Пазітыўны настрой ад школы мастацтваў

18:12 / 13.05.2010

У Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў увайшло ў добрую традыцыю штогод праводзіць своеасаблівы канцэрт-дэманстрацыю – талентаў, дасягненняў і багатага патэнцыялу. Так, у мінулую пятніцу ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшоў выніковы канцэрт “Вясеннія сустрэчы”, на якім не толькі выхаванцы школы прадставілі на суд гледачоў плады сваёй штодзённай карпатлівай працы, але і настаўнікі сваімі яркімі і віртуознымі нумарамі даказалі, што дзеці знаходзяцца ў надзейных і таленавітых руках. У гэты сонечны вясновы дзень усе, хто прыйшоў падтрымаць маленькіх артыстаў, атрымалі дозу добрага настрою і мора станоўчых эмоцый.


Фае кінаканцэртнай залы гасцінна сустрэла выставай работ юных пікасо і шышкіных, якія ствараюць свае маленькія шэдэўры пад чулым кіраўніцтвам таленавітай мастачкі В.К. Варановіч. Мастацкі клас працуе ўсяго трэці год, ён толькі ў пачатку доўгага і плённага шляху, але ўжо і зараз ёсць, як кажуць, на чым спыніць вока.
Утульна ўладкаваўшыся ў крэслах і настроіўшы аб’ектывы фотаапаратаў, бацькі, брацікі і сястрычкі, сябры і проста прахожыя – усе з нецярплівасцю чакалі канцэрта. І вось пачалося свята!
“Усё жыццё – тэатр” – сказаў паэт, а выразна прачыталі навучэнцы тэатральнага класа, заняткі якога праводзіць маладая і таленавітая настаўніца С.С. Цвёдрая. Тэатральны клас працуе ў школе толькі год, але дзеці ўжо паказалі сябе яркімі і артыстычнымі асобамі.
Эстафету падхапіў дзіцячы ансамбль музычных інструментаў пад кіраўніцтвам Н.П. Шарэйка. Цымбалы, домры, акардэоны, балалайкі спляліся ў агульнай мелодыі і палілася музыка.
Парадавалі гледачоў танцавальныя нумары, якія паставіла А.У. Дзям’янчык. Вальс у выкананні вучняў другога класа глядзеўся вельмі замілавальна: дзяўчынкі высока трымалі галоўкі, а хлопчыкі былі па-даросламу галантнымі і высакароднымі. “Запалілі” публіку харэаграфічная пастаноўка “На дварэ” (так і захацелася паскакаць ў “рызіначкі”) і народны танец “Тапатуха”.
Затым на сцэну выплыла “сяброўка сяміструнная” і ў руках навучэнцаў А.У. Сяўко зайграла весела і задорна. А віртуознае “Танга” на гітары ў выкананні студэнта 2 курса Гродзенскага музычнага каледжа Вацлава Вадкевіча паказала, да якога ўзроўню майстэрства даводзяць карпатлівыя заняткі ў дзіцячай школе мастацтваў.
Настаўнікі школы таксама паказалі клас – ігра на фартэпіяна ў чатыры рукі А.Г. Раткевіч і Т.С. Падгайскай, венгерская народная песня, выкананая акапэльна вакальнай групай педагогаў пад кіраўніцтвам А.Я. Баршэвіч, парыжскі вальс на баяне М.І. Арлоўскай і Ю.А.Жэбіта нікога не пакінулі раўнадушнымі.
А навучэнцы настаўнікаў-прафесіяналаў М.Р. Жэбіт, С.Б. Павалоцкай, І.А. Волчак прадэманстравалі вышыні вакальнага майстэрства.
Таленавітыя майстры астравецкай сцэны з вакальна-інструментальнага ансамбля “Скарбніца” пад кіраўніцтвам Н.П. Шарэйка, які ўжо палюбіўся нашай публіцы, падарылі гледачам некалькі незабыўных нумароў.
Было яшчэ шмат прыгожых песень і гарэзлівых танцаў, а завяршыўся справаздачны канцэрт на гучнай ноце – выступленнем дзіцячага ўзорнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам А.М. Антановіча.


На здымках: моманты святочнага канцэрта.


Вольга ШОЎКУН.