В двенадцатый раз в Гервятах в костёле Святой Троицы прошёл концерт органной и вокальной музыки

16:13 / 09.11.2016
1146
%d0%b3%d0%b5%d1%80%d0%b2%d1%8f%d1%82%d1%8b-%d0%ba%d0%be%d0%bd%d1%86%d0%b5%d1%80%d1%82-%d0%be%d1%80%d0%b3%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d0%be%d0%b9-%d0%bc%d1%83%d0%b7%d1%8b%d0%ba%d0%b8У кароткія лістападаўскія дні, настылыя ад прадчування хуткай зімы і вечнага холаду, калі Бог і людзі, неба і зямля яднаюцца ў малітве за спачын душ тых, хто назаўжды пакінуў гэты свет з яго крыўдамі, грахамі, зайздрасцю, падманам і адышоў у “цудоўнае далёка”, дзе, як сцвярджаюць святары, заўсёды цёпла, светла і шчасліва, у Гервяцкім касцёле Святой Тройцы ў дванаццаты раз адбыўся дабрачынны канцэрт арганнай і вакальнай музыкі.

Сказаць пра гервяцкі канцэрт “традыцыйны” – не сказаць амаль нічога. За гэтыя дванаццаць гадоў ён стаў з’явай, якую чакаюць, як глытка свежага паветра ў забруджанай нашымі словамі, справамі і думкамі атмасферы, як сонечнага промня ў непраглядна-свінцовым небе, як дотыку сяброўскай рукі ў момант, калі, здаецца, увесь свет паўстаў супраць цябе.

Канцэрт у Гервятах – з’ява ў пэўнай ступені фенаменальная, невытлумачальная. У наш час, які прынята лічыць бездухоўным, у свеце, які многія называюць жорсткім, у сельскім раёне, дзе толькі дзясятак-другі жыхароў маюць грунтоўную музычную адукацыю, каля тысячы чалавек прыязджаюць у храм, каб паслухаць класічную музыку – Баха, Шуберта, Гуно, Моцарта, Гендэля – як такое можа быць? У настылым неацяпляльным памяшканні, дзе гледачы больш чым гадзіну сядзелі, не зварухнуўшыся, ніхто не ўстаў і не выйшаў – а ў цёплай і камфортнай кінаканцэртнай зале “Астравец” хаджэнне туды-сюды, размовы па тэлефоне і з суседзямі ды іншыя “вольнасці” даўно сталі правілам дрэннага тону. На ўваходзе ніхто не правярае квіткі – і тым не менш у кожнага на каленях ляжыць аркуш з праграмай канцэрта, якая і з’яўляецца білетам. На якую яшчэ, скажыце, “зорку” беларускай ці расійскай эстрады людзі паедуць за сотні кіламетраў у далёка не самае спрыяльнае надвор’е, калі сіноптыкі аб’явілі аранжавы ўзровень небяспекі – але ў той вечар ля касцёла былі заўважаны машыны і аўтобусы не толькі з гродзенскімі нумарамі, але і іншых абласцей і нават краін? Чаму на канцэрты распіяраных “тэледзіў” і “шоумэнаў” білеты часта прадаюць, уключаючы “адміністрацыйны рэсурс”, і пры гэтым зала паўпустая -- а ў Гервятах сёлета дастаўлялі дадатковыя лаўкі, каб пасадзіць у вялізным памяшканні ўсіх жадаючых паслухаць не песенькі, пад якію ногі просяцца ў скокі і якію можна падпяваць артыстам – а вельмі сур’ёзную музыку?

Пытанні гэтыя – з разраду рытарычных: я не маю на іх адказу, не магу растлумачыць нават для сябе фенамен гервяцкіх канцэртаў. Ды што там – самой сабе не магу адказаць, чаму мяне, зусім не гурмана ў музыцы, у халодны лістападаўскі дзень так цягне ў настылы Гервяцкі касцёл?

…Не магу пахваліцца, што была на ўсіх гервяцкіх канцэртах – хоць большасць усё ж не прапусціла. І бязмежна ўдзячна Богу, што сёлета не знайшлося ніякай прычыны, якая б перашкодзіла мне ў вызначаны дзень і час, апрануўшыся як мага цяплей, прыехаць у Гервяты.

%d0%b3%d0%b5%d1%80%d0%b2%d1%8f%d1%82%d1%8b-%d0%ba%d0%be%d0%bd%d1%86%d0%b5%d1%80%d1%82-%d0%be%d1%80%d0%b3%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d0%be%d0%b9-%d0%bc%d1%83%d0%b7%d1%8b%d0%ba%d0%b81…Я ніколі не чула, як гучыць дудук – легенда сцвярджае, што менавіта яго голас вітаў нараджэнне Хрыста. Але калі да аргана, які ажыў і заплакаў, падпарадкоўваючыся дотыку пальцаў бязмежна таленавітага Андрэя Міхневіча, у “Псалмах па памерлых” далучыўся дудук, калі ён загаласіў-запрычытаў у руках Ігара Сівянкова – падалося, што гэтая не кідкая з выгляду пастушковая дудка ўголас, на ўвесь касцёл, прамаўляе мой асабісты боль, які шмат гадоў таму запёкся ў душы нявыказанымі словамі, не дараванай здрадай, нявыплаканай крыўдай… Рвала душу на шматкі Наталля Кірпічэнкава, дастаючы з нетраў арганных труб незямныя гукі. І здавалася, што бязмежны і шматаблічны свет сціснуўся да крыжа, што вісіць у алтары Гервяцкага касцёла, і чуваць апошні ўздых распятага на ім за людскія грахі і правіны Хрыста…

Але аднекуль з нябёсаў данеслася “Аве, Марыя” – Вольга Перагуд у сугуччы з анёламі (адзін чалавечы голас не можа гучаць так светла, непаўторна, узвышана!) імкнуліся суцішыць боль і суцешыць збалелыя сэрцы тых, што, заплюшчыўшы вочы, аддаўся на волю музыкі. А шматгалосае мужчынскае “Алеллюйя” вакальнага ансамбля “Арнамент” пераканала ў мудрасці спрадвечнай малітвы: слава Богу за ўсё, слава Богу за боль і за радасць…

І напрыканцы канцэрта разам з Андрэем Міхневічам сотні слухачоў, ачышчаючыся дараваннем, у сваіх думках і сэрцах прамаўлялі бессмяротныя словы “Малітвы” Булата Акуджавы: “…Дай же ты всем понемногу – и не забудь про меня”.

…Мне здаецца, няма ў свеце слоў, якія маглі б перадаць чароўнае ўздзеянне музыкі на чалавека – а калі і ёсць, то я, на жаль, не валодаю талентам іх знайсці і данесці да чытача. І немагчыма – прынамсі, мне -- лагічна вытлумачыць фенамен геряцкіх канцэртаў. Напэўна, уся справа ў тым, што за гэтую гадзіну яднання чалавека і музыкі, растварэння ў ёй з нашых душ здзіраецца – часам з болем, слязьмі і крывёю – паўсядзённая іржа мітусні, падману, непатрэбшчыны. І – хоць на час, на імгненне – прыходзяць думкі аб галоўным, вечным…

Дзякуй ксяндзу пробашчу Гервяцкага касцёла Леаніду Несцюку і арганісту Андрэю Міхневічу за гэтыя традыцыйныя лістападаўскія канцэрты – пакутлівую і радасную магчымасць вяртання да саміх сябе, да таго лепшага, што ёсць у кожным з нас.

Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений