"Гаспадары зямлі" жывуць у Гудагаі

15:48 / 06.09.2011
1

Узнагароджванне пераможцаў конкурсу на лепшае сельскае падвор’е сярод маладых сем’яў, творчы праект “Гаспадар зямлі” і цудоўны святочны канцэрт… Менавіта так – гучна, ярка, насычана і разнастайна – Астравеччына развітвалася з летам.
Лета ў той дзень таксама не засталося ў даўгу і вырашыла папесціць усіх бязвоблачным і гарачым надвор’ем. Таму ўсім, хто прыйшоў на свята ў лесапаркавую зону, было цёпла і ўтульна.


Распачалося мерапрыемства таксама на вельмі прыемнай ноце. Не так даўно наша газета расказвала пра цікавае падарожжа па падворках і гаспадарках маладых сем’яў Астравеччыны ў рамках конкурсу на лепшае сельскае падвор’е, які праводзіў райкам БРСМ пры падтрымцы аддзела па справах моладзі райвыканкама і раённай арганізацыі Беларускага савета жанчын. Вынікі падведзены, а значыць, надышоў час ушаноўваць пераможцаў. На такую добрую справу, а заадно і на правядзенне конкурсу “Гаспадар зямлі”, райвыканкам выдзеліў 10 мільёнаў рублёў. Дарэчы, у нашым раёне мясцовыя ўлады заўсёды вітаюць падобныя крэатыўныя праекты, накіраваныя на развіццё маладзёжнай палітыкі, а таксама ўсяляк падтрымліваюць гаспадарчыя планы і памкненні маладых сем’яў. Вось і зараз для прызёраў конкурсу на лепшае падвор’е былі падрыхтаваны каштоўныя і вельмі карысныя падарункі, якія пад агульныя апладысменты намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла і першы сакратар райкама БРСМ М.М. Кутовіч уручылі пераможцам. Так, за трэцяе месца сям’я Гражуль з Варнян атрымала тэлевізар. За другое месца, якое падзялілі паміж сабой сем’і Янчэўскіх з Гервят і Козічаў з Гудагая, яны былі ўзнагароджаны пральнымі машынамі-аўтаматамі. І пераможцы конкурсу, якіх таксама аказалася двое – сям’і Нікалайкавых з Маляў і Кухарчыкаў з Рытані – паехалі дадому з пральнымі машынамі.
Ды на гэтым маладыя і ініцыятыўныя арганізатары – райкам БРСМ і аддзел па справах моладзі райвыканкама – не супакоіліся. Не паспелі адных пераможцаў павіншаваць, як адразу ж пры падтрымцы сваіх такіх жа няўрымслівых калег з аддзела культуры, а таксама пры дапамозе СВК “Варняны” і СВК “Гервяты”, наступны творчы праект распачалі –“Гаспадар зямлі”. Пазмагацца за такое ганаровае званне адважыліся тры сям’і. А пазнаёміць з удзельнікамі гледачоў, а заадно і дапамагчы правесці конкурс узялася цётка Зося з Бараноўкі – цікавая і “прасунутая” асоба. З сучаснай тэхнікай на “ты”, у “Аднакласніках” і “УКантакце” зарэгістраваная, заўсёды “ў тэме” апошніх навін, пачуццё гумару мае адмысловае і ўсё пра ўсіх ведае. І пра ўдзельнікаў конкурсу таксама. Стала яна іх па чарзе на сцэну запрашаць і крышачку пра кожную сям’ю распавядаць. Першая – сям’я Ярашэвічаў з Гудагая: не толькі жывуць, але і працуюць разам. Алена цікавыя артыкулы ў раённай газеце піша і пасаду намесніка галоўнага рэдактара тут займае, а Юра журналістаў на серабрыстай “Ладзе” ўсюды катае, бо статус вадзіцеля рэдакцыі мае. А паўнацэнную сям’ю дапаўняе іх сын – шасцікласнік Дзімка.
Другая сям’я – ужо добра знаёмыя Нікалайкавы з Маляў. Дружныя і актыўныя майстар Астравецрайгазу Мікалай і настаўніца Вольга вырашылі і ў гэтым конкурсе паўдзельнічаць і свае таленты паказаць. Бацькоў падтрымаць і ўсяляк ім у гэтым дапамагаць пагадзіліся і іх прыгажуні дачушкі – Аляксандра і Надзейка.
Трэція ўдзельнікі – сям’я Кяжун – прыехалі з Варнян. Галава сям’і Мечыслаў працуе вадзіцелем у СВК “Варняны” і таксама часам возіць сваю жонку Ірыну, якая займае тут пасаду агранома. Разам яны гадуюць дваіх сыноў – Паўла і Артура.
Аказваецца, цётка Зося знарок прысутных з удзельнікамі толькі павярхоўна пазнаёміла, бо права больш падрабязна расказаць пра сябе, свае здольнасці і захапленні кожная сям’я атрымала падчас першага конкурсу – візіткі.
Ёсць у сям’і Ярашэвічаў з Гудагая чароўная кніга, у якой захоўваецца, занатоўваецца, адлюстроўваецца ўсё самае цікавае, каштоўнае і незвычайнае. Складаецца яна з сямі старонак, кожная з якіх асобна называецца і ўвасабляе часцінку жыцця сям’і Ярашэвічаў. Называецца яна проста – “Сем па сем”. Кніга і сапраўды чароўнай аказалася, бо на якой старонцы гаспадары яе ні раскрывалі, тут жа словы ў дзеянні і рэчы ператвараюцца і на стол да журы адпраўляюцца. Чаго тут толькі не было! І цуды фларыстыкі ў выглядзе прыгожых букетаў, і даматканыя ручнікі, і магніцікі-сувеніры з далёкіх падарожжаў, і нават смачныя цэпеліны – як вынік аднаго з захапленняў гаспадыні. Ды шмат чаго яшчэ. Але асабліва запомнілася радавое дрэва, якое ўяўляе сабой багатую гісторыю продкаў. Але Ярашэвічы стараюцца даведацца пра іх яшчэ больш і дадаць да яго ўсё новыя галінкі. Бо гэта – іх неад’емнае, каштоўнае, гэта – іх сям’я.
Візітоўка Нікалайкавых прайшла ў мілай і ўтульнай сямейнай атмасферы. З гонарам і любоўю расказвалі мама і дзяўчаткі, які цудоўны і непаўторны ў іх тата. Тата ў сваю чаргу падзяліўся, якая руплівая і клапатлівая ў іх мама. А дачушкі – першыя памочніцы, дарадчыцы і радасць, як таты, так мамы. Гледзячы на іх, хочацца ўсміхацца. Міжволі ловіш сябе на думцы: “Сапраўдная дружная сям’я”.
Варнянцы пабудавалі сваю візітку ў форме тэатральнай пастаноўкі, якая затым плаўна перацякла ў сцэнічнае выступленне. Спачатку голас за кадрам распавядаў гісторыю спаткання, кахання маладых хлопца Мечыслава і дзяўчыны Ірыны і стварэння новай сям’і Кяжуноў, а самадзейныя акцёры з гэтай сям’і ўвасаблялі ўсё на сцэне. Ды толькі на гэтым не спыніліся: з тэатралаў ператварыліся ў артыстаў і праспявалі, хто ёсць хто і на што здольны кожны. Словам, атрымалася жыва, весела і цікава.
Пра сябе сем’і-ўдзельніцы расказалі, свае таленты, уменні, захапленні прадэманстравалі, але ж восень стукае ў дзверы – значыць, час ужо і за работу брацца. А які восенню асноўны клопат? Ну канешне ж, бульбакапанне. Менавіта так і называўся другі конкурс. Праўда, удзельнікам прапаноўвалася яе не капаць, а збіраць. У адным месцы была рассыпана бульба, якую сыну або дачцэ трэба было хуценька збіраць у маленькае вядзерца, пасля чаго бегчы высыпаць яго ў вялікае вядро, з якім праз некалькі метраў стаяў тата. Калі яго вядро напаўнялася, мужчына нёс высыпаць бульбу ў мех, які крыху далей трымала мама. І толькі калі ўсе бульбінкі будуць сабраны і высыпаны ў мех, конкурс лічыўся завершаным, а суддзя націскаў на кнопку таймера. Больш за ўсё тут дасталося дзецям – але яны аказаліся малайцамі! Трэба было бачыць, як хуценька і спрытна збіраў бульбу Дзімка, як старанна падышла да справы Сашка, а побач старалася дапамагчы і хварэла за сястрычку Надзейка, і як паўнюткае, з вялікай горкай, вядзерца збіраў Паша. Дастойная і працавітая падрастае ў бацькоў змена. Хутчэй жа за ўсё з заданнем справіліся варнянцы – іх вынік 2 хвіліны 8 секунд. На другім месцы аказаліся Ярашэвічы – 2,13. На дзве секунды адстала ад іх сям’я з Маляў, яны сабралі бульбу за 2,15 хвіліны.
Ну што ж, бульбу сабралі, можна яе і пагрузіць. А што такое сапраўднаму мужчыне некалькі мяхоў падняць? Ды ён нават гатовы іх на адлегласць шпурляць. Вось і ўдзельнікам “Гаспадара зямлі” ў чарговым конкурсе прапаноўвалася як мага далей кінуць мяшок, набіты рыззём. Як сапраўдныя алімпійскія асілкі, падыходзілі яны па чарзе да “снарада”, прымяркоўваліся, прыважваліся, бралі мех, секунда-дзве і… ляцеў ён далёка-далёка. Ды толькі паспяваў прызямліцца, тут як тут ужо і члены журы з рулеткай. А як пачалі адлегласць вымяраць, дык нават і рулеткі не хапіла. Вось як умеюць удзельнікі мяхі шпурляць! У выніку ж далей за ўсё ён заляцеў у Нікалая Нікалайкава – на 15 метраў 65 сантыметраў. Другі вынік у Мечыслава Кяжуна – 15,45 метра. На трэцім месцы аказаўся Юра Ярашэвіч – 13 метраў.
Пасля такога адказнага спаборніцтва мужчыны пайшлі адпачываць, а жанчыны ў гэты час вырашылі для аднаўлення іх сіл каву прыгатаваць. Ну а дзеці, вядома, сталі дапамагаць. Здаецца, нічога складанага. Ды толькі вось кава на конкурсе не звычайна гатуецца, а па адпаведных правілах. Кожнай гаспадыні трэба было як мага хутчэй нанасіць чарпаком вады з вядра ў пусты слоік, які на пэўнай адлегласці трымаў сын ці дачка. Вось і думай, якую тактыку выбраць: пабяжыш – палова вады разальецца, павольна несці – час губляеш. Але сапраўдная гаспадыня любую складаную сітуацыю вырашыць! Таму ва ўсіх удзельніц кава для каханых была прыгатавана. Хутчэй за ўсё гэта атрымалася ў Вольгі Нікалайкавай – 1 хвіліна і 16 секунд. Крышку адстала ад яе Алена Ярашэвіч – 1,34. На трэцім месцы аказалася Ірына Кяжун з вынікам 1, 37.
Аднак кавай адзінай сыты не будзеш. А паколькі жанчыны сваю справу зрабілі, то месца на кухні саступілі мужчынам, перад якімі паўстала задача – бліны прыгатаваць. Кожнаму з удзельнікаў трэба было спячы па тры бліны. І тут пачалося! Іван Ургант са сваім “Смакам” і блізка не стаяў – у абсталяванай па апошніх кулінарных патрабаваннях кухні кожны можа што хочаш прыгатаваць. А вось так, на свежым паветры, дзе агеньчык газавай пліты ўпарта змагаецца з ветрам, дзясяткі пар вачэй сочаць за кожным рухам, а ўсё трэба зрабіць хутка і смачна – шчыра кажучы, не зайздросціла я ўдзельнікам. А яны, бы сапраўдныя шэф-повары, у фартухах і каўпаках, з загадкавай усмешкай нешта чаравалі, дасыпалі, улівалі і мяшалі. А жонкі, хоць не справай – гэта не дазвалялася ўмовамі конкурсу, дык хоць словам, парадай ці каментарыем дапамагалі – што ж за жонка, якая мужам не пакамандуе? І неўзабаве на патэльні з’яўляўся першы, другі, а затым і апошні блін. Трэба адзначыць, што ў кожнага з удзельнікаў была нейкая свая “ізюмінка” ў прыгатаванні. Мікалай пераварочваў іх, падкідваючы ў паветры – больш ніхто не рызыкнуў паўтарыць гэты трук. Юра ў цеста дабаўляў лімонную кіслату і змазваў патэльню з дапамогай цыбуліны. А ў Мечыслава бліны атрымаліся не толькі з маслам, але і з мёдам. Толькі вось лёс ва ўсіх бліноў быў аднолькавы – усе яны адпраўляліся на стол журы. Шчыра кажучы, гэты конкурс я б умоўна назвала выпрабаваннем для гледачоў. Прызнаюся: мой страўнік ледзь вытрымаў і незадаволена бурчэў, а падрумяненыя пульхныя бачкі бліноў доўга стаялі перад вачыма.
Аднак, пакуль гледачы глыталі слінкі, удзельнікі падрыхтаваліся да наступнага конкурсу. Як высветлілася, мужчыны бліны пячы ўмеюць – а ці змогуць жанчыны забіць цвік і як умела гэта ў іх атрымаецца? Тут ужо ўлічваўся не час, а колькасць удараў малатком па цвіку, пакуль ён не схаваецца па шапачку ў калодцы. У камплект прылад уваходзілі і спецыяльныя каска з рукавіцамі – такім чынам, тэхніка бяспекі выконвалася па ўсіх правілах. А гаспадыні па чарзе дэманстравалі трапнасць і сілу ўдару, бо вельмі важна трапіць менавіта па цвіку, а не па пальцах мужа, які трымаў калоду. На шчасце, абышлося без ахвяр. У выніку лепш за ўсё забіла цвік Ірына Кяжун – на гэта ёй спатрэбілася ўсяго толькі 10 удараў. На другім месцы – Алена Ярашэвіч (19). І за 34 удары жалезны праціўнік скарыўся Вользе Нікалайкавай.
У чарговым выпрабаванні канкурсантам трэба было заплесці коску. Хтосьці зараз усміхнецца – маўляў, што ж тут складанага? Ды не ўсё так проста. Уявіце, што кожны з ўдзельнікаў трымае канец адной з трох доўгіх стужак. І вось з іх і трэба заплесці касу, пры гэтым ні ў якім выпадку не выпускаючы сваю стужку з рук. Словам, без пэўнай тактыкі нічога не атрымаецца. Аднак як толькі ўдзельнікі зразумелі, у чым справа, заплятанне касы пераўтваралася ў сапраўднае гімнастычна-акрабатычнае прадстаўленне: тут прыселі, там сагнуліся, дзесьці расцягнуліся, скокнулі, зноў прыселі. І ўсё – хутчэй, і галоўнае – нічога не пераблытаць. Сапраўдны майстар-клас тут паказалі Ярашэвічы, якія заплялі касу за 1 хвіліну 39 секунд. На другім месцы – сям’я Кяжун (2,12), на трэцім – Нікалайкавы з вынікам 3,19.
На гэтым хітрыя конкурсы ў цёткі Зосі скончыліся. І надышоў час чухаць патыліцу, падлічваць балы і вызначаць пераможцаў членам журы. А каб прысутныя не сумавалі, іх музычнымі нумарамі забаўлялі работнікі раённага аддзела культуры.
І вось усе члены журы запрашаюцца на сцэну, а старшыня – намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчавання, Н.У. Волк-Леановіч аб’яўляе вынікі. У намінацыі “Дзядзька Кухар” перамог Юрый Ярашэвіч – вось чые бліны аказаліся самымі смачнымі. “Жалезнай Лэдзі” адназначна прызнана Ірына Кяжун.
Трэцяе месца ў спаборніцтве, з сумай 306 балаў, статус “Самай дружнай сям’і” і электрамясарубку ў прыдачу атрымала сям’я Нікалайкавых. “Самай творчай сям’ёй” сталі Кяжуны, якія занялі другое месца (321 бал) – яны атрымалі ў падарунак сапраўдную электрычную маслабойку. А “Гаспадарамі зямлі” стала сям’я Ярашэвіч. І зараз яны могуць разаграваць свае непаўторныя бліны ў новай мікрахвалёўцы.
У выніку свята – а значыць, і развітанне з летам – атрымалася захапляльным, вясёлым і цікавым. І тых пазітыўных, бадзёрых эмоцый, якія там усе атрымалі, думаецца, хопіць аж да наступнага лета!


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.