“Саюз пісьменнікаў Беларусі” в гостях у Островецкой библиотеки

10:37 / 24.01.2013
1

Жыццё кожнага чалавека непарыўна звязана з кнігай, а ўменне чытаць становіцца галоўным спосабам пазнання свету. Аб'яўлены  2012 год кнігі падкрэсліў  яе значнасць і ролю ў жыцці грамадства, стаў дадатковым стымулам звярнуць увагу на тых, хто піша, і тых, хто чытае.


Астравецкая цэнтральная раённая бібліятэка ў мінулым годзе правяла шмат мерапрыемстваў да Года кнігі: свята кнігі, паэтычныя старонкі, літаратурныя гадзіны, бенефісы  чытачоў, афармляліся шматлікія кніжныя выставы, ладзіліся сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі і паэтамі, творчымі людзьмі нашага раёна.
Цікавая сустрэча адбылася і напачатку новага, 2013 года, калі гасцямі Астравецкай раённай бібліятэкі сталі члены Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” А.Л. Клемянок і А.Дз. Нікіпорчык на чале са старшынёй Л. А. Кебіч.
Асалоду ад роднай мовы, мілагучных  вершаваных радкоў  атрымалі прысутныя ў той дзень ад Алы Леанідаўны Клемянок са Смаргоні, якая прадэкламавала свае вершы, артыстычна зачытала ўласную казку пра Дзюймовачку.
Гродзенская паэтэса, лаўрэат прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” 2010 года Ала Дзмітрыеўна Нікіпорчык прымусіла чытачоў паразважаць аб сэнсе жыцця.  Жанчына адразу акрэсліла, што ў свае вершы ўкладвае духоўнасць, глыбокую думку, уласныя ўражанні.  Паэтэса актыўна працуе ў стылі верлібра, піша на беларускай і рускай мовах.
Адкрыла тую цёплую сустрэчу і задала шчыры даверлівы тон ёй старшыня  абласнога аддзялення СПБ Людміла Антонаўна Кебіч. У прыватнасці, яна заўважыла, што гэта першая такая сустрэча ў Астравецкай бібліятэцы, хоць  літаратурныя паездкі яго члены практыкуюць даўно.  Яна ж і закончыла імпрэзу дэкламаваннем сваіх твораў. Яе лёгкі рыфмаваны верш кладзецца ў душу непрыкметна. Напэўна таму яе творы так  упадабалі кампазітары – на рахунку  Людмілы Антонаўны некалькі зборнікаў песен.
Закончылася сустрэча ўзаемнымі падарункамі: дырэктар Астравецкай ЦБС Н.У. Ачарэтава падаравала гасцям зборнік твораў мясцовых аўтараў “Астравецкі край”, а госці ў сваю чаргу папоўнілі фонд бібліятэкі літаратурным альманахам  “На Нёманскай хвалі”, а Ала Клемянок пакінула ў падарунак свае “Рэфлексіі”  – зборнік уласных  вершаў і прозы.


Галіна Францкевіч,


бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай ЦБС