У старажытным замку прайшоў фестываль

14:21 / 27.08.2010
Гістарычная даведка

Гісторыя Гальшан старажытная і цікавая. Згодна з гістарычнымі звесткамі, першы ўспамін пра гэтае мястэчка адносіцца да 13 стагоддзя. А як сцвярджае каменны сведка гісторыі, размешчаны перад уездам у Гальшаны, то год іх заснавання – 1280.
Узнікненне мястэчка гісторыкі звязваюць з родам князей Гальшанскіх. Заснавальнік рода – князь Гольша, а вось першай гістарычна вядомай асобай гэтага роду стаў Альгімунт. Яго нашчадкі імкнуліся ўпісаць сваё прозвішча на старонкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – і ім гэта ўдалося. Юліяна Гальшанская стала жонкай Вялікага князя Літоўскага Вітаўта. Соф’я Гальшанская змагла зачараваць польскага караля Ягайлу і стаць заснавальніцай дынастыі Ягелонаў.
Але ў першай палове 16 стагоддзя род князёў Гальшанскіх вымірае і на тры стагоддзі Гальшаны становяцца ўладаннем магнатаў Сапегаў, якія таксама шмат зрабілі для развіцця мястэчка.
У 1610 годзе Паўлам Стэфанам Сапегам быў пабудаваны Гальшанскі замак. Гісторыкі сцвярджаюць, што падобнага збудавання не было на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пабудаваны ў стылі галандскай готыкі, замак меў абарончы характар – вакол яго працякаў ручай, што давала магчымасць напаўняць вадой глыбокія равы, якімі быў акружаны будынак.
Гісторыя таксама сведчыць пра багацце і прыгажосць шматлікіх памяшканняў замка. Цяпер жа погляду наведвальнікаў адкрываюцца толькі тое, што засталося, прасцей – руіны. І самае крыўднае, што разбураны замак быў не воінамі, не чужынцамі і не шмат гадоў таму, а ў нядаўнія савецкія часы нашымі суайчыннікамі. Што маем – не беражом…
Тым не менш замак і цяпер не пазбаўлены ўвагі турыстаў. Прычын гэтаму некалькі: некаторых заманьваюць сюды падзеі, апісаныя беларускім пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам у гістарычным дэтэктыве “Чорны замак Альшанскі”, іншых – легенды пра Белую Даму і Чорнага Манаха. А яшчэ ўжо другі год людзі з розных гарадоў і мястэчак Беларусі едуць сюды на фестываль “Гальшанскі замак”.



Фестываль

Адзін раз у год двор старажытнага замка, што зведаў прыезды вядомых князёў і каралёў, поўнасцю мяняецца. На першы погляд здаецца, што тут зноў пачалося жыццё. Але з-за сцэны, хочаш ты гэтага ці не, выглядае напаўразбураны палац. А на сцэне – нашы сучаснікі, якія на нейкі час ператварыліся ў знакамітых людзей розных эпох таго далёкага часу.


Першы падобны фестываль быў арганізаваны ў мінулым годзе і прысвячаўся 10-годдзю ўтварэння вядомага беларускага гурта “Стары Ольса”.
Для таго, каб сёлета правесці падобны фэст, прычын шукаць не прыйшлося. Сама маці-гісторыя з задавальненнем прадаставіла некалькі фактаў. У гэтым годзе адзначаюцца чатыры слаўныя даты, якія маюць дачыненне да Гальшан. Па-першае, Гальшанскаму замку сёлета 400 гадоў. Па-другое, Гальшаны ў гэтым годзе таксама святкуюць юбілей – ім 730. Юбілей адзначае і адна з самых знакамітых жанчын з роду Гальшанскіх – Соф’я, з дня нараджэння якой сёлета споўнілася 605 гадоў. Ды і чацвёртая значная падзея таксама немалаважная ў нашай гісторыі – 600-годдзе Грунвальдскай бітвы. Такім чынам сёлета зоркі сышліся над Гальшанамі. А разам з імі сюды з’ехалася вялікая колькасць людзей, якіх аб’яднаў фестываль “Гальшанскі замак”.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Ашмянскі райвыканкам, аддзел культуры, турыстычныя агенцтвы “Гісторыя-тур” і “Залатое кола Беларусі”, Гродзенская абласная філармонія і Прыорбанк.
— У Беларусі шмат слынных замкаў, многія з іх маюць такія ж цудоўныя і вядомыя фестывалі – якія, да прыкладу, праводзяцца ў Навагрудку, Полацку, Міры… У Гальшанах адбывалася шмат цікавых падзей – і гэта добра, што цяпер і тут будзе штогадовы фестываль, — заявіў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай арганізацыі мерапрыемства, кіраўнік турыстычнага агенцтва “Гісторыя-тур” Алесь Кушнер.
Арганізатары пастараліся – праграма была яркай, запамінальнай і насычанай, і кожны змог знайсці тут сабе занятак па душы.
Святочную частку мерапрыемства адкрыў кіраўнік гурта “Стары Ольса”, ён жа прэс-сакратар фестывалю Зміцер Сасноўскі. А пасля пачаўся тэатралізаваны пралог “Гартаючы старонкі гісторыі” з удзелам артыстаў з замкавых гарадоў і мястэчак вобласці. На імправізаваны баль да Соф’і Гальшанскай прыехалі вядомыя гістарычныя асобы з Крэўскага, Гродзенскага, Геранёнскага, Навагрудскага, Любчанскага і Мірскага замкаў. Дарэчы, прадстаўнік з Мірскага замка запрасіў на яго адкрыццё ў наступным годзе – будзем спадзявацца, што ўсё атрымаецца. Прадстаўленне прайшло ўдала і захапляльна. Авацыі тым, хто ўсё гэта задумаў!



Рыцарскія бітвы і турніры

Які ж замак без рыцараў? Пазмагацца за права называцца лепшымі сюды прыбылі некалькі ваенна-гістарычных клубаў з розных гарадоў нашай краіны. “Гевойт”, “Залатая шпора”, “Гільдыя лучнікаў”, “Карона Захаду”, “Рыцарскі род снежнага барса”, “Вялікае княства”, “Дайнава”, “Секерж” – кожны прадстаўнік змог паказаць не толькі старадаўнія рыцарскія ўборы і зброю, але і сваю сілу і высакароднасць. А рыцары сваю перамогу прысвячалі… вядома ж, самай прыгожай даме! Шанцавала, праўда, не ўсім. Пераможца быў толькі адзін. Але кожны з заяўленых мог бы прэтэндаваць на гэта права.
Турнір лучнікаў сабраў вялікую колькасць гледачоў, якім заставалася толькі зайздросціць удалым воінам – нягледзячы нават на тое, што не ўсе яны маглі трапіць у мішэнь, а потым – і ў качан капусты. Сярод лучнікаў былі і дзяўчаты, якія стралялі зусім не горш за мужчын, а нават лепш. Ну што ж, слабой палове чалавецтва, як нас называюць, пад сілу ў некаторых выпадках стаць мацней за моцную.
Прыняць удзел у конным турніры выявілі жаданне толькі тры рыцары –затое гледачоў тут сабралася не проста шмат, а вельмі шмат. І яны ўвесь час напіралі, нібы стараліся самі выйсці на імправізаванае поле бою.  А рыцары ў гэты час падымалі дзідай хустку з зямлі, рубілі мячом капусту, на скаку падымалі з зямлі меч, паказвалі сілу, розум і спрыт. Адразу агаваруся, што атрымлівалася гэта не ва ўсіх. Але лепшы ўсё ж такі быў выбраны.
Пешы рыцарскі турнір і бугурты – старажытны від бою, які азначае масавыя бітвы рыцараў – і, канешне ж, цырымонія ўзнагароджвання – ўсе гэтыя мерапрыемствы цэлы дзень трымалі гасцей Гальшанскага замка ў напружанні. І толькі вечарам інтрыга вырашылася. Спонсарам узнагарод для самых лепшых рыцараў выступіў Прыорбанк. І лепшыя з лепшых атрымалі калчан са стрэламі і меч, набытыя ў Польшчы падчас рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы, якая была адноўлена сёлетнім летам да слаўнай гістарычнай даты.
Да таго ж кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў стральбе з лука і валоданні мячом – для гледачоў каля сярэднявяковага рыцарскага лагера разгарнулі сваю работу платныя аўкцыёны, цэны на якія былі даволі памяркоўныя: ну хто адмовіць сабе ў задавальненні выпусціць стралу з сярэдневяковага лука ўсяго за 1000 беларускіх рублёў? Жадаючых было шмат.



Горад майстроў

Побач са сценамі замка разгарнуў сваю работу горад майстроў, якія з’ехаліся сюды з розных рэгіёнаў рэспублікі. Як падкрэсліў на прэс-канферэнцыі старшыня Ашмянскага райвыканкама, гэта адзіны фестываль у рэспубліцы, на якім майстры не плацяць грошы за месца – у людзей ёсць магчымасць паказаць свае ўменні і зарабіць грошы. Таму, напэўна, і цэны на прадстаўленыя тавары былі не з разраду завоблачных. Вырабы з саломкі, гліны, лазы, дрэва, бісеру…, свістулькі, вышыванкі, карціны, мяккія цацкі і самаробныя лялькі… Душа радавалася за нашых майстроў, а госці замка з задавальненнем набывалі самаробныя вырабы.
Старадаўняя музыка і вогненнае шоу

Гукі музыкі сустракалі адпачываючых з самай раніцы. Але бліжэй да вечара гасцей замка чакаў канцэрт старадаўняй музыкі. Дарэчы, вельмі папулярныя зараз музыкальные шкатулки. Было бачна, што людзей да гэтага часу пад сценамі палаца сабралася значна больш. Яны ўсаджваліся проста на траву і з заміраннем сэрца чакалі выхаду на сцэну сваіх любімых выканаўцаў. Пачаў выступленне гурт “Расалія”, а потым – “Келіх Кола”, “Корнукопія”, “Тэстаментум Тэрра”, “Гальярда”, “Стары Ольса”. Кульмінацыяй канцэрта стала вогненнае прадстаўленне тэатраў фаер-шоу “Гістрыён” і “Дэ-Грыза”.
Апошнімі на сцэну падняліся музыканты з гурта “Ліцвін Троль”, якія завіталі да нас з Польшчы – яны запалілі публіку “абцяжаранымі” версіямі народных песень. Увогуле, чатыры гадзіны канцэрта не пакінулі нікога раўнадушнымі. Жывая музыка, бурная энергетыка, старадаўнія танцы, – тое, чаго часам не хапае нам у паўсядзённым жыцці.



А што далей?

А што ж будзе далей з замкам і з фестывалем?
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня Ашмянскага райвыканкама Ю.У. Адамчык, чакаць у бліжэйшым часе рэканструкцыі Гальшанскага замка не даводзіцца – для гэтага патрэбны каласальныя сродкі. Але плануецца правесці яго кансервацыю. Для гэтага ў мінулым годзе за тэрыторыю замка былі вынесены лініі электраперадач, а мінскім архітэктарам Ігарам Раханскім падрыхтаваны праект па кансервацыі яго руін і аднаўленні вежы для размяшчэння ў ёй неабходнай інфраструктуры. Акрамя гэтага, падрыхтаваны праект па аднаўленню вадаёмаў вакол замка і работа над гэтым распачнецца, як толькі з’явяцца фінансавыя сродкі. А яшчэ ў хуткім часе плануецца рэстаўрыраваць замак віртуальна.
Свята атрымалася. Нягледзячы на тое, што людзей сабралася не так шмат, як планавалі арганізатары, але іх было значна больш, чым у мінулым годзе. Ды і настрой у гасцей Гальшанскага замка быў цудоўны і вясёлы.
Значыць, Гальшанскаму фестывалю – жыць!


Алена ЯРАШЭВІЧ.