Она никогда не жалуется на своё здоровье и на жизнь

15:00 / 03.05.2013
З кім ні загавары, толькі і чуеш: жыць цяжка, грошай не хапае. У вёсцы складана знайсці добра аплатную працу, а падсобную гаспадарку трымаць нявыгадна. Моладзь у пошуках лепшай долі з’язджае ў гарады, а вёскі пусцеюць і паступова выміраюць.

Аднак не ўсе так лічаць. Старэйшае пакаленне перажыло і пабачыла на сваім вяку ўсялякае, тыя беды і нягоды, што выпалі на іх долю, нам нават уявіць складана. Калі наша сям’я пераехала ў Страчу, лёс звёў мяне з цудоўнай душы жанчынай – Валянцінай Францаўнай Алянцей. У той час яна яшчэ магла хадзіць з кійком і нават трымала невялічкую гаспадарку – козачак і курэй. А зараз жанчына ўжо трэці год не ўстае з ложка – адняліся ногі. Далі сябе знаць многія гады працы даяркай, круглы год у холадзе і ў гумовых ботах. Жанчыну даглядае пляменнік – гатуе ежу, прыбірае ў хаце.
Але мая гераіня не скардзіцца на сваё здароўе і жыццё. І хаця Валянціне Францаўне ўжо 77 гадоў, мяне здзівілі яе надзвычай маладыя, прамяністыя вочы.
Бацькі Валянціны Францаўны жылі на хутары непадалёк ад Страчы. Мелі невялікі кавалак зямлі, каня, карову, птушку – усё, што патрэбна вясковым жыхарам для існавання. Крыху воддаль ад хаты стаяла гумно – сэрца гаспадаркі, там складвалі сена, салому, прылады сялянскай працы. Увосень, калі пачыналася малацьба, можна было пачуць, як білася гэтае сэрца – найлепшай музыкай гучаў для селяніна грукат цапоў на таку. Людзі радаваліся новаму ўраджаю. Завіхалася ўся сям’я. Лішкі збожжа прадавалі на рынку ў Свіры, а тое, што заставалася на хлеб для сям’і, малолі ў вадзяным млыне, што стаяў непадалёк на рацэ. Цудоўны быў млынок! Бялейшай і мякчэйшай мукі, чым з яго, у ваколіцах не было. Пульхныя, духмяныя атрымліваліся з яе хлеб ды пірагі. Не дзіва, што чарга падвод на дарозе да млына выцягвалася на кіламетр. Тыя, хто прыехаў здалёк, не паспеўшы змалоць сваё збожжа, заставаліся нанач у Страчы і на досвітку зноў займалі чаргу. А яшчэ млынар трымаў ваўначоску – кабеты з усяго наваколля прывозілі сюды авечае руно, часалі, а потым зімовымі вечарамі пралі, ткалі сукно, шылі і вязалі цёплую вопратку.
Млын той пабудаваў яўрэй, майстар, якому не было роўных. На вялікі жаль, зараз ад мукамольні і ваўначоскі засталіся адны разваліны. Час і людзі ўсё разбурылі, знішчылі. Толькі фундамент застаўся. Рачная вада падае з яго ўніз стромкім вадаспадам, збіваецца ў белую, як малако, пену... Шуміць, бурліць рака, нібы згадвае колішні вясёлы спеў млына, смех і гаворку людзей.
Пасля вайны савецкая ўлада пачала арганізоўваць калгасы. Нялёгка было сялянам адмаўляцца ад хай сабе і невялікіх, але такіх родных, шчодра палітых потам кавалкаў зямлі. Бо справдвеку лічылася, што зямля – галоўнае багацце, якое перадавалася ад бацькоў дзецям. Маючы гэты скарб і працавітыя рукі, з голаду не памрэш. Ды калектывізатары не бралі да ўвагі людскія перажыванні.


– Людзей аб’ядналі ў калгасы, – успамінала Валянціна Францаўна. – Коней і ўвесь сельскагаспадарчы інвентар прымусілі здаць – абагульніць. Дазвалялася пакінуць для патрэб сям’і адну карову, свінню і курэй. А яшчэ можна было зжаць пасеянае ўвосень жыта... Калі тата грузіў на падводу барану, плугі, мама плакала. Шкадавалі і маладога коніка, надзейнага памочніка ў нялёгкай сялянскай працы. Але найцяжэй было ўсведамляць, што апошні раз выйдзем на сваю палоску жаць жыта. Бо назаўсёды развітаемся з родным кавалачкам зямлі, шчодра паліты потам гаспадароў, які доўга карміў немалую сям’ю. Праўда, каб людзі не памерлі з голаду, кожнай сям’і надзялілі па трыццаць сотак.


Праз некаторы час настала чарга гумна. Яго разабралі на дровы для патрэб калгаса. А потым пачалося ссяленне хутароў, і сям’і Алянцеяў прапанавалі пераехаць у Страчу. Адмаўляцца не выпадала – старшыня ў калгасе быў вялікі начальнік, яго баяліся. Ды і страх высылкі ў невядомы свет жыў у душах сялян...
Усе пажыткі ўмясціліся на возе, сям’я развіталася з родным хутарам-выраем, куды вясной прыляталі птушкі і радавалі гаспадароў вясёлымі спевамі.


– Вёска тады была невялікая, – успаміны, адчуваецца, даюцца Валянціне Францаўне нялёгка. – Нас пасялілі ў хаце, гаспадароў якой вывезлі невядома куды. Адчувалі мы сябе вельмі няўтульна, без віны вінаватымі. Шкадавалі ранейшых уладальнікаў. Але трэба было неяк жыць далей.


Франц Алянцей працаваў кавалём і быў добрым печніком. Увогуле, за што ні браўся, работа спорылася ў яго руках. Маці гадавала трох дачушак, даглядала хатнюю гаспадарку.
У школу Валянціна пайшла тут жа, у вёсцы. Не хапала падручнікаў, сшыткаў. Вучні ў адным класе былі рознага ўзросту – многім своечасова скончыць школу перашкодзіла вайна. Ды і сама дзяўчынка мусіла закончыць навуку пасля шостага класа – трэба было зарабляць працадні.
Напачатку Валя працавала ў паляводстве – жала збожжа, зграбала і сушыла сена на лузе. Пойдзе, бывала, на цэлы дзень, узяўшы на абед некалькі бульбін або аладак. Кавалачак сала лічыўся раскошай – на трыццаці сотках каля хаты шмат жывёлы не выкарміш. І з працаднёў не разжывешся – здаралася, гадавы заробак у адзін мех умяшчаўся. А яшчэ ж кожная сялянская гаспадарка мусіла штогод здаваць дзяржаве мяса, малако, яйкі.


– Помню, пайшлі мы аднойчы зграбаць сена. Селі палуднаваць, хто чым меў. Адна кабета пайшла да рэчкі і доўга не вярталася. Мы занепакоіліся: ці не здарылася бяда? Пайшла я за жанчынай следам, бачу: нахілілася яна з берага, чэрпае жменяй ваду і п’е. Аказалася, у бядачкі не было чаго ўзяць на абед, вось яна і старалася голад вадой наталіць...


У гарадах, дзе за працу плацілі грашыма, людзі жылі лепш, але вяскоўцы нікуды выехаць не маглі – калгаснікам не выдавалі пашпартоў. Выключэннем быў толькі выезд на вучобу па рашэнні праўлення калгаса. А яшчэ – калі дзяўчына выходзіла замуж за гарадскога жаніха. Так пашанцавала Валінай сястры – да яе пасватаўся хлопец з Вільнюса. Пайшлі пехатой у Спонды, распісаліся ў сельсавеце. Маладая жонка атрымала пашпарт і выехала следам за мужам.
Неўзабаве Валянціну перавялі ў даяркі. Што ж, праца звыклая, праўда, цяжкая – даілі, кармілі, паілі кароў уручную. У маладой спрытнай дзяўчыны справы хутка пайшлі на лад. Яна стала адной з лепшых даярак на ферме.


– Як перадавую калгасніцу, праўленне ўзнагародзіла мяне пуцёўкай на курорт. Ды я не паехала – не было чаго апрануць. Не ў ватніку ж і гумовых ботах адпраўляцца... З цягам часу адмянілі працадні, сталі плаціць грашыма, за некалькі месяцаў можна было сабраць на запаветную мару – штапельную сукеначку і просценькія туфлікі. На танцы не сорамна пайсці.


Валянціне вельмі падабаўся адзін хлопец, аднак ён ажаніўся з другой дзяўчынай. А Валя не магла забыць сваё адзінае каханне, адмовіла ўсім сватам і засталася адна, не жадаючы жыць з нялюбым.
Потым пашпарты з’явіліся і ў калгаснікаў. Моладзь рушыла ў гарады. Старэйшае пакаленне заставалася працаваць на зямлі, прадавала лішкі прадукцыі дзяржаве. Атрыманы дадатак да сямейнага бюджэту калгаснікі накіроўвалі на паляпшэнне свайго побыту. У вёсцы ўжо былі радыё і электрычнасць, людзі набывалі тэлевізары, бытавую тэхніку, сучасную мэблю. Словам, жыццё наладжвалася.
І ўмовы працы ў жывёлагадоўлі палепшыліся – на дапамогу прыйшлі механізмы. Працаваць стала лягчэй. Перадавую даярку Валянціну Алянцей неаднаразова выбіралі дэпутатам мясцовых Саветаў, запрашалі ў прэзідыум розных ўрачыстых сходаў, яе партрэт красаваўся на калгаснай Дошцы гонару. На ўсё жыццё запомніла жанчына паездку ў
Ленінград, экскурсіі па палацах і іншых славутых мясцінах...
Гады праляцелі непрыкметна. У 90-я грашовыя зберажэнні, заробленыя нялёгкай працай, прапалі, як прапала і вялікая краіна Савецкі Саюз. Валянціна Францаўна жыла ўжо адна, выйшла на пенсію. На жаль, сталі моцна даймаць хваробы – звыклая з’ява ў немаладым узросце.
Але дзіўная справа: Валянціна Францаўна, як і многія яе равеснікі, ні на што не скардзіцца. Маўляў, пенсію атрымлівае своечасова, усё неабходнае для жыцця ёсць, сацыяльныя работнікі клапоцяцца аб пажылых людзях. Толькі б здароўя трошкі... Мая суразмоўца падзялілася запаветнай марай: вось каб знайшліся міласэрныя людзі і дапамаглі атрымаць, хаця б у часовае карыстанне, інвалідную каляску. Тады бабулька змагла б у цёплую пару выбірацца на двор і дыхаць свежым паветрам, паглядаць на белы свет.
Я многа думала пра лёс сваёй аднавяскоўкі і мае ўласныя праблемы здаваліся нязначнымі і пустымі.


-----------------------------------------
Ганна МІЛАШЭВІЧ, в. Страча.
Фота з хатняга архіва В.Ф. Алянцей.