"Белорусскому союзу ветеранов войны в Афганистане" - 20 лет

15:00 / 30.04.2013
Афганская вайна працягвалася з 25 снежня 1979 да 15 лютага 1989 года. 2 238 дзён нашы землякі знаходзіліся на чужой тэрыторыі – і кожны з іх мог стаць апошнім. За няпоўныя дзесяць гадоў у Афганскай вайне прынялі ўдзел больш за 32 тысячы беларусаў. З іх 772 чалавекі загінулі падчас баявых дзеянняў, 734 – вярнуліся інвалідамі.
У 1993 годзе ў нашай краіне было створана грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Сёння ў склад саюза ўваходзяць каля 10 тысяч воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Афганістане і іншых краінах.
Наша інтэрв’ю са старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Сцяпанам Сцяпанавічам Цітком прысвечана дзейнасці раённай арганізацыі.


– Сёлета грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” адзначыла сваё дваццацігоддзе. Давайце звернемся да вытокаў раённай арганізацыі.

– Першапачаткова ў раёне было створана аб’яднанне, у якое ўвайшлі усе, хто выконваў грамадзянскі абавязак за межамі былога Савецкага Саюза. Тады даводзілася вырашаць шмат праблем – паляпшэнне жыллёвых умоў, уладкаванне на працу, аздараўленне… Працавала тады незарэгістраваная арганізацыя пры падтрымцы раённага ваенкамата. Калі ўзнікалі складаныя праблемы і пытанні, у іх вырашэнні дапамагаў раённы выканаўчы камітэт, аддзелы ідэалагічнай работы і культуры.
А раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” была зарэгістравана дваццаць гадоў назад. Першым старшынёй яе быў Юрый Замара. Потым старшынямі нашай арганізацыі былі Саша Андралойць, Вацлаў Казлоўскі, Сяргей Чэпін.

– Вы даўно ўзначальваеце раённую арганізацыю? Якімі падзеямі азнаменаваўся гэты перыяд?

– Раённую арганізацыю я ўзначальваю сем гадоў. Якія падзеі запомніліся? Звычайныя, радавыя. Штогод – ушанаванне памяці нашых землякоў – Іосіфа Канстовіча, якія загінулі ў Афганістане, выконваючы грамадзянскі абавязак. Сустрэчы падчас святкавання Дня воіна-інтэрнацыяналіста і дзяржаўных святаў – Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

– Колькі воінаў-інтэрнацыяналістаў уваходзіць у склад раённай арганізацыі сёння?

– Сёння на тэрыторыі нашага раёна пражываюць 74 воіны-інтэрнацыяналісты. З іх 54 з’яўляюцца членамі раённай арганізацыі згодна з пададзенымі заявамі.

– Якія праблемы вам, як старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, даводзіцца вырашаць?

– Як правіла, збіраемся або на святы, або на сумныя падзеі – пахаванні нашых воінаў-афганцаў. Мы ўдзячны кіраўніцтву раёна і вобласці, якія падтрымліваюць нашы прапановы і пачынанні. Так было з кнігай “Удалечыні, за ракой”. Калі падчас адной з сустрэч са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Сямёнам Барысавічам Шапірам мы расказалі, што ў Гомельскай вобласці выйшла кніга, прысвечаная землякам, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, ён сказаў: “Мы выдадзім лепшую кнігу”. І кніга выйшла – яна сапраўды заслугоўвае ўвагі. Сёння яна ёсць ва ўсіх бібліятэках раёна, у школьных музеях, якія праводзяць вялікую работу па ўшанаванні памяці нашых загінуўшых землякоў.

– Як вы лічыце, якая роля раённай арганізацыі ў жыцці раёна?

– Прадстаўнікі нашай арганізацыі – актыўныя ўдзельнікі ўсіх раённых мерапрыемстваў і дзяржаўных святаў. Сёння галоўная задача – устаноўка помніка ў памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў. Пару гадоў назад пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта быў устаноўлены памятны знак воінам-землякам, якія загінулі ў ваеных канфліктах – гэта пачатак. Спадзяюся, што неўзабаве ў Астраўцы з’явіцца і помнік. Сёння любы жадаючы можа ўнесці ўклад у гэту дабрачынную справу – пералічыць любую суму на разліковы рахунак раённай арганізацыі ГА БРСМ ці аддзела культуры, якія займаюцца зборам сродкаў.

– Якія ўрокі сённяшняя моладзь можа атрымаць з вопыту людзей, што прайшлі Афганістан?

– У першую чаргу гэта любоў да Радзімы. Вернасць воінскай прысязе. Пачуццё гонару за нашу краіну. А яшчэ разуменне, што Радзіма – гэта ўсё, што нас акружае: родная зямля, дом, дзе нарадзіўся і вырас, горад, у якім вучышся і жывеш. Гэтыя пачуцці павінны быць выхаваны ў кожнага чалавека.

– Старшыня рэспубліканскай арганізацыі Валерый Гайдукевіч у адным інтэрв’ю адзначаў, што адна з найважнейшых задач аб’яднання – патрыятычнае выхаванне моладзі. Што ў гэтым накірунку робіць наша раённая арганізацыя?

– Абараняць сваю Радзіму і сям’ю павінен кожны чалавек. Таму так важна данесці школьнікам, асабліва хлопчыкам, інфармацыю аб важнасці выканання мужчынскага абавязку – службы ў арміі. Прадстаўнікі нашай арганізацыі рэгулярна сустракаюцца са школьнікамі, расказваюць пра службу, пра тое, што не варта баяцца армейскіх цяжкасцей і патрэба годна выконваць воінскі абавязак.

Якія ў вас планы на будучыню?

– Цяпер самае галоўнае – устаноўка помніка. Эскіз яго ўжо зацверджаны. Працаваць над помнікам будзе скульптар Ігар Засімовіч. А яшчэ хацелася б, каб у гонар землякоў, якія загінулі ў Афганістане, былі названы вуліцы нашага горада.

– Традыцыйна ў такія дні гучаць віншаванні. Што з нагоды юбілею вашай арганізацыі вы хацелі б пажадаць воінам-інтэрнацыяналістам?

– Здароўя, сямейнага дабрабыту і чыстага неба над галавою!

– Дзякуй за гутарку. Усяго вам найлепшага і каб вашы планы абавязкова ажыццявіліся!

---------------------------------------
Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.