Станоўчая адзнака культуры Астравеччыны

09:55 / 11.11.2011

У мінулым годзе на калегіі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама па тэме “Узаемадзеянне органаў і ўстаноў галіны культуры Астравецкага раёна па культурнаму абслугоўванню насельніцтва, умацаванню і развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы” перад нашымі работнікамі культуры быў пастаўлены шэраг задач. Сёлетняя выязная калегія, якая прайшла на базе Астравецкага раёна, была своеасаблівай справаздачай аб праведзенай за год рабоце.


Удзел у калегіі прынялі прадстаўнікі абласнога ўпраўлення культуры на чале з начальнікам упраўлення Аляксандрам Людвігавічам Вярсоцкім, начальнікі раённых аддзелаў культуры вобласці і розных ведамстваў Гродна.
Гасцей запрасілі ў кінаканцэртную залу “Астравец”, дзе з прывітальным словам да іх звярнуліся намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама В.З. Свіла і начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама А.Л. Вярсоцкі, дарэчы ў недалёкім мінулым калега Віктара Збігневіча са Смаргонскага раёна, які не так даўно быў назначаны на гэтую пасаду. Ідэя зрабіць нараду выязной, каб бліжэй пазнаёміцца з раёнам, належала менавіта яму.
Усім прысутным было прапанавана наведаць некаторыя культурныя аб’екты раёна. Удзельнікі калегіі пазнаёміліся з работай Астравецкай раённай бібліятэкі і Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў – цэнтрам эстэтычнага выхавання дзяцей. Затым дэлегацыя адправілася па сельскіх установах культуры аграгарадкоў Варняны, Гервяты і Рымдзюны, дзе ўсе прысутныя маглі даведацца аб рабоце, якая праводзіцца аддзелам культуры па ўмацаванню матэрыяльнай базы, а таксама аб супрацоўніцтве ўстаноў культуры раёна з дзяржаўнымі, недзяржаўнымі, грамадскімі арганізацыямі па пашырэнню культурных сувязей і захаванню самабытнай культуры рэгіёна. Пашыраецца даследчыцкая дзейнасць аддзела культуры: у гэтым годзе ўдалося ажыццявіць фальклорную вандроўку “Кросны” і выдаць тры метадычныя зборнікі – абрад “Хрэсьбіны”, зборнік фальклорных песняў “Каля млына” і зборнік па вывучэнню традыцый ткацтва ў Спондаўскім краі “Па рушніку, што з роднай хаты, мы пазнаем сваю радзіму”. Адным словам, работа вядзецца вялікая і большасць задач, пастаўленых перад раённым аддзелам культуры, выкананы.
Прыемным заканчэннем выязной калегіі стала наведванне Гервяцкага касцёла Святой Тройцы, дзе госці з задавальненнем прагуляліся па прыкасцельнай тэрыторыі і паслухалі ксяндза-пробашча Леаніда Несцюка.
Падводзячы вынікі калегіі, Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі даў добрую адзнаку работы раённага аддзела культуры, але ж парэкамендаваў не расслабляцца, бо яшчэ існуе шмат праблем, якія патрабуюць вырашэння.


Вольга ШОЎКУН.