Как называть улицы в Островце?

17:00 / 09.02.2015
У нумары “Народнай Волі” за 9 студзеня бягучага года маю ўвагу прывабіла знаёмая выява герба старога мястэчка, фактычна вёскі, а сённяшняга зусім маладога горада Астраўца: магутны дуб упіваецца ўчэпістымі і разгалістымі карэннямі ў тонкі пласт пакрытай зеленню зямлі, а паўз яе плыве ў блакітнай рацэ (мабыць, мясцовай Лошы) пакрытая кропачкамі-плямачкамі стронга-фарэль. Усё правільна: герб нібы не адпавядае правілам геральдыкі, бо Магдэбургскага права ў мястэчка ніколі не было і быць не магло, але выява атрымалася досыць трапнай і прывабнай: магутныя дубы вакол Астраўца сапраўды раслі і растуць, а смачную стронгу я сам лавіў у дзяцінстве ў чысцюткай яшчэ тады Лошы. Ды і назву рэчка на беларуска-літоўскім этнічным памежжы бярэ ад літоўскага “лашысайтэ” – рачны ласось, гэта значыць, тая ж стронга, фарэль.
А ў допісе пад трывожнай рубрыкай “Ну і ну!” і патрабавальнай назвай “Не ганьбіцеся!” (“Не позорьтесь!”) мінчанін Юрый Самонаў паведамляе: “Купіў неяк карту Астравецкагага раёна. Раён выдатны: тут і палі, і лясы, і вадаёмы. Тут завяршае свой заплыў прыгажуня Вілія (у яе разам з Ашмянкай упадае і Лоша ? А.М.). На адваротным баку карты план горада Астраўца”. І тут у танальнасць аўтарскага аповеду ўрываецца спачатку разгубленасць, а потым і абурэнне: “Такое ўражанне, што горад з’явіўся не ў 1468-м, як тут жа адзначана, а ў 1945 годзе. Мяркуйце самі, вось, напрыклад, назвы вуліц з поўначы на поўдзень: Паўночная, Міру, Першамайская, Школьная, Ленінская, Валадарскага, Савецкая, Чырвонаармейская, Фізкультурная, Маладзёжная. І гэтак далей, і таму падобнае”.

Гаспадар Самонаў (я аддаю перавагу звароту “гаспадар”, а не скарочанаму слову “спадар”, бо, як даказаў летась у сваёй маскоўскай кніжцы венгерскі беларусіст Андраш Золтан, менавіта ад аналагічнага старабеларускага слова вядзе з ХІІІ стагоддзя сваё паходжанне “маскоўскі” зваротак “государь”, а ад яго – і  “госудаство”, і “сударь”), вы ў прыведзенай вышэй цытаце зрабілі дзве памылкі. Першая – вялізная па часу, гадоў амаль гэтак на чатыры з паловай сотні, а другая – маленькая, гадоў усяго на пяць. Бо ў 1468 годзе ўладальнік маёнтка ў Астраўцы Ян Гаштольд упершыню назваў гэтую вёску ў пісьмовай крыніцы – фундацыйным запісе на карысць ужо існуючага тут драўлянага касцёла (мураваным ён стаў толькі ў другой палове XVIII стагоддзя і застаецца такім да сённяшняга дня). А вуліцы з савецкімі назвамі Астравец набыў не ў 1945-ым, а ў 1940 годзе, калі невялікая вёска з адзінай галоўнай вуліцай нечакана для ўсіх стала цэнтрам асобнага раёна, аддзеленага ад паўночнай часткі былога Ашмянскага павета. І сталася гэта выпадкова.

Калі я пісаў кніжку “Астравеччына, край дарагі… “ (Мінск, 1977), некалькі разоў сустракаўся ў Мінску (аказалася, што жылі мы побач) з Рыгорам Рыгоравічам Панамаровым, першым сакратаром Астравецкага райкама партыі. Яго, пасляваеннага наркама, паслалі тады ў паўночную частку былога Ашмянскага павета, каб ён арганізаваў там асобны раён. Астравец здаўся яму бедненькім: у ім было толькі дзве мураванкі ? млын і прыватны дом Коўзанаў. Таму для цэнтра ён першапачаткова выбраў мястэчка Варняны ? у ім былі двухпавярховыя мураванкі і нават добрыя тратуары. Спадабаліся таксама дагледжаныя Гервяты. Але на лясных дарогах туды на службоўцаў часам нападалі бандыты. Астравец жа знаходзіўся ўсяго ў чатырох кіламетрах ад чыгуначнай станцыі Гудагай. Таму канчатковы выбар урэшце выпаў на гэтую аднавулічную і бестратуарную вёсачку.

Каб размясціць раённыя ўстановы, у 1940 годзе, добра помніцца мне, у Астравец пачалі звозіць драўляныя зрубы панскіх маёнткаў, размяшчалі іх на новых вуліцах, паралельных і перпендыкулярных галоўнай, якой далі, вядома ж, найменне Ленінскай. Уздоўж яе праклалі хісткія драўляныя тратуары. Пачалі мураваць дом культуры. Такім чынам, на карце Беларусі з’явіўся першы і адзіны райцэнтр, які ўзнік, як гаворыцца, “на голым месцы”, і таму яго тапаніміка таксама мае сёння гістарычную каштоўнасць, бо як жа вяртаць вуліцам ранейшыя, папярэднія назвы, калі іх проста не было і не магло быць?!

Аднак пафасную публікацыю Юрыя Самонава нельга лічыць цалкам бескарыснай. Яна абуджае думку пра тое, якія назвы даць новым вуліцам Астраўца, што сёння забудоўваюцца шматпавярховымі дамамі, прызначанымі для будаўнікоў і будучых працаўнікоў Астравецкай АЭС. Вось дзе добрая магчымасць пераканаць іх у тым, што яны прыбылі з іншых краін і рэгіёнаў не ў адсталую глушэчу (згадваецца папулярная прыпеўка-дрындушка, у якой слова Астравец рыфмуецца са словамі “свету канец”). Якая глушэча, які “канец свету”, калі амаль побач, у 50-70 кіламетрах, знаходзіцца Вільня-Вільнюс, былая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, потым – цэнтр губерні і ваяводства, а цяпер зноў сталіца – толькі ўжо Літоўскай Рэспублікі, калі тут нарадзіліся і жылі многія знакамітыя асобы і адбываліся значныя гістарычныя падзеі?!

Калі б на тое была мая воля, то адну з лепшых вуліц у новым мікрараёне былой вёскі, а сённяшняга горада я назваў бы імем сына Яна Гаштольда, Альбрэхта Гаштольда, адначасова (з 1522 года) віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Гэта светлая і чынная асоба, пад чыім кіраўніцтвам быў створаны Першы Статут (адзіны збор законаў) ВКЛ (1529). Яго ініцыятар і асноўны аўтар гэтай, па сутнасці, першай канстытуцыі ў Еўропе працаваў звычайна, асабліва вясной і летам, не ў тлумнай Вільні, а ў сваім бліжэйшым ад Вільні (Геранёны былі значна далей) маёнтку. Нездарма ж дарога ад сталіцы да Астраўца называлася Каралеўскім гасцінцам (асобныя яго ўчасткі захаваліся). Значыць, па гэтаму шляху ездзілі тагачасны кароль польскай Кароны і адначасова вялікі князь літоўскі Жыгімонт Першы, а таксама першадрукар беларускі і ўсходнеславянскі Францыск Скарына, добры знаўца права боскага і права “прыроджанага” (чалавечага), які ў той час знаходзіўся ў Вільні, рыхтаваў там да друку і выдаваў свайго “Апостала” і адначасова з’яўляўся сакратаром віленскага каталіцкага біскупа Яна (Януша), які быў пазашлюбным сынам Жыгімонта Першага і валодаў маёнткам Гервяты, куды шлях таксама вёў праз Астравец. Значыць, і ў гонар вялікага палачаніна Скарыны, які не раз ездзіў праз Астравеччыну па Каралеўскаму гасцінцу і Полацкаму тракту, таксама трэба назваць вуліцу ў Астраўцы да хуткага 500-годдзя беларускага кнігадруку (2017).

Ды ці мала яшчэ імёнаў, вартых увекавечання ў райцэнтры, знойдзецца на Астравеччыне? Гэта жывапісцы – польскі і англійскі “мастак веку” Мар’ян Богуш-Шышка з Трокенікаў і пляменнік Льва Талстога Леў Дабжынскі з Лошы, беларускія паэты Янка Быліна з Лакцянаў і Казімір Сваяк з Бараняў (усцешна, што вуліца ў яго гонар ужо ёсць у першым мікрараёне горада), лаўрэат Нобелеўскай прэміі і класік польскай гістарычнай прозы вучні Генрык Сянкевіч, які плённа працаваў у сядзібе Мінэйкаў у Дубніках, і роды-пакаленні рэфарматараў-асветнікаў Абрамовічаў з Варнян і Бжастоўскіх з Міхалішак, архібіскупа, ардынатара Вільнюскай архідыяцэзіі Юліёнаса Стапанавічуса з Міцюнаў. З савецкіх часоў ? той жа Рыгор Панамароў. Вазьміце кнігі “Памяць: Астравецкі раён” і зусім свежы энцыклапедычны даведнік пад маёй рэдакцыяй “Сузор’е беларускага памежжа: Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў суседніх краінах” ? там можна знайсці не адзін дзясятак прозвішчаў, якія ўпрыгожаць вулічную тапаніміку Астраўца.

Урэшце, па даўняй беларускай традыцыі ў Астраўцы таксама павінны быць назвы, адпаведныя выязным накірункам шляхоў-дарог: Варнянская, Гервяцкая, Гудагайская.

Адным словам, я за тое, каб старыя назвы ў Астраўцы пакінуць як унікальнае для Беларусі спалучэнне, народжанае ў 1940 годзе, а ў новых паказаць багатую шматэтнічную гісторыю.

---------------------------

Адам Мальдзіс.