Гісторыя двух вершаў

14:00 / 24.03.2013
Дзіўны ўсё ж такі лёс у беларускага народа. Пачынаючы з 1385 года, з моманту падпісання Крэўскай уніі, іх на працягу больш шасці стагоддзяў стараліся адвучыць ад уласнай мовы, ад нацыянальнай тоеснасці. Хіба думалі ліцвіны на чале з князем Ягайлам, калі перад пагрозай чарговай вайны аб’ядноўваліся з маленькай (у разы чатыры меншай за Вялікае Княства Літоўскае!) Польшчай, што тая здолее “падмяць” іх уласную краіну, зрабіць яе другасортнай? Каб выхваляцца потым, што Рэч Паспалітая – “ад мора да мора”…
Стагоддзе за стагоддзем беларускую мову ганьбілі і забаранялі – то палякі, то рускія... А лепшых сыноў Беларусі, якія стараліся яе адрадзіць, прыніжалі, высылалі, а то і проста знішчалі. І ўсё ж…

СТО ГАДОЎ ТАМУ


…Калі царскае самадзяржаўе захісталася, і яго “шчупальцы” на горле “заходніх губерній” аслабелі, пачалося актыўнае адраджэнне беларускай нацыянальнай свядомасці. Яшчэ ў 1915 г. у заходняй частцы Беларусі, акупіраванай нямецкімі войскамі, была створана грамадская арганізацыя “Хрысціянская злучнасць”. Сярод яе арганізатараў былі віленскі біскуп Э. Роп, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, ксёндз Аляксандр Астрамовіч ды іншыя. Арганізацыя мела ліберальна-канстытуцыйны напрамак.
Пасля Рыжскай мірнай змовы (1921) Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя стала дзейнічаць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая адышла да Польшчы (цэнтр знаходзіўся ў Вільні). Хрысціяне-дэмакраты змагаліся за нацыянальную свядомасць беларускага насельніцтва вёсак і мястэчак, заклікалі адстойваць права на беларускую мову ў школах і ў рэлігійным жыцці. У авангардзе беларускага адраджэння былі ксяндзы Адам Станкевіч (пасол Сейма), Вінцэнт Гадлеўскі (парафія ў Жодзішках), Андрэй Цікота (парафія ў Друі), Францішак Рамейка (парафія Задарожжа) і інш. Яны выдавалі беларускамоўныя газеты, былі актыўнымі барацьбітамі за ўвядзенне беларускай мовы ў Літургію.
Але польскія ўлады лічылі падобную дзейнасць незаконнай – праследаванне беларускамоўных ксяндзоў нарастала. Ратавала адно: да святароў-беларусаў лаяльна ставіўся віленскі біскуп Юры Матулевіч, святар і чалавек шырокай душы. Як тады казалі, біскуп быў “роўным да ўсіх”. Сітуацыю з беларускай мовай, якую ўрад Польшчы падкрэслена лічыў мовай маргіналаў, біскуп лічыў несправядлівай.
З дзённіка Матулевіча: “Меў размову з вікарыем Міхалам Жуком з Лебедзева. Ён пытаўся, ці можна карыстацца беларускай мовай для навучання ў касцельнай школцы і ў звычайнай, бо дзеці інакш не разумеюць. Я адказаў яму: так. Не разумею, як можа быць інакш. Тады ён запытаў, ці можна і казанні прамаўляць па-беларуску? “Спадзяюся на тваю мудрасць, – адказаў яму. – Глядзі, каб у касцёле праз гэта не дайшло да непрыемнасцей.” Думаю, што справы беларускія патрабуюць неадкладнага рашэння – як да гэтага часу, дык яны вырашаліся не па-каталіцку”.
Не па-каталіцку… А канфлікт наспяваў. Ксёндз Юзаф Германовіч з Лапеньскай парафіі (Ваўкавыскі павет) дакладаў, што “…пасля таго, як 27 ліпеня і 3 жніўня 1919 года ксёндз Канстанты Стэповіч (сын Астравеччыны – святар і паэт Казімір Сваяк) сказаў у мясцовым касцёле казанне па-беларуску, святару быў аб’яўлены байкот усім мясцовым духавенствам на чале з дэканам Н. Тарасевічам.
Кс. Міхал Пятроўскі, пробашч парафіі Баруны, атрымаў у жніўні 1919 года ліст ад свайго ашмянскага дэкана Ч. Гурскага, у якім той, у прыватнасці, пісаў: “Прашу прыслухацца да маёй прыяцельскай парады: размаўляць па-беларуску, а тым больш мець беларускія казанні не раджу. (…) Не раджу, бо ўжо ўсе ўлады крайне абураныя ўчынкам пробашча… Паліцыя шле скаргі, і ксёндз-пробашч можа мець вялікія непрыемнасці. Папярэджваю і не раджу.” Падобны ліст дэкан выслаў і пробашчу Цудзенішскай парафіі, якая мяжуе з Астравеччынай.
А пробашч з Лаварышкаў Ян Семашкевіч (сын Астравеччыны – святар і паэт Янка Быліна) нават не паспеў прамовіць казанне па-беларуску – група парафіян стала пагражаць яму буйнымі непрыемнасцямі. Пазней высветлілася, што падбухторыў людзей былы пробашч кс. Груздзь, які, даведаўшыся пра намер кс. Семашкевіча прамаўляць па-беларуску, пачаў палохаць людзей, што “беларусы хочуць перавесці касцёл у праваслаўе”. Рэакцыяй на гэтую сітуацыю быў поўны горычы верш Яна Семашкевіча “Да маіх даўнейшых прыяцеляў Палякаў”, які быў надрукаваны на старонках “Крыніцы” ў 1920 годзе.


Чаму так злосна закрычалі
І звязак кінулі са мной,
І славу мне цяпер стапталі
Як топчуць людзі подлы гной!
За што?
Што я прызнаўся да народу,
З каторым доўга жыў – узрозь?
Што я хачу, каб меў свабоду,
Нядолі путы з сябе строс?
Каб ён асвету здабыць мог,
А з вамі, брацця Палякі,
Не так, як дзікія ваўкі,
Жыў, а так, як нам кажа Бог!
За то!
О, Беларус, мой братка родны!
Скажы, у чым твая віна?
Што ты асветы мо зярна
Не бачыў сярод сваіх ніў?
Што ты ўвесь век усё галодны
А ўсіх трудом сваім карміў?
Што ты ў няволі доўга гніў
І быў цярплівы, як той слуп?
Што ўсе табою пагарджалі
І толькі хамам называлі.
А ты застаўся, як той дуб,
Крэпкі, моцны сярод поля
І дачакаўся, што цяпер
Асветы промень гляне ў дзвер
І скончыцца твая няволя!
У тым твая, браток, віна,
Што ты збудзіўся ўжо са сна –
Не хочаш больш чужой апекі,
А вольным быць праз вякоў векі.

Але беларускія святары не хацелі здавацца.
12-13 ліпеня 1921 года ў Вільні адбыўся з’езд беларускага каталіцкага духавенства, арганізатарамі якога сталі ксяндзы Ільдэфонс Бобіч, Уладзіслаў Талочка і Адам Станкевіч. У прыватнасці, на ім было створана аб’яднанне беларускіх ксяндзоў, аднак улады адмовіліся прызнаць легальнасць новага аб’яднання. Ксяндзы звярнуліся і да Папскага нунцыя з просьбай арганізаваць беларускі касцёл – падобна таму, як ужо быў арганізаваны ўкраінскі, літоўскі, латышскі… Беларускі зварот застаўся без адказу…
У жніўні 1922 г. была адноўлена штотыднёвая газета “Крыніца”. Рэдактарам яе на пэўны тэрмін зноў стаў кс. Адам Станкевіч. Але замест ранейшага падзагалоўка “Беларуская хрысціянска-дэмакратычная газета” з’явіўся новы – “Сялянская газета”.
Набліжаліся выбары ў Сейм, і “Крыніца” заклікала галасаваць за беларускіх кандыдатаў, бо толькі свой чалавек у стане прадстаўляць інтарэсы мясцовага насельніцтва. Ксяндзы А. Станкевіч, В. Гадлеўскі, В. Талочка, Д. Анішка перасцярагалі
беларусаў наконт планаў польскіх партый, якія мелі намер “апалячыць усходнія крэсы”. Вынікі выбараў для беларусаў былі паспяховымі – з шаснаццаці прэтэндэнтаў у сойм прайшлі 14. Сярод іх і кс. Адам Станкевіч.
Гэтая перамога акрыліла змагароў за нацыянальную свядомасць. Іх погляды становяцца больш радыкальнымі, а дзейнасць – актыўнай. Як следства, узмацняецца і іх праследаванне.
10 лютага 1925 года польскі ўрад падпісаў канкардат з Ватыканам, у адпаведнасці з якім беларус не меў права быць біскупам, а беларуская мова не мела права гучаць у касцёлах без папярэдняга ўзгаднення з Канферэнцыяй біскупаў.
Газета “Крыніца” назвала гэты канкардат сапраўдным папіраннем правоў беларусаў, быццам беларусы адносяцца не да каталіцкага, а да польскага касцёла. А 20 сакавіка 1925 года беларускае духавенства звярнулася да Папскага нунцыя ў Варшаве з прапановай перагледзець некаторыя артыкулы канкардата, выдаць спецыяльны дазвол на выкарыстанне беларускай мовы падчас казання, дазволіць беларускім святарам выбірацца на біскупскую пасаду ў Вільні, Пінску і Ломжы, арганізаваць у Віленскай і Пінскай семінарыях пастаянны курс беларускай мовы…
У звароце да Канферэнцыі біскупаў ад 19 сакавіка гэтага ж года беларускія святары паведамлялі, што на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай пражывае больш за мільён беларусаў і прапаноўвалі ўзаконіць у набажэнствах беларускую мову. Зварот падпісалі 15 ксядзоў: пралат Пінскай капітулы кс. Юзаф Абрантовіч, прафесар Віленскай духоўнай семінарыі кс. Юзаф Рэшаць, ксёндз-дэкан з Глыбокага Антоні Зянкевіч, пробашч з Жодзішкаў Вінцэнты Гадлеўскі, пробашч з Друі кс. Андрэй Цікота, пробашч з Задарожжа кс. Францішак Рамейка, пасол Сейма кс. Адам Станкевіч, пробашч з Барадзенішчаў Віктар Шутовіч, пробашч з Лаварышкаў кс. Ян Семашкевіч, пробашч з Засвіра кс. Канстанты Стэповіч, пробашч з Тракеляў кс. Міхал Шалкевіч, вікарый з Друі кс. І. Хамёнак, пробашч з Удзялы кс. Э. Аляшкевіч, пробашч з Далгінава кс. Ф. Аўгустыновіч, пробашч з Крашына кс. Антоні Шышка.
Канферэнцыя біскупаў разгледзела зварот беларускіх святароў і прыйшла да высновы, што патрэбы вернікаў усіх нацыянальнасцей павінны вырашацца далікатна і справядліва. Аднак высакароднае рашэнне біскупаў ніяк не паўплывала на далейшы ход падзей.


ЗВОН З ЗВАНІЦЫ ЗВАНІЎ…


Кс. Вінцэнт Гадлеўскі прыехаў у Жодзішкі ў 1921 годзе. Тры гады там стаяў нямецка-рускі фронт, у выніку чаго мястэчка было фактычна зруйнаваным. Разам з парафіянамі святар адбудаваў касцёл. Шмат рабіў ён і для мясцовага люду – дапамагаў атрымаць лес для будоўлі пагарэльцам і ахвярам вайны, бараніў іх правы.
У польскім заканадаўстве тых часоў існавала наступная практыка: маёмасць сялян, якія не маглі заплаціць падатак, прадавалася іх суседзям. Кс. Гадлеўскі з амбоніі заклікаў людзей аддаваць набытае яго былым гаспадарам бясплатна. Мясцовыя ўлады аб’яўлялі падобную навуку злачынствам, а простыя людзі ўсё мацней гарнуліся да святара.
У 1924 годзе кс. Гадлеўскі ўвёў у Імшу беларускую мову. 20 лістапада гэтага года ў Віленскую курыю ён даслаў ліст, у якім прасіў у біскупа Матулевіча дазвалення перайсці на беларускую мову. “Першае казанне на беларускай мове выклікала пэўнае замяшанне, – пісаў святар. – Але ў наступную нядзелю касцёл быў запоўнены людзьмі нібы на гадавое свята”. І так стала адбывацца кожны раз: на беларускай імшы людзей было – як зярнятаў у гарбузе, а на польскай – усяго каля 30-ці чалавек.
Уладу, вядома ж, гэта не магло не напалохаць – не паспееш аглянуцца, як хамы падымуць галовы… Спешна было арганізавана пісьмо ад мясцовай шляхты са слёзнай просьбай прыняць тэрміновыя меры. “Ах так!” – у адказ парафіяне пачалі збіраць подпісы ў падтрымку свайго ксяндза, і гэтых подпісаў аказалася непараўнальна больш…
Для высвятлення сітуацыі біскуп Матулевіч стварыў спецыяльную камісію, у склад якой увайшлі дэкан са Свіры кс. Валерыян Галяк, пробашч з Данюшава кс. Станіслаў Кударэўскі і кс. Казімір Паўловіч з Кабыльнікаў.
І вось 26 красавіка 1925 года адбылося “адкрытае галасаванне” – у прысутнасці камісіі жодзішскія палякі і беларусы пачалі “высвятляць адносіны”. Беларусаў было непараўнальна больш, але “выкшталцоныя і багацейшыя” палякі не думалі здавацца… Сітуацыю вырашыла зброя – у Жодзішкі прыбыла павятовая паліцыя, і на касцельнай званіцы паліцыянты ўстанавілі кулямёт. Беларусы зразумелі, чые аргументы ён гатовы падтрымаць, і вымушаны былі адступіцца...
У тым, што тады абышлося без праліцця крыві, заслуга ксяндза Гадлеўскага. А камісія даслала ў курыю рапарт, у якім сцвярджала, што 40 працэнтаў парафіі ў Жодзішках – палякі, 60 – беларусы. І што ва ўсім гэтым “замяшанні” вінаваты мясцовы пробашч. Ужо 30 красавіка кс. Вінцэнт Гадлеўскі даслаў ліст біскупу Матулевічу, у якім напісаў, што камісія, прадстаўленая выключна польскімі святарамі, была неаб’ектыўнай, што ў Жодзішскай парафіі каля 80-ці працэнтаў вернікаў беларусы…
За “антыдзяржаўную дзейнасць” святара Гадлеўскага асудзілі на два гады пазбаўлення волі.
А іншы святар – Канстанты Стэповіч (Казімір Сваяк), нямоглы, хворы, якому жыць засталося ўсяго толькі год, адгукнуўся на гэтую падзею вершам, які так і назваў


Званіца ў Жодзішках
На Вяллі берагу, у зялёным кругу
Клёнаў, ліп і бяроз мнагалетніх
Стаіць Божы Касцёл,
чысты-бел як анёл, –
Селянішча народных дум светлых.
Хвала Богу там йшла,
аж крапчэла душа,
Разлагалась жывое там слова;
Песня райскай вясны,
маўляў, майскія сны,
Там цвіла – і жыла наша мова
Аж злы дух зайздраваў,
што Бог міласць спаслаў
Беларускаму беднаму люду:
Вось спакусу наслаў,
усё пекла падняў,
Каб не даці жыцця дзецям труду.
І наслалі паслоў –
“міласцівых” айцоў –
Рассудзіць, хто чакае збаўлення
У вясне маладой,
а хто хоча з нудой
Валачыся ў шляхоцкім зацьменні.
Пад званіцу на сход
бяжыць шчыры народ
Паказаць сваю вольную волю:
Камісар там стаіць,
вокам крыва глядзіць,
Што народ бярэ лепшую долю.
Гіне слава паноў,
народ выбраць гатоў –
Аб чым сэрца даўненька стагнала:
Свой радзімы загон,
сваю мову – Закон,
Каб душа ў ласку Божу ўрастала.
Благі вечна выход…
Хоць цягні кулямёт –
Неспакойны прыслужнікі пана:
Разагнаць трэба люд,
каб напрасны быў труд,
Каб асталась душа закавана!
А народ наш шуміць,
навальніцай гудзіць:
Будзе воля, свабода і доля!
Хай грымяць перуны,
хай хоць трэснуць паны,
А душа такі знайдзе прыволле!..
Звон з званіцы званіў,
на ўвесь свет галасіў
Аб нядолі і крыўдзе балючай;
І збудзіў русняка –
і збудзіў бедака –
Да жыцця і да праўды кіпучай.
Нездавольны паны.
Абкружылі яны
Колам цесным сталёву званіцу;
І знялі яны звон – ненавісны бо ён!
Павязлі аж у Вільню ў вязніцу.
Ад вакон да вакон
гоне вестка як звон,
Што жыве наш сярмяжнік-калека,
Хоць груганавы рой – Божа!
Божа Ты мой!
Сочыць ўсюды і ўсцяж чалавека.
Пан камандуе ім,
гэтым роем благім, –
Як рабак точыць дух селяніна,
Точыць цела і дух
з чартом разам удвух,
Аж ударыць паўночы гадзіна…
Пад крык пеўняў
і соў дух нячысты паноў
Западзецца ў цемру сляпую:
Залаты сонца свет,
ласкі Божай прывет,
Апраменіць сям’ю трудавую.
Явай станецца сон…
Аб чым весціў наш звон
І што дух наш у муках прарочыў,
Тое дзень прынясе –
і па слёзнай расе
Выйдзе ў людзі сялянец рабочы.

Нумар, у якім газета “Крыніца” надрукавала артыкул “Праўда пра Жодзішкі” быў канфіскаваны, не дайшоў да чытачоў і нумар, у якім быў апублікаваны верш Сваяка. А неўзабаве “Крыніцу” наогул закрылі.


“…Мой ідэал, як каталіцкага ксяндза, зьвязанага паходжаньнем з беларускім народам, – быць з гэтым народам. Для мяне гэта логічны абавязак, а не якась рэч густу, сымпатыі. Я зусім не хачу пытаць сябе, ці мне гэта падабаецца, ці карысна, ці цяжкая работа, ці лёгкія варункі, ці вочы мае тут бачаць якую карысьць. Тут маё месца, тут павінен сваю руку прылажыць я да работы”.
Кс. Уладзіслаў Талочка

РЭХА ПАДЗЕЙ У ЖОДЗІШКАХ


Падзеі ў Жодзішках мелі вялікі грамадскі рэзананс. У справакаванні супрацьстаяння палякаў і беларусаў урэшце абвінавацілі біскупа Юрыя Матулевіча, да якога пачалі адносіцца па-сапраўднаму варожа. Па ўспамінах яго былога сакратара, “…ананімныя лісты з пагрозамі на адрас біскупа прыходзілі амаль кожны дзень: у адных «невядомыя» пагражалі айцу Матулевічу расквітацца за ягоную «літваманію» і за беларускія казанні, якія ён дазваляў ксяндзу Адаму Станкевічу прамаўляць у касцёле Святой Ганны, другія – за «польскі шавінізм», а ад сімпатыі да «маскалёў і жыдоў» біскупа гатовыя былі адвучыць усе разам. Каля Вострай Брамы, куды вельмі часта наведваўся біскуп Матулевіч, амаль заўсёды яго пільнавалі спецыяльна нанятыя юнакі, якія, убачыўшы айца Юрыя, пад патокам брыдкай лаянкі абкідвалі яго пяском і камянямі”.
Урэшце біскуп не вытрымаў і 27 чэрвеня 1925 года накіраваў ліст Святому Айцу Пію ХІ, у якім папрасіў аб адстаўцы. “Палякі, – пісаў, у прыватнасці, біскуп Святому Айцу, – лічаць сябе на гэтай тэрыторыі пануючым класам, усё грамадскае жыццё трымаюць у сваіх руках і ім кіруюць…”
3 жніўня 1925 года адстаўка біскупа была прынята. Якога толькі бруду, якіх толькі абвінавачванняў у адрас святара Юрыя Матулевіча ні прагучала пасля яго ад’езду з Вільні – і ў намеранай крыўдзе палякаў, і ў патуранні беларусам і літоўцам, і ў нацыяналізме, і нават у шавінізме…
Дарэчы, зацкаваны з усіх бакоў біскуп Матулевіч, якому многія гады біскупства давялося існаваць паміж, так бы мовіць, польскім молатам і беларуска-літоўскай накавальняй, пражыў нядоўга – праз паўтара гада пасля выхаду ў адстаўку (27 студзеня 1927-га) на 56-м годзе жыцця ён памёр і быў пахаваны ў Каўнасе. Пазней яго цела было перанесена.
А 28 чэрвеня 1987 года ў Рыме адбылася беатыфікацыя арцыбіскупа Юрыя Матулевіча – Святы Айцец Ян Павел ІІ прылічыў яго да сонму блаславёных.
Новы віленскі біскуп Ялбжыкоўскі не паўтарыў памылак свайго папярэдніка – любыя праявы беларускасці ён метадычна знішчаў у зародку. За беларускімі святарамі старанна сачылі і пры найменшым падазрэнні высылалі іх у польскія парафіі, “каб не было з кім разгаварыцца”. Найбольш актыўных, пазбаўлялі святарскага сану або нават садзілі ў турму…
Кс. Яна Семашкевіча перавялі ў Польшчу. Ён і пахаваны на польскай зямлі – ля касцёла ў мястэчку Бомбля. І калі некалькі гадоў таму краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць падчас наведання магілы святара разгаварыўся з адной з былых яго парафіянак і запытаўся, ці ведае яна, што Ян Семашкевіч – з беларусаў, тая з абурэннем адказала: “Ксёндз Семашкевіч – правдзівы, з крві і косьці, поляк”.


ФРАНЦІШАК РАМЕЙКА. ЖЫЦЦЁ ДА КЯМЕЛІШАК


Ён нарадзіўся 11 ліпеня 1885 года на Свіршчызне. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю, працаваў у Вільні, у Іўі, у парафіі Шарашова (непадалёк ад Пружан). Менавіта тут, у Шарашова, казанні ксяндза Рамейкі ўпершыню загучалі на беларускай мове. На роднай мове ён загаварыў да нашчадкаў колішніх жыхароў мястэчка, якія ў 1863 годзе падтрымалі паўстанне Каліноўскага і развіталіся з жыццём на шыбеніцах, якімі царскія ўлады з двух бакоў абмежавалі доўгія вёрсты прасёлачнай шарашоўскай дарогі. Для ўнукаў гэтых людзей ксёндз адчыняў беларускія школы, стварыў хор. Ім, як мог, нёс праменьчыкі агульнай адукацыі.
Кс. Францішак Рамейка ўваходзіў у раду Беларускіх хрысціян-дэмакратаў. Удзельнічаў у канферэнцыях, падпісваўся пад лістамі і зваротамі, якімі беларускія святары спрабавалі прабіць дарогу ў храм роднай мове.
У 1923 годзе яго перавялі ў Дзісненскі павет – у парафію Задарожжа. Падалей ад цэнтра, каб не мазоліў вочы сваёй беларускасцю. А кс. Рамейка і там не страціўся – і ў Задарожскім касцёле загучала беларускае слова, заспяваліся беларускія песні, запрацавала школа, быў арганізаваны нават прытулак. Хоць ставіліся да яго з недаверам. Сачылі. Падпільноўвалі..
Калі аднойчы падчас навальніцы пярун стрэліў у касцёл, пашкодзіў сцяну і арган, тут жа папоўз шэпт: “Кара нябесная! За тое, што спяваюць на хорах па-беларуску…”
Цяжка на водшыбе… Складана, калі няма з кім падзяліцца думкамі. Але святар не траціць прысутнасці духу – запрашае ў парафіяльны храм ксяндзоў-аднадумцаў. “Кажы ім па-беларуску, – просіць ён кс. Язэпа Германовіча. – Не бойся. Я тут пробашч. А на кпіны не звяртай увагі”.
Паколькі і тут ксёндз Рамейка застаецца верны беларускай думцы, касцельныя ўлады ў 1929 годзе вырашаюць перакінуць яго ў Кямелішкі. У вельмі неадназначнае мястэчка…


ТАЯМНІЦА МЯСТЭЧКА


Пэўныя намёкі мне даводзілася чуць. Маўляў, некалі кямелішкаўцы забілі свайго ксяндза. І старэйшыя людзі ведаюць, хто забіваў, але маўчаць.
Некалькі разоў я нават спрабавала распытацца пра гэта ў мясцовых жыхароў, але кожны раз натыкалася на сцяну маўчання, глухога і шчыльнага.
Знітаваць падзеі ўдалося ўсё таму ж Алесю Юркойцю, які знайшоў магілу забітага святара – кс. Вінцэнт Баневіч пахаваны на тэрыторыі сучаснай Літвы, на могілках мястэчка Каркожышкі. А яшчэ Алесю Яўгенавічу ўдалося сустрэцца з 93- гадовым Янам Сямашкам, які ўсё жыццё пражыў у Дубатоўцы, паблізу Кямелішак, а цяпер жыве ў сына на Літве. Ён і расказаў пра тыя падзеі.
8 лістапада 1924 года пробашча Кямелішкаўскай парафіі ксяндза Вінцэнта Баневіча знайшлі забітым. Стан памерлага сведчыў: над ім доўга здзекваліся. Мяркуючы па пакінутых слядах, мардаваннем ксяндза займалася цэлая шайка. Адзінай зачэпкай стала шапка, якую выпадкова пакінуў на месцы злачынства нехта з забойцаў. За гэтую ўліку і зачапілася паліцыя…
Праз нейкі час у адну з астравецкіх крамаў звярнуўся мужчына, з непакрытай галавой, які хацеў набыць сабе шапку. Гаспадар крамы абслужыў пакупніка і, памятаючы папярэджанне, тут жа паведаміў аб гэтым выпадку мясцовым паліцыянтам.
Мужыка арыштавалі. Неўзабаве ён прызнаўся, што сапраўды забіў ксяндза – паквапіўся на касцельныя залатнікі (якіх, як высветлілася, у 61-гадовага ксяндза і не было зусім). Усю віну арыштаваны ўзяў на сябе – ягоныя палечнікі засталіся на волі. Кямелішкаўцы ведалі іх прозвішчы, але маўчалі – баяліся, відаць, стаць наступнай ахвярай забойцаў…


РАМЕЙКУ – У КЯМЕЛІШКІ!


Чатыры з паловай гады пасля гэтай трагедыі пратрымаўся ў Кямелішках ксёндз Гілярый Даніловіч. А далей залатаць небяспечную брэш касцельныя ўлады вырашылі неблаганадзейным беларусам. І, згодна з загадам біскупа, у пачатку красавіка 1929 года ксёндз Рамейка прыбыў у парафію.
У Кямелішкі, жыхары якіх і сёння пазіцыянуюць сябе палякамі, а ўжо тады, у 1929-ым… Наўрад ці ксёндз Рамейка сустрэў у мястэчку і яго ваколіцах хоць аднаго чалавека, які адазваўся б да яго па-беларуску – не таму, што ніхто тут не ведаў гэтай мовы, а таму, што лічылі яе другасортнай – для бедных.
Не трэба было арганізоўваць школу – у мястэчку даўно працавала польская. Не было каму прапанаваць свежы нумар “Крыніцы” ці беларускую кніжку. Катэхізацыя? Прошэн бардзо, але в ензыку ойчыстым…
Нецярпімасць польскіх улад. Новы біскуп нават забараніў чытаць беларускамоўную прэсу. Праследаванні, якія ўсё шчыльней накрывалі беларускі рух – ксяндзу Гадлеўскаму далі два гады турмы… А яшчэ поўная ізаляцыя. І немагчымасць працягваць любімую справу. І спрадвечная беларуская абыякавасць тых, дзеля каго ты гатовы аддаць сваю душу…
А тут яшчэ грып, пасля якога нешта здарылася са зрокам…
16 чэрвеня 1931 года Францішак Рамейка прыехаў у Вільню. Зайшоў у кватэру да ксяндза Адама Станкевіча. Таго не было дома, і гаспадыня прапанавала пачакаць у пакоі. Згадзіўся. Прысеў. Потым ускочыў, доўга мерыў пакой неспакойнымі крокамі. Сеў за стол, на аркушы паперы папрасіў прабачэння за свой учынак. І прыставіў пісталет да скроні. Той самы, які яму выдалі дзеля абароны ад кямелішкаўскіх бандытаў…
Грымнуўшы затым стрэл рэхам пракаціўся па віленскім Зарэччы – ксяндза Рамейкі не стала...
Святар-самагубца… Страшнае словаспалучэнне. Немагчымае ў прынцыпе.
Колькі ж болю давялося перажыць ксяндзу Францішку! Невыносны гнёт польскіх касцельных улад, нямецкая акупацыя Першай сусветнай, пагроза бальшавізму з усходу і нараджэнне фашызму на заходзе… Фанабэрыя адэптаў польскасці. І забіты, запалоханы, галодны, убогі беларускі народ. Якому так безнадзейна “ўсё роўна”…
Да якой глыбіні пакуты мусіў дайсці святар, каб насуперак усяму свайму жыццю і сваёй веры рашыцца націснуць на курок?! Хіба мы, сённяшнія, сытыя, спакойныя і… па-ранейшаму абыякавыя, маем права яго асуджаць?!
Тагачасны віленскі біскуп пракаменціраваў гэты выпадак, як нервовы шок. І, па версіі Янкі Драўніцкага, дазволіў пахаваць самагубцу-ксяндза на Бернардынскіх могілках. Амаль на досвітку, каб на пахаванні не было людзей…
Аднак у кнізе рэгістрацыі Бернардзінскіх могілак запіс аб пахаванні кс. Рамейкі адсутнічае.


ТРАГІЧНЫ ФІНАЛ АДРАДЖЭННЯ


Кс. Канстанты Стэповіч памёр ад сухотаў у 1926 годзе. Кс. Станіслаў Глякоўскі быў арыштаваны немцамі на канферэнцыі беларускіх настаўнікаў у Мінску 15 снежня 1941 года – месца і дата яго забойства невядомы. Кс. Гадлеўскага немцы арыштавалі і закатавалі 24 снежня 1942 года (у ноч на Ражаство). Ксяндза Адама Станкевіча замардавалі ўжо саветы ў 1949-м – у Азярлагу (Тайшэт). У сібірскіх лагерах 11 лютага 1952 года года памёр кс. Андрэй Цікота, асуджаны на 25 гадоў. Такі ж прысуд – 25 гадоў лагераў – быў вынесены і кс. Юзафу Германовічу (Вінцук Адважны). Кс. Фабіян Абрантовіч памёр у 1946 годзе ад катаванняў у Бутырскім астрозе. 10 гадоў правёў у турме кс. Віктар Шутовіч. Арыштаваны быў і Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля)…
Чаму ж, чаму такой ненавіснай была беларуская мова для ўсіх тых, хто хацеў панаваць на нашай зямлі? Няўжо (цытую Казіміра Сваяка) толькі тым, што “…яна простая, у той час, як усе іншыя мовы скрывіліся?”


----------------------------------------
Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.
Пры падрыхтоўцы гэтага артыкула
аўтар карысталася матэрыяламі Малгажаты Мароз,
Паўла Севярынца, Гэлены Глагоўскай і інш.