Знакомьтесь: Владислав Сапега - человек, который любит играть на тромбоне!

13:21 / 09.10.2016
2
%d0%b2%d0%bb%d0%b0%d0%b4-%d1%81%d0%b0%d0%bf%d0%b5%d0%b3%d0%b0Ён умее абуджаць у медных недрах чароўныя гукі, якія ператвараюцца ў ноты, а затым выліваюцца ў непаўторную музыку. Ён вучыць дзяцей і стымулюе іх на стварэнне прыгожага. Ён атрымлівае асалоду ад таго, чым займаецца, і нясе музыку ў масы.

Знаёмцеся: Уладзіслаў Сапега – педагог Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, удзельнік кавер-гурта і проста хлопец, які ўмее і любіць граць на трамбоне.   

– Так і хочацца спытаць словамі класіка: “А вы ноктюрн сыграть могли бы на флейте водосточных труб?”

– Пакуль не даводзілася іграць на гэтым наборы інструментаў (усміхаецца). Мне больш даспадобы трамбон – вось з ім мы здольныя на многае: ад класічных твораў да сучасных мелодый. Гэта на першы погляд здаецца, што духавыя інструменты толькі і могуць, што “дудзець”. А трамбон, між іншым, параўноўваюць са скрыпкай – далікатны і чулы, ён нараджае прыгожыя і багатыя разнастайнасцю музычнай афарбоўкі гукі.

– І вы ўсё гэта ведалі, калі выбралі трамбон у музычнай школе?

– Вядома, не. Тады галоўную ролю сыграла цікаўнасць: гэта ж назва якая незвычайна – трамбон. А яшчэ – своечасовая ўпэўненая прапанова майго будучага выкладчыка: давай паспрабуем? Вось так і пасябраваў я з гэтым музычным інструментам.

– А чаму пайшлі ў музычную школу, а не, скажам, у секцыю па футболе?

– Усё атрымалася досыць празаічна: для набору вучняў у нашай школе выхаванцы “музыкалкі” давалі канцэрт. І мяне асабліва ўразіў ансамбль музычных інструментаў, якія выконвалі не класічныя творы, а ігралі сучасныя мелодыі. Словам, я быў у такім захапленні, што вырашыў запісацца ў музычную школу. Канешне, тады мала ўяўляў: куды іду і што гэта такое. Спачатку займацца музыкай было цікава і мне ўсё падабалася. А калі падрос, надышоў пераломны момант, які, напэўна, бывае ў многіх: хацелася пагуляць у двары з сябрамі, а трэба было ісці вучыць “ля” і “фа”. У гэтым плане пашанцавала з выкладчыкам – ён аказаўся не толькі цудоўным педагогам, але і добрым псіхолагам. У яго класе стаяла гітара – прызнаюся, я заўсёды быў нераўнадушным да гэтага музычнага інструмента. Дык мы з ім дамовіліся, калі я і далей буду хадзіць на заняткі і закончу музычную школы, ён аддасць яе мне. Ужо пасля высветлілася, што гітара была няспраўнай і выкарыстоўвалася толькі ў якасці прыманкі. Аднак я “купіўся” і ўдзячны настаўніку, што ён такім спосабам здолеў мяне стымуляваць да вучобы. Музыка – гэта мая справа!

– Ужо другі год вы працуеце педагогам класа медных духавых інструментаў Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў. Іграць на трамбоне для свайго задавальнення – гэта адно, а вучыць азам музыкі дзяцей – зусім іншае. Не пашкадавалі аб выбары?

– Родам я з Салігорска, заканчваў Лідскі дзяржаўны музычны каледж, па размеркаванні трапіў у Астравец – і мяне задавальняе, што ўсё склалася менавіта так. Не люблю вялікіх і шумных гарадоў, таму тут адчуваю сябе камфортна. А да вучняў знаходжу падыход – мы з імі на адной хвалі. Меншых лягчэй зацікавіць: ёсць у мяне адзін першакласнік, дык ён увесь занятак, нават калі не граем, трамбон з рук не выпускае, як найвялікшую каштоўнасць трымае яго. А як радасна свецяцца ў гэты час яго вочы! А са старэйшымі вучнямі можна ўжо нешта “ляпіць” – і гэта таксама цікава.

– Аднак не работай адзінай… Ведаю, што граеце ў кавер-гурце “Вегас-бэнд”. Як туды трапілі?

– Усё атрымалася неяк само сабой. Мяне і майго калегу Андрэя Кажанеўскага, які грае на трубе, знайшоў астраўчанін Марк Карцель, які і з’яўляецца натхняльнікам і стваральнікам гурта. Марк грае на ўдарных, з ім ужо былі два гітарысты – Максім Якаўлеў і Віктар Мястоўскі –  усе разам збіраліся і гралі. Пазней да нас далучыўся вакаліст Руслан Юргелянец. І ўсё неяк закруцілася: пачалі запрашаць на канцэрты і мерапрыемствы. Іграем у разнастайных жанрах, але больш забаўляльных і задорных. Дарэчы, аднойчы выступалі на “Галактыцы” – і публіка сустрэла нас цудоўна. Праўда, на жаль, акустыка там жадае лепшага.

– Якія яшчэ захапленні ў вашым рэпертуары?

– Большасць з іх таксама звязана з музыкай. Люблю граць на гітары, на фартэпіяна – але гэта для душы. Пішу вершы. Дарэчы, спрабую напісаць штосьці для нашага гурта, каб у нас з’явілася свая “ізюмінка” – аўтарская песня.

– А самі якую музыку слухаеце?

– Гэта складанае пытанне, бо адназначнага адказу няма. У некаторай ступені я меламан, бо слухаю ўсё: ад класікі да цяжкага рока. Ды і навошта абмяжоўваць сябе нейкімі рамкамі, калі можна слухаць і атрымліваць задавальненне ад таго, што сапраўды падабаецца.

Марына МАЦКЕВІЧ.