Участники Афганской войны: война и сегодня не отпускает...

12:00 / 18.02.2014
…Размаўляю з “афганцамі” – рыхтую пра іх матэрыял. Чатыром удзельнікам той вайны задаю адны і тыя ж пытанні: дзе пачыналася ваша служба ў арміі? Калі і як вы даведаліся, што вас накіроўваюць у Афганістан? Ваша рэакцыя на гэтую навіну? Колькі прабылі ў Афганістане? Дзе і ў якасці каго ваявалі? Як вы лічыце, хто перамог у гэтай вайне – калі ў вайне наогул могуць быць адназначныя пераможцы? Ці можна знайсці ў смяротным вар’яцтве, імя якому – вайна, хоць нешта станоўчае? Колькі часу прайшло перш, чым вы змаглі адпусціць Афган?..
Нічога асабістага высветліць не маю намеру. Амаль нічога...
Яны розныя і нечым вельмі падобныя. Можа, узростам? Усім ім – каля пяцідзесяці. Высокія. Мужныя. Кожны з іх прыходзіць да мяне злёгку насцярожаным і крыху геройскім. Маўляў, ваяваў, удзельнічаў – ну і што?!
А потым, раптам…
Ды не выпытваю я нічога асабістага – ні пра загінуўшых сяброў, ні пра іншыя жахі! Не вы-пы-тва-ю…
Але, Госпадзі! Дай мне сілы зрабіць выгляд, што я не бачу іх спробаў праглынуць няпрошаны салёны камяк, што не чую, як дрыжаць іх галасы…

Аляксандр АНДРАЛОЙЦЬ:
– Пасля прызыву трапіў у Эстонію – менавіта там праходзіў свае салдацкія “ўніверсітэты”... Новы ўклад, новыя сябры. Бясконцыя разважанні пра палітычную сітуацыю ў свеце. Не мог пакінуць раўнадушным Афганістан, у якім ужо трэці год гінулі нашы хлопцы. Настолькі, што аднойчы дзесяцёра нас падалі зампаліту рапарты з просьбай аб пераводзе ў Афган. Ён вылаяў нас, як след, і рапарты не прыняў…
“Вучэбку” я закончыў з адзнакай. І мяне, адзінага з нашай дзясясткі, накіравалі спачатку у Туркестанскую ваенную акругу, а потым – у Афганістан… І той арэол рамантыкі, скрозь які мы, навабранцы эстонскай “вучэбкі”, успрымалі афганскую рэчаіснасць, знік сам па сабе… Мне не было яшчэ і дзевятнаццаці. І неверагодна хацелася жыць…
Мой афганскі перыяд: лістапад 1982-ага – чэрвень 1984- га… Кабул – Шынданд, Кандагар…
Бясконцыя дарогі, пераадольваць якія даводзілася часам не проста пешшу – паўзком, таму што я быў сапёрам. Ну так, адным з тых, хто не мае права на памылку. Нават на адну-адзіную…
Кожную раніцу мы выязджалі на размініраванне. Шчупам або з дапамогай спецыяльна навучаных сабак знаходзілі міны і фугасы… Як іх толькі ні маскіравалі! У дзіцячыя цацкі, у радыёапаратуру, у бляшанкі з-пад кансерваў… Задача сапёра – дастаць запал. Калі яго можна дастаць, канешне. Тыя, што не падлягалі размініраванню, чаплялі “кошкай”, адцягвалі ўбок і ўзрывалі.
Размініраванне – тонкая работа. Ніякіх старонніх рухаў. Ніякага дрыжання рук. А гэта не проста, калі працуеш на адкрытай усім афганскім вятрам дарозе і ведаеш, што за кожным каменем можа таіцца смерць. Прынамсі, так было спачатку – потым аказалася, што прывыкнуць можна да ўсяго… Да таго ж мы ніколі не працавалі без прыкрыцця – толькі ў суправаджэнні аўтаматчыкаў.
…Перад намі не ставілася задача перамагчы. Інакш усё было б арганізавана па-іншаму. Да прыкладу, была б перакрыта граніца з Пакістанам. Першапачаткова, думаю, увод савецкіх войск планаваўся як прэвентыўная мера. Як папярэджанне грамадзянскай вайны. І гэта няпраўда, што мясцовае насельніцтва агулам нас ненавідзела. У мяне быў афганскі сябар. Фазмамад. Па гадах ён падыходзіў мне ў бацькі. “Духі” расстралялі яго сям’ю. З 12-ці дзяцей застаўся толькі ён сам і адзін сын. Фазмамад вучыў мяне афганскай мове, я яго – рускай. Убачым, да прыкладу, птушку – я называю яе па-свойму, ён – па-свойму. І паўтараем адзін за адным. Даведацца б, ці жывы ён…
У вайне не бывае пераможцаў. Ні ў якой. Таму што кроў і смерць – з абодвух бакоў. І апраўдання вайне таксама няма. Прынамсі, для таго, хто яе развязвае. А вучыць вайна многаму. Да прыкладу, любові. За любоў да далёкай Радзімы трымаешся, калі больш трымацца няма за што. А маці і бацька становяцца свяцей за святых…
Вярнуўшыся ў Астравец, з добрых паўтара года – а можа, і ўсе два – хадзіў аглядваючыся. Паступова адвык. Але тая вайна да гэтага часу мяне цалкам так і не адпусціла…


Уладзімір ДРАГАН:
– “Вучэбкі” ў мяне не было: прыняў прысягу – і адразу ў Афганістан. Добра яшчэ, што мой бацька быў ваенным ды і на ўроках пачатковай ваеннай падрыхтоўкі часам у цір вадзілі.
Прызначылі артылерыстам. Хаця да гэтага трымаў у руках аўтамат роўна адзін раз – падчас прыняцця прысягі.
У Афган я патрапіў у 1981-ым. Пакінуў яго ў 1983-ім. На працягу дзесяці месяцаў мы ахоўвалі трубаправод, па якому з СССР у Афганістан паступалі нафтапрадукты. Жылі ў зямлянках. Мыліся, калі з’яўлялася такая магчымасць, у арыку. 10 месяцаў – на сухім пайку. Варылі, праўда, пюрэ з пакетаў – атрымліваўся класны клейстар для шпалераў.
Задача артылерыі – падтрымка пяхоты. Ёй, царыцы палёў, найцяжэй, яна – у самым пекле. Хаця прыходзілася часам трапляць амаль у эпіцэнтр – гэта калі трэба было карэкціраваць стральбу на мясцовасці.
Страх прысутнічаў у самым пачатку. Потым да яго прывыкаеш. І да сваіх абавязкаў пачынаеш ставіцца як да работы. Дзейнічаеш амаль аўтаматычна. Але ў канцы службы страх вяртаецца і бярэ цябе за глотку абцугамі – пасля таго, як выходзіць загад аб тваёй дэмабілізацыі…
У той вайне – зрэшты, як і ў кожнай іншай, – не было пераможцаў. Ніхто не выйграў... “Выйграць” наогул – дзіўнае слова ў адносінах да вайны… Хаця… Калі капнуць гісторыю, у аснове любой вайны ляжаць чыесьці матэрыяльныя інтарэсы: зямля, нафта, адмыванне грошай… Заўсёды ёсць людзі, якім вайна прыносіць прыбыткі. І ім не важна, што мільёны іншых расплачваюцца за іх багацце ўласным жыццём…
Мы былі звычайнымі савецкімі хлопчыкамі, выхаванымі на воінскім подзвігу нашых дзядоў. Гэта сёння сучасная моладзь лічыць за лепшае “адкасіць” ад арміі. А для нас аддаванне пачэснага доўгу Радзіме было самай важнай вехай дарослення, станаўлення сапраўднага мужчыны. І загады Радзімы мы не абмяркоўвалі – хто, калі не мы?..
Да мірнага жыцця пасля вяртання трэба было прыстасоўвацца. Цішыня яшчэ доўга падавалася падазронай. І на нечы выпадковы рэзкі рух рэакцыя была не заўсёды адэкватнай… Жыццё наогул стала нейкім іншым. Не такім, як было да Афгана. Нібы пакуль мы адсутнічалі, хтосьці перапісаў агульны сцэнарый. І ўрасці ў новыя рэаліі аказалася няпроста…
Напэўна, гэта быў не самы лёгкі шлях, але менавіта на той вайне я стаў дарослым, адчуў сябе сапраўдным мужчынам. Салдатам сваёй краіны. Зведаў і годна ацаніў надзейнасць сапраўднай мужчынскай дружбы.
На жаль, для мяне – як, думаю, і для ўсіх нас, воінаў-інтэрнацыяналістаў, – афганская вайна так і не стала мінулым: у снах мы ваюем і сёння…


Віктар КАЦІНЕЛЬ:
– Служыць трапіў у Горкаўскую вобласць, у танкавыя войскі. Полк наш быў з так званых кадрыраваных – тут праходзілі свае зборы “партызаны” і афіцэры запасу. Аднойчы полк сфарміравалі па поўнай і на танках Т-62 і Т-55 накіравалі ва Узбекістан. Два студзеньскія тыдні 1980 года пастаялі ў Тэрмезе, а потым – загад, і мы, прайшоўшы праз мост, аказаліся ў Афганістане.
Спачатку страху не было – хутчэй, цікавасць: граніцы дзвюх краін пераходзім, ё-маё… А потым Кундус, Файзабад, Баграм… Нас раскідалі па “кропках”... Дарогі былі падзелены на ўмоўныя адрэзкі, і кожная з “кропак” аберагала на сваім участку дарогі савецкія ваенныя калоны, якія па ёй рухаліся.
З часам мяне перавялі ў сувязь – я стаў вадзіцелем ГАЗ-66. За маім аўтамабілем былі замацаваны яшчэ два салдаты – разам мы выконвалі розныя заданні, звязаныя з наладжваннем і падтрымкай сувязі. Напэўна, нарадзіўся “ў сарочцы”, прынамсі, з вайны вярнуўся жывым.
А наконт перамогі… Перад тым, як накіраваць нашы танкі на мост паміж дзвюма дзяржавамі, наш камандзір звярнуўся да нас з такімі прыкладна словамі: “Гэта наш інтэрнацыянальны доўг. Не будзем мы – будуць амерыканцы.” У выніку мы пакінулі Афганістан – амерыканцы там і сёння. Дык хто перамог? Хаця, калі чэсна, я не веру, што ў вайне бываюць адназначныя пераможцы – кожны бок адчуў паражэнне па-свойму. Інакш на вайне не бывае…
Хаця, калі часам бачу па тэлебачанні сучасныя дакументальныя кадры... Нашы падбітыя танкі і бронетранспарцёры стаяць на ўзбоччы афганскіх дарог і сёння – нічые, незапатрабаваныя… Ніхто не хоча забраць іх хаця б на металалом… У такія хвіліны немагчыма не адчуваць сябе пераможаным…
І так, калі разбірацца па сутнасці… Калі б нехта старонні прыйшоў у маю краіну абараняць мяне фактычна ад мяне самога… Канешне, я палічыў бы яго акупантам. І, напэўна, таксама змагаўся б супраць яго, як мог…
Адвыкаць ад вайны давялося доўга. Ды што там – адвыкаю ад яе і сёння…


Сцяпан ЦІТОК:
– У Афганістане я сустрэў тры Новыя гады. Прыбыў туды ў снежні 1979 года. Першымі былі дэсантнікі, а потым увайшоў наш Армейскі полк асобага прызначэння. Палац Аміна на той момант ужо быў узяты.
“Вучэбка” ў Печах, потым падмаскоўная Баравуха – і я стаў механікам-вадзіцелем танка Т-62. Гэта самы цяжкі танк з наяўных у той час у СССР. Былі яшчэ Т-72 і Т-64, але гэтыя мадэлі былі засакрэчанымі…
Калі нам аб’явілі, што будзем аказваць інтэрнацыянальную дапамогу брацкаму афганскаму народу, мы ўзрадаваліся: будзем служыць за граніцай! Як у Венгрыі або Германіі! Ніхто з нас толкам не ведаў, дзе гэты Афганістан знаходзіцца, што ў ім робіцца?..
Нічога, на месцы разабраліся вельмі хутка…
Найчасцей даводзілася ісці наперадзе падраздзялення. На танк навешвалася спецыяльнае проціміннае абсталяванне (каткі, лапаты…), дзякуючы якому міны ўзрываліся раней, чым іх кранала гусеніца танка. Люкі заўсёды былі адкрыты – толькі гэта давала шанс не згарэць зажыва пры прамым пападанні ў танк гранатамётнага снарада. Хаця загінуць у танкіста было многа варыянтаў. Мой камандзір Валодзя Клімак загінуў, калі адышоў па сваёй патрэбе за бліжэйшы камень…
Я – сёмы сын сваіх бацькоў. Вырас у сціплых умовах, з дзяцінства быў прывучаны да працы. Напэўна, таму мне было лягчэй прыстасавацца да ўсяго гэтага. Бацькам пісаў: служу ва Узбекістане. А потым сустрэў свайго школьнага сябра! Аказалася, служым па-суседству. Вядома, навіной тут жа падзяліўся з бацькамі: бачыў Валеру!!!
Праз тыдзень Валеру прывезлі дадому ў цынкавай труне – ён загінуў назаўтра пасля нашай сустрэчы. Так бацькі даведаліся, дзе я…
Мой тата быў салдатам Вялікай Айчыннай. Менавіта Афганістан дапамог мне спаўна ацаніць подзвіг бацькі і яго пакалення. Да ветэранаў з тых часоў у мяне асаблівая пашана… І потым, калі пашчасціла вярнуцца жывым, мы з татам сталі размаўляць на асаблівай мове – на сваёй, салдацкай…
А наконт “хто перамог”… Чым вымяраецца перамога для радавога любой вайны? Тым, наколькі годна ён выканаў свой доўг перад Радзімай. Думаю, нашы дзеянні ў Афганістане не зганьбілі словы прысягі. І ў гэтым – наша галоўная перамога.
Пазбавіцца ўспамінаў мне ўдалося без асаблівых цяжкасцяў: два вясёлыя гады жыцця ў Маскве хутка сцёрлі іх з маёй памяці.
Сёння?.. Ну, калі даводзіцца пабываць на могілках… Або калі суправаджаю якую-небудзь дэлегацыю да памятнага каменя… Ночы дзве потым заснуць не магу. Дастаткова заплюшчыць вочы, як вайна зноў наводзіць на мяне свой смяротны прыцэл…


-------------------------------------------------------
Гутарыла Ганна ЧАКУР, фота аўтара
.