Дэбют па-астравецку

16:05 / 27.05.2010

У мінулым годзе нашы самадзейныя артысты прысутнічалі на свяце, але толькі ў якасці гасцей – выступалі па-за рамкамі конкурсу. Затое за выступленнем канкурсантаў яны сачылі вельмі ўважліва, адзначаючы для сябе і творчыя знаходкі іншых калектываў, і іх промахі. А вярнуўшыся ў Астравец, ледзь не назаўтра пачалі рыхтавацца да ўдзелу ў чарговым конкурсе. У якасці конкурснай песні быў абраны “Варшаўскі паланез”. Пад кіраўніцтвам таленавітага і вельмі патрабавальнага дырыжора Дануты Адольфаўны Папені складаная рытміка паланеза вымушана была паддацца галасам самадзейных артыстаў.


А тут яшчэ “Польскаму рэху Астраўца” “падфарціла” – за пару тыдняў да выступлення яны атрымалі новыя сцэнічныя касцюмы (няхай сабе пакуль не на ўвесь калектыў), і хор непазнавальна змяніўся – ад яго павеяла непадробным прафесіяналізмам…
Слонімскі фестываль паланеза як заўсёды, распачаўся ля помніка загінуўшым воінам: выступленні арганізатараў, прывітальнае слова ад мясцовых улад, ускладанне кветак да помніка – і пачынаецца святочны парад удзельнікаў, узначальвае які духавы аркестр.
Так, канешне, у Астраўцы таксама ёсць падобны калектыў, але (усё пазнаецца ў параўнанні) яму не хапае артыстычнасці. У слонімцаў першай ідзе дзяўчынка з дырыжорскім жэзлам, за ёй яшчэ чатыры – з бліскучымі шастамі ў руках, якімі яны адмахваюць рытм мелодыі, далей – галоўнае ўпрыгожанне парада: юныя барабаншчыцы, і толькі потым – непасрэдна аркестр. І дзяўчаткі, і аркестранты – у прыгожай уніформе.
Маршрут руху святочнай калоны пралягаў праз увесь горад, і гараджане на вуліцах утварылі жывыя берагі, паўз якія бяжыць вясёлая рознакаляровая фестывальная рэчка.
Гаспадары Палаца культуры вітаюць удзельнікаў фестывалю хлебам-соллю і запрашаюць у залу, дзе гасцей ужо зачакаўся Яго Вялікасць Паланез. Свята пачынаецца з самага знакамітага паланеза на свеце – з “Развітання з радзімай” Міхала-Клеафаса Агінскага. Дэфіле слонімскіх прыгажунь у вячэрніх строях, акадэмічны варыянт танца ў выкананні прафесійных артыстаў, вянок санетаў у гонар паланеза…
Гонар і вялікая адказнасць першымі распачаць конкурс выпалі на долю нашых самадзейных артыстаў. Хор выйшаў на сцэну, і каляровыя стужкі новых касцюмаў у святле сафітаў заззялі асабліва ярка. З “перадстартавым” хваляваннем харысты справіліся амаль адразу, і паланез у іх выкананні гучаў урачыста і моцна. Падчас другой конкурснай песні ўзніклі непаладкі з гукам. Недзе за плячыма нашых артыстаў раптам пачало “страляць” з такой электрычнай сілай, што звычайны чалавек уцёк бы са сцэны без аглядкі. А харысты… Ніхто з іх не дазволіў сабе нават азірнуцца – даспявалі песню гэтак жа, як распачалі – задорна і весела.
Услед за нашым калектывам на сцэну выйшаў вакальны ансамбль “Сібіракі” з Ліды, выступлення якога асабіста я заўсёды чакаю з нецярпеннем. Спевакі не падманулі маіх чаканняў і на гэты раз – ад іх магутнага (чатырох-? пяцігалосага?) выканання паланеза Агінскага па скуры забегалі мурашы.
“Сібіракам” журы фестывалю прысудзіла другое месца, першае дасталася гаспадарам, калектыву са Слоніма. А на трэцюю прыступку падняўся… хор “Польскае рэха Астраўца”. Вось вам і дэбютанты!
Як можна адзначыць перамогу? Тым больш, калі ты не дома? “Польскае рэха Астраўца” адсвяткаваць сваю “бронзу” вырашыла ў… манастыры. Жыровіцкі манастыр – сэрца беларускага праваслаўя, і не наведаць яго, знаходзячыся побач, пагодзіцца хіба што бяздушны.
Жыровіцкія манахі і павіншавалі нашых харыстаў, і блаславілі на далейшыя перамогі, а маладзенькі семінарыст пазнаёміў з гісторыяй, іканаграфіяй і архітэктурнымі асаблівасцямі манастыра. А потым харысты памаліліся ў галоўным храме і паставілі свечкі – у памяць і за здароўе. Дарэчы, рэкамендуем компьютерное обслуживание ремонт.
Хаця не малітваю адзінай… На зваротным шляху аўтобус прыпыніўся на абсталяванай лясной пляцоўцы, акампаніятар хору Аляксандр Якіменка дастаў баян, і на вольнай прасторы конкурсныя песні набылі зусім іншае гучанне…

Ганна ЧАКУР.