Культурная прастора Астравеччыны: хто – у інтэрнэт, а я – у бібліятэку

14:36 / 29.11.2011

Ад стэрэатыпаў вызваляцца не проста. Мне заўсёды здавалася, што бібліятэкар – гэта адна з нямногіх прафесій, якая асацыіруецца з ціхім і спакойным жыццём. Аднак, як аказалася на справе, работа бібліятэкара не заканчваецца выдачай кніг чытачам. Бібліятэка – гэта сацыяльна-культурны, адукацыйны цэнтр раёна, таму і жыццё тут насычанае на падзеі, цікавае і бурлівае.
Каб упэўніцца ў гэтым, мы завіталі да дырэктара Астравецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталлі Ачарэтавай.


–Што ўяўляе сабой Астравецкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма ў цэлым і цэнтральная раённая бібліятэка ў прыватнасці?
– Астравецкая ЦБС уключае ў сабе 24 бібліятэкі – цэнтральную раённую, дзіцячую і 22 сельскія. А сярод сельскіх – бібліятэка-музей, чатыры бібліятэкі-клубы, бібліятэка-цэнтр нацыянальных культур і два клубы-бібліятэкі. У цэнтральнай раённай бібліятэцы ёсць тры аддзелы, дзе працуюць 16 спецыялістаў-бібліятэкараў – аддзел абслугоўвання і інфармацыі, які ўключае абанемент і цэнтр прававой інфармацыі; аддзел бібліятэчнага маркетынгу каардынуе работу сельскіх бібліятэк, выпускае выдавецкую прадукцыю і аддзел камплектавання, спецыялісты якога займаюцца пытаннямі забеспячэння ўсіх 24 бібліятэк кнігамі, часопісамі, газетамі. А мастак Людміла Баляславаўна Міжыгурская вось ужо 28 гадоў прыгожа і з густам афармляе ўсе бібліятэкі раёна, робіць тэматычныя куткі, малюе стэнды, афішы. Такая вось складаная сістэма атрымліваецца.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Ёсць у нас уласная бібліятэка “на колах” – у мінулым годзе ад упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама мы атрымалі цудоўны падарунак на Новы год – аўтабібліятэку, якая абслугоўвае 47 аддаленых населеных пунктаў і ўжо налічвае 480 чытачоў. Уявіце, якая гэта радасць для жыхароў якога-небудзь хутара, калі да іх прыязджае бібліятэка!
– Колькі кніг налічвае бібліятэчны фонд раёна?
– Уся бібліятэчная сістэма налічвае 311 тысяч кніг, у раённай бібліятэцы – 41 тысяча. Абслугоўваем мы ў год 17 700 чытачоў. Чаму так многа? Абумоўлена гэта тым, што адзін чалавек можа запісацца ў некалькі бібліятэк – мы нікому не маем права адмовіць. А раённая бібліятэка абслугоўвае 2700 чалавек у год.
– Як часта абнаўляецца бібліятэчны фонд? Ці можна знайсці на паліцах раённай бібліятэкі кнігі сучасных аўтараў?
– Шчыра кажучы, праблема з абнаўленнем бібліятэчнага фонду стаіць востра. Але ёсць надзея, што ў гэтым годзе нашы мары і спадзяванні спраўдзяцца і мы зможам набыць новыя кнігі. Што тычыцца літаратуры сучасных аўтараў – можа, не ў той колькасці, як хацелася б, але яна ёсць. Беларускія паэты і пісьменнікі самі часта дораць бібліятэцы свае кнігі. Апошнім часам вялікім попытам карыстаецца масавая літаратура, тыя ж дэтэктыўныя раманы – і мы абавязаны задаволіць пажаданні чытача.
– Зразумела, што праблема абнаўлення бібліятэчнага фонду ўпіраецца ў праблему фінансавання. А ці ёсць у раённай бібліятэкі спонсары?
– На жаль, пастаяннага спонсара ў нас няма. Але ёсць звычайныя людзі, якія могуць прыйсці і падарыць бібліятэцы кнігі, за што мы ім вельмі ўдзячны. У гэтым годзе больш за 300 кніг перадаў нам расійскі мастак Мікалай Карнілаў, наш славуты зямляк Адам Мальдзіс таксама пра нас не забывае і пастаянна дасылае свае кнігі. Станіслаў Валодзька падарыў дыск “Ластаўка” са сваімі песнямі. Ды і проста жыхары раёна дапамагаюць – сям’я Дземеш, Генадзь Хаменка, Ніна Рыбік, Ірына Раткевіч, Ганна Пашук, Ларыса Мартынава, Ларыса Каранеўская, Юзэфа Капылова – прынеслі кнігі, часопісы са сваіх уласных бібліятэк.




– Зараз на нас актыўна “наступаюць” разнастайныя тэхнічныя вынаходніцтвы, якія палягчаюць доступ да інфармацыі. Гэта адбіваецца на наведвальнасці бібліятэк?

– Мы не сядзім на месцы, а ідзем у нагу з часам. У нас створаны фонд электронных дакументаў – толькі ў гэтым годзе набылі 105 экзэмпляраў. Людзі сёння хочуць быць дасведчанымі ў розных юрыдычных пытаннях – для гэтага быў створаны цэнтр прававой інфармацыі, дзе бібліёграф акажа кожнаму прафесійную дапамогу ў пошуку таго ці іншага прававога дакумента. Кожную пятніцу месяца на базе раённай бібліятэкі арганізоўваецца бясплатны прыём грамадзян супрацоўнікамі пракуратуры і юрыдычнай кансультацыі.
Ёсць у нас такая папулярная паслуга, як індывідуальнае інфармаванне карыстальнікаў. Да прыкладу, кіраўніку неабходна ведаць, якія артыкулы выходзілі ў газетах пра Астравецкі раён, але з-за сваёй занятасці ён не мае магчымасці кожны дзень праглядаць перыёдыку – у гэтым выпадку мы прапануем адзін раз у месяц інфармаваць яго па вызначанай тэме.
Акрамя таго, раённая бібліятэка прадастаўляе 32 платныя паслугі. Самыя папулярныя – гэта ксеракапіраванне, набор тэксту, ламініраванне, брашурыраванне, лічбавая фотаздымка дакумента з бібліятэкі. На сённяшні дзень мы ўжо зарабілі 18,5 мільёна рублёў. Частка заробленых грошай ідзе на абнаўленне кніг з камерцыйнага фонду, які налічвае больш за 700 выданняў, другая частка – на абслугоўванне аргтэхнікі.
– Якія асветніцкія праекты рэалізуюцца ў гэтым годзе?
– Па лініі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь гэты год праходзіць пад эгідай “Чытаем беларускія кнігі”. І наша задача – прасоўваць беларускую кнігу да чытача, асабліва да дзяцей, якія апошнім часам не вельмі хочуць чытаць па-беларуску. Год атрымаўся вельмі насычаным на цікавыя і запамінальныя творчыя сустрэчы. Амаль кожны месяц мы запрашалі на імпрэзы сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў – да нас прыязджалі Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Сяргей Законнікаў, Міхась Скобла. Свае цудоўныя песні падарыла нам уладальніца дзіўнага голасу спявачка дзяржаўнага камернага хору Таццяна Матафонава. Цікавыя сустрэчы адбыліся і з прафесарам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Уладзімірам Ягорычавым, а таксама з расійскім мастаком Мікалаем Карнілавым. Нядаўняя творчая сустрэча з Адамам Мальдзісам прысвячалася 65-годдзю з таго часу, як ён першы раз прыйшоў у нашу раённую бібліятэку. І нас радуе, што на гэтыя мерапрыемствы людзі ходзяць з задавальненнем, хоць у большасці з іх ёсць інтэрнэт, дзе можна ўсё знайсці, пачытаць і паглядзець. Але ж ніякі інтэрнэт не заменіць жывога дыялога! І гэта яшчэ раз пацвярджае, што бібліятэка – гэта не толькі зносіны з кнігай, а яшчэ і зносіны з людзьмі.
Нашы работнікі знаходзяцца ў пастаянным пошуку і руху, яны не проста бібліятэкары, а яшчэ і рэжысёры, сцэнарысты, акцёры. Яны нямала зрабілі, каб стварыць гэтую ўнікальную культурную прастору. І зараз яна дыхае, напоўнена галасамі людзей, стасункамі, сустрэчамі – напоўнена жыццём. Увогуле хацелася б сказаць, што кадры – гэта наш вялікі гонар. Людзі прыходзяць працаваць да нас і застаюцца тут на ўсё жыццё. Можа таму, што прафесія бібліятэкара па-сапраўднаму жаноцкая – яна мае на ўвазе ўраўнаважанасць і інтэлект.
– Як вы лічыце, ці не здарыцца так, што праз 10-15 гадоў у бібліятэках застануцца толькі кнігі і некалькі верных чытачоў, а ўсе астатнія перамесцяцца ў інтэрнэт?
– Я пераканана, што яшчэ рана скідваць бібліятэкі з “карабля гісторыі”. Лічу, што ў будучым друкаваная кніга і яе электронны варыянт ці інтэрнэт будуць суіснаваць у гармоніі. Кніга не знікне, проста ў чалавека будзе выбар. Чытаць для душы будуць усё роўна друкаваную кнігу, а для вучобы ці работы аддадуць перавагу электроннай версіі. Асабліва ў сітуацыі, калі да экзамену засталася адна ноч і няма часу на паход у бібліятэку. А бібліятэкам неабходна павялічваць колькасць паслуг, накіраваных на забеспячэнне зручнасці работы чытача ў бібліятэцы.
– Дзякуй за цікавую гутарку!


Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.