоў, я тут і працую.

Так што артыстам я стаў, можна сказаць, па збегу абставін. Хоць зараз ні аб чым не шкадую – ні аб тым, што не трапіў у Маскву, ні аб тым, што  ўвесь час іграю ў адным тэатры. Мне падабаецца, у мяне тут ёсць сябры, з якімі мы шмат гадоў разам, – так што не варта гнявіць Бога і на нешта скардзіцца.

– Ці ходзіце вы ў тэатр у якасці гледача? І якія спектаклі любіце? Я зараз не пра тыя, у якіх самі іграеце…

Алена Баярава:

– Вельмі рэдка. Работа ў нас такая, што амаль усе вечары занятыя, а калі выпадае вольны, то трэба выбіраць – пайсці ў тэатр ці пабыць дома. І гэтая дылема вырашаецца, як правіла, на карысць сям’і.

А калі ўсё ж выбіраешся ў тэатр, то на нейкую вартасную пастаноўку, ад якой спадзяешся атрымаць задавальненне – не хочацца, каб рэдкі вольны вечар быў змарнаваны.

Любімы спектакль? Цяжка сказаць… Але не, успомніла: у оперным тэатры час ад часу даюць “Шэсць танцаў”. Гэта нейкая феерыя! Там усё: гумар, мастацтва, пачуцці… Ставяць яго не вельмі часта, бо спектакль ліцэнзійны і існуе ліміт на колькасць пастановак – але гэта нейкі цуд! Калі дзейства заканчваецца, заўсёды хочацца спыніць імгненне…

%d0%b0%d0%b2%d1%82%d0%be%d0%b3%d1%80%d0%b0%d1%84-%d0%b1%d0%be%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0Андрэй Дабравольскі:

– Я практычна не хаджу ў тэатр. Не таму, што мне нецікава, – па іншай прычыне. Там іграюць знаёмыя, калегі, і пасля спектакля яны чакаюць майго меркавання – а вельмі рэдка бывае, што можна пахваліць работу, не крывячы душой. Даводзіцца альбо хлусіць, альбо псаваць адносіны з людзьмі – не хочацца ні таго, ні другога. Таму часцей за ўсё ў такіх выпадках абмяжоўваешся фразай “Ну, ты сёння даў…” А што і як “даў” – хай ужо думае сам.

Хоць здараецца, што на спектакль запрашаюць сябры, якім можна сказаць усё ў вочы – і тады іду, гляджу і гавару.

%d0%b0%d0%b2%d1%82%d0%be%d0%b3%d1%80%d0%b0%d1%84-%d0%b4%d0%be%d0%b1%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%be%d0%bb%d1%8c%d1%81%d0%ba%d0%be%d0%b3%d0%be– Ведаю, што артысты настройваюцца перад спектаклем. А ці варта неяк настройвацца гледачам перад паходам у тэатр? І як?

Алена Баярава:

– Гледачам, якія збіраюцца ў тэатр, я б параіла адно: расслабцеся! І атрымлівайце задавальненне…

Андрэй Дабравольскі:

– А па магчымасці – і асалоду. Мы ж разумеем: далёка не ўсе прыйшлі ў тэатр паглядзець менавіта гэты спектакль. Некага жонка зацягнула, некага прафкам выправіў… І ўвогуле – так не бывае, каб усім усё падабалася. Кожны раз у зале ёсць гледачы, якіх дзейства на сцэне зусім не цікавіць. Такім хачу параіць: не бурчыце, не кракчыце, не злуйцеся – расслабцеся і ціхенька паспіце паўтары-дзве гадзіны, нікому не перашкаджаючы. У гэтым выпадку таксама можна атрымаць асалоду ад тэатра…

– Спадзяёмся, што астравецкія гледачы прыходзяць на вашы спектаклі не для таго, каб паспаць – асалоду можна і трэба атрымліваць ад іншага. А яшчэ хочацца верыць, што гэтая сустрэча з вамі і з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі не апошняя. Чакаем вас зноў у Астраўцы!

Алена Баярава:

– Запрашайце!

Гутарыла Ніна РЫБІК.