Неделя postfactum: праздники и победы

12:27 / 11.10.2012
2

Прафесійныя святы, гістарычныя перамогі і густы астраўчан, аб якіх не спрачаюцца, У чарговым аглядзе падзей мінулага тыдня.



Дзень настаўніка

Традыцыя адзначаць Дзень настаўніка ў першую нядзелю кастрычніка існуе з 1965 года. Менавіта ў гэты год, 29 верасня, прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР сваім указам устанавіў дні святкавання шэрагу прафесійных свят. Як і Дзень настаўніка, большасць з іх прыпадала на адну з нядзель месяца.
Нават Дзень энергетыка, для якога існавала цалкам абгрунтаваная дата 22 снежня – дзень падпісання Леніным знакамітага плана электрыфікацыі Расіі – ГОЭЛРО – чамусьці быў прывязаны да трэцяй нядзелі снежня.
З другога боку, у хітрамудрасці тагачасным кіраўнікам краіны не адмовіш: вось табе і свята, і нядзельны дзень да яго ў дадатак. Святкуй, маўляў, хоць трэсні, у свой законны выхадны!
Праўда, адзначаць прафесійнае свята дома – тое ж самае, што пекчы калядныя аладкі на рабоце. Зразумела, размова не аб банальнай п’янцы, для якой ні месца, ні час значэння не маюць, а аб магчымасці павіншаваць супрацоўнікаў па рабоце і атрымаць такія ж віншаванні ў адказ.
Хто б павіншаваў тых жа настаўнікаў, калі б па няпісанай традыцыі Дзень настаўніка не пачыналі святкаваць у школах яшчэ ў пятніцу? З другога боку, таксама не выйсце – лыжка дарагая да абеду.
А можа, ёсць сэнс паступіць так, як зрабілі расіяне: адзначаць настаўніцкае свята ў Сусветны Дзень настаўніка 5 кастрычніка? І час свята той, да якога ўжо ўсе паспелі прывыкнуць – ды і лічба што ні ёсць школьная!
А ўвогуле Дзень настаўніка сёлета прайшоў у раёне так, як і павінен праходзіць: без прэзідыума і доўгіх прамоў аб рабоце – затое з віншаваннямі, ганаровымі граматамі і вясёлымі песнямі ў выкананні юных музыкантаў!
Канешне ж, усё гэта адбылося ў пятніцу…



Гістарычная перамога

Такога не было не толькі ў суверэннай гісторыі беларускага футбола – такога не было НІКОЛІ. Нават у тыя часы, калі ва ўсім Савецкім Саюзе толькі і гаварылі аб дзіўным феномене мінскага “Дынама”. Каманда без “зорак”, укамплектаванай на 90 працэнтаў выхаванцамі беларускага футбола, з маладым трэнерам на чале, на футбольным полі крушыла ўсіх, не зважаючы на аўтарытэт.
Мінскае “Дынама” ўзору пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя таксама паспяхова выступала ў еўракубках. Нават даходзіла да адной чацвёртай фіналу розыгрышу – што лічылася б безумоўным поспехам для любой з цяперашніх каманд з постсавецкай прасторы.
Але перамагаць “грандаў” еўрапейскага футбола не даводзілася нават легендарнаму мінскаму “Дынама”.
А вось барысаўскаму БАТЭ гэта ўдалося!
У мінулы аўторак на сталічным стадыёне “Дынама” камандай з беларускага раённага цэнтра быў пераможаны фіналіст двух папярэдніх розыгрышаў Лігі чэмпіёнаў УЕФА, шматразовы чэмпіён Германіі і ўладальнік усіх ганаровых еўрапейскіх футбольных трафеяў – мюнхенская “Баварыя”.
Адметна, што бюджэт нямецкага клуба перавышае бюджэт барысаўскай каманды ў 23 разы!
“У футбол гуляюць не грошы!” – іранічна заўважыў з гэтай нагоды галоўны трэнер барысаўскага клуба Віктар Ганчарэнка.
Так, не грошы. Аднак, калі ігрок піцерскага “Зеніту” Ігар Дзянісаў за тыдзень атрымлівае больш, чым лепшы нападаючы БАТЭ Віталь Радзіонаў за год, цяжка спадзявацца, што ў будучым сезоне каманду ўдасца захаваць на тых фінансавых умовах, што існуюць сёння.



Народ прагне відовішчаў?

На працягу двух мінулых тыдняў работнікі кінаканцэртнай залы “Астравец” вырашалі няпростую і крыху нязвыклую для сябе праблему: як задаволіць попыт гледачоў на білеты?
Не, “Песняры”, як і аркестр пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета, што акурат у гэтыя дні гасцяваў у Мінску, сваёй увагай Астравец абышлі.
Затое наш горад наведалі ажно дзве цыркавыя групы. Сціплы рэквізіт, сумніўнай якасці праграма, мінімальная колькасць артыстаў…
Аднак наша кінаканцэртная зала сабрала некалькі аншлагаў! Не зашкодзіла нават даволі куслівая, па астравецкіх мерках, цана за квіткі.
Вось, аказваецца, што трэба людзям! А работнікі культуры марна намагаюцца прыцягнуць увагу астравецкага гледача прафесіяналізмам артыстаў, жывым гукам і выдатным выканаўчым майстэрствам…


Эдуард СВІРЫД.