Лучшая творческая семья области живет в Островце

15:25 / 30.10.2012

На мінулым тыдні ў Гродне прайшоў заключны этап абласнога творчага конкурсу “Лепшая творчая сям’я”, ініцыятарам, заснавальнікам і арганізатарам якога з’яўляецца абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Гэта мерапрыемства стала сапраўдным святам для тых, хто ў той дзень сабраўся ў святочнай зале.
Пасля адборачнага завочнага этапу ў Гродзенскі абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі запрасілі сем сем’яў – з Астраўца, Гродзенскага раёна, Мастоў, Дзятлава, Зэльвы, Слоніма і Гродна.


Прэзідыум абласной арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” задумаў правесці не проста конкурс сямейных талентаў, але і паказаць моладзі, якая ў той дзень сабралася ў зале, як жывуць і гадуюць дзяцей, дэманструюць свае таленты лепшыя сем’і вобласці.
Усе сем’і, што прыехалі на конкурс, былі вельмі розныя. І ў той жа час – вельмі падобныя – найперш тым, што пастаянна развіваюцца, ствараюць вакол сябе дабрыню і любоў. І таму падчас агляду выставы, якая была адным з этапаў творчага конкурсу, журы прыйшло да высновы, што толькі ў дружнай і моцнай сям’і могуць ажыццявіцца любыя задумы яе членаў.



Каханне з першага погляду

Наш раён на абласным конкурсе прадстаўляла сям’я Валерыя і Святланы Куцько, якія жывуць у Астраўцы.


Дзесяць гадоў назад утварылася гэтая дружная і творчая сям’я. На маё пытанне, дзе вы пазнаёміліся, са смехам адказваюць: “У лесе!”
Валерый і Святлана нарадзіліся і выраслі ў Астраўцы, але да лёсавызначальнай сустрэчы ніколі не чулі адзін пра аднаго і ні разу не бачыліся.
Пасля школы Валерый закончыў Полацкі лясны тэхнікум, але папрацаваць не паспеў – пайшоў у армію. Пасля службы паспрабаваў зрабіць “левака” – і ўладкаваўся адміністратарам у рэстаран. Праўда, хутка зразумеў, што гэта работа – не для яго. І пайшоў працаваць у лясніцтва.
Святлана ж у той час яшчэ толькі вучылася ў школе і марыла пра кар’еру артысткі.
Сустрэліся маладыя людзі летам. Святлана закончыла школу і паехала адпачываць у Спонды да бабулі. А Валерый, які працаваў у лясгасе, ліквідоўваў наступствы буры, якая нарабіла шмат бяды ў спондаўскіх лясах. Аднойчы вечарам ён вырашыў з сябрамі павудзіць рыбу ў сажалцы, што размяшчалася побач з домам Святланінай бабулі. Дзяўчына, якая вечарам прагулівалася па ваколіцы, заўважыла рыбакоў:
– І каго тут навучыць вудзіць? – задзірыста спытала яна ў хлопцаў.
Стаць вучнем “рыбачкі Светы” згадзіўся толькі адзін. Думаю, вы здагадаліся, што гэта быў Валера.
У той момант, калі іх погляды перасекліся, паміж імі прабегла іскра… і ўспыхнула новае пачуццё. Тое самае, якое людзі называюць каханнем. Гэта было каханне з першага погляду.



Сям’я – гэта любоў

А потым былі тры гады вучобы. Святлана паступіла ў Гродзенскі каледж мастацтваў і не збіралася адмаўляцца ад сваёй мары. Не хацеў гэтага і Валерый. Таму на нейкі час давялося развітацца. Але кожны дзень – мабільнікаў тады не было – яны тэлефанавалі адзін аднаму. А праз тры гады, калі Святлана атрымала дыплом, справілі вясёлае вяселле.


Сёння ў сям’і падрастаюць двое сыноў – Арцём і Ягор. Прыгожыя, працавітыя, творчыя, такія ж, як мама і тата. Яны абодва вучацца ў гімназіі №1, танцуюць у гімназічным “Астраўку”, наведваюць гурток выяўленчага мастацтва цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а Арцём – яшчэ і курсы па гітары ў школе мастацтваў.
Не сумуюць і Валерый са Святланай. Цяпер Святлана працуе сацыяльным педагогам у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі і вучыцца ў Інстытуце культуры. А да гэтага шмат гадоў аддала працы ў аддзеле культуры. Многія астраўчане памятаюць яе як адну з пастаянных вядучых раённых канцэртаў, удзельніцу раённага конкурсу “Дзве зоркі” і галасістую спявачку.
Валерый па сваёй прыродзе – дамасед. Але ёсць і ў яго цудоўнае захапленне: Валера выразае з дрэва. А яшчэ ён – галоўны ініцыятар паездак сям’і. Палатка, вогнішча, ціхі плёскат вады, рыбалка, родныя людзі побач… “Не спазнаўшы прыгажосць роднай краіны, нельга спазнаць чужыя,” – лічыць Валера – і кожнае лета адпраўляецца з сям’ёй у адпачынак па Беларусі.
У мінулым годзе сям’я перасялілася ва ўласную кватэру. Пачалося новае жыццё.
– У нас так заведзена, што снедаем і вячэраем мы заўсёды разам, усёй сям’ёй, – расказвае Святлана. – І нават калі нехта затрымліваецца, кожны знаходзіць сабе нейкі занятак і чакае. Мы не дзелім абавязкі, а працуем разам. І ўвогуле мне вельмі добра: я – адна жанчына, а вакол мяне тры мужчыны! І Валера, і сыны мяне апякаюць. А я таксама стараюся зрабіць для іх нешта прыемнае.



Лепшая творчая сям’я

Паўдзельнічаць у абласным конкурсе “Лепшая творчая сям’я” Святлане і Валерыю прапанаваў прэзідыум раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.


Святлана папрасіла час падумаць. І – згадзілася.
І пачалося самае складанае – падрыхтоўка да конкурсу. Першы яго этап быў завочны. На суд абласнога журы, у склад якога, акрамя прэзідыума – абласной арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”, увайшлі прадстаўнікі “Белай Русі”, абласной федэрацыі прафсаюзаў, Фонда міру, Чырвонага Крыжа і дзіцячага фонда, – сям’я Куцько даслала цудоўна аформлены альбом і відэапрэзентацыю пра сваю сям’ю. Некалькі тыдняў чакання – і вердыкт журы: вы ў ліку пераможцаў завочнага этапу, запрашаем на наступны.
– Я тады толькі прыехала з сесіі – і тут такая прыемная навіна. Часу на падрыхтоўку амаль не было. Да таго ж неабходна было пра гэты прыемны сюрпрыз паведаміць Валерыю. Ён, канешне, узрадаваўся, але дадаў: “Наконт Гродна мы не дамаўляліся”, – смяецца Святлана.
І зноў пачалася падрыхтоўка, распрацоўка сцэнарыя – на конкурс неабходна было прадаставіць візітку пра сям’ю і музычны нумар, а таксама выставу работ. З апошнім праблем не было. У доме знайшлося шмат вырабаў, якія можна было вынесці на суд журы. Як потым аказалася, з творчым прадстаўленнем усё таксама атрымалася проста выдатна – на сцэну выйшлі сапраўдныя артысты, і прадэманстравалі цудоўную праграму ў найлепшым выкананні. Апладысменты не сціхалі доўга. Ды і пасля выступлення многія зусім незнаёмыя людзі падыходзілі да Святланы і Валерыя, віншавалі і гаварылі “дзякуй!”
Дамоў сям’я Куцько вярнулася з Дыпломам пераможцы і падарункам ад абласной федэрацыі прафсаюзаў.


За падрыхтоўку да конкурсу і дапамогу ў арганізацыі паездкі ў Гродна прэзідыум раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і сям’я Валерыя і Святланы Куцько выказваюць падзяку Н.К. Шукяловіч, В.Р. Турубаравай, кіраўніцтву “Кінавідэапрадпрыемства”, аддзелу адукацыі, Астравецкаму лясгасу, аддзелу па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама, тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ,
фота аўтара.