Зачем нужен музей?

08:27 / 22.04.2016
музей в гудогайской школеХутка абноўлены школьны музей Гудагайскай школы будзе адзначаць сваю першую гадавіну. І калі да нядаўняга часу мы чулі толькі захопленыя водгукі аб яго дзейнасці, то нядаўна давялося выслухаць і крытыку. “Не ўсё ў афармленні экспазіцыі музея гарманічна спалучаецца. У прыватнасці, этнаграфічны збор не ўпісваецца ў сучаснае афармленне іншых раздзелаў,” – зрабілі нам заўвагу. І прапанавалі: раз у школе няма магчымасці выдзеліць асобнае памяшканне пад экспанаты, што “дзясяцігоддзямі збіраюць пыл”, то іх лепш закансерваваць, пакласці ў запаснікі…

У адказ на нашы пярэчанні аб фарміраванні гістарычнай самасвядомасці, пазнанні сваіх каранёў наш апанент безапеляцыйна заявіў: няма патрэбы, каб у кожнай школе стаялі калаўрот, збанкі ды драўляныя маслабойкі – яны ёсць у экспазіцыях тых музеяў, якія прысвечаны менавіта этнаграфіі, і гэтага дастаткова.

На першы погляд, слушнае меркаванне. Але ці зможа кожны клас, напрыклад, нашай Гудагайскай школы наведаць музей Альхоўскай ці Кямелішкаўскай школы? Гэта па-першае. А па-другое, ці заўсёды з першага прагляду ўсё заўважаецца і ўсведамляецца? Ці аб усім можна расказаць падчас адной экскурсіі?

Канешне, цудоўна было б, каб у нас нарэшце з’явіўся раённы музей, дзе ў прасторным памяшканні навукова абгрунтавана, у храналагічнай паслядоўнасці былі б размешчаны рэчы, якімі карысталіся нашы продкі, каб можна было ўявіць іх жыццё. Не ў падручніку прачытаць, а сваімі вачыма пабачыць, якімі прыладамі працы яны карысталіся, даведацца, якімі майстрамі былі нашы прапрадзядулі і прапрабабулі, калі ў хатніх умовах з выкарыстаннем прымітыўнага абсталявання маглі вырабляць усё неабходнае для жыц ця. Але гэта, на жаль, пакуль толькі мары.

Нядаўна ў нашым музеі з’явіліся кросны. Яны былі нам даўно абяцаныя, але не было для іх месца. Давялося  іншым рэчам пацясніцца – і ткацкі станок заняў сваё месца сярод этнаграфічных экспанатаў, выклікаючы пытанні ў наведвальнікаў-вучняў: а што гэта? А для чаго?

музей в гудогайской школе1І гаспадыня кроснаў, жыхарка вёскі Кністушкі Ганна Браніславаўна Шукель, не словамі, а справай адказвае на гэтыя пытанні: яна праводзіць майстар-клас для вучняў пачатковых і сярэдніх класаў нашай школы.

Ганна Браніславаўна нарадзілася ў вёсцы Гіры ў шматдзетнай літоўскай сям’і ў перадваенны час. Вучыцца ў школе доўга не прыйшлося – трэба было асвойваць прафесію, каб дапамагаць сям’і. Спачатку вучылася шыць у майстра ў Вільні, і гэта ўменне спатрэбілася ёй у жыцці (на працягу многіх гадоў абшывала вяскоўцаў, працуючы ў “бытоўцы”). Сапраўднае майстэрства прыйшло, калі асвоіла работу на ткацкім станку.

…Не прывучаная да доўгіх размоў майстрыха, сеўшы за кросны, паказала, як трэба ткаць, што рабіць, каб тонкая нітка стала трывалым палатном. І тут жа запрасіла ахвочых паспрабаваць сябе ў гэтай справе – зразумела, што жадаючыя знайшліся. І ў дзяўчатак, што вучыліся адрозніваць уток ад асновы, не ўзнікала пытання, навошта ў школьным музеі кросны…

Наша этнаграфічная экспазіцыя абмежавана і колькасна, і якасна: зборам калекцыі ў школе заняліся толькі напачатку ХХІ стагоддзя. Таму было вырашана наведаць Бабраўніцкі музей-бібліятэку – чулі, што павучыцца ды падзівіцца там ёсць чаму.

музей в гудогайской школе3І сапраўды. Якое ж там багацце, якія ўнікальныя рэчы сабраныя! “Астравецкая праўда” час ад часу змяшчае захоплена-ўдзячныя водгукі наведвальнікаў музея – але ні з чым не параўнаць стан, калі сам паглыбляешся ў гэты свет даўніны. Вышыванкі, тканыя дываны і ручнікі, абразы, адзенне, мэбля, прадметы хатняга ўжытку, лапці і лыка для іх, плеценыя “чамаданы”, прымусы чатырох разнавіднасцяў, вялізныя кросны – такія, напэўна, не ў кожнай вёсцы былі, лён – беларускі шоўк…

Дзецям спачатку слухаць гаспадыню бібліятэкі-музея было цяжка – ім хацелася ўсё разгледзець, да ўсяго дакрануцца. І толькі крыху супакоіўшыся, з задавальненнем слухалі яны аповед Зоф’і Іосіфаўны Комар аб сабранай калекцыі, які густа перамяжоўваўся мясцовымі паданнямі ды ўспамінамі пра мясцовых жыхароў – уладальнікаў рэчаў.

Дзякуй вам, Зоф’я Іосіфаўна, за апантанасць і адданасць сваёй справе! Пабачыўшы ваша беражлівае стаўленне да кожнай рэчы, мясцовы люд пачаў дапамагаць у фарміраванні музейнай экспазіцыі – і зараз колішні будынак васьмігадовай школы запоўнены багатай этнаграфічнай калекцыяй – лепшай у нашым раёне няма! Гэта зразумела нават недасведчанаму.

музей в гудогайской школе2Як і тое, што сёння гэтая калекцыя пад пагрозай знішчэння. Як вядома, нават камень рэагуе на перапады тэмператур – а будынак Бабраўніцкай бібліятэкі з яе ўнікальнай калекцыяй у асноўным драўляных і тканых экспанатаў не ацяпляўся ні ў снежні, калі мы туды наведаліся, ні ў пачатку студзеня, калі бібліятэкар-экскурсавод ужо не магла ў час зімовых канікул прымаць дзіцячыя экскурсіі з-за экстрэмальна нізкай тэмпературы ў памяшканні. Асыпаецца тынкоўка з даўно не рамантаваных сцен, экспанаты нема крычаць, што не месца ім тут, што ратаваць іх трэба!

Прадметы народнага побыту – частка этнакультуры. Без яе ведання няма адметнасці ў народа. Не зможа вырасці сапраўдны грамадзянін Беларусі, які не ведае гісторыі сваёй краіны. І школьных урокаў гісторыі, нават суперсучасных, для гэтага недастаткова.

-------------------------------------------


Марыя Васілёнак, кіраўнік музея Гудагайскай СШ.