В Островце прошла традиционная осенняя ярмарка

12:00 / 19.10.2012

Штогадовы восеньскі кірмаш – адна з тых падзей у жыцці горада і раёна, якая, хоць і стала традыцыйнай, тым не менш не надакучвае: яго чакаюць, сюды прыходзяць – хто для таго, каб прыдбаць усё тое, што вырошчваюць на палях ды фермах вяскоўцы, а хто – каб пацешыцца з цікавых конкурсных праграм па абароне панадворкаў.


Словам, усе жадаючыя атрымліваюць на кірмашы і хлеб, і відовішчы.
Што тычыцца “хлеба”, то яго, здаецца, было ўдосталь: і бульбы, і збожжа, і буракоў, і морквы, і цыбулі, і мяса, і рыбы. І нават вечна дэфіцытнай капусты хапіла, здаецца, усім жадаючым – спецыяльна для гэтага ўпраўленне сельскай гаспадаркі запрасіла на наш кірмаш суседзяў са Смаргонскага і Мядзельскага раёнаў, дзе белакачанную навучыліся вырошчваць і для сябе, і для нашых гараджан. Фермер Часлаў Лабачэўскі прадаваў свае саджанцы – і спадарожна кансультаваў усіх жадаючых па пытаннях садаводства. Асартыментам, цэнамі і выдумкай у афармленні гандлёвых кропак парадавалі і сельгаспрадпрыемствы, і райспажыўтаварыства, і Ашмянскі мясакамбінат, і фермерская гаспадарка “Астравецкая”, і прыватныя прадпрымальнікі ды індывідуальныя рамеснікі, якія прывезлі на кірмаш сваю прадукцыю – ад чаранкоў для лапат да цёплых і зручных валёнак. На кірмашы можна было набыць нават журавіны – яны карысталіся павышаным попытам, бо, як і ўсё іншае, прадаваліся па вельмі памяркоўных цэнах. Не дзіва, што з ранняга ранку з лесапаркавай зоны людзі ішлі і ехалі з мяхамі, сумкамі ды пакетамі, некаторыя паспявалі зрабіць па некалькі “рэйсаў”.
А калі ўсе запасліся ўсім неабходным, надышоў час “відовішчаў”. Афіцыйна гэтае дзейства называецца абаронай панадворкаў сельгаспрадпрыемстваў, а фактычна ператвараецца ў своеасаблівыя міні-спектаклі, дзе галоўнымі дзеючымі асобамі становяцца не столькі самадзейныя артысты, колькі гледачы.
А ўжо членам журы якіх толькі выпрабаванняў не даводзіцца вытрымаць! На Падольскім панадворку яны патрапілі ў дзіцячы садок. Дзе адразу ж былі залічаны ў малодшую групу – і вымушаны былі паводзіць сябе адпаведна: спявалі дзіцячыя песенькі, расказвалі вершыкі пра бычка з дошчачкай і Таню з мячыкам і ласаваліся чупа-чупсамі. На Міхалішкаўскім – патрапілі ў госці да Ямелі-дурня: давялося ім і на печы “пакатацца”, і свае глыбокія і нават прызабытыя таленты пашукаць ды прадэманстраваць. На Гервяцкім падвор’і “журысты” прыцэньваліся да станоўчага ва ўсіх адносінах мужыка, якога жонка прывезла на кірмаш прадаваць, ды развучвалі мясцовы фальклор. Варнянцы паслалі іх у лазню – папярэдне, як у тым “Полі цудаў” Якубовіча, надзяліўшы іх усімі неабходнымі атрыбутамі (добра яшчэ, што хоць распранацца не прымушалі)… А ў Гудагаі члены журы адкрывалі новы рэстаран – і спадарожна дэманстравалі свае кулінарныя таленты… Словам, было весела і смачна – як і павінна быць на кірмашы.
Вось толькі вызначыць трох прызёраў журы аказалася цяжкавата. Праўда, з “чэмпіёнам” сумненняў не ўзнікла: ім аднагалосна быў названы СВК “Варняны”, працаўнікі якога не стамляюць здзіўляць сваёй незатухаючай фантазіяй і арыгінальнасцю – ды яшчэ і абыходзяцца ўласнымі, “калгаснымі” талентамі, без “культурных” легіянераў.
Ну а з нагоды таго, як падзяліць два іншыя прызавыя месцы, узніклі спрэчкі: адным больш спадабаліся міхалішкаўскія гумарысты Ганна Міхновіч і Міраслава Якіменка, іншым больш даспадобы прыйшліся гервяцкія жарты ды прыпеўкі. У выніку большасцю галасоў другое месца было аддадзена Гервятам. Хоць і Міхалішкі не засталіся ў крыўдзе: акрамя трэцяга месца, іх ударная культурная група была адзначана ў асабістых намінацыях.
Зрэшты, пакрыўджаных не павінна быць увогуле: журы пастаралася адзначыць усіх, хто прымаў удзел у кірмашы: і гандляваў, і песні спяваў, і падворкі афармляў. Так што нядзельны Дзень маці і Дзень работнікаў культуры ўсе ўдзельнікі восеньскага кірмашу, трэба думаць, сустрэлі з багатым сталом і добрым настроем.


---------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ,
Івана ПЕТРЫКА.