Пройдя сквозь ужасы войны...

09:00 / 10.05.2013
Фрума нарадзілася ў 1926 годзе ў Міхалішках у Польшчы. Яе бацькі – Мошэ і Хіна Габішэр. Яна была другім дзіцем у сям’і. Акрамя яе, у бацькоў былі яшчэ чатыры сыны: Гершон, Катрыэль, Давід і Хаім.
Міхалішкі – мястэчка, якое затаілася сярод хваёвых лясоў і знаходзілася непадалёк ад Вільні – цэнтра духоўнага жыцця многіх пакаленняў яўрэяў. Горад быў вядомы сваімі сінагогамі, сістэмай рэлігійных і асветніцкіх каледжаў, таленавітымі рабінамі, а яшчэ – цэлым спектрам яўрэйскіх арганізацый, аб’яднанняў і наватарскіх сіянісцкіх маладзёжных рухаў.
А ў Міхалішках існавала квітнеючая яўрэйская абшчына, у якую ўваходзіла каля 3000 чалавек. Абшчына мела свае сінагогі і рэлігійныя вучэльні, дзе выкладалася Тора (закон Маісея), сваю мікву (рытуальная купальня для ачышчэння) і могілкі.
Бацька Фрумы разам з яе дзядулем займаліся пабудовай млыноў – як ветракоў, так і вадзяных.
Мошэ Габістэр быў сіяністам і марыў эмігрыраваць у Ізраіль (у тагачасную Палесціну), каб назаўсёды пасяліцца на Святой зямлі. Акрамя нацыяналізму, яго сэрцу былі блізкія ідэі сацыялізму і камунізму – Карла Маркса, Гегеля, Леніна і герояў рускай рэвалюцыі. Мошэ валодаў чатырма мовамі – мог гаварыць і чытаць на польскай, рускай, ідыш і іўрыце. І з палякамі, і з рускімі ён падтрымліваў выдатныя дзелавыя і добрасуседскія адносіны. Ён быў добра вядомым і паважаным чалавекам у акрузе, прызнаным спецыялістам, і нярэдка за дапамогу мясцовыя сяляне прыносілі яму мяшкі з кукурузай, курэй або гародніну.
Фрума хадзіла ў Міхалішскую агульную школу і была выдатніцай.
У канцы летніх канікул 1 верасня 1939 года Германія акупіравала заходнюю частку Польшчы.
Прыкладна праз два тыдні на падставе пакта Молатава-Рыбентропа Вільню і ўсходнюю частку Польшчы заняла Чырвоная Армія.
Да 1941 году жыццё ў Міхалішках працягвалася больш ці менш нармальна – за выключэннем тых момантаў, калі ў мястэчку з’яўляліся агенты НКУС і забіралі людзей, як яны казалі, “для праслухоўвання”. Аднак у свае сем’і яны ніколі не вярталіся. Як правіла, забіралі самых багатых жыхароў мястэчка, у валоданні якіх былі маёмасць і зямля. Забіралі таксама сіянісцкіх дзеячаў і інтэлектуалаў, якія, як лічылася, самі па сабе былі пагрозай камунізму.
Пазней высветлілася, што гэтых людзей адпраўлялі ў лагеры ў Сібір. Многія з іх там загінулі, але некаторым, дзякуючы высылцы, удалося пазбегнуць яшчэ больш страшнай навалы – нацысцкай акупацыі.

22 чэрвеня 1941 года, у дзень, калі немцы напалі на Савецкі Саюз, Фрума разам з сям'ёй знаходзілася ў вёсцы непадалёк ад Міхалішак, дзе яе бацька меў свой млын. Раптам у двор літаральна ўляцеў на веласіпедзе старэйшы брат Гершон. Задыхаючыся ад хвалявання, ён выпаліў: «Немцы ідуць, бяжым!»


Да таго часу да Міхалішак ужо дайшлі страшныя звесткі пра тое, як немцы абыходзяцца з яўрэямі, якія аказаліся на раней акупіраванай імі частцы Польшчы. Міхалішскія яўрэі ведалі і пра гета, і пра голад, і пра прымусовую працу ў спецыяльных лагерах. Хоць да канца паверыць у падобныя жахі яны не маглі.
Вось і бацька Фрумы адмовіўся пакінуць свой дом. Ён баяўся страціць ўсю сваю маёмасць. Маўляў: а куды ж можна будзе вярнуцца, калі гэты кашмар закончыцца?! Фрума і астатнія дзеці засталіся з бацькамі, толькі Гершон, прыхапіўшы харчоў і крыху грошай на дарогу, сышоў, паабяцаўшы вярнуцца праз тры дні, калі сітуацыя праясніцца.
Нямецкая армія ў імгненне вока зламала абарону чырвона-армейцаў. Па цэнтральнай дарозе рухаліся танкі і грузавікі з нямецкімі войскамі, якія спяшаліся на ўсход, услед за адступаючымі савецкімі войскамі. Па сельскіх дарогах бясконцымі калонамі гналі ваеннапалонных. Многія з іх былі босымі, з заскарузлымі ад крыві павязкамі. Хадзілі чуткі, што ваеннапалонных расстрэльвалі ў лясах.
Пасля авангардных частак прыйшлі нямецкія атрады СС, якія заняліся пошукамі актывістаў кампартыі, камісараў і яўрэяў.
Як і ўсіх астатніх яўрэяў Міхалішак, Мошэ і Хіну Габістэр разам з дачкой Фрумай і трыма сынамі пагналі ў гета. Працаваць ім даводзілася на чыгунцы.
Пазней Фруму адправілі ў «Joniskis – Wabis» – працоўны лагер у Літве. Умовы жыцця ў лагеры былі лепшымі, чым у міхалішскім гета. Літоўцы, якія вартавалі лагер, у абмен на золата і каштоўныя камяні кантрабандным шляхам дастаўлялі яўрэям прадукты харчавання і лекі. Перамовы з літоўцамі вёў яўрэй Крэмніцэр, які лічыўся неафіцыйным прадстаўніком зняволеных. Ён быў багатым чалавекам, меў пры сабе шмат каштоўнасцей і дапамагаў многім яўрэям, нічога не просячы ўзамен.
Фрума, якая моцна перажывала за сваю сям’ю, што галадала ў Міхалішскім гета, аднойчы не вытрымала і папрасіла дапамогі ў Крэмніцэра. Той правёў неабходныя перамовы, заплаціў вялікую суму – і праз нейкі час сям’ю Фрумы перавялі ў «Joniskis – Wabis». Але маці аддзялілі ад сям’і, размясціўшы яе ў жаночым бараку. Маленькія браты Фрумы Давід і Хаім цэлымі днямі, як мышкі, хаваліся ў бараку, адважваючыся выйсці са схованкі толькі ноччу.
Бацьку Фрумы і яе брата Катрыэля перавялі ў Панары, дзе яны займаліся тым, што выкопвалі з вялізных ямаў забітых яўрэяў, вырывалі ў іх залатыя зубы, а целы потым спальвалі на вогнішчы. Арганізатарамі і натхніцелямі гэтага страшнага дзейства былі карнікі СС, “чыстапародныя арыйцы”, якія свае вочы хавалі ад свету за аколышкамі фуражак з выявай чэрапа…
Толькі ў перыяд з чэрвеня 1941 года і да канца года ў Панарах было замардавана каля 70000 чалавек – яўрэяў, цыганоў, польскіх, беларускіх і рускіх ваеннапалонных. Пераважную большасць закатаваных складалі яўрэі з гета ў Вільні і іншых вёсках рэгіёна.


Калі ў вайне намеціўся пералом, і Чырвоная Армія прымусіла немцаў адступаць, нацысты ўзмацнілі тэмпы работ па выкопванні і спальванні цел замардаваных людзей – фашысты спяшаліся схаваць сляды сваіх злачынстваў.


Работа падыходзіла да канца, прымусовыя работнікі ведалі, які канец іх чакае – яны будуць расстраляны і спалены гэтак жа, як і ўсе іншыя. Таму аднойчы ноччу, калі літоўцы моцна напіліся і заснулі, яны вырашылі ўцячы. Разам з іншымі ў тую ноч збеглі бацька Фрумы і яе брат Катрыэль.
Паляванне за ўцекачамі пачалося з самай раніцы, і амаль усе яны неўзабаве былі схоплены. Мошэ і Катрыэль некалькі дзён хаваліся ў вялізным рове, але голад выгнаў іх са схованкі. На лясной сцяжынцы яны наткнуліся на паліцаяў, якія тут жа пусцілі ў ход зброю. Бацьку ўдалося ўцячы, а Катрыэль быў цяжка паранены. Калі Мошэ пачуў крык свайго сына, ён, забыўшыся пра смяротную небяспеку, вярнуўся. Укленчыў ля паміраючага сына, абняў яго худзенькае цела… Нехта з паліцаяў націснуў на курок, і Мошэ ўпаў проста на Катрыэля, нібы і пасля смерці засланяючы сына ад карнікаў…
Толькі адзінаццаці ўцекачам удалося дажыць да вызвалення. Яны выжылі ўжо хаця б дзеля таго, каб расказаць свету, што адбывалася ў гэтым жудасным месцы.


У канцы 1944 года Фруму, яе маці і двух малодшых братоў перавялі ў Stuthof – у канцэнтрацыйны лагер.


Непасрэдна на чыгуначнай на платформе эсэсаўцы падзялілі людзей на дзве часткі, адсунуўшы ўбок старых і хворых, а таксама маленькіх дзяцей. Іх зноў загналі ў вагоны і, як высветлілася ўжо пасля вайны, накіравалі ў лагер смерці Майданэк.
Фрума і яе маці Хіна трапілі ў адзін барак. На працягу некалькіх месяцаў іх ганялі на работы, на падрыхтоўку лініі абароны супраць наступаючай Савецкай Арміі. Жанчыны працавалі на холадзе, нярэдка стоячы па пояс у бруднай вадзе. Па 12 гадзін запар, спыняючыся толькі на 15 хвілін, каб з'есці скарынку хлеба і міску памыяў, якія называліся “супам”.
Людзі трымаліся на надзеі – паспешлівасць, з якой немцы рыхтавалі абаронныя пазіцыі, сведчыла: вызваленне блізка. Хадзілі чуткі, што вязняў збіраюцца эвакуіраваць у лагер смерці ў Майданэк, але хуткае наступленне Савецкай Арміі змяніла планы. Немцы адмовіліся ад абароны Літвы і ўсяго балтыйскага рэгіёна і ў спешным парадку вырашылі эвакуіравацца марскім шляхам.
…Сотні тысяч немцаў, групы танкавага корпуса, шпіталі з іх абсталяваннем і параненымі, а ў дадатак – сотні літоўцаў, латышоў і польскіх калабарацыяністаў – усе яны сабраліся на беразе Балтыйскага мора. Таўкатня стаяла страшная. Кожны стараўся прарвацца на пасажырскае або грузавое судна, якія кіраваліся ў Гамбург, Брэмен і іншыя парты Германіі.
Аднак пра вязняў не забыліся. Некаторых з іх эсэсаўцы расстралялі на месцы. Многіх, у тым ліку Фруму і яе маці, загрузілі ў трум чарговага судна. Самалёты саюзнікаў бесперапынна бамбілі нямецкія судны. Адна з авіябомб трапіла і ў іх карабель. Сотні нямецкіх салдат у выніку прамога пападання былі паранены і трапілі ў адкрытае мора.
Вязні са страхам прыслухоўваліся да рэха падаючых бомбаў. Калі ж адна з іх трапіла ў верхнюю палубу і пачаўся пажар, у труме ўзнікла паніка. Адчуўшы агонь над сваімі галовам, людзі зразумелі, што зараз згараць жыўцом. Трум быў зачынены наглуха, не было нават лесвіцы, каб дабрацца да дзвярэй. Ад спёкі многія сталі страчваць прытомнасць. Ламаючы пазногці, людзі рукамі дзёрлі сцены – але змяніць сітуацыю былі не ў стане.
Экіпажу судна ўдалося патушыць агонь, карабель быў выратаваны. Але ўсё жыццё Фрума пакутуе ад кашмарнага сну: яе зноў замкнулі ў палаючым памяшканні...
…Фруму, яе маці Хіну і іншых вязняў лагера Stuthof размясцілі непадалёк ад порта Гамбург, на складах якога яны працавалі, пакуль 8 мая 1945 года іх не вызваліла брытанская армія.


У дзень вызвалення, калі першыя брытанскія салдаты ўвайшлі ў порт і ўбачылі вязняў, яны проста не маглі паверыць сваім вачам. Няўжо гэтыя шкілеты ў лахманах, якія поўзалі ў гразі, на самой справе людзі? На момант вызвалення 19-гадовая Фрума важыла 26 кілаграмаў…


На працягу некалькі месяцаў яны з маці ляжалі ў шпіталі Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Лячэнне выяўленых у іх захворванняў стала другасным – у першую чаргу ўрачы стараліся аднавіць вагу цела. Гэта быў доўгі працэс, які патрабаваў спецыяльных ведаў і навыкаў. Ратавалі вязняў, як ні парадаксальна, нямецкія медсёстры, на фартухах якіх бачны былі невялікія дзіркі – наступствы нядаўна здзёртых значкоў нацысцкай свастыкі.
Пасля таго, як іх выпісалі са шпіталю, Фрума і яе маці нейкі час заставаліся ў лагеры выратавання яўрэяў. Тут дзейнічалі яўрэйскія арганізацыі амерыканскай дапамогі і падтрымкі, а таксама пасланцы іміграцыі з Ізраіля (тады яшчэ Палесціны) і маладзёжных рухаў, якія займаліся сіяністскім выхаваннем, прапагандуючы перасяленне на Зямлю Запаветную Ізраіля (Эрэц-Ісраэль), якая тады называлася Палесцінай.
Фрума далучылася да руху «Дрор», і стала займацца ваенна-марской падрыхтоўкай да будучага жыцця ў марскім кібуцы Сядот Ям – у кібуцы паэтэсы Ханы Сенеш, якая была забіта нацыстамі. Кіраўніком групы быў Мардэхай (Hank) Гольдхахт, які нарадзіўся ў Варшаве і адзін з вялікай сям’і застаўся ў жывых. Фрума і Мардэхай неўзабаве пакахалі адзін аднаго. 27 сакавіка 1948 года ў прысутнасці вялікай колькасці гасцей яны пажаніліся.
Хіна не была на вяселлі дачкі – у 1947 годзе яна выехала ў Палесціну. Фрума і Мардэхай далучыліся да яе 22 мая 1948 – прыплылі на караблі «Правідэнс». Падчас падарожжа яны пачулі па радыё навіну аб стварэнні незалежнай дзяржавы Ізраіль.


Праз некалькі гадоў Фрума даведалася, што яе старэйшаму брату Гершону, які ў чэрвені 1941 года пакінуў Міхалішкі, удалося выжыць. Усе гэтыя гады ён жыў у Маскве. Ён ажаніўся з рускай дзяўчынай.


У 1993 годзе Гершон прыехаў у Ізраіль, каб сустрэцца з Фрумай. Ён памёр у 2008 годзе ў Маскве.
У Ізраілі Фрума працавала ў якасці грамадзянскага супрацоўніка ў арміі абароны Ізраіля на ваеннай базе ў Тэль-Летвінскі.
На працягу многіх гадоў, ажно да выхаду на пенсію, яна працавала ў аддзеле па зборы сродкаў у горадзе Герцлія.
Хіна Габішэр, маці Фрумы, памерла ў 1998 годзе сярод сваіх дзяцей і ўнукаў.
Фрума і Мардэхай маюць двое дзяцей, шасцёра ўнукаў і праўнука.


---------------------------------
(Па матэрыялах інтэрнэту)
------------------------------
Пераклад з польскай мовы Ганны ЧАКУР.