Добрая песня не стареет

19:00 / 22.03.2013
Ёсць песні, якія непадуладны часу, жывуць ідэаламі дабра, любові, прыгажосці. Сярод такіх шмат песень 80-х гадоў ХХ стагоддзя – задумлівыя і вясёла-гарэзлівыя, энергічна-рытмічныя, непасрэдна-шчырыя, але такія меладычныя. Да іх звярнуўся кіраўнік і арганізатар праекта “Рэтра-фестываль эстраднай песні 80-х г. ХХ ст.” Аляксандр Альховік, настаўнік музыкі і спеваў Варнянскай ясляў-сада-сярэдняй школы.

Кожны клас рыхтаваў сваю эстрадную песню (кансультаваў і дапамагаў юным артыстам Аляксандр Пятровіч): у каго было сольнае выступленне, хто рыхтаваўся спяваць усім класам. У конкурсе, які падтрымала і дапамагла з тэхнічным і мастацкім афармленнем педагог-арганізатар Наталля Іосіфаўна Самко, ацэньвалася манера выканання, кампазіцыйнае бачанне характару песні, касцюм выканаўцы, выканаўчае майстэрства, словам, – той сцэнічны вобраз, які паказаў кожны ўдзельнік фестывалю.
І вось бітком запоўненая актавая зала школы, гучаць фанфары, на сцэне – вядучая Дар’я Блашкевіч. Колькі цудоўных слоў яна сказала ў адрас песень 80-х гадоў! Гледачы былі ўважлівымі і да Дашы, і да ўдзельнікаў фестывалю.
Зала раз-пораз узрывалася апладысментамі: гледачы вельмі цёпла прымалі спевакоў.
На экране з’яўляліся зоркі-куміры 80-х гадоў, аўтары, выканаўцы папулярных тады песень: група “Ласкавы май”, Аіда Вядзішчава, група “Міраж”, Людміла Гурчанка, група “АББА”, “Вясёлыя рабяты”, Ігар Мікалаеў, Аляксандр Зацэпін, Валянціна Легкаступава і інш. У зале гучалі песні, пад якія прызнаваліся ў каханні бабулі і дзядулі сённяшніх вучняў. Гэтыя песні – часцінка душы старэйшага пакалення, яго духоўная спадчына.
Конкурс адбываўся па дзвюх групах, старэйшай і сярэдняй. Журы складалі кампетэнтныя людзі з музычнай адукацыяй – Майя Ляшчэўская, дырэктар Варнянскага СДК і Аліна Аўгуль, настаўніца Варнянскага ясляў-сада-сярэдняй школы. Вельмі спадабалася выкананне песні “Ягада-маліна” Юліяй Кірпа – яна заняла першае месца ў старэйшай групе, бо стварыла свой песенны вобраз, а ў выканне ўклала ўсю душу. У малодшай групе ўсіх пакарылі вучні 5 “Б” класа з песняй “Вандроўныя артысты”, – яны атрымалі першае месца, бо стварылі вясёлую музычную кампазіцыю, у якой спявалі і танцавалі ўсе вучні класа. Балельшчыкі пагадзіліся з журы, хоць выкананняў і галасоў было шмат цудоўных: Дар’я Нядведская, Максім Лісоўскі з песняй “Стары млын”, Вікторыя Лось з песняй “Музыка нас звязала”, Яўген Юркойць з песняй “Я доўга буду гнаць веласіпед”, Ігар Акіншын з песняй “Дзяцінства” і іншыя.
Вучні спявалі ад душы, шчыра і сардэчна – гэтак жа прымалі іх слухачы. “Добрая, сардэчная, таленавітая песня не старэе”, – усе пагадзіліся са словамі вядучай Дашы Блашкевіч.


----------------------------------------------------
На свяце пабывала Людміла ГУЗАВА.


Фота з сайта lynfredwheeling.wordpress.com.