Размышления после “Каляднага вечара” Нины Рыбик

16:07 / 22.01.2013

11 студзеня на сцэне кінаканцэртнай залы “Астравец” з вялікім поспехам прайшла прэм’ера спектакля па п’есе Ніны Рыбік “Калядны вечар”.

Гэта быў, напэўна, першы выпадак у гісторыі Астравеччыны, калі тэатральная пастаноўка атрымалася цалкам астравецкай. І аўтар п’есы, і рэжысёр, у ролі якога па сумяшчальніцтву з выкананнем акцёрскай ролі выступіла Вольга Турубарава, акцёры: Наталя Волк-Леановіч, Хрысціна Гіруць, Вольга Лябецкая, Галіна Свірыд і сама аўтар, якая выканала адну з самых складаных роляў, і зразумела, гледачы з’яўляліся астраўчанамі.
Ці не таму ў выніку ўсё і атрымалася неяк вельмі па-сямейнаму: шчыра, даверліва, кранальна...
Пачуцці, уражанні, якія выклікаў спектакль, складана апісаць. Назваць гэта задавальненнем не павернецца язык. Ды і аўтар разам з акцёрамі, думаецца, зусім не ставіў перад сабой такой мэты. Гэта быў не вадэвіль, “где много песен”, не камедыя, не трылер і не ружова-мармеладная меладрама, якую можна глядзець з пачкам папкорна ў руках.
На сцэне фактычна адсутнічалі дэкарацыі, і не адбывалася ніякага, у сучасным разуменні гэтага слова, відовішча.
Прынамсі такога, якое б здолела затрымаць увагу гледача хоць на нейкі больш-менш працяглы адрэзак часу.
Па вялікім рахунку ўвесь спектакль складаецца з маналогаў-аповедаў чатырох пажылых жанчын, воляй лёсу і жыццёвых абставін злучаных напярэдадні Ражаства ў доме састарэлых.
І тым не менш, нягледзячы на гэтую выразную незабаўляльнасць, сцэнічная дзея захоплівае з першых хвілін і не адпускае ўвесь час, які ідзе спектакль.
І увесь гэты час у зале – ні гуку. Боязна нават вольна паварушыцца ў крэсле, каб выпадковым скрыпам не парушыць тое дзейства, якое адбываецца на сцэне.
Яно вельмі шчырае і праўдзівае. Пачынаючы ад рухаў, якія выканаўцы падгледзелі ў сваіх пажылых матуль і бабуль, і завяршаючы зусім не літаратурнай, але такой дарэчнай “трасянкай”, замешанай на мясцовых моўных абаротах, якая кожнае слова, што гучыць са сцэны, робіць родным і зразумелым для кожнага, хто прысутнічае ў зале.
Ды і “грэх” адной з гераінь, якая забыла ў час зачыніць “юшку”, таксама “свой”, недасягальны ўраджэнцу мегаполіса.
Ужо пасля заканчэння спектакля нехта з гледачоў – зразумела, дзеля таго, каб выказаць самадзейным артыстам сваё захапленне, – параўнаў іх выступленне з ігрой прафесійных акцёраў. Як ацэнка выканаўчага майстэрства, такое параўнанне, безумоўна, цалкам заслужанае і мае права на існаванне.
Аднак з другога боку, ад непрафесіяналізму акцёраў пастаноўка толькі выйграла. Не было зашмальцаваных акцёрскіх штампаў, фальшывых тэатральных жэстаў, напышлівых, ненатуральных эмоцый. Па сутнасці, кожная з гераінь не сыграла сваю ролю – пражыла, прапусціла праз сябе. А з імі гэта зрабілі і ўсе гледачы ў зале.
Праблема старасці і адзіноты, мажліва, і не блізкая кожнаму з нас. Аднак старасці нікому не ўдасца пазбегнуць, а ад адзіноты ніхто не можа зарачыся. Таму што яна зусім не залежыць ад наяўнасці і колькасці дзяцей, унукаў, праўнукаў і іншых, так бы мовіць, нашчадкаў.
Як ні балюча гэта прызнаць, але поруч з праблемай сацыяльнага сіроцтва, якая тычыцца дзяцей нядбайных бацькоў, у нашым грамадстве, на жаль, усё больш адчувальнай, прыкметнай становіцца і праблема сацыяльнай адзіноты, калі на скону гадоў, падчас маючы безліч блізкіх і родзічаў, стары чалавек, па сутнасці, застаецца невымерна адзінокім.
Здаецца, менавіта гэтую відавочную ісціну аўтар і акцёры і намагаліся данесці да гледачоў, якіх у зале сабралася не так і мала.
А ўвогуле, пераказваць змест мастацкага твора – марная і няўдзячная справа. Лепш – адзін раз убачыць. Тым больш, што, як запэўніў адразу пасля завяршэння пастаноўкі начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Сяўко, у гледачоў Астравеччыны яшчэ будзе магчымасць увачавідкі пазнаёміцца з п’есай на сцэнах сельскіх дамоў культуры.
Міхалішкаўская сцэна абрана ў якасці дэбютнай на раёне зусім не выпадкова. Менавіта ў Міхалішках на так званых сацыяльных ложках мясцовай бальніцы знаходзяцца некалькі дзясяткаў чалавек сталага ўзросту з усёй Астравеччыны.
Хоць, па словах аўтара Ніны Рыбік, гэтыя людзі і не з’яўляюцца прататыпамі герояў яе твора, усе ахвяраванні, якія будуць сабраны падчас усіх пастановак, пойдуць на ўтрыманне пажылых людзей менавіта ў гэтай медыцынскай установе.

------------------------
Эдуард Свірыд.

Здаецца, менавіта гэтую відавочную ісціну аўтар і акцёры і намагаліся данесці да гледачоў, якіх у зале сабралася не так і

мала.