Хто пасягае на юныя душы

09:50 / 28.12.2011

На мінулым тыдні ў кінаканцэртнай зале “Астравец” адбылася цікавая сустрэча. Госцем юных астраўчан – старшакласнікаў гімназіі №1 і СШ №1 быў маскоўскі кінарэжысёр праваслаўнай кінастудыі “Кінакантакт”, журналіст Васіль Леанідавіч Яцкін.


Яго прадставіў прысутным настаяцель храма Святога Прарока Іліі ў вёсцы Альхоўка іерэй Вячаслаў Шасцітка. Сустрэча праходзіла ў форме кіналекторыя, з якім творчая група студыі (у ёй удзельнічае і маці рэжысёра заслужаная артыстка Расіі Галіна Іванаўна Яцкіна, вядомая гледачам старэйшага пакалення па фільмах “Жанчыны” і “Урокі французскай”) ужо пабывала ў многіх рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і Украіны.
Тэму для гутаркі госць прапанаваў актуальную: уплыў заходняй маскультуры на маральнасць маладога пакалення. Інфармацыйная і ідэалагічная вайна, накіраваная на інтэлектуальнае і фізічнае разбэшчванне моладзі, свядомае пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў хрысціянскіх славянскіх краінах, вядзецца шырокамаштабна, праз амерыканскія і заходнееўрапейскія мастацкія кінафільмы, у якіх ухваляецца культ насілля, праз любімыя дзецьмі мульцікі, галоўны герой якіх жорстка распраўляецца са сваімі праціўнікамі. Пры гэтым змагаецца не за ўсталяванне ўсеагульнай справядлівасці, не за веру і праўду, а дзеля дэманстрацыі ўласнай “круцізны”.
Расповед суправаджаўся паказам урыўкаў з кіна-і мультфільмаў амерыканскіх і, у процівагу ім, айчынных, знятых па добрых, любімых рускіх народных казках.
Шмат цікавага даведаліся юныя слухачы пра нядоўгі жыццёвы шлях лідара знакамітай рок-групы “Нірвана” Курта Кабэйна, які скончыў жыццё самагубствам. Звесткі журналіст В.Яцкін збіраў у ЗША, у маленькім гарадку, дзе спявак нарадзіўся. Пасля быў зняты дакументальны фільм, дыск з якім можна было набыць пасля сустрэчы.
Госць хутка знайшоў агульную мову з маладзёжнай аўдыторыяй і лекцыя памалу перацякла ў рэчышча ўзаемна цікавай гутаркі аб хрысціянскіх каштоўнасцях, запаведзях Божых, узаемаадносінах пакаленняў.


Таіса СЯМЁНАВА.