"Пока я помню - я живу". Свои и чужие

11:00 / 22.01.2015
2
Немагчыма выявіць прычынна-выніковую сувязь у хітраспляценнях жыццёвых дарог і лёсаў, прыдумаць, што было б, калі б аднойчы твой бацька ці дзед, ці прадзед зрабіў не так, як зрабіў, а інакш, пайшоў-паехаў не па той дарозе, а па іншай – якім было б зараз жыццё яго дзяцей, унукаў, праўнукаў? Нездарма ж кажуць, што гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, і, па вялікім рахунку, усё, што застаецца нашчадкам, – гэта помніць…

…Многія жыхары нашага раёна добра ведаюць намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталлю Уладзіміраўну Волк-Леановіч. Людзям сярэдняга пакалення і маладзейшым здаецца, што яе жыццё непарыўна звязана з Астраўцом, што яна тут была заўсёды. Старэйшыя могуць падказаць, што Наталля Уладзіміраўна прыехала ў наш раён маладзенькай выпускніцай пасля заканчэння Ашмянскага тэхнікума. І толькі самыя блізкія ведаюць, што шлях у Заходнюю Беларусь у яе бацькоў ішоў праз вайну, праз пакуты і выпрабаванні, праз каханне і здраду, праз смяротную небяспеку і праменьчык надзеі, і што ў Наташы Рыбчак, а таксама ў яе сястры Валянціны і брата Мікалая было куды больш шансаў не нарадзіцца, чым насуперак усяму з’явіцца на гэты свет і пражыць доўгае, цікавае і насычанае жыццё…

…Валодзя Рыбчак да вайны закончыў 6 класаў. Папрацаваў крыху ў мясцовым калгасе, а затым падаўся ў Мінск: ад яго роднай вёскі Хадакі ў тагачасным Плешчаніцкім раёне да сталіцы было рукой падаць. Уладкаваўся там на працу загадчыкам склада, а па выхадных ездзіў дахаты.

І трэба ж было так стацца, што прыгажуню Волечку Шынкевіч, якая ўсё жыццё пражыла ў суседняй вёсцы, за нейкіх два кіламетры ад яго роднай хаты, з якой яны, лічы, хадзілі аднымі сцежкамі, ён сустрэў менавіта ў Мінску: Оля працавала там выхавальніцай. Сустрэў – і пакахаў.

Вясна… Май… Каханне… Водар бэзу і чаромхі кружыць галаву і не дае спаць… Надзеі на шчасце…

І страшная вестка, што абрынулася росным ранкам 22 чэрвеня: вайна! Праз тыдзень пасля яе пачатку Мінск ужо быў заняты немцамі. Ніхто не паспеў зразумець, што адбылося, як беларускія гарады і вёскі апынуліся ў варожай акупацыі.

Вельмі хутка шок ад вераломнага нападзення ворага і імклівага прасоўвання яго па роднай зямлі прайшоў. “Новыя парадкі”, якія насаджаліся на акупіраванай тэрыторыі, выклікалі ў большасці мясцовых жыхароў адно жаданне: змагацца – за сваю зямлю, за сваё каханне, за сваё шчасце. У лясных плешчаніцкіх краях з’явіліся партызанскія атрады, якія станавіліся ўсё больш магутнай сілай. І Валодзя Рыбчак не мог сядзець дома ў такі час: ён таксама падаўся ў лес, ваяваў у партызанскім атрадзе імя Шчорса брыгады імя Гастэлы…

А ў Олі, як і ва ўсіх маладых людзей, што засталіся ў вёсках, галоўным быў клопат пазбегнуць вывазу ў Германію. Зямля чуткамі поўнілася: расказвалі, што то там, то тут немцы ладзілі па вёсках аблавы і ўсіх маладых і дужых, каго ўдавалася злавіць, адпраўлялі ў Германію. Начаваць дома ніхто не рызыкаваў, хаваліся, хто дзе мог…

Ды аднойчы ад аднаго да другога па наваколлі сталі перадаваць абвестку: бацюшка, настаяцель адзінай царквы ў акрузе, запрашае вечарам усю мясцовую моладзь на спецыяльную службу. Аўтарытэт святара быў вялікі – і маладыя дзяўчаты – хлопцы да таго часу амаль усе былі ў партызанах – надвячоркам пацягнуліся ў царкву.

Бацюшка паводзіў сябе дзіўна: быў нейкі збянтэжаны, усё паглядваў на дзверы, нібы чакаў некага… І ніякай спецыяльнай службы для моладзі не праводзіў. Пагаварыў з маладымі людзьмі пра тое-сёе – і праз некаторы час адпусціў. Наказаўшы на развітанне абавязкова прыйсці ў царкву назаўтра: вось тады, маўляў, і адбудзецца тая самая спецыяльная служба.

Дзіўныя паводзіны святара сталі зразумелымі назаўтра, калі моладзь зноў сабралася ў царкве – і праз нейкі час у храм уварваліся нямецкія аўтаматчыкі. “Улоў” у іх у той вечар быў багаты: амаль уся моладзь з навакольных вёсак, ніводная аблава не давала такога выніку. Усіх іх пагналі на чыгуначную станцыю.

Ніхто не ведаў, чаму святар пайшоў на такую жудасную здраду сваёй паствы, якая шчыра яму верыла: страх за ўласнае жыццё, загад, якога ён не мог не выканаць ці якія іншыя абставіны – гэтая таямніца сышла з ім у магілу. Прычым вельмі хутка, бо мясцовы люд не дараваў святару: партызаны павесілі бацюшку-здрадніка, адпомсціўшы такім чынам за выгнанне ў нямецкае рабства сваіх родных і каханых.

…Толькі Оля і сотні такіх жа нявольнікаў, як яна, аб гэтым не ведала. Яны ўвогуле нічога не ведалі не толькі пра сваю будучыню, але і пра сённяшні дзень: куды іх вязуць у душным і цесным цялячым вагоне, дзе немагчыма было паварушыцца, калі спыніцца цягнік, ці дадуць ім хоць што-небудзь паесці і папіць і калі неўзабаве скончыцца гэты бясконца доўгі і пакутлівы шлях у невядомасць… Калі ім нарэшце загадалі выйсці з вагонаў, здавалася, што зямля яшчэ доўга калыхалася ў такт ужо неіснуючаму перастуку колаў…

Амаль год іх утрымлівалі ў канцэнтрацыйным лагеры – і кожны дзень нявольнікі знаходзіліся паміж жыццём і смерцю. І таму калі з'явіліся баўэры, якія шукалі сабе работнікаў, нявольнікі ўзрадаваліся: як бы цяжка там ні было – але ж у гаспадара будуць карміць. На Олю і яшчэ некалькіх нявольнікаў паказала пальцам пані з фанабэрыста падціснутымі вуснамі…

Оля пазней успамінала, што, калі іх прывезлі на сядзібу ганарлівай пані, яна ў першы момант застыла ў захапленні: такога прыгожага белага дома – на два паверхі, з ажурным балкончыкам – яна не бачыла ніколі ў жыцці і нават не ўяўляла, што такая прыгажосць можа быць! Здавалася, што ўсе яе пакуты скончыліся: сярод такой прыгажосці проста не можа быць нічога дрэннага – да сялянскай працы ёй не прывыкаць…

Але прыгажосць дома ніяк не адпавядала характару яго гаспадыні: бауэрша аказалася злой, жорсткай, сквапнай і здзеклівай. Адносіны да нявольнікаў былі, як да рабоў, у літаральным сэнсе: іх прымушалі працаваць звыш усякіх сіл, кармілі горш, чым жывёлу, і за кожны ўчынак, які лічыўся парушэннем, чакала жорсткае пакаранне. Аднойчы Оля пашкадавала аднаго з няшчасных нявольнікаў – чэха ці паляка па нацыянальнасці, яна і сама толкам не ведала. Хворы і абяссілены юнак ужо не мог падняцца ад голаду, і яго чакала немінучая смерць. Оля, у абавязкі якой уваходзіла даіць шматлікіх кароў гаспадыні, употайкі дала яму папіць малака – дзяўчыну доўга і жорстка білі за гэтую правіну.

Але самым цяжкім выпрабаваннем была нават не цяжкая і брудная праца і не пастаянны голад, а здзекі гаспадыні. Неяк яна “расшчодрылася” і стала кідаць з прыгожага балкона ў натоўп сваім згаладалым парабкам вялікія кавалкі каўбасы. Людзі, якія забыліся смак мяса, накінуліся на пачастунак, не могучы паверыць у сваё шчасце і не разумеючы, з чаго так раптам раздабрэла іх пані. Гэта  высветлілася вельмі хутка: каўбаса была сапсаваная, у ёй ужо завяліся чэрві. Оля доўга і горка плакала – ад голаду, агіды і крыўды…

Але выпрабаванні ў гады вайны навучылі Вольгу разумець, што людзі дзеляцца на добрых і злых не па нацыянальнай прыкмеце. Суайчыннік, да таго ж – святар, па сутнасці, адправіў іх у рабства. А ў далёкай варожай Германіі знайшлася жанчына, якая шкадавала іх, іншаземак, і старалася ўсяляк аблегчыць іх горкую долю. Праз нейкі час Вользе пашчасціла трапіць у іншы дом – і хоць працы па-ранейшаму было шмат, адносіліся да яе тут зусім па-іншаму. Гаспадыня шкадавала дзяўчат, якіх гвалтам вырвалі з прывычнага асяроддзя, пад прымусам адправілі за тысячы кіламетраў, разлучылі з роднымі і блізкімі, пра якіх яны нічога не ведаюць. Яна, як магла, падтрымлівала сваіх работніц. Тут яны забыліся пра голад – харчаваліся разам з гаспадарамі, разам з імі і працавалі. І многаму Оля навучылася ў сваёй нямецкай гаспадыні: тая паказвала і расказвала дзяўчыне, як трэба спарадкаваць свіную тушу, каб кожны кавалачак мяса быў да справы: што – на каўбасы, што – на катлеты, а што – на вэнджаніну; як зварыць халадзец, аб у ім не плавала ніводная скалачка тлушчу; як раскроіць і пашыць сукенку ці выгаптаваць на машынцы прыгожую сурвэтку: будучай гаспадыні ў жыцці ўсё спатрэбіцца, небеспадстаўна лічыла нямецкая гаспадыня… І тыя яе ўрокі гаспадарлівасці Оля пранесла праз усё сваё жыццё – і шчодра дзялілася імі ўжо са сваімі дочкамі, з сябрамі і суседзямі.

…Іх вызвалілі амерыканцы. Перш-наперш пацікавіліся, як адносіліся да іх нямецкія гаспадары? Канешне ж, былі прапановы застацца. Але ж як можна, калі недзе там – яе радзіма, яе бацькі, калі сэрца кожную хвіліначку рвецца туды, дзе і сонца, здаецца, свеціць ярчэй, і жаўрук спявае званчэй, і чаромха пахне саладзей?! Ды і як жа яму не рвацца, таму дзявочаму сэрцу, калі там – яе каханне, яе Валодзя, пра якога яна не забывалася ні на хвіліначку, ні на дзянёк… Ці жывы, ці чакае? Нічагусенькі яна пра тое не ведала, але  была ўпэўнена: калі жывы – чакае…

Вызваліцелі праводзілі ўчарашніх нявольніц з “трафеямі”: напакавалі чамаданы ўсялякага дабра – адзення, адрэзаў тканіны, прадметаў хатняга ўжытку… Ды давезці шчодрую гуманітарную дапамогу дахаты не ўдалося: яе адабралі. Самае крыўднае, што свае, савецкія салдаты – хоць і ведалі, што едуць учарашнія нявольніцы ў спапялёную, голую і босую Беларусь. І зноў, у каторы ўжо раз пераканалася Оля, што дабрыня і чалавечнасць адзнакай аб нацыянальнасці не вызначаюцца…

А яшчэ зразумела, што з сённяшняга дня і назаўсёды яна і тысячы такіх, як яна, – без віны вінаватыя. Не прасіліся яны ў тую Германію працаваць на баўэраў, і не ў санаторыі там жылі – трывалі ў няволі невыносныя пакуты, безліч выпрабаванняў – не кожны з тых, хто ваяваў, зведаў больш гора… Але позірк кожнага, хто даведваўся, што яна вярнулася з Германіі, станавіўся недаверліва-падазроным: маўляў, трэба яшчэ разабрацца, як вы там апынуліся, чым займаліся?… Ад такой несправядлівасці было крыўдна і балюча, да слёз – амаль гэтак жа, як некалі пад балконам прыгожага белага дома, з якога злая немка, смеючыся, кідала ім чарвівую каўбасу…

Дома яе чакала шмат навін – ды ўсё больш сумных: многіх родзічаў і сяброў забілі немцы, нехта загінуў на фронце ці ў партызанах… Оля баялася спытаць аб ім, адзіным – ды хутка ўздыхнула з палёгкай: ёй расказалі, што Валодзя Рыбчак застаўся жывы, вярнуўся з партызанскага атрада з поўнымі грудзямі медалёў. А зараз у начальства выбіўся: пасля вызвалення Беларусі яго накіравалі ў Ашмяны ўстанаўліваць савецкую ўладу. Оля напісала яму пісьмо: “Я вярнулася…”

…Калі малады міліцыянер прыйшоў да начальства з просьбай даць яму пару дзён, каб з’ездзіць дахаты і прывезці нявесту, за яго шчыра парадаваліся: нявеста – гэта добра, сям’я – ячэйка савецкага грамадства… Калі ж даведаліся, што будучая жонка ўчарашняга баявога партызана з вялікімі перспектывамі толькі-толькі вярнулася з Германіі, куды была вывезена падчас акупацыі на прымусовыя работы, радасць і гатоўнасць дапамагчы змянілася недаўменнем і неразуменнем:

– Ты не можаш ажаніцца з дзяўчынай, у якой заплямлена біяграфія! – катэгарычна заявілі Рыбчаку. – Хапае дзяўчат, да мінулага якіх няма ніякіх пытанняў.

– Але чаму? – не мог зразумець Валодзя. – Я ж ведаю, як іх вывезлі, гэта адбылося, можна сказаць, на маіх вачах. Усю моладзь поп здаў фашыстам, і ўсіх іх затым адправілі ў Германію. У чым яе віна? У чым мая віна? Мы сябравалі яшчэ да вайны, я не магу абысціся з ёй, як здраднік…

– Віны няма. Але ты, супрацоўнік унутраных спраў, павінен мець крыштальна чыстую анкету. І ніякіх жонак, што былі ў Германіі! Выбірай: альбо яна – альбо твая будучыня, твая кар’ера. Трэцяга не дадзена.

І ён выбраў… У 1945 годзе Валодзя Рыбчак і Вольга Шынкевіч пажаніліся. Уладзімір Казіміравіч працаваў, куды накіроўвалі: у райспажыўтаварыстве, затым – у раённай нарыхтоўчай канторы, у тым ліку і дырэктарам, загадчыкам грамадскага харчавання. Яны не імкнуліся да багацця – іх багаццем была сям’я. Ва Уладзіміра і Вольгі нарадзілася трое дзяцей – дзве дачкі і сын, і галоўнай сваёй задачай бацькі лічылі вырасціць іх дастойнымі людзьмі. Гэта ў іх атрымалася…

Не зрабіўшы кар’еры, памяняўшы яе на сваё каханне, сямейнае шчасце, урэшце, на чыстае сумленне, прамы і рашучы былы партызан Валодзя Рыбчак ніколі аб гэтым не пашкадаваў. Але нават шмат пазней, у гады, калі мінулае жонкі перастала быць абцяжарваючымі анкету абставінамі і Уладзіміру Казіміравічу, які займаў кіруючыя пасады, неаднаразова прапаноўвалі ўступіць у партыю, каб рухацца  далей па кар’ернай лесвіцы, ён нязменна адмаўляўся: – Я не варты такога гонару, – адказваў з дрэнна схаваным сарказмам.

А Вольга Аляксандраўна, усіх дараваўшы, тым не менш не забыла сваю нямецкую няволю – хоць і не любіла расказваць аб цяжкіх днях нямецкага рабства. І да апошніх дзён захавала недавер да царквы, таму пераступала яе парог толькі ў выключных выпадках…

-------------------

Ніна РЫБІК.