Война не стёрла из их памяти редкие светлые и радостные моменты детства

13:00 / 18.05.2013
Чарговае пасяджэнне “Клуба актыўнага даўгалецця” адбылося напярэдадні свята Вялікай Перамогі. Таму і госці былі запрошаны не выпадковыя – дзеці вайны, па чыіх лёсах прайшлася яна бязлітасным катком, пазбавіўшы самай светлай і шчаслівай пары жыцця – маленства. Вострыя засечкі назаўсёды засталіся на іх збалелых сэрцах.

Каб госці хутчэй асвоіліся, супрацоўнікі раённай біблія-тэкі прапанавалі паслухаць літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную малалетнім пакутнікам ліхіх гадоў. У памяць аб загінуўшых была запалена свечка і аб’яўлена хвіліна маўчання. Відэаролік з кадраў ваеннай кінахронікі і песня ў тэму на словы Іллі Рэзніка расчулілі і настроілі на патрэбную хвалю. І паліліся ўспаміны…
Ніна Адамаўна Маргуж – ветэран педагагічнай працы, першая настаўніца і любімая “другая мама” некалькіх пакаленняў астраўчан, у свае раннія гады перажыла столькі гора, што на дзесяцёх хапіла б. Іх немалая, па сённяшніх мерках, сям’я – бацькі і чацвёра дзетак – жыла ў 40 кіламетрах ад Ленінграда. Калі тата вярнуўся з фінскай вайны, радасці не было межаў – думалі, неспакой на зямлі скончыўся, пацячэ размеранае мірнае жыццё. Ды грымнула Вялікая Айчынная. Эвакуіравацца ніхто не спрабаваў – спадзяваліся, што баталія будзе нядоўгай. Але… Жыхары прыгарадных вёсак баяліся фашысцкіх бамбёжак і артналётаў, хаваліся ў навакольных лясах. Калі заканчваліся прадукты, людзі прабіраліся да сваіх дамоў, даставалі з хованак сціплыя сямейныя каштоўнасці і ішлі абменьваць іх на хлеб.


– Фашысты нас высачылі, –успамінае Ніна Адамаўна. – Сагналі ў вёску – расстрэльваць. Енк стаяў на ўсю ваколіцу. Мама выставіла нас наперад (мне было крыху больш за год) і сказала фашысту з аўтаматам наперавес: “Забівай спярша нашых дзяцей, а потым – нас, каб мы ведалі, што крывінкі нашы не пакутуюць без мам”. Тут выйшаў з адной хаты нямецкі афіцэр і нешта скамандаваў аўтаматчыкам. Старых, жанчын і дзяцей пастроілі ў калону і некуды пагналі. Як потым аказалася, у канцлагер, у Эстонію. На тэрыторыі яго быў асаблівы барак. Хто туды трапляў, назад не вяртаўся. Аднойчы ў той барак забрыў занадта цікаўны чатырохгадовы Толік разам з малой Нінай. Нехта сказаў пра гэта маці. З крыкам кінулася яна да пабудовы і паспела выхапіць дачушку, а сыночка – не. І ўсё жыццё потым адчувала сябе без віны вінаватай. У тым праклятым бараку ў дзетак забіралі кроў для нямецкіх салдат…


Аповед Ніны Адамаўны, бы нітачка з клубка, пацягнуў за сабой іншыя ўспаміны. Лары¬са Аляксандраўна Мартынава ўзгадала сваю бабулю, якая з нямецкім абозам трапіла ў Бе¬ларусь, засталася тут жыць, але да канца сваіх дзён сумавала па роднай Браншчыне. Марыя Іванаўна Багдзевіч не можа забыць расказы бацькі аб пер¬шых пасляваенных гадах, калі ў астравецкіх лясах хаваліся і спадцішка нападалі недабітыя фашысцкія прыхвасні. Людзі жылі ў пастаянным стра¬ху, асцерагаліся бандытаў, баяліся рэпрэсій… Капіталіна Цімафееўна Пятроўская дагэтуль помніць прысмак супу з шышак палявога хвашчу, якога маці наварвала шмат, каб хапіла ўсім дзевяцярым дзеткам, а сабе – што застанецца. Ліхія ваенныя і нішчымныя першыя мірныя гады навучылі людзей галоўнаму – выжываць. Бацька Капіталіны Цімафееўны пера-шываў стары абутак, каб малым было ў чым хадзіць у школу. Так і хадзілі па чарзе – хто у сандаліках, хто – у галёшыках. Маці-гераіня, як толькі сталі плаціць невялікую дапамогу па мнагадзетнасці, ладзіла сынам і дачушкам абновы на выраст – кафтанчыкі, сукеначкі, штонікі…


– А я хавалася на печ, затойвалася там і ўкарочвала свае ўборы, – з усмешкай успамінае Капіталіна Цімафееўна. – Мне потым даставалася ад мамы за псаванне адзення…


Не перастаю здзіўляцца: перажыўшы столькі нягод і выпрабаванняў, дзеці вайны не ачарсцвелі сэрцамі. І ўспамінаюць найбольш светлыя, радасныя, хоць і рэдкія, моманты свайго маленства. Не страцілі прыроднага пачуцця гумару, аптымізму, веры ў людзей. Мігам рэагуюць на дасціпныя жарты – весела смяюцца. Калі Галіна Архіпаўна Вайцяхоўская прапанавала выканаць некалькі практыкаванняў самамасажу, узяліся заўзята тузаць сябе за вушы, націскаць на патрэбныя кропкі на далонях… Капіталіна Цімафееўна ўсё жыццё сябруе з песняй. Хіба ж магла яна не парадаваць прысутных музычным падарункам? На паўторы радкоў даўнейшай прыгожай песні “Яблынавы вечар” да салісткі далучаліся ўсе, а вось прыпеўкі суправаджалі толькі дружнымі апладысментамі – гэта аўтарскі брэнд спавачкі і паэткі.
Сустрэча атрымалася цёплай і па-сапраўднаму святочнай.


-------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.
Фота Вольгі ПІНЧУК.