Год книги глазами директора Островецкой централизованной библиотечной системы

11:00 / 25.01.2013

Мінулы год у нашай краіне быў аб’яўлены Годам кнігі. А як вядома, кніга і яе распаўсюджванне ў грамадстве – гэта частка місіі бібліятэк і таму аб’яўленне ў Беларусі года кнігі стала знакавым для ўсіх бібліятэк і людзей, якія ў іх працуюць. Але толькі кнігамі справа не абмежавалася. Час прайшоў пад знакам агульнай эрудыцыі, інтэлекту і самаадукацыі, таму што чытаць – гэта думаць.
Мы вырашылі даведацца, чым запомніўся мінулы Год кнігі дырэктару Астравецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталлі Уладзіміраўне Ачарэтавай.


–    Мінулы год у краіне праходзіў пад знакам Года кнігі. Скажыце, у сувязі з гэтым цікавасць да кнігі ўзрасла?
–    Цікавасць да кнігі была заўсёды. А ў сувязі з тым, што мінулы год быў аб’яўлены ў краіне Годам кнігі, яна яшчэ больш узрасла. Дарэчы, сёння ў раёне працуюць 22 бібліятэкі – адна цэнтральная, адна дзіцячая і 20 бібліятэк-філіялаў. І ў кожнай ёсць свае чытачы, якія ідуць у бібліятэку з задавальненнем.
–    Давайце ўзгадаем найбольш значныя мерапрыемствы, якія прайшлі ў раёне ў мінулым годзе і арганізатарам якіх сталі работнікі бібліятэк?
–    Іх было вельмі шмат. Дарэчы, праводзяцца яны штогод, а не толькі ў Год кнігі. Пачаўся мінулы год з семінара для нашых бібліятэкараў, на якім былі разгледжаны асноўныя пытанні правядзення Года кнігі, вызначаны накірункі работы. Мы таксама прапанавалі супрацоўнікам бібліятэк мультымедыйную прэзентацыю “Сучасная кніга сёння”. З ёй  пазнаёмілі і  школьнікаў, расказалі, дзе, на якіх сайтах можна знайсці цікавыя маладзёжныя выданні і карысныя электронныя кнігі.
Апошнія гады нашы бібліятэкі праводзяць шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў з пісьменнікамі і паэтамі і сёлетні год таксама не стаў выключэннем. Да 80-годдзя стварэння “Беларускага саюза пісьменнікаў” была арганізавана вечарына “Колер радасці і святла”, удзельнікам якой стаў старшыня Мінскага абласнога аддзялення “Беларускага саюза пісьменнікаў” Міхаіл Пазнякоў. Знамянальна, што ўдзел у гэтым мерапрыемстве прынялі супрацоўнікі і выхаванцы школы мастацтваў і раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Цікава і запамінальна прайшла сустрэча з дзіцячай паэтэсай, на вершы якой напісана некалькі папулярных песень, якія выконваюць вядомыя расійскія спевакі, Таццянай Дашкевіч.
Мінулы год  адрозніваецца  і тым, што мы адзначылі юбілеі нашых мясцовых паэтаў Святланы Бацюлевай і Станіслава Курылы. Спецыяльна да гэтых дат былі прымеркаваны святочныя вечарыны.
Шмат увагі ўдзялілі і юбілеям нашых класікаў – Якубу Коласу, Янку Купалу, Максіму Танку. Летам для бібліятэкараў арганізавалі паездку ў музей Янкі Купалы ў Вязынку. Дарэчы, такія падарожжы мы збіраемся прадоўжыць і ў бягучым годзе.
Мы таксама ўдзельнічалі ў конкурсе фотаздымкаў, прысвечаным Году кнігі, які арганізавала газета “Беларуская ніва”. І прыемна, што два нашых фотаздымкі, на якіх мы адлюстравалі работу раённага бібліёбуса, былі надрукаваны на старонках гэтага выдання.
У апошні дзень вясны прайшло раённае свята кнігі “Каб жыла кніга, каб не знікалі веды!”, арганізаванае ў “Галактыцы”. Тут жа айцец Георгій арганізаваў выставу старадаўняй кнігі, мы запрасілі на мерапрыемства Эдварда Сяргея, паэта з Ашмян і нашага мясцовага песенніка-кампазітара Аляксандра Якіменку.
Тады ж узнікла думка пашырыць на тэрыторыі раёна такі вядомы ва ўсім свеце накірунак, як буккросінг. Мы пакінулі некалькі кніг у гасцініцы, на аўтобусных прыпынках і ў магазінах – і кнігі адправіліся ў падарожжа. А ў цэнтральнай бібліятэцы ўстанавілі асобную паліцу, на якой размясцілі кнігі для буккросінга – любы чалавек можа адтуль узяць любую кнігу. Гэта паслуга  карыстаецца попытам і цяпер.
Вялікую папулярнасць атрымала сярод бібліятэкараў і нашых пастаянных чытачоў  акцыя “Кнігу – дзецям!” У яе рамках у дзіцячы сацыяльны прытулак мы змаглі завесці больш 200 сабраных кніг і значна папоўніць іх бібліятэку.
Напрыканцы мінулага года ў раёне  прайшоў  так званы “бенефіс чытача”, на які запрасілі пастаянных наведвальнікаў бібліятэкі, для якіх, як і для бібліятэкараў, кніга – гэта жыццё.
–    Зразумела, што іншы раз  арганізаваць нейкую справу аднаму не па сілах. Ці часта вы супрацоўнічаеце з  іншымі арганізацыямі ці ўстановамі?
–    Мы пастаянна супрацоўнічаем са школамі. А ў апошнія гады наладзілі цеснае ўзаемадзеянне  з беларускай праваслаўнай царквой. Дзякуючы падтрымцы айца Георгія ў бібліятэцы былі арганізаваны дзве выставы праваслаўнай кнігі “Біблія – навука дабра і міласэрнасці” і “Падзвіжнікі і іх святыні”, якія мелі вялікі поспех сярод наведвальнікаў нашай бібліятэкі. Фонд праваслаўнай кнігі ў бібліятэцы ёсць, але ён вельмі стары. Мы, канешне, кожны год стараемся набываць нейкія рэдкія экзэмпляры, але гэтага мала. І таму вялікі дзякуй трэба сказаць айцу Георгію за шыкоўны падарунак – ён падарыў бібліятэцы больш трохсот кніг праваслаўнай тэматыкі.
–    У апошні час моладзь больш цікавіцца электроннымі сродкамі інфармацыі. Ім значна прасцей знайсці неабходную інфармацыю ў інтэрнэце, чым шукаць яе ў кнізе. Як вы думаеце, ці зможа электронная кніга выціснуць друкаваную?
–    Не, ніколі не выцісне. Мы не адмаўляемся ад электронных выданняў, наадварот, рэкламуем іх, але я ўпэўнена, што нішто не зможа замяніць пах друкаванай кнігі, шолах лістоў, і ў цэлым жыццё з друкаванай кнігай. Калі ты бярэш друкаваную кнігу ў рукі, ты пачынае жыць жыццём яе герояў. Хіба гэта можна памяняць на электронную кнігу? Ніколі. Друкаваная кніга была, ёсць  і будзе!
–    Дарэчы, за мінулы год бібліятэчны фонд папоўніўся кніжнымі навінкамі?
–    Што датычыцца раённай бібліятэкі, то на 2011 і 2012 гады прыйшліся найбольш вялікія паступленні кніг. Так, у мінулым годзе мы атрымалі больш 9200 кніг – і гэта значная лічба!
–    У апошні час ходзяць чуткі пра аб’яднанне школьных і публічных бібліятэк. Наколькі гэтая інфармацыя праўдзівая? І што чакае нашых чытачоў?
–    У вобласці ўжо ёсць выпадкі аб’яднання публічных і школьных бібліятэк. У некаторых раёнах школьныя бібліятэкі далучылі да публічных, у іншых – надварот. У  бягучым годзе гэты эксперымент прыйдзе і на Астравеччыну. Прынамсі, мы ўжо пачалі весці перамовы з  аддзелам адукацыі. Гэта складаны працэс, бо ідзе аб’яднанне дзвюх устаноў, якія належаць да розных міністэрстваў. У любым выпадку спачатку мы плануем прааналізаваць усе плюсы і мінусы тых эксперыментаў, якія ўжо прайшлі ў Гродзенскай вобласці, і толькі потым возьмемся за аб’яднанне бібліятэк у нашым раёне. Для нас галоўнае, каб не пацярпелі нашы маленькія і дарослыя чытачы.
–    Дзякуй за гутарку! І поспехаў вам у вашай дзейнасці!


Алена ЯРАШЭВІЧ.