Как оплаченные победы ломают судьбы

13:49 / 11.06.2019
Сярод нямногіх тэлеперадач, якія я стараюся не прапускаць, – выпускі навін, «Што? Дзе? Калі?», спаборніцтвы клуба вясёлых і знаходлівых і, як гэта ні парадаксальна, – «Голас». Парадаксальна, бо сама спяваць не ўмею – а вось тых, хто віртуозна валодае гэтым прыродным музычным інструментам, слухаю з асалодай. Выпускі апошняга шоу «Голас. Дзеці» глядзела амаль усе – ад сляпых праслухоўванняў да скандальнага фіналу.  І будучых фіналістаў амаль беспамылкова вызначыла з першых іх выхадаў на сцэну.

Для не такіх апантаных «Голасам» раскажу сутнасць скандалу, які разгарэўся на першым расійскім канале. Кожны з трох настаўнікаў – Валерый Меладзэ, Пелагея і Святлана Лабада – выбралі са сваіх пятнаццаці падапечных траіх  фіналістаў. І далей у ход уступала галасаванне гледачоў, у выніку якога былі вызначаны спачатку тры суперфіналісты, а затым – пераможца. Для ўсіх было шокам, калі з дзевяці галасістых хлопчыкаў і дзяўчынак пераможцай шоу стала Мікеле Абрамава – дачка папулярнай расійскай спявачкі Алсу, якая набрала 53 % галасоў. Дзяўчынка, безумоўна, таленавітая, але «за бортам» апынуліся дзеці з куды больш моцнымі вакальнымі дадзенымі. 

Скандал разгарэўся ў сацыяльных сетках, кіраўніцтва першага тэлеканала прызначыла незалежнае расследаванне – і высветлілася, што падчас галасавання мела месца накрутка галасоў. Вынікі адмянілі, фіналістаў запрасілі на спецвыпуск (Мікеле Абрамава не з’явілася) – і ўсіх дзевяць удзельнікаў фіналу аб’явілі пераможцамі, кожнаму выдалі сертыфікат на мільён рублёў і на права запісу песні ў прафесійнай студыі.

Я б не бралася за гэтую тэму – ці мала якія скандалы адбываюцца ў расійскім шоу-бізнесе, калі б не некаторыя абставіны.

Успомнілася, як у 2014 годзе наша рэдакцыя пра­водзіла конкурс «Народны артыст», пераможцу якога павінны былі вызначыць шляхам інтэрнэт-галасавання, – тады таксама нехта падтасаваў яго вынікі. Колькі давялося выслухаць папрокаў ва ўсіх смяротных грахах! Мы выйшлі са становішча прыкладна гэтак жа, як і першы канал: супрацоўнікі рэдакцыі за свае грошы купілі і ўручылі дзяўчынцы, якая перамагла на самой справе – гэта пацвердзіла незалежнае расследаванне, – такі ж прыз і дыплом, як і чалавеку, які атрымаў яго незаслужана. У адрозненне ад Мікеле Абрамавай, ён аніяк – ні публічна, ні асабіста, ні тады, ні да гэтага часу – не патлумачыў гэты інцыдэнт.

Але справа нават не ў скандалах – усерасійскім і нашым, лакальным. Любы скандал з цягам часу забываецца – толькі вось, як у тым анекдоце пра лыжачкі, асадак застаецца… Мікеле Абрамава ні ў чым не вінаватая – пра гэта гаварылі і арганізатары шоу «Голас. Дзеці», якія яе, як і ўсіх фіналістаў, узнагародзілі і назвалі членам сваёй сям’і. Але тыя, хто ўцягнуў дзіця ў гэтую брудную гульню,  – яны ці думалі, як гэта адаб’ецца на яе далейшым лёсе, на дзіцячай  псіхіцы, характары? Нават калі б падман не выкрыўся… Яна ж, як і ўсе іншыя, чула, як спявалі Ержан Максім, Ніно Чэснер, Валерый Кузакоў – і не магла не разумець, што не дацягвае да іх узроўню… Калі ж на самой справе паверыла любячым бацькам, што яна – лепшая за ўсіх, то ёй можна толькі паспачуваць: цяжка дзяўчынцы давядзецца ў жыцці… 

Вядома, кожнаму з бацькоў хочацца ганарыцца сваім дзіцем і кожны перакананы, што яго сын ці дачка – самы лепшы, самы таленавіты, самы разумны. Сапраўды, кожнае дзіця мае талент, кожнае – унікальнае. Як гэты талент раскрыць, а не прыдумаць і за шалёныя грошы развіваць неіснуючы, але больш прэстыжны – задача тая яшчэ… Вырашыць яе, навучыць дасягаць сваёй мэты, перамагаць, а часам – і прайграваць, бо без гэтага ў жыцці не бывае, – задача бацькоў і настаўнікаў. 
Але часта дзеці становяцца заложнікамі бацькоўскіх амбіцый. «Нам патрэбна перамога, мы за цаной не пастаім», – колькім дзецям зламала лёс такая бацькоўская гонка за дасягненнямі нашчадкаў! 

Чаго варта купленая перамога, нават калі прызам у выніку стануць вялікія грошы?  Мільён рублёў, і нават не адзін, усё роўна рана ці позна скончыцца – а дзіця і далей будзе думаць, што бацькі ўсё могуць вырашыць, усё аплаціць і ўсё купіць. 
А калі аднойчы не змогуць? А калі сустрэнецца нешта, што не прадаецца і не купляецца? Як будуць жыць дзеці без гэтага «допінгу», без аплачаных  «цацак» і перамог?

Колішні скандал з нашым «Народным артыстам», як і нядаўні на шоу «Голас. Дзеці», прымушаюць задумацца пра гэта. І, хочацца спадзявацца, што некага ўсё ж пераканаюць, што не кожная перамога варта любой цаны – часам заплаціць давядзецца нашмат больш, чым прынясе першае месца. 

Бо першы – не заўсёды лепшы. 

Текст: Нина Рыбик