"Касінеры Астравеччыны перад навальніцай"

10:00 / 02.03.2013
Прычын для паўстання 1863 года было шмат: незадаволенасць сялян умовамі аграрнай рэформы 1861 года, якія інакш, як рабаўніцкімі, і назваць цяжка; памкненне шляхты да адраджэння Рэчы Паспалітай; агульнае абурэнне палітыкай расійскай улады на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы. Аб тым, што выспявае выбух гэтага абурэння, сведчылі і падзеі на Астравеччыне.

19 лютага 1861 года імператар Аляксандр ІІ падпісаў “Палажэнне аб сялянах”, у якім абвяшчалася свабода сялян. Аднак большая частка зямлі заставалася ў валоданні памешчыкаў – сяляне за свае невялікія надзелы мусілі заплаціць вялізны выкуп. Да таго ж, на працягу некалькіх гадоў яны павінны былі паранейшаму адбываць паншчыну (часова-абавязаны стан).
Усе гэтыя палажэнні выклікалі крайнюю незадаволенасць сялян, якія лічылі маніфест цара несапраўдным.
15 сакавіка 1861 года ўладальнік Міхалішак пан Котвіч зачытаў “Палажэнне аб сялянах” перад жыхарамі мястэчка, але сяляне адмовіліся далей адбываць паншчыну. Тое ж самае адбылося ў Варнянах, Гервятах, Рымдзюнах, Турлах. Справа аб хваляваннях у пералічаных населеных пунктах дайшла нават да віленскага генерал-губернатара Назімава. На месца быў накіраваны земскі іспраўнік П. Грыгор’еў, які паспрабаваў упэўніць сялян у неабходнасці падпарадкавацца, але тыя адмовіліся.
Для навядзення парадку прыбыла 12-я рота Лібаўскага пяхотнага палка на чале з жандармскім падпалкоўнікам Адамовічам. 28 сакавіка ў Міхалішкі і Гервяты прыехалі: чыноўнік па асаблівых даручэннях пры віленскім генерал-губернатары граф Тышкевіч і станавы прыстаў Манукевіч. Іх суправаджалі 10 чалавек аховы. Угаворамі і пагрозамі графу ўдалося схіліць сялян да падпарадкавання.
Зусім інакш сітуацыя склалася ў Турлах. Тут Тышкевіч і Манукевіч загадалі пакараць розгамі аднаго з “зачыншчыкаў”, але яму на выручку кінуліся паўтры сотні аднавяскоўцаў. Дваровы чалавек Вінцук Васілёнак нават падгаварваў сялян ісці на Тышкевіча з сякерамі. Пасля прыбыцця Адамовіча з салдатамі Васілёнак быў арыштаваны.
29 сакавіка Адамовіч прыбыў у Варняны, дзе зноў жа “жалезнай” рукой навёў парадак. Пад арышт быў узяты дзясяцкі Фадзей Палевіч.
30 сакавіка ў Дубніках у падобнай сітуацыі пяцёра сялян былі пакараны розгамі, арыштаваны быў Дамінік Пешка. Яго і Палевіча праз нейкі час перавязлі ў турму ў Вільню.
Сваю роту Адамовіч падзяліў на дзве часткі, адну з якіх размясціў на пастой у Варнянах, другую – у Міхалішках.
Канфесіянальная палітыка самадзяржаўя таксама выклікала абурэнне насельніцтва – усе ўніяты аўтаматычна былі пераведзены ў праваслаўе, не даючы на гэта згоды. Што ж тычыцца каталіцтва, то пасля паўстання 1830-1831 гадоў яму давялося перажыць шмат рэпрэсій. Многія кляштары (у тым ліку Міхалішскі і Гудагайскі) былі зачынены, шэраг ксяндзоў арыштаваны.
Адным словам, “гаручага” для ўзнікнення паўстання на Астравеччыне хапала. Што ж здзіўляцца, калі жыхары Міхалішак, Варнян і іншых населеных раёнаў сталі актыўнымі байцамі будучых атрадаў.


ПАЧАТАК ПАЎСТАННЯ


Паўстанне ўспыхнула ў Польшчы 22 студзеня 1863 года і неўзабаве перакінулася і на тэрыторыю сённяшняй Беларусі.
Да яго рыхтаваліся загадзя, а пачатак быў прызначаны на лета 1863 года.


Аднак нечаканыя падзеі прымусілі змяніць планы. Царскія ўлады, рэгулярна атрымліваючы данясенні ад сваіх агентаў, разумелі выбуховасць сітуацыі і, каб пазбавіць паўстанне найбольш актыўных удзельнікаў, аб’явілі зімовы набор у войска маладых людзей з земляў Рэчы Паспалітай.
Кіраўніцтва баявымі дзеяннямі ў Беларусі ўзяў на сябе Літоўскі правінцыйны камітэт пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.
Па ўсіх паветах былі разасланы атрады паўстанцаў або, як іх называлі інакш, інсургентаў. ЛПК спадзяваўся, што яны “абрастуць” мясцовым насельніцтвам і ператворацца ў буйныя фарміраванні.
Атрад, выдзелены для дзеянняў на Астравеччыне, узначалілі 27-гадовы Фелікс Віславух і 25-гадовы Станіслаў Бухавецкі. Яны абодва паходзілі з дробнай шляхты, абодва былі рэвалюцыйна настроенымі студэнтамі і адносіліся да “чырвонага” (больш радыкальнага крыла) паўстання. Бухавецкі нават нейкі час змагаўся за свабоду Італіі пад сцягам Гарыбальдзі. Пазнаёміліся яны, дарэчы, менавіта ў Італіі, дзе абодва былі слухачамі польскай ваеннай школы, якая рыхтавала кадры для будучага паўстання.
Тут не лішнім будзе зрабіць невялікае адступленне. Буйная шляхта Астравеччыны (Абрамовічы, Котвічы, Дамейкі і інш.) да паўстання паставіліся неадназначна. З аднаго боку шляхта не была пазбаўлена патрыятызму і жадання вызваліцца з-пад гнёту “маскалёў”, але, з другога боку, баялася магчымых наступстваў. Імператар Мікалай І, якога за нянавісць да любой рэвалюцыі празвалі “жандармам Еўропы” і “Мікалаем Палкіным” рэпрэсіраваў многіх удзельнікаў, паўстання 1830-31 гг. – у лепшым выпадку іх чакала канфіскацыя маёмасці, у горшым – высылка ў Сібір або нават смяротнае пакаранне. Напэўна, падобныя абставіны сталі прычынай таго, што кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў на Астравеччыне сталі “прышлыя” людзі. Затое недахопу ў радавых байцах не было – сяляне і дробная шляхта актыўна ўліваліся ў атрады. Канешне, катастрафічна не хапала зброі. Толькі ў некаторых меліся паляўнічыя ружжы – большасць жа была ўзброена косамі, за што іх і празвалі касінерамі.
Атрад Віславуха і Бухавецкага быў сфарміраваны ў лясах Свянцяншчыны – у вёсцы Зулова. Спачатку ў ім налічвалася ўсяго 36 чалавек, аднак дзейнічалі яны рашуча.
15 лютага паўстанцы занялі маёнтак Жэлядзь (сёння – Спондаўскі сельскі Савет). Тут яшчэ 7 лютага “за вядзенне прапаганды сярод мясцовага насельніцтва і адкрытыя сімпатыі паўстанцам” быў арыштаваны і пасаджаны ў Свянцянскую турму ксёндз-кармяліт Клемент Мілер. Па загадзе Віславуха жыхароў сабралі перад касцёлам і зачыталі ім маніфест паўстання, пасля чаго быў спалены партрэт цара Аляксандра ІІ і ўсе дакументы сельскай управы. Акрамя таго, на патрэбы паўстання з казны ўправы было канфіскавана 600 рублёў. З мясцовых жыхароў да атрада далучыліся пісар Губенскі і сяляне Г. Рамель і Н. Вайцяховіч.
Даведаўшыся пра падзеі ў Жалядзях, царскія ўлады накіравалі сюды ўзвод пяхоты Неўскага палка і паўсотні казакоў, якія і адцяснілі інсургентаў. Хаты неблаганадзейных жыхароў былі спалены.
Атрад Віславуха адступіў спачатку на Міхалішкі, а адтуль праз Варняны – на Смаргонь. Паўсюдна да іх далучаліся шляхта і сяляне. А за імі, літаральна па слядах, ішлі ўжо рота пяхоты і паўсотні конніцы. Падчас аднаго з пераходаў паўстанцы трапілі ў акружэнне, але далі бой і, страціўшы аднаго чалавека, змаглі вызваліцца з пасткі. Пасля гэтага атрад часова самараспусціўся, а Віславух з часткай байцоў накіраваўся ў Трокскі павет.
У той жа час на тэрыторыі Астравеччыны адбыўся яшчэ адзін бой – у вёсцы Альгіняны. У газеце “Харугвы свабоды” быў надрукаваны наступны артыкул: “Невялікі паўстанцкі атрад, які рухаўся з Віленскага ў адзін з суседніх паветаў, затрымаўся на адпачынак пад Альгінянамі. 15 лютага быў атакаваны ротай пяхоты і паўэскадронам лейб-казакоў. Пасля кароткай перастрэлкі нашы без ніякіх людскіх страт адступілі ў другі бок, забіўшы пяхотнага афіцэра і двух казакоў”.
У некаторых крыніцах гэты бой прыпісваецца атраду Віславуха. Але не мог жа ён адначасова весці баі на поўдні і на поўначы Астравеччыны? Хутчэй за ўсё гэта быў нейкі атрад, які прабіраўся на аб’яднанне з атрадам Віславуха.


ТРЫВОЖНАЕ ЛЕТА 1863 ГОДА


Новы ўсплеск рэвалюцыйных падзей на Астравеччыне прыйшоўся на лета 1863 года. На гэты раз тут дзейнічаў атрад пад камандаваннем Густава Чаховіча (псеўданім – Астой). Афіцэр царскай арміі ў адстаўцы, ён добра ведаў ваенную справу і быў прызначаны ваенначальнікам Свянцянскага павета.


Сфарміраваны ім атрад нейкі час дзейнічаў ля возера Нарач, дзе неўзабаве аб’яднаўся з атрадам Лявона Чаховіча, брата Густава. А вось задумка аб’яднацца з атрадам Вінцэнта Козел-Паклеўскага не ўдалася – за некалькі дзён да вызначанай даты аб’яднання гэты атрад быў разбіты царскімі войскамі, а сам Козел-Паклеўскі загінуў. З баямі атрад Чаховіча адступіў да вёскі Лакцяны, у раёне якой дзейнічаў атрад Віславуха, дзе перадаў яму частку сваіх людзей.
Чарговы бой з ротай пяхоты, якая праследавала інсургентаў, скончыўся няўдала. Частка паўстанцаў загінула, а самае дрэннае – быў страчаны абоз з боепрыпасамі і харчаваннем. Чаховіч стараўся, як мог, выкарыстаць усе свае веды і вопыт: кружыў па лесе, распаўсюджваў чуткі, што пойдзе ў адзін бок, а ішоў у процілеглы. Дапамагалі і мясцовыя жыхары. Так, жыхар засценка Рудня Петрусевіч паведамляў паўстанцам аб перасоўваннях царскіх войск.
Аднак бясконца так працягвацца не магло. Новы военачальнік генерал-маёр Рэйбніц сцягнуў у ахопленыя паўстаннем паветы буйныя сілы. У другой палове жніўня ацалелая частка атрада Чаховіча пераправілася праз Вілію. Прычым Густаў паведамляў, што ідзе вызваляць Вільню. Насамрэч ён спяшаўся аб’яднацца з атрадам Караля Ясевіча, што дзейнічаў у дубніцкіх лясах. Першапачаткова ў атрадзе Ясевіча налічвалася 50 байцоў, але ў ходзе няспынных баёў палова з іх загінула. Тут, пад Дубнікамі, паўстанцы трапілі ў акружэнне, і толькі гераізм “тыльнай варты” (ар’ергарда) пад камандаваннем Ясевіча дазволіў выратавацца. Сам Ясевіч і трое яго касінераў падчас бою загінулі.
Цяпер пад камандаваннем Чаховіча засталося ўсяго каля двух дзясяткаў чалавек. Разлічваць на сур’ёзныя дзеянні не выпадала. Па словах трапіўшых у рукі царскіх улад інсургентаў, Чаховіч сказаў сваім байцам: “Хто хоча – вяртайцеся дадому, а я пайду ў Каралеўства”. (Гэта значыць, у Польшчу – заўвага аўтара). Пяцёра сапраўды накіраваліся ў родныя вёскі, астатнія пайшлі за камандзірам.
Выканаўчы аддзел паўстанцаў у Вільні з абурэннем прыняў вестку аб роспуску атрада Чаховіча. 1 кастрычніка (па новым стылі) у атрад быў накіраваны ліст наступнага зместу:
“Аддзел з недаўменнем даведаўся пра роспуск партыі (атрада – І.У.) капітана Астоі – часткі Ашмянскага атрада – нібы па загаду аддзела. Аддзел некалькі раз заклікаў капітана Астою выйсці з Ашмянскага павета з нагоды немагчымасці ўтрымацца і перайсці ў Гродзенскае або Ковенскае ваяводства ці ў Лідскі павет, таму што пастаяннае хаванне ад маскалёў і ад гэтага дэмаралізацыя як для акружэння, так і самаго атрада прыносіла краю больш шкоды, чым карысьці. Аб тым, каб скласці
зброю, не можа быць нават думкі. Таму аддзел заклікае атрад альбо перайсці ў Вількамірскі, альбо ў Лідскі павет, дзе цяпер дзейнічаюць атрады, ці ў Гродзенскае ваяводства. У выпадку немагчымасці выйсці з павета – хавацца і пазбягаць сутычак, але і ў гэтым выпадку быць гатовымі сабрацца і выступіць” .
Аднак ліст спазніўся – баявыя дзеянні на Астравеччыне спыніліся.


ПАСЛЯ ПАЎСТАННЯ


22 сакавіка 1864 года ў 10 гадзін 30 хвілін на Лукішскай плошчы ў Вільні быў павешаны Кастусь Каліноўскі. На думку многіх, гэтая смерць азначала канец паўстання на беларускіх землях.


Усяго па загадзе генерал-губернатара Мураўёва, празваным ународзе “вешальнікам” смяротнае пакаранне было прыменена ў адносінах да 128 чалавек, больш за 850 былі сасланы на катаргу, каля 12 тысяч чалавек былі сасланы ў Сібір. Многія былі вымушаны эмігрыраваць за мяжу і пасля прынялі ўдзел у паўстанні Парыжскай камуны.
Што тычыцца лёсаў непасрэдных удзельнікаў паўстання на Астравеччыне, то яны склаліся па-рознаму. Фелікс Віславух, які на заключным этапе камандаваў усімі ўзброенымі сіламі паўстанцаў Віленскай губерніі, эмігрыраваў у Францыю. Жыў у поўнай галечы. Апошнія сведкі аб ім датуюцца 1869 годам, калі Феліксу было толькі 36 гадоў.
Станіслаў Бухавецкі нейкі час дзейнічаў у атрадзе Лявона Чаховіча, затым яго сляды губляюцца.
Густаў Чаховіч пасля адыходу з Астравеччыны пэўны час (да кастрычніка 1863 года) змагаўся на тэрыторыі некалькі паветаў Віленскай губерніі і ў Польшчы, затым ён эмігрыраваў у Францыю. Жыў у Парыжы. Працаваў на чыгунцы. Пакінуў пасля сябе цікавыя мемуары.
Яго брат Лявон Чаховіч са сваімі байцамі дзейнічаў пад Гервятамі. У канцы чэрвеня ва ўпартым баі ў Крапіўніцкай пушчы трапіў у палон. Быў асуджаны да смяротнага пакарання, якое пазней замянілі на ссылку ў Сібір. На радзіму вярнуўся ў глыбокай старасці і памёр у 1913 годзе.
…Царызм святкаваў перамогу. Больш чым на сорак гадоў на беларускіх землях усталявалася адноснае палітычнае зацішша – але гэта было зацішша перад бурай. Перад бурай 1905 года.


----------------------------
Игар УСЦІМЕНКА.