Рождество в Быстрице под звуки флейты и органа

09:34 / 08.01.2013

Той, хто ў Калядную ноч прыйшоў на Пастэрку ў Быстрыцкі касцёл Узнясення Святога Крыжа, трапіў у сапраўдную казку – аб тым, што на зямлю прыйшло Божае Немаўля ім расказалі арган і флейта.


За сценамі храма ў абсалютнай цемры свавольнічала завіруха, а ўнутры, у загадкавым святле дзясяткаў знічак парафіяне разам з пробашчам касцёла ксяндзом Казімірам Ляховічам, нібы тыя біблейскія пастушкі, што больш за дзве тысячы гадоў таму першымі прыбеглі да стаенкі, кленчылі перад Цудам Уцелаўлення Боскага Слова. Перад нараджэннем Надзеі. І чароўныя гукі “Самотнага пастуха”, якія нараджала флейта, надавалі крылатасць іх радасным малітвам…
А ранішнюю Імшу флейта і арган “асвячалі” ўжо ў Гервяцкім храме.
– За трыццаць пяць гадоў сваёй службы, – падзяліўся ўражаннямі ксёндз Леанід Нясцюк, – другога настолькі светлага Ражаства я і не памятаю. Нібы дзяцінства раптам вярнулася – зніклі ўсе праблемы, засталася выключная радасць. Гукі музыкі не проста гучалі – яны нараджалі тое асаблівае святло, здольнае запаліць ліхтарык чысціні ўнутры нашых душ.
Застаецца дадаць: аўтарам і натхніцелем чарговага музычнага цуда стаў (як заўсёды на Астравеччыне!) арганіст гервяцкага касцёла Святой Тройцы Андрэй Міхневіч. А дапамагаў яму студэнт Беларускай акадэміі музыкі, флейтыст Андрэй Мяшкоў, які ў сярэдзіне лета разам з сябрамі ўпершыню ўбачыў цуд гервяцкага храма і ўлюбіўся ў яго ўсім сэрцам. І выказаць сваю любоў ён вырашыў па-свойму – мелодыяй флейты.


-------------------
Ганна ЧАКУР.


Фота з сайта bugaga.ru