В Клющанах и Баранях отметили 125-летия Казимира Сваяка

13:00 / 15.05.2015
9
Веснавы вецер зрывае з карункавых вішнёвых галінак белыя легкакрылыя пялёсткі – і яны ляцяць, падпарадкоўваючыся яго подыху... Так і людзі ў мінулую нядзелю з усіх куткоў Астравеччыны, Беларусі і бліжэйшага замежжа імчалі ў Клюшчанскі касцёл святога Яўхіма – у госці да Казіміра Сваяка. Святочная імша і імпрэза пасля яе, якая адбылася ў Баранях у сядзібе-музеі Стэповічаў, і дзясяткі нераўнадушных сэрцаў – даніна памяці святару, паэту, асветніку, Чалавеку з вялікай літары з такой пяшчотнай, тонкай і чуллівай, як вясновая квецень, душой. Яе пал імкнуліся патушыць марозным сіверам – праследамі і ганеннямі… Але душа святара-паэта праз гады свеціць, атуляе і дорыць нам, паслядоўнікам, свае плады – вершы, дзённікавыя запісы і прыклад любові – да Айчыны і Бога.


Сёлетнія мерапрыемствы, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння Казіміра Сваяка, сталі асаблівымі (у тым ліку і для мяне) – тым больш што на 2015 год выпадае шэраг юбілейных нагод: сёлета спаўняецца 100 гадоў святарскага пасвячэння Канстанціна Стэповіча, 100 гадоў яго прэміцыі ў Клюшчанскім касцёле, векавы юбілей пачатку святарскай дзейнасці ў Камаях і 95 гадоў пачатку працы ў Засвірскай парафіі.

Акрамя гэтага, штогадовыя “сваякоўскія” сустрэчы адзначылі свой дзесяцігадовы юбілей: кожны год дзясяткі нераўнадушных і апантаных людзей адкладваюць свае справы і турботы і прыязджаюць у Камаі, Клюшчаны і Барані, каб ушанаваць памяць пра свайго слыннага земляка. Зразумець магнетызм, адчуць лёгкасць і глыбіню спаткання “сваякоў” можна толькі праз удзел у іх – і… праз душу.

ДАРОГА ДА…

На вуліцы віраваў няўрымслівы вецер, неба ўзялі ў аблогу шэрыя хмары, а ўнутры, наадварот, панаваў сусветны спакой і адчуванне белай, майскай чысціні.

...Апошні раз у Клюшчанскім касцёле я была гадоў з дзесяць таму. Хоць заўсёды з непрыхаванай увагай сачыла за артыкуламі пра Казіміра Сваяка – а наблізіцца да яго асобы не магла, не атрымлівалася – ці то з-за ўзросту, ці то з-за нявопытнасці, ці то мой асабісты час знаёмства быў яшчэ наперадзе?! Сёлетнія “сваякоўскія” сустрэчы сталі для мяне першымі.

Пра іх я даведалася літаральна праз некалькі дзён пасля чарговага чытання выбраных твораў Казіміра Сваяка. Скажаце, супадзенне? Думаю, што не – прадуманы кімсьці зверху ланцужок падзей… У той вечар мне чамусьці захацелася перачытаць выбраныя творы Казіміра Сваяка, якіх я раней не разумела. Дзённікавыя запісы, вершы, апавяданні, ліставанні са сваякамі і Язэпам Драздовічам так лёгка ляглі на маю душу і адкрылі яго сусвет! Нарэшце “дарасла”, дайшла, зразумела: а дарастаць і не трэба! Не трэба мець філалагічную адукацыю, каб зразумець творчасць Сваяка. Не трэба шукаць экзістэнцыйна-філасофскі сэнс у яго вершах. Не трэба думаць мудрагеліста і баяцца няправільна зразумець яго спадчыну…

Казіміра Сваяка трэба пазнаваць душой: здымаць з сябе непатрэбнае шалупінне думак, марных спраў – ачышчацца ўнутрана. Ён – просты ў думках і ў словах, у сваіх прадмовах, касцельных казаннях. Ён – свой: працягвае свае далоні да кожнага чалавека – да бабулі, якая прыйшла з кавенькай да касцёла, каб успомніць святара разам з іншымі парафіянамі, да маленькай дзяўчынкі з жыццясцвярджальнай усмешкай… І да мяне…

“СВАЯКІ” Ў ГАСЦЯХ У СВАЯКА

Святыні адрозніваюцца па ўздзеянні на чалавека. У некаторых адчуваеш сябе ўтульна, у іншых – няёмка, калі муры, здаецца, імкнуцца расціснуць цябе… Мне бліжэй маленькія драўляныя касцёлы – такія, як і Клюшчанскі храм: светлыя, простыя ў вонкавым і ўнутраным убранні. Ён рэзаніруе з Казімірам Сваяком, які тут быў ахрышчаны, дайшоў да святой Камуніі і адпраўляў Прыміцыйную імшу. Менавіта ў такіх касцёлах адчуваеш еднасць з Усявышнім і шчыра молішся.

Пра што дбаў Казімір Сваяк? Аб чым балела яго душа? Ён хацеў, каб людзі, простыя і гаротныя, не баяліся Бога і яго кары, а любілі яго і ўспрымалі як бацьку. Каб маліліся – прамаўлялі не завучаныя словы, а размаўлялі з Богам і звярталіся да яго на зразумелай і простай беларускай мове. Ён і сам быў – сваім, натуральным, родным і зразумелым. Мо праз гэта цягнуліся (і цягнуцца зараз!) да яго людзі?

Як кажуць пастаянныя ўдзельнікі камайскіх і клюшчанскіх урачыстасцяў: ніводнае свята ў гонар Казіміра Сваяка не адбылося без цуда… І сапраўды, як па-іншаму можна назваць з’яўленне ластаўкі ў касцёле? Яна, хуткакрылая, не першы раз з вышыні палёту вітае людзей у касцёле ці ў доме-музеі ў Баранях. І гэтак жа як з'яўляецца, неўзабаве знікае…

Праз некалькі хвілін пачалася святая імша на чале з пробашчам Міхалішкаўскай парафіі Анатолем Захарэўскім, пробашчам Камайскай парафіі Яцэкам Хутманам, ксяндзом Юрыем Ёдзікам са Цудзенішак і Юрыем Вількам з Пастаўскага дэканата.

Як бы цешыўся Казімір Сваяк, што зараз не толькі казанні, але і ўся літургія вядзецца і на беларускай мове! Што нават бабулі, які з дзяцінства прывучаныя да польскіх пацераў, замест “Здровась” прамаўляюць “Вітай, Марыя”… Што польскія святары, якія зроду не ведалі беларускай гаворкі, звяртаюцца да вернікаў на іх роднай мове…

Як адзначыў у казанні ксёндз Юрый Вільк, мудрасць жыцця вызначаецца не яго даўжынёй, а глыбінёй і добрымі справамі. І Казімір Сваяк, нягледзячы на тое што пражыў толькі 36 гадоў, вельмі шмат паспеў зрабіць.

Святая літургія з’яднала. І ўсё людское, светлае, добрае шырылася і ўзмацнялася і “знакам супакою” перадавалася бліжняму. Хацелася маліцца разам з іншымі вернікамі за спачыўшую душу Канстанціна Стэповіча і яго сваякоў, за святароў, якія адпраўлялі імшу, за вернікаў Клюшчанскай парафіі, гасцей урачыстасці і за тых, хто хацеў, але не змог прыехаць у Клюшчаны. І я малілася ва ўнісон з іншымі вернікамі, забыўшыся на свае прафесійныя абавязкі – занатоўваць і рабіць здымкі…

Пасля імшы пачалася імпрэза па традыцыйным сцэнарыі: кожны мог сказаць некалькі слоў пра Казіміра Сваяка і для яго.

Галоўны арганізатар урачыстасцяў, сваячка святара, дзякуючы якой знікла шмат белых плям у біяграфіі нашага слыннага земляка, Іаланта Валуевіч падзякавала ўсім прысутным, што прыехалі з Віцебска, Гродна, Мінска, Вільнюса, Камайшчыны, Ашмяншчыны і Астравеччыны. Іван Драўніцкі, вядомы краязнаўца, унёсак якога ў жыццяпіс Канстанціна Стэповіча нельга перабольшыць, прысвяціў верш, шчыры і пранікнёны, Казіміру Сваяку і прыгадаў аб тым, як многа гадоў назад уласнаручна перапісваў “Маю ліру”. Іван Пятровіч падарыў музею малюнкі сваіх выхаванцаў, якія былі зроблены 25 гадоў назад.

Сваімі ўражаннямі пра Сваяка падзялілася выкладчыца Віцебскага дзяржуніверсітэта Кацярына Лаўрыненка. Ураджэнец Астравеччыны ксёндз Юрый Ёдзік усім прысутным нагадаў аб тым, што неабходна дзяліцца сваёй любоўю з бліжнімі: пры падзеле яна не змяншаецца, а, наадварот, павялічваецца.

Прагучалі музычныя прывітанні ад верніц Камайскай парафіі і самадзейнага кампазітара Аляксандра Якіменкі. Песні на словы Казіміра Сваяка ў выкананні “Балцкага Субстрата” знайшлі адгалоскі ў сэрцах людзей, а шматгалосы, сумесна саспяваны рэлігійны гімн Беларусі “Магутны Божа” на словы Наталлі Арсеньевай лунаў у паветры і падымаўся вышэй, мінаючы столь, да аблокаў, да самага Бога.

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Працяг свята, зноў жа па добрай традыцыі, праходзіў у Баранях – у музеі-сядзібе братоў Стэповічаў: сустрэча з родзічамі Казіміра Сваяка, цёплыя словы, пранікнёныя песні, віктарына, складзеная лідарам гурта “Балцкі Субстрат” Максімам Іўкіным, і падарункі…

…Запаленая ў гонар Казіміра Сваяка свечка таяла на вачах, імгненне – і згасла. Клубы шэрага дыму запоўнілі невялікі пакойчык, і (о, цуд!) трапяткі агеньчык ізноў пачаў расплаўляць падатлівы воск… Гэтак і Казімір Сваяк: жыў, гарэў справай беларушчыны, арганізоўваў школы, дапамагаў людзям – аднак адмерана яму было так мала часу. Але той сваякоўскі пасыл – любіць Бога і Айчыну – не згасае ўжо больш за стагоддзе і, верыцца, не згасне ніколі, і надалей будзе зараджаць людскія сэрцы гаючым святлом любові.


------------------------------------------

Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.