Хто з астраўчан трапіў на рэспубліканскую лінейку

08:49 / 03.06.2019

Чацвёра астраўчан сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага свята «Апошні званок», на якое запрасілі лепшых выпускнікоў школ.

Сёлета ўрачыстасць прайшла ў Оршы – моладзевай сталіцы Беларусі 2019 года.

Асноўныя мерапрыемствы адбываліся на Лядовай арэне – каля 2 000 адзінаццацікласнікаў з усёй краіны сталі ўдзельнікамі прыгожага дзейства, падчас якога прайшло ўзнагароджванне лепшых выпускнікоў і класных кіраўнікоў рэспублікі.

изображение_viber_2019-06-03_07-55-56.jpg

Не менш уражанняў пакінула канцэртная праграма, удзел у якой прынялі спевакі Аляксей Вераб’ёў, Іван Вабішчэвіч, Лера Яскевіч, гурты Naviband, «Дразды» і «Без Білета», а таксама дыскатэка і святочны феерверк.

Астравеччыну на рэспубліканскім свяце прадставілі выпускнікі Варнянскай школы: выдатніца, прэтэндэнтка на залаты медаль Аліна Медэйша, актывісткі і пераможцы шматлікіх конкурсаў Алеся Авен і Аксана Масойць і спартсмен Дзяніс Масейка.

изображение_viber_2019-06-03_07-55-49.jpg

– Уражанні самыя найлепшыя, – падзяліліся ўдзельнікі рэспубліканскага званка. – Усё было арганізавана на высокім узроўні. Мы пазнаёміліся са сваімі равеснікамі з іншых гарадоў, весела і цікава правялі час і крыху адпачылі перад выпускнымі экзаменамі.

Дарэчы, варнянскія выпускнікі не першы год становяцца ўдзельнікамі рэспубліканскага свята. У мінулым годзе Астравеччыну на ім прадстаўлялі адзінаццацікласнікі Варнянскага НПК, Гудагайскай і Гервяцкай сярэдніх школ.

Текст:
Фото: з архіва Варнянскага НПК