Островецкие поляки и их отчетный концерт

12:00 / 30.11.2012

Мерапрыемства насіла афіцыйную назву – справаздачны канцэрт, а намаганнямі яго ўдзельнікаў вылілася ў іскрамётнае і арыгінальнае дзейства, якое на працягу дзвюх гадзін весяліла і радавала гледачоў, што сабраліся ў кінаканцэртнай зале “Астравец”.


Арганізатарам і першым кіраўніком хору “Польскае рэха Астраўца” з’яўляецца першы прафесіянальны музыкант Астравеччыны Генадзь Адольфавіч Стаціна – менавіта ён у 1992 годзе вырашыў аддзяліць ад хору ветэранаў, які дзейнічаў пры раённым Доме культуры, аматараў польскай песні і арганізаваць іх у самастойны калектыў. Новы хор, які саманазваўся “Польскае рэха Астраўца”, ўзяло пад сваю апеку раённае аддзяленне Саюза палякаў на Беларусі.
Пазней на працягу трох гадоў хор узначальвала Данута Адольфаўна Папеня – пад яе кіраўніцтвам “Польскае рэха Астраўца” набыло новае, амаль прафесійнае гучанне, стала пастаянным удзельнікам і пераможцам многіх абласных конкурсаў.
Вялікай падзеяй для хору стала набыццё цудоўных сцэнічных касцюмаў, пашытых на фабрыцы па папярэдне знятых персанальных мерках харыстаў. Гэта быў шчодры падарунак Рэспубліканскага камітэта па справах рэлігій і нацыянальных меншасцей, які, зрэшты, наўрад ці меў бы месца быць, калі б не неўміручая энергія і шчырае жаданне рабіць патрэбную справу старшыні Астравецкага аддзела грамадскага аб”яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Тарэсы Мацвееўны Мароз.
Касцюмы для артыстаў – як рамка для карціны, перадвызначаюць поспех не менш, як на 30 працэнтаў – яркі, святочны выгляд хору яшчэ больш узбагаціў уражанні ад яго выступленняў. Калектыў стаў пастаянным удзельнікам міжнароднага фестывалю “Аўгустоўскі канал”, рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, міжнароднага конкурсу паланэза ў Слоніме, штогадовага рэспубліканскага свята “Казюкі” і многіх іншых прэстыжных імпрэзаў. Прычым не проста ўдзельнікам, а ганаровым – з разраду тых, каму давяраюць выступаць на галоўнай фестывальнай  сцэне.
Два гады назад галоўным “рэзанатарам” хору “Польскае рэха Астраўца” стала Алена Нікіфараўна Такарчук. Пад яе кіраўніцтвам рэпертуар выканаўцаў адчувальна разросся – акрамя песень на польскай мове, яны сталі выконваць украінскія і беларускія песні. Многія творы атрымалі новую, сучасную аранжыроўку, загучалі так, што і не пазнаць – як, да прыкладу, тая ж “Рана-ранюсенька” або “Касіў ойцец, касіў я…” Ды і сам калектыў прыкметна памаладзеў. А галоўнае, ён “ажыў” – на змену статычнаму акадэмізму, не зусім зразумеламу для выканаўцаў галоўным чынам фальклорнага матэрыялу, на змену нейкаму псеўдаманументалізму, які нярэдка не дазваляў хору нават пакланіцца ў канцы выступлення, на змену страху выглядаць неадпавядаючымі статусу няхай сабе і самадзейнага, але артыста прыйшло нейкае ўнутранае разняволенне. Цяпер калектыў не проста спявае – жыве на сцэне паўнакроўным жыццём. У залежнасці ад тэмы абранай песні вяселіцца або смуткуе – і ўслед за ім смяецца або плача глядацкая зала…
Многія песні перараслі ў сапраўдныя інсцэніроўкі, у свайго роду міні-спектаклі – маю на ўвазе “Паланэз”, мужчынскую “жальбу” на дрэнную жонку, украінскую “Віць-віць” і іншыя.
Канешне, часамі сцэнічны рух нібы вырываецца з рук калектыву, перастае супадаць з заяўленай тэмай песні, але ж хор вучыцца, расце, шліфуе сваё майстэрства. І будзем спадзявацца, пры падтрымцы раённага аддзела культуры дарасце да звання “народнага калектыву”.
І справаздачны канцэрт, які адбыўся ў мінулую нядзелю, сур’ёзная заяўка ў гэтым накірунку. Праграму распачаў гімн палякаў, якія жывуць у іншых краінах, песня “Рота” – пры першых жа яе гуках гледачы ўсталі. Потым былі любімая песня Святога Айца тысячагоддзя Яна Паўла ІІ “Барка”, поўная ваеннага трагізму “Пяхота”, песня-псалом “Верую”, яшчэ некалькі “сур’ёзных”… А потым грымнулі вясёлыя народныя. І тут ужо палякі “запальвалі” не па дробязі – гледачы падспеўвалі, падтупвалі ў такт нагамі, пляскалі ў далоні. Энергетыка свята стала вымярацца ў мегаватах…
Нечаканым і вельмі прыемным сюрпрызам для гледачоў стала выступленне юных артыстаў з Цэнтра пазашкольнай работы, якіх падрыхтавала тая ж Алена Нікіфараўна Такарчук. Трыа “Эдэльвейс” у складзе Інгі Ган, Ганны Пазлевіч і Веранікі Анімуцкай парадавала цудоўнай пастаноўкай галасоў, выдатным іх супадзеннем і рэдкім уменнем трымацца на сцэне шчыра і проста. “Паланез” у выкананні юных пявунняў, дарэчы, упрыгожыла дэфіле “Залатога вернісажу” ад народнага майстра саломапляцення Валянціны Віннічак.
Маленькімі пярлінкамі заззялі на сцэне самыя юныя артысткі канцэрта Валерыя Яхімовіч, Кацярына Юркойць, Яна Мікліс, Саша Дваяжонава, Насця Азевіч – дзяўчынкі і спявалі па-польску, і дэкламавалі вершы польскіх паэтаў, і нават  танцавалі.
Сур’ёзна падышоў да выканання песні “Пёс на медаль” “мужчынскі” квартэт у складзе Данілы Казака, Ягора Бордака, Паўла Дземяшкевіча і Кірыла Германа – хлопцы трымаліся вельмі прафесійна, спявалі чыста і маршыравалі не горш за сапраўдных салдат.
Адкрыццём пад гыфам “многаабяцаючае” стала выступленне Міхаіла Скарульскага – у хлопчыка абсалютнае пачуццё сцэны, прыроджаны артыстызм.
Пасля юных выканаўцаў на сцэну зноў выйшаў хор “Польскае рэха Астраўца” – на галовах жанчын замест какошнікаў заззялі цудоўныя саламяныя кароны, зробленыя мудрымі рукамі Валянціны Віннічак. Бездакорную бялізну каўняроў мужчынскіх кашуль падкрэслілі атласныя банты. Ну і зноў “запалілі”!
Дзве гадзіны канцэрта прайшлі літаральна на адным дыханні. І калі загучала развітальная песня “Пожэгнальная”, зала ў падзячным парыве дружна ўстала…
Потым былі віншаванні. З Мінска спецыяльна для таго, каб папрысутнічаць на канцэрце і павіншаваць самадзейных артыстаў з дваццацігоддзем існавання хору, прыбыў старшыня Саюза палякаў на Беларусі пан Мечыслаў Лысы, які сваё захапленне калектывам падмацаваў падарункам – уручыў калектыву відэаплэер. Многа цёплых слоў адрасаваў “Польскаму рэху Астраўца” і прысутны на канцэрце намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, які да таго ж паведаміў, што з бюджэту раёна ў якасці матэрыяльнага заахвочвання і да дваццацігоддзя хору выдзелена грашовая падтрымка ў суме 10-ці мільёнаў – на гэтыя грошы ў самы бліжэйшы час буддзе набыта неабходная апаратура. Ад імя ветэранаў выступіў старшыня раённага савета Расціслаў Арсенцьевіч Герт. З прывітальным словам і памятным сувенірам прыбыла на свята польскай песні дырэктар Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання Святлана Віктараўна Лукшэне.
Сваё “брава” арыгінальным спосабам выказалі самадзейным спевакам і прыватныя прадпымальнікі Астраўца – кожнаму ўдзельніку хору яны падарылі  кветкі. Не пакінула без падарунка сваіх даўніх сяброў і рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда”.
Падарункі, канешне, прыемна, але не дзеля іх жыве і на працягу 20-ці гадоў паспяхова дзейнічае гэты музычны калектыў. Удзельнікі хору “Польскае рэха Астраўца” даўно паспелі не проста звыкнуцца – зрадніцца, стаць адной вялікай сям’ёй, якая любіць і выдатна ўмее спяваць.


--------------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.