Готовимся к 200-летию со дня рождения Иосифа Гашкевича

17:00 / 24.02.2014
Як вядома, з Аставецкім краем звязаны жыццё і дзейнасць першага консула Расійскай дзяржавы ў Японіі Іосіфа Гашкевіча. Тут, у маёнтку Малі, прайшлі апошнія гады яго быцця, тут, як было дакументальна даказана з месяц таму, ён быў пахаваны “на прыходскіх могілках”. Урэшце, тут, у цэнтры Астраўца, а не на Гомельшчыне, дзе ён нарадзіўся, устаноўлены яму бюст і тры памятныя камяні перад Домам культуры ў Малях. Дарэчы, у Японіі больш шануецца месца пахавання, а не нараджэння.

Як было нядаўна канчаткова (па метрычным запісе) устаноўлена, наш славуты суайчыннік, першы дыпламат, якога мы з поўным правам можам лічыць беларускім, а таксама вучоны-усходазнавец і падарожнік, нарадзіўся 16 сакавіка 1814 года ў сям’і ўніяцкага (значыць, з праваслаўных) святара, якая пераязджала з месца на месца. У кнізе “Памяць” Светлагорскага раёна ўказваецца, што гэта адбылося ў вёсцы Якімава Слабада, у такім жа выданні Рэчыцкага раёна – што ў вёсцы Перасвятое. Называецца яшчэ трэцяе месца – Гошкі ў раёне Петрыкаўскім, але такая вёска там не існуе і, здаецца, не існавала. А нядаўна стала дакладна вядома, што Іосіф Гашкевіч нарадзіўся ў вёсцы Стралічава Хойніцкага раёна.
У 1994 і 2004 гадах праведзены з шырокім удзелам японскіх вучоных І і ІІ Гашкевічаўскія чытанні (першыя – толькі ў Астраўцы, другія – у Мінску і Астраўцы), выдадзены з дапамогай дабрадзеяў матэрыялы гэтых чытанняў. Таму цяпер варта было б, працягваючы распачатае, правесці (з выездам на другі дзень у Астравец) ІІІ чытанні. Але ў “Плане рэалізацыі мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання (на ўзроўні ЮНЕСКА! – А.М.) 200-годдзя з дня нараджэння І.А. Гашкевіча і 250-годдзя з дня нараджэння М.К. Агінскага” гэта , на жаль, не прадугледжана.
Я, вядома ж, даў згоду ўдзельнічаць у ІІІ чытаннях, адшукаць яе патэнцыяльных удзельнікаў за межамі Беларусі, пагадзіўся, што выезд, пакланенне праху Іосіфа Гашкевіча часткова кампенсуе аўтарытэтнае выступлененне запрошаных на ўрачыстасць прадстаўнікоў Астравецкага раёна.
Але тут жа з горыччу падумалася: ну не зразумеюць нас ні японцы, ні беларусы, калі ўдзельнікі чытанняў не паклоняцца таму месцу каля старога касцёла ў цэнтры Астраўца (пасля паўстання 1863 года і да ўстанаўлення ў Віленскім ваяводстве ўлады ІІ Рэчы Паспалітай Польскай тут была царква), не ўскладуць кветкі на тым месцы ў Малях, дзе ў ХІХ стагоддзі стаяла сядзіба надворнага стацкага саветніка Гашкевіча (цяпер да таго месца вядзе рэдкая ў Беларусі “падвойная” прысада дрэў).
Значыць, напрошваецца вывад: у Астраўцы трэба правесці асобную, няхай і сціплую, з мінімальным удзелам прадстаўнікоў Японіі і нават Мінска, юбілейную ўрачыстаць з ускладаннем кветак і пасяджэннем.
Што ж трэба было б дарабіць на Астравеччыне ў час падрыхтоўскі да ўрачыстасці ці пасля яе? Найперш арганізаваць юных краязнаўцаў з гімназіі, каб яны распыталі сваіх продкаў-старажылаў былога мястэчка, дзе ж знаходзіліся прыходскія (парафіяльныя) могілкі ў ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя, да будаўніцтва новага касцёла. І ці ёсць старыя надпісы, якія сведчылі б аб пахаванні на могілках, размешчаных па абодва бакі дарогі на выездзе ў напрамку да Гудагая. Запісаць і вывучыць усе надпісы ля старога касцёла (там ёсць цікавыя звесткі, напрыклад, пра род Кастравіцкіх). А краязнаўцам з Маляў даць заданне выведаць у старажылаў, дзе стаяла “панская сядзіба”. Мне расказвалі, што свінарнік будавалі ўсё ж зводдаль ад яе, “за ручаём”. Ці так гэта? І даць слова на пасяджэнні найбольш паспяховым краязнаўцам.
А яшчэ, думаецца, на юбілейным пасяджэнні ў Астраўцы час прыняць заклікі-рашэнні аб вяртанні мясцоваму сельгаскааператыву найменне Іосіфа Гашкевіча, прысвоенае ранейшаму калгасу перад яго ўзбуйненнем, пры старшынстве незабыўнага Часлава Рынкевіча. І аднавіць Астравецкі фонд імя Іосіфа Гашкевіча, які меў адгалінаванні нават у Ленінградзе-Пецярбургу. Памятаецца, пры старшынстве былой загадчыцы аддзела культуры Дануты Чарнушэвіч ён зрабіў нямала карысных спраў. А потым проста… не перарэгістравалі яго. Я ўпэўнены, што ў Дануты Францаўны захаваліся і статут фонду, і іншыя патрэбныя дакументы. І былая старшыня, хоць на пенсіі, але яшчэ бадзёрая.
Калі ж найлепей правесці такую ўрачыстасць? Мне здаецца, што ідэальна было б яе наладзіць 16 сакавіка, у дзень нараджэння Іосіфа Гашкевіча, яго юбілею. І тым самым пачаць Год Гашкевіча ў Беларусі і, здаецца, у Японіі.


----------------------------
Адам Мальдзіс
.