Алёна Нарэйка сярод крамлёўскіх зорак

12:42 / 17.03.2010
2
Яна вельмі падобная на вясенняга сонечнага зайчыка – такая ж светлая, сонечная, няўрымслівая. З нязменнай адкрытай усмешкай на твары і гарэзлівым агеньчыкам у празрыстых вачах. Рэдкі выпадак, калі знешняе аблічча чалавека настолькі дакладна адпавядае яго ўнутранаму стану. Яна, хоць і пасталела, але па сутнасці засталася ўсё той жа непасрэднай, чулай, шчырай дзяўчынкай – Аленкай Нарэйка – якой яе ведаюць са школьных гадоў.
Ад фанабэрыстасці, “зорнай хваробы” Алена не пакутавала ніколі. Вось і пра нядаўняе выступленне нашай зямлячкі ў Крамлі не кожны ведае нават у яе родных Міхалішках...


Нараджэнне зоркі
У шматгалосым хоры немаўлят астравецкай бальніцы нараджэнне будучай зорачкі сцэны засталося незаўважаным. Але, напэўна, менавіта ў момант нараджэння, той хто вызначае лёсы людзей, асцярожна крануў струны яе душы і – загучала, зазвінела, зайграла ўсімі нотамі ў маленькім сэрцы музыка.
Калі дачка выканала сваю першую песню, дакладна не могуць успомніць нават яе бацькі. А вось першы канцэрт застаўся ў памяці. Здарылася гэта ў тое лета, калі Ленка гасцявала ў бабулі. Вывучыўшы за некалькі дзён усе адметнасці бабулінага двара, пазнаёміўшыся з рохкаючымі, кудахтаючымі і мурлыкаючымі тубыльцамі, дзяўчынка засумавала і выцягнула аднекуль старэнькі бацькаў магнітафон з добра зацертай касетай. Праз тыдзень канцэрт быў падрыхтаваны. Не ўмеючы ні чытаць, ні пісаць, дзіця на слых вывучыла цэлы музычны альбом і бездакорна трапляючы ў кожную нотку, выканала ўсе песні! Захапленню родных не было мяжы!
У Міхалішкаўскай школе, якая неўзабаве расчыніла перад новай першакласніцай дзверы, добрую песню любілі заўсёды. Таму новы талент не застаўся незаўважаным. Алена без праблем падхоплівала любую мелодыю, а звонкі, чысты голас не пакідаў абыякавымі ні настаўнікаў, ні вучняў, ні бацькоў. Музычная сцяжынка, па якой дзяўчынка крочыла весела і бесклапотна, здавалася ёй лёгкай і простай. Да таго часу, пакуль лес не звёў яе з сапраўдным Настаўнікам.

Шчасце настаўніка
Святлана Чаславаўна Шаблінская, нядаўняя выпускніца музычнага вучылішча, карэнная гараджанка, якую лёс закінуў у вёску, дзе спрадвеку музыка лічылася забаўкай, несур’ёзным заняткам, выкладала харавыя спевы ў Міхалішкаўскай дзіцячай музычнай школе, употай сумавала па роднаму гораду і марыла аб вялікім калектыве, у якім яна магла б да канца рэалізаваць свае прафесійныя ўменні.
А ў суседнім класе непаслухмянымі пальцамі старанна выводзіла на баяне мелодыі Алена. Пры такім раскладзе шляхі вучаніцы і настаўніцы, якім у будучым наканавана было стварыць лёсавызначальны для абедзвюх тандэм, маглі перакрыжавацца хіба што ў школьным калідоры. Дзве дарожкі звяла ў адну тагачасны кіраўнік аддзела культуры Данута Францаўна Чарнушэвіч. Яна даўно прыкмеціла таленавітую дзяўчынку і шукала такога ж таленавітага майстра для агранкі неапрацаванага дыямента. Абласны песенны конкурс стаў зыходнай кропкай новага творчага саюза.

Салёны прысмак поспеху
Хтосці з мудрых сказаў, што поспех складаецца з аднаго працэнта таленту і дзевяноста дзевяці – поту.
Талент Алены сумнення не выклікаў – ідэальны слых, выдатныя знешнія дадзеныя, прыродная абаяльнасць, унікальны голас. Усё гэта Святлана Шаблінская беспамылкова вызначыла ад пачатку. Але для поспеху на раённай, тым больш абласной сцэне гэтага было мала. Толькі карпатлівая штодзённая праца магла зрабіць са здольнай дзяўчынкі сапраўдную артыстку.
Музычны хлеб, які напачатку падаваўся Алене смачным пірожным, на справе аказаўся не вельмі салодкім і зусім не лёгкім. Аказалася, сімпатыі гледачоў і прызнанне ўласнай настаўніцы – рэчы цалкам розныя. Для першых – шчасце адзін толькі выхад Алены на сцэну. А вось Святлана Чаславаўна аказалася не такім удзячным слухачом і, сама па прыродзе з’яўляючыся максімалістам, гэткія ж патрабаванні прад’яўляла да сваёй вучаніцы. “Калі хочаш дабіцца поспеху – трэба працаваць” – настойліва, падчас сурова ўнушала яна дзяўчынцы. Асабліва ў тыя рэдкія моманты, калі яе дзіцячая сутнасць брала верх над абавязковасцю десяцігадовай артысткі. За акном стаяла лета, ярка свяціла сонейка, клікалі на вуліцу сяброўкі, а ёй трэба было займацца. Ад такой несправядлівасці слёзы крыўды каціліся па яе шчоках. Яна спявала і плакала. Аблівалася слязьмі і сэрца настаўніцы. Толькі прывілеі на слабасць у яе не было.

Першы блін
Усе намаганні аказаліся марнымі. На свой першы сур’ёзны конкурс Алена проста не трапіла. Астравец хоць і не сталіца, аднак знайсці месца пад сонцам таленавітай дзяўчынцы з раённай правінцыі аказалася вельмі няпроста і тут.
На адборачным туры журы традыцыйна аддало перавагу мясцовым знакамітасцям і ў Гродна паехалі “дзяжурныя” зоркі. Аднак здавацца — не ў характары Шаблінскай. За ўласны кошт яна завезла сваю падапечную ў абласны цэнтр, чым нямала здзівіла астравецкіх «прадзюсераў». Хоць і не спадзяваліся яны на такую “самадзейнасць”, але дзявацца не было куды — дазволілі выйсці на сцэну. Праўда, з самага пачатку ад міхалішкаўскіх “сепаратыстаў” адмежаваліся: “Жадаеце асароміцца – калі ласка! Толькі без нас!” У выніку выступіла Алена ў “асабістым заліку” і заняла ў конкурсе ганаровае трэцяе месца! Адзіная з астравецкай дэлегацыі!

Прызнанне
Пасля поспеху на абласной сцэне прыйшло доўгачаканае прызнанне і на радзіме. Алена стала пастаяннай удзельніцай ўсіх раённых канцэртаў. Ні адзін творчы конкурс не абыходзіўся цяпер без яе ўдзелу.
Не прымусілі сябе чакаць і новыя перамогі. “Масты надзеі”, “Маладыя таленты Гродзеншчыны”, “Песні памежжа”, рэспубліканскія “Дажынкі” - далёка не ўсе вяршыні, якія скарыліся перад юным талентам. Праўда, вучаніца і педагог не збіраліся купацца ў промнях славы і працягвалі шліфаваць вакальнае майстэрства. Першыя поспехі не пакінулі і следу ад былых слёз. Алена паверыла ў свае сілы, перамогі пераканалі ў правільнасці выбранага шляху, ды і будучыня неяк нечакана і выразна акрэслілася перад дзяўчынай. Цяпер у яе з’явілася мэта: зрабіць песню сэнсам свайго жыцця. Голас, які падараваў ёй Гасподзь, дзякуючы выдатнаму педагогу з часам набыў новыя колеры і адценні, а ў песні яна навучылася бачыць не толькі ноты і тэкст, а нешта большае. Тое, што данесці да слухачоў па сілах толькі сапраўднаму майстру.

Аленіны ўніверсітэты
Ніхто не сумняваўся, што пасля заканчэння школы Алена працягне навучанне ў музычнай навучальнай установе. Так і сталася.
Адразу пасля дзевяці класаў дзяўчына паехала на праслухоўванне ў Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі і неўзабаве стала яго навучэнкай. Акунуўшыся з галавой у свет музыкі, займалася апантана і натхнёна. Таму і гады вучобы пранесліся, нібы адзін дзень. А на другі яна ўжо была студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Адкрыліся новыя гарызонты – удзел у творчых калектывах, фестывалі, канцэрты, гастролі…
“Не цурайся працы. Вучыся, спрабуй сябе ў розных жанрах. Веды за плячамі не насіць”, – вучыла яе некалі Шаблінская. Словы настаўніцы Алена запомніла добра. Ва ўніверсітэце яна стала ўдзельніцай калектыва народнай песні “Грамніцы”, у вольны час наведвае калектыў “Паланез” пры знакамітым Чырвоным касцеле, дзе займаецца акадэмічнымі спевамі, у складзе вакальнага квартэта выконвае польскія песні. Паспела пабываць з гастролямі ў далёкім і блізкім замежжы. Нават на востраве Сіцылія. Аднак самым запамінальным, прынамсі, на гэты час, стала выступленне ў Крамлі…

Сярод крамлёўскіх зорак

Далека не кожная расійская і беларуская зорка можа пахваліцца выступленнем на сцэне Крамлёўскага палаца з’ездаў – самай прэстыжнай канцэртнай пляцоўцы ўсяго былога Саюза. А з нашых землякоў хіба што Аляксандру Кацікаву з “Беларускімі песнярамі” выпадаў такі гонар.
Таму, калі напярэдадні 10-годдзя ўтварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў Мінск завіталі маскоўскія рэжысёры, каб зрабіць выбар удзельнікаў святочнага канцэрта з беларускага боку, дзяўчаты і хлопцы з “Грамніц” у свой поспех не асабліва верылі. Хіба жарт – за права выступлення ў Крамлі прыйшлося спаборнічаць з сапраўднымі зоркамі беларускай эстрады! Але ў даволі жорсткай канкурэнцыі шчырасць і непасрэднасць маладых выканаўцаў беларускай песні аказаліся даспадобы расійскім гасцям. Так разам з “Сябрамі”, “Песнярамі”, Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам, Дзмітрыем Калдуном, прадстаўляць Беларусь адправіліся ў Маскву і “Грамніцы” з нашай Аленай.
На крамлёўскай сцэне яны завялі “Карагод”, які падтрымалі студэнты Маскоўскага ўніверсітэта культуры, а завяршыла сама Надзея Бабкіна, са сваёй “Рускай песняй”.
Пасля Масквы такі ж канцэрт і ў тым жа складзе адбыўся ў Палацы рэспублікі ў Мінску.
Наперадзе – новыя выступленні. І хоць гастрольны графік “Грамніц” вельмі насычаны, самае вялікае жаданне Алены прывезці сваіх сяброў у Астравец. “Мы тут “запалім” па-сапраўднаму!” – абяцае юная зорачка.
Не сумняваемся. І чакаем хуткай сустрэчы на астравецкай сцэне.




Эдуард Іванаў.