Якім быць раённаму музею?

08:33 / 24.11.2011
2
Аб гэтым спрачаліся на першым пасяджэнні сябры грамадскага савета па развіцці музейнай справы ў раёне

Увогуле музей, аб неабходнасці стварэння якога гаварылася даўно, многа і на самых розных узроўнях, як юрыдычная структура ўзнік пры раённым аддзеле культуры ў сакавіку 2010 года. Для яго размяшчэння быў перададзены старэйшы будынак райцэнтра, адзіны з трох цагляных, якія былі ў Астраўцы да вайны, — былы млын.
Але ён патрабуе капітальнага рамонту і немалых затрат. І адбылася парадаксальная з’ява: пра раённы музей яшчэ толькі вяліся размовы, а яго філіял ужо быў адкрыты. Восенню таго ж 2010 года адчыніў дзверы перад наведвальнікамі дом-музей Казіміра Сваяка ў вёсцы Барані, дзе створана экспазіцыя і куды прыязджаюць экскурсіі.
А ў раённым музеі — не ў будынку, а ў той самай арганізацыйнай структуры — сёння вядзецца незаўважная для шырокага кола людзей карпатлівая работа па збору экспанатаў і іх афармленню ў адпаведнасці з неабходнымі патрабаваннямі. Бо толькі недасведчанаму можа здацца, што стварыць музейную экспазіцыю вельмі проста: трэба сабраць як мага больш цікавых і рарытэтных рэчаў, разлажыць іх па палічках — і, як у таго ваўка з казкі пра лёгкі хлеб, можна ўжо запрашаць экскурсіі.
Усё гэта – адміністрацыйна-гаспадарчая дзейнасць, якой займаецца аддзел культуры райвыканкама і невялікі пакуль штат супрацоўнікаў музея, на жаль, пакуль што без асноўнай фігуры – дырэктара, пасада якога застаецца вакантнай.
І ўвесь гэты час не сціхаюць спрэчкі зацікаўленых гісторыяй роднага краю аб тым, якім жа павінен стаць астравецкі музей. Асабліва яны ўзмацніліся пасля таго, як была абнародавана канцэпцыя, прапанаваная абласнымі музеязнаўцамі – у прапанаванай прыгожай “карцінцы”, страшэнна далёкай ад рэалій раёна, насычанай русалкамі і іншай нечысцю, не знайшлося месца ні для гісторыі Астравеччыны, ні для яго вядомых людзей – у Гродне, мусіць, сёй-той па-ранейшаму думае, што Астравец свету канец і ўсяго гэтага ў нас няма.
Прапанаваная канцэпцыя выклікала дыскусіі на сайце нашай газеты і ў так званых “кулуарах”, падверглася аргументаванай крытыцы нашага славутага земляка прафесара Адама Восіпавіча Мальдзіса.
Для таго, каб абмеркаваць і распрацаваць канцэпцыю раённага музея з удзелам зацікаўленых і ведаючых людзей з нашага раёна і з-за яго межаў, Адам Восіпавіч прапанаваў старыць грамадскі савет музея. І на першае арганізацыйнае пасяджэнне яго былі запрошаны людзі, якія, на думку прафесара, маглі б увайсці ў яго склад: работнікі культуры, гісторыкі, журналісты, краязнаўцы. Было вырашана прапанаваць стаць ганаровымі сябрамі грамадскага савета людзям, якія жывуць і працуюць за межамі раёна і нават Беларусі, але неабыякавыя да гісторыі і сучаснасці Астравеччыны, неаднаразова дапамагалі ў пошуку цікавых звестак пра наш край і яго людзей – і магчыма, змогуць дапамагчы ў гэтым і надалей. Старшынёй грамадскага савета быў абраны Віктар Збігневіч Свіла, адным з яго намеснікаў пагадзіўся стаць прафесар Адам Восіпавіч Мальдзіс.
Але арганізацыйнае пасяджэнне не абмежавалася толькі стварэннем грамадскага савета. Адразу ж зайшла размова і пра канцэпцыю музейнай экспазіцыі. І з першых хвілін яе абмеркавання стала зразумелым, што грамадскі савет па развіцці музейнай справы ў Астравецкім раёне дакладна не стане чарговым мёртванароджаным грамадскім фарміраваннем.
Адам Восіпавіч, раскрытыкаваўшы гродзенскую канцэпцыю раённага музея, прапанаваў сваю, пабудаваную на сямі колерах нацыянальнай вясёлкі, якая будзе атаясамлівацца да шматнацыянальнасцю астравецкага краю. Але і гэтая канцэпцыя не атрымала адабрэння новастворанага савета. Удзельнікі пасяджэння палічылі, што прапанова прафесара дастаткова штучна прыцягнута да сямі колераў-нацыянальнасцей – да прыкладу, “шведскі” колер прадстаўлены адным толькі родам Сволькенаў — вядома, цікавым, але, напэўна, усё ж не настолькі, каб займаць цэлую старонку ў экспазіцыі будучага музея. Тое ж можна сказаць і пра “ўкраінскі колер”.
Сваё бачанне будучай экспазіцыі раённага музея прадставіла яго захавальніца, якая зараз выконвае яшчэ і абавязкі дырэктара, гісторык са шматгадовым стажам Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч. Яна прапанавала для яе ўмоўную назву “Астравец: ад паселішча да горада атамшчыкаў” і падрабязна расказала, што, на яе думку, экспазіцыя павінна быць прадстаўлена на ўсіх трох паверхах музея. І хоць прапановы Ванды Міхайлаўны таксама выклікалі пэўныя заўвагі, усе прызналі, што гэтая канцэпцыя нашмат больш рэальная і цікавая, чым прапанаваная гродзенскімі спецыялістамі. І пагадзіліся з тым, што менавіта ад яе трэба адштурхоўвацца, пры неабходнасці мяняючы і дапаўняючы.
Такім чынам, на першым пасяджэнні грамадскага савета кансенсус, нягледзячы на спрэчкі, быў дасягнуты – і можна спадзявацца, што работа грамадскасці дапаможа стварэнню сапраўды цікавай, навукова і гістарычна абгрунтаванай экспазіцыі, якая стане цікавай для кожнага наведвальніка музея.


Ніна РЫБІК.