Народный ансамбль с Островетчины на польских "Дожинках"

10:46 / 24.09.2012
1

У 2010 годзе было падпісана пагадненне аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Астраўцом і Лідзбаркам Вармінскім Рэспублікі Польшча – і з таго часу адбываецца рэгулярны абмен дэлегацыямі паміж нашымі двума гарадамі. Пагадненне прадугледжвае, апроч іншага, і пашырэнне культурных сувязей.
І вось сёлета для ўдзелу ў павятовых “Дажынках” – аказваецца, гэта не толькі беларускае свята! – у Польшчу быў запрошаны народны аматарскі калектыў ансамбль “Кямеліна”. Разам з якім у суседнюю краіну – на Лідзбарк паглядзець ды пра свята ў суседзяў, а таксама пра ўдзел у ім астраўчан, расказаць – адправіўся і журналіст “Астравецкай праўды”.



Дарога

Выязджаем у пятніцу раным-раненька. На жаль, наш аўтапарк не аказвае такой паслугі, як ажыццяўленне перавозкі пасажыраў у краіны Еўрасаюза, і таму аўтобус заказаны ў прыватнай фірме Ліды.
Вадзіцель выбірае маршрут руху, кіруючыся толькі яму зразумелымі прыярытэтамі ды падказкамі “разумнага дзядзькі” – JPS-навігатара, які, па ідэі, павінен выбіраць самы зручны і кароткі шлях “з пункта А у пункт Б”. Але, наслухаўшыся яго парад кшталту “Праз дзесяць метраў павярніце ўлева”, “На скрыжаванні едзьце прама” і таму падобных, мы раз-пораз аказваемся на нейкіх амаль непраездных прасёлачных дарогах, на ўзлеску ці ўвогуле ў тупіку – разварочваемся, і ўсё пачынаецца спачатку: павярніце ўправа, павярніце ўлева… Што ж, у чарговы раз даводзіцца пагаджацца з народнай мудрасцю: хто прамуе, той дома не начуе… Сучасная тэхніка – рэч, вядома, добрая, але ж старыя добрыя карты ды галаву на плячах яна, як паказвае практыка, не заменіць.
Знаёмімся з Польшчай – разумеем, што вельмі павярхоўна – пакуль што толькі візуальна, з акна аўтобуса. Так, шыферных дахаў тут зусім няма, у асноўным – старадаўняя чарапіца ці больш сучасная металачарапіца… І нашых бетонных агароджаў – таксама… Затое фігурная плітка на тратуарах – адзін у адзін, як і ў нас. А вось кукуруза ў іх слабейшая… Пры дарозе ляжаць “спавітыя” ў белыя поліэтыленавыя “пялюшкі” кругляшы сена ці саломы – не шмат, нашых вялізных “калгасных” сціртаў няма. Яно і зразумела: сельская гаспадарка ў Польшчы знаходзіцца ў руках прыватных гаспадароў. І кожны з іх, відаць, імкнецца весці нейкую сваю справу: вось на гэтым падвор’і, напэўна, вырошчваюць саджанцы дэкаратыўных дрэў і кустоў – усё навокал засаджана імі. А тут поўны двор курэй… Маляўнічыя вочкі азёр прабліскваюць то справа, то злева – Польшчы, выходзіць, таксам можна даць азначэнне “сінявокая”?.. Дарогі ў Беларусі больш роўныя, шырокія і прамыя – тутэйшыя вузкія і звілістыя, да таго ж густа абсаджаныя таўшчэзнымі дрэвамі – у Калінінградскай вобласці іх называюць “салдатамі вермахта”: векавыя дрэвы на старых дарогах Усходняй Прусіі да гэтага часу моўчкі “ваююць” з не вельмі ўважлівымі вадзіцелямі, і за кожную памылку за рулём тыя разлічваюцца вельмі дорага…
Патраціўшы на дарогу 16 гадзін – амаль удвая больш, чым можна было б, ушчэнт знерваваныя, з самымі горшымі прадчуваннямі ўязджаем у Лідзбарк. Нас сустракае ўстрывожаны нашай доўгай адсутнасцю добра вядомы многім у Астраўцы віцэ-староста Лідзбаркскага павета (у перакладзе на наш “табель аб рангах” – намеснік старшыні райвыканкама) Ярослаў Когут – чалавек-вулкан, гэткі своеасаблівы энерджайзер, які, здаецца, можа працаваць без “падзарадкі” неверагодную колькасць часу, і пры гэтым літаральна выпраменьвае энергію, добры настрой, пазітыў. І становіцца зразумелым, што нашы прадчуванні і трывогі – марныя, і ўсе прыгоды скончыліся… Пан Ярослаў (“Які я вам пан? – адразу ж спыняе спробу звярнуцца да яго “па-польску” віцэ-староста. – Паны даўно вымерлі!”) засыпае нас пытаннямі, вітаннямі, прапановамі…
Нас пасяляюць у спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі развіцця – праўда, саміх дзяцей у гэты час там амаль што няма, на выхадныя іх забіраюць дамоў. Пакоі на чатырох чалавек – вялікія, прасторныя і ўтульныя. Тут жа, на паверсе, усе “выгоды”, у тым ліку і гарачая вада. І кухня з усім неабходным абсталяваннем – халадзільнік, мікрахвалёўка, пліта, чайнік і наборам прадуктаў: чай, кава, цукар, крупы, мука, прыправы… Словам, калі не пад’елі ці не наеліся ў сталоўцы – можаце заняцца самаабслугоўваннем. Хоць, забягаючы наперад, зазначу, што выйсці галодным з той школьнай сталоўкі мог хіба што слон!
…Абменьваемся кампліментамі, падарункамі і сувенірамі, узгадняем план на заўтра, вячэраем – і прыцемкамі пан Ярослаў (ах, зноў забылася, што ніякі ён не пан!) развітваецца з намі. А мы – ну што ж мы, спаць у Лідзбарк прыехалі, ці што? – выпраўляемся знаёміцца з начным горадам…



Лідзбарк

“Старажытны і юны” – гэтае азначэнне найлепш падыходзіць Лідзбарку Вармінскаму, дзе на вулачках суседнічаюць пабудовы, узрост якіх пачынаецца яшчэ з 14-га стагоддзя, а тыя, якім зараз па сотні ці дзве гадоў, лічацца “маладзёнамі”, і вельмі сучасныя будынкі.
Ну, “юным” нас не здзівіць, таму выбіраем для начной прагулкі “старажытны” маршрут. Тым больш, што галоўная адметнасць горада – яго цудоўны замак Красіцкіх пабудовы 14-га стагоддзя, які лічыцца адным з прыгажэйшых у Еўропе: мы, хоць і не можам пахваліцца, што наведалі ўсе астатнія, тым не менш поўнасцю з гэтым згодны. Наведванне замка і экскурсія запланаваны на заўтра, але сёння, у святле ліхтароў і промнях падсветкі, ён выглядае так таямніча-прыгожа і рамантычна-загадкава – не адарваць вачэй… Так і хочацца зазірнуць у асветленыя дзе-нідзе вокны: можа, там піша свае вершы ці эссэ апошні яго ўладальнік, выбітны асветнік, “князь польскіх паэтаў” Ігнацы Красіцкі, ці працуе ў бібліятэцы Мікалай Капернік, які пэўны час жыў тут, ці моліцца біскуп Варміны Лукаш Вачэнродзе – знакаміты дзядзька Каперніка, імя якога тым не менш засталося ў народнай памяці дзякуючы знакамітаму пляменніку, якому ён дапамог атрымаць выдатную адукацыю.
Не, замак з яго гаспадарамі і гасцямі ўсё ж трэба пакінуць на заўтра – кожная клетачка цела вымагае адпачынку…
…Раніцай нас сустракае няўрымслівы Яраслаў Когут з цэлай праграмай, якую трэба паспець завяршыць да абеду – пасля яго “Кямеліне” ў поўнай баявой гатоўнасці трэба быць на свяце.
Перш за ўсё скіроўваемся да нашага начнога “старога знаёмага” – замка Красіцкіх. Экскурсавод захоплена расказвае нам пра гісторыю пабудовы замка, пра яго знакамітых уладальнікаў і жыхароў, пра музейныя экспанаты… Працуем без перакладчыка, таму разумеем “у агульным і цэлым”, без нюансаў і дэталяў. Але і без гэтага замак уражвае – сваёй архітэктурай, велічнай прыгажосцю. Пад яго сутарэннямі сабраны цікавыя экспанаты – зброя, прадметы ўжытку, кнігі, карціны. Тут жа адкрытыя галерэі старажытнага і сучаснага мастацтва. Уражвае! У такіх месцах, дзе каменны брук памятае гук крокаў усіх уладальнікаў і гасцей замка, пачынаючы з 14-га стагоддзя, а старажытны пісьмовы прыбор – як рыпела пяро ў руках Мікалая Каперніка, змрочная турма ў глыбокім сутарэнні – крыкі і енк шматлікіх вінных і бязвінных вязняў, вельмі востра адчуваеш, што ты са сваімі сённяшнімі жаданнямі, праблемамі, дасягненнямі – усяго толькі пясчынка ў Сусвеце… І тое, што і гэта – пройдзе…
А служачых музея, якія, падобна, ужо прывыклі да штодзённага яднання з гісторыяй – хоць я, па праўдзе кажучы, не магу ўявіць, што да гэтага можна прывыкнуць – моцна ўразіла наша “Кямеліна”. У біскупскай капліцы, абуладкаванай у сценах замка, перад багата аздобленым алтаром артыстам з Беларусі крыху правакацыйна, без папярэджання, прапанавалі “заспеваць”. Тыя разгубіліся мо толькі на хвілінку. А затым “заспевалі” – і “Шумяць вербы каля грэблі” ў а-капэльным выкананні жаночай часткі ансамбля гучалі так, што слёзы праціналі… І “Брава!” ад нешматлікіх слухачоў у іх адрас гучала ўдзячна і захоплена.
У мінулым годзе ў Лідзбарку з’явілася яшчэ адна адметнасць, якой гараджане ганарацца не менш, чым сваім старажытным замкам, – чатырохзоркавы гатэль Красіцкі. Уласна кажучы, яны непарыўна звязаны: гатэль быў пабудаваны не проста на тэрыторыі замка, а ў яго памяшканнях. Мы стаім на гістарычным бруку замкавай плошчы, а пад намі плешчацца вада цудоўнага гатэльнага басейна…
Увогуле для гатэля выбрана вельмі арыгінальная ідэя: спалучэнне неспалучаемага – сярэнявечнай готыкі і барока і сучаснага хайтэка. Часаныя камяні, чырвоная цагляная кладка – і метал, пластык і шкло… Канешне, зрабіць гатэль у сярэдневяковым замку было смелым рашэннем. І цяжкім для ажыццяўлення – новы пабудаваць, напэўна, было б нашмат лягчэй. Бо кожны камень на той самай брукаванай плошчы, ды і не толькі на ёй, трэба было дастаць, усё ўнутры ўмацаваць, правесці неабходныя работы – і зноў пакласці яго на тое ж месца, ды так, каб ніхто не здагадаўся… Тое ж і з нумарамі – паспрабуй абуладкаваць усе неабходныя для 4-х зорак выгоды ў скляпеннях старажытнага замка! Затое зараз амаль кожны нумар – а іх у гатэлі 122, і адначасова ў іх могуць размясціцца 260 чалавек – практычна адасобленая прастора, нават з дзіцячай пляцоўкай з цацкамі і гульнямі на калідоры!
Грошы на рэканструкцыю, як расказаў нам Ярослаў Когут, выдзеліў Еўрасаюз. Затраты таго каштавалі і, як нам здаецца, хутка акупяцца. Хоць аднамесны нумар у гэтым гатэлі каштуе на адну ноч прыкладна 100 еўра, а “люкс” больш за 300 – дарагавата і для сярэднестатыстычнага паляка, не тое, што беларуса – але жадаючых адпачыць тут хапае. Бо, акрамя чатырохзоркавага камфорту ў нумарах, гасцям тут прапаноўваюць цудоўныя спа-працэдуры, той жа басейн, у багатай і вельмі ўтульнай бібліятэцы – кнігі на розных мовах, з высокай агляднай пляцоўкі можна паназіраць за Лідзбаркам з вышыні птушынага палёту, а ў невялікай абсерваторыі – яшчэ і за нябеснымі свяціламі – амаль што як той жа Мікалай Капернік, памяць аб якім, дарэчы сказаць, тут захоўваецца і папулярызуецца на кожным кроку. Тут тры абуладкаваныя па апошнім слове тэхнікі канферэнц-залы – на любую колькасць наведвальнікаў, шыкоўны рэстаран… А патаньчыць пад сучасныя мелодыі пад скляпеннямі старажытнага замка – гэта вам як?
Словам, з таго атэля нам выходзіць не хацелася… Але ж час прыспешваў… Да таго ж нашым жанчынам, якія, як трапна заўважыў Міхаіл Задорнаў, больш за ўсё любяць адпачываць у магазінах, хацелася “урваць” хоць кавалачак самага цікавага і жаданага для іх замежнага адпачынку – шопінг…



Дажынкі

Як і кожная добрая справа, павятовыя (чытай – раённыя) дажынкі ў Лідзбарку пачаліся з супольнай малітвы.
Менавіта ў касцёле сабраліся ўсе запрошаныя на свята – са зробленымі кожнай гмінай (нешта кшталту нашага сельсавета) дажыначнымі кампазіцыямі, у якія стараліся ўплесці усе магчымыя плады новага ўраджаю. Памаліўшыся і павітаўшы гасцей, падзякаваўшы земляробам за працу, уся працэсія па ўпрыгожанай снапамі і сланечнікамі вуліцы пад гукі духавога аркестра мясцовай пажарнай службы рушыла да месца правядзення свята.
Невялікая сцэна – я адразу спалохалася – як жа там змесціцца наша “Кямеліна”!!!, запоўненая “глядзельная зала” пад адкрытым паветрам, па наваколлі – “гандэлкі” з вырабамі народных майстроў, сялянскімі прысмакамі, півам – нічога мацнейшага на свяце не прадавалі! – ды каўбаскамі…
Напэўна, дажынкі ва ўсіх славянскіх народаў – а мо і не толькі ў славянскіх? – адбываюцца прыкладна аднолькава: з падзякай хлебаробам за іх працу, з вызначэннем лепшых працаўнікоў… Праўда, у мяне было сумненне: а як вызначаць лепшых сярод прыватных гаспадароў? Аказалася – няма праблем! На свяце спецыяльнымі знакамі былі ўзнагароджаны лепшыя хлебаробы павета – спадар Когут растлумачыў мне, што гэтыя ўзнагароды цэняцца нашмат больш, чым грашовыя прэміі якія атрымлівалі пераможцы іншых конкурсаў, бо працуюць на імідж гаспадара і дазваляюць атрымаць пэўныя прэферэнцыі ў далейшым. Менш прэстыжныя грашовыя прэміі ў 12 тысяч злотых (прыкладна 4 тысячы долараў) і дыпломы атрымалі гаспадары самых прыгожых і дагледжаных сядзіб, узнагароджваліся аўтары самых арыгінальных дажыначных кампазіцый, лепшых гандлёвых месцаў на кірамшы і яшчэ немаведама якіх конкурсаў…
А затым пачаўся канцэрт лепшых творчых сіл павета і гасцей. Сярод якіх наша “Кямеліна”, як зазначыў Ярослаў Когут, стала “супер-прымай”. Без залішняй сціпласці і разам з тым пахвальбы магу сказаць, як глядач: роўных нашым артыстам у той дзень на павятовай сцэне не было. Сваімі прыгожымі касцюмамі яны прыцягнулі ўвагу яшчэ да выступлення, і многія чакалі выхаду на сцэну менавіта беларускіх артыстаў. А калі ўжо заспявалі… Воклічы “Брава!” “Біс!” суправаджалі кожную іх песню. Напрыканцы выступлення “Кямеліны” – а калектыў на чале з мастацкім кіраўніком Сяргеем Дзям’янчыкам прывёз у Польшчу сапраўдны канцэрт з чатырнаццаці разнапланавых нумароў – гледачы кінуліся ў скокі пад заліхвацкія беларускія песні. Ці варта дзівіцца, што пасля выступлення “Кямеліны” многія падыходзілі, прасілі аўтографы і адрасы…
“Папрацаваць” нашым артыстам давялося яшчэ і на вячэрнім прыёме – наспытаўшыся адмысловых прысмакаў, сярод якіх выдзяляўся цалкам засмажаны вяпрук, госці пацешылі сябе і музыкай, танцамі ды песнямі. І зноў на “біс” гучалі а-капельныя песні “Кямеліны”. Без перабольшвання можна сказаць, што нашы артысты сталі “цвіком” павятовых дажынак у Лідзбарку.
Усё калі-небудзь заканчваецца – і добрае, і дрэннае. Толькі добрае чамусьці хутчэй…
Пакідалі “кямелінаўцы” гасцінны Лідзбарк з надзеяй прыехаць сюды яшчэ. А творчыя калектывы польскага горада-пабраціма развіталіся з намі ў спадзяванні, што і яны некалі выступяць на астравецкай сцэне.
Што ж, кажуць, што мары збываюцца – трэба толькі жадаць гэтага вельмі моцна. Паглядзім…


------------------------------------------
Ніна РЫБІК, фота аўтара.