В Гудогайской школе прошла неделя белорусского языка

15:00 / 27.02.2016
говори по-белорусски Кухаревич«Рускай мове дай разгрузку – гавары па-беларуску!» – пад такім дэвізам прайшоў у Гудагайскай школе тыдзень беларускай мовы. Ён папярэднічаў Дню роднай мовы, што адзначаўся ва ўсім свеце ў мінулую нядзелю.

Гудагайская школа, як і большасць вясковых, – беларускамоўная. Але ў міжасабовых стасунках па-за ўрокамі вучні і настаўнікі часцей за ўсё размаўляюць па-руску, у лепшым выпадку – на “трасянцы”: беларуская мова даўно перастала быць “матчынай” нават для вясковых школьнікаў, бо іх бацькі, як і большасць насельніцтва нашай краіны, на жаль, гаворыць па-руску. І таму заклік, з якім выступілі арганізатары тыдня, а найперш – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Мікалаеўна Жалток, стаў для многіх спробай адчуць смак роднага слова не з падручніка, а ў паўсядзённых стасунках.
Але не толькі размовамі на ўроках і перапынках абмежаваліся мерапрыемствы тыдня – былі яны шматлікімі і разнастайнымі. Школьнікі нават паспрабавалі агучыць па-беларуску Пушкіна: паставілі на школьнай сцэне ўрыўкі з “Яўгенія Анегіна” і “Цыганоў” – аказалася, што “сонца рускай паэзіі” цудоўна “ззяе” і на беларускай мове.
А заключным мерапрыемствам тыдня стала сустрэча школьнікаў з тымі, для каго беларуская мова – прафесія і неад'емная частка жыцця. Атрымала такое запрашэнне і я – і прыняла яго з вялікай удзячнасцю. А маёй калегай на гэтай сустрэчы стала актыўны пазаштатны аўтар “Астравецкай праўды”, ветэран педагагічнай працы, паэтка, спявачка, мастачка Людміла Іванаўна Кухарэвіч.
Школьнікі добра падрыхтаваліся – гэта выявілася не толькі ў цудоўна аздобленай у беларускім стылі сцэне, у адпаведнай кніжнай выставе і пранікнёных словах вядучых. Аказалася, цэлы тыдзень яны збіралі пытанні для гасцей і складвалі іх у своеасаблівы “чароўны куфэрак”.
Куфэрак аказаўся і сапраўды чароўным, бо падрыхтаваныя вучнямі і настаўнікамі пытанні прымусілі не толькі ўзгадаць былое, але і пакорпацца ва ўласнай душы, каб быць перад даверлівымі вачанятамі, які чакалі адказу, шчырым і праўдзівым.
Што дае чалавеку мова? Што дае руская, а што – беларуская? Чым адрозніваецца чалавек, які проста піша вершы ці апавяданні, ад паэта ці пісьменніка? Ці можна стаць пісьменнікам шляхам якіх-небудзь спецыяльных намаганняў? Што вас больш за ўсё здзіўляе ў беларускіх людзях? Што такое каханне?
На такія цікавыя, часам філасофскія пытанні і адказваць было цікава – школьнікам, а найперш – сабе. Таму не дзіва, што размова атрымалася цёплай і шчырай. А цудоўным мастацкім аздабленнем для яе сталі беларускія песні ў выкананні Ірыны Мікалаеўны Жалток і Людмілы Іванаўны Кухарэвіч.
А напрыканцы нас запрасілі ў абноўлены школьны музей “Зямля гудагайская”, які ўражвае сваёй насычанасцю, грунтоўнасцю, дакладнасцю, разнастайнасцю. Можна толькі захапляцца той неймавернай працай, якую правялі яго шматлікія стваральнікі на чале з нястомнай Марыяй Карлаўнай Васілёнак. Дарэчы, у гэтым музеі адбылася цікавая сустрэча Людмілы Іванаўны Кухарэвіч са сваімі продкамі – бабуляй Аляксандрай і бацькам Іванам Ільінскім – пачынальнікамі шматлікай настаўніцкай дынастыі, адной з галінак якой з’яўляецца і сама Людміла Іванаўна.
“Гавары па-беларуску!” – прапанавалі вучням і настаўнікам Гудагайскай школы напачатку тыдня беларускай мовы – і многія прынялі прапанову. Хочацца спадзявацца, што гэтая спроба не пройдзе бясследна і калі не заўтра-паслязаўтра, то аднойчы сённяшнім вучням Гудагайскай школы захочацца гаварыць на роднай мове – з сябрамі, бацькамі, каханымі…

---------------------
Ніна РЫБІК.