История жизни ксендза Адама Войцеховского

17:00 / 21.09.2012
1

Сёлета ксяндзу Адаму Вайцяхоўскаму, які працаваў у Клюшчанскай і Гудагайскай парафіях і пахаваны ля Гудагайскага касцёла Наведання Маці Божай, споўнілася б 110 гадоў.


Я не экстрасенс – крый мяне Божа! І ўсё ж бываюць выпадкі, калі прысутнасць нейкай, так бы мовіць, старонняй сілы адчувае і мая сярэднестатыстычная істота. Як гэта было каля магілы ксяндза Адама Вайцяхоўскага, прыгожы, з чорнага граніту, крыж на якой я старанна фатаграфавала ў якасці ілюстрацыі для гэтага артыкула. Заходзіла то з аднаго боку, то з другога… Набліжала перспектыву, каб перазняць надгробную фатаграфію, аддаляла – каб высокі помнік цалкам змясціўся ў кадры… І ўвесь час адчувала прысутнасць кагосьці нябачнага…
А калі вярнулася ў рэдакцыю і пачала разглядаць зробленыя здымкі, фатаграфій магілы ксяндза не аказалася! Ніводнай! Усе астатнія кадры (і да, і пасля іх) захаваліся ў поўным аб’ёме, а гэтыя бясследна зніклі… І тлумачэння падобнаму дзіўнаму факту не змог знайсці нават шматвопытны рэдакцыйны фатограф…



У Клюшчанах

З артыкула Іаланты Валуевіч “У ім жыла душа анёла”:


“…Кс. Адам Вайцяхоўскі нарадзіўся ў 1902 годзе ў Вільні, непадалёк ад Кальварыі, што, магчыма, і паўплывала на яго выбар жыццёвага шляху. Там жа закончыў духоўную семінарыю. Першым месцам працы быў вікарыят у Свіры, потым у Адуцішках (Літва), а затым – у Клюшчанах. Вось як успамінае пра гэта яго сучасніца Кацярына Трыбоцкая:
“У 1937 годзе на змену ксяндзу Іванчыку прыслалі кс. Вайцяхоўскага. (…)Калі выйшаў ён на сваю першую Імшу са светлай, прыязнай усмешкай, прывітаў кожную вёску, кожны засценак і ўсіх, хто там жыў, нашы сэрцы адтаялі.
На сцяне каля алтара ксёндз павесіў гадзіннік, які адбіваў кожную чвэрць. І ў нядзелю, у свята, у будзённыя дні з апошнім ударам гадзінніка новы святар пунктуальна выходзіў на Імшу. За працу ўзяўся з вялікай энергіяй і запалам. Сваёй дабрынёй і чалавекалюбствам здолеў прыцягнуць да касцельнага жыцця ўсю парафію. Першая нядзеля кожнага месяца была прысвечана дзецям. “Krucjaty Eucharystyczne” – “Рыцары і Рыцаркі ў Езусе” – такое дзіцячае аб’яднанне працавала пры касцельным доме «Огніско», дзе малыя парафіяне ўдасканальвалі сваё духоўнае жыццё.
Працягваў працаваць і створаны яго папярэднікам кс. Іванчыкам “Гурток польскай моладзі”. Гэта была “завочная земляробчая школа” для жадаючых, іншыя ж удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Сярод “артыстаў” ксёндз адабраў 12 таленавітых хлопцаў, якіх касцельны арганіст Вінцэнты Тэрмён вучыў музыцы. Ксёндз Вайцяхоўскі набыў 12 духавых інструментаў і стварыў пры касцёле духавы аркестр, які суправаджаў усе фэсты і вялікія святы, ды іграў так, што ў людзей ад захаплення наварочваліся слёзы. А яшчэ парафіяне хадзілі з аркестрам у пілігрымку ў Вільню на Кальварыю і да Вострай брамы.
Ксёндз Адам Вайцяхоўскі быў высокаадукаваным, эрудзіраваным чалавекам і меў вялікі аўтарытэт сярод парафіян. Не буду сцвярджаць дакладна, але расказваюць, што ён ведаў 12 моў!”
А яшчэ ён быў лекарам. Лячыў малітвай і травамі. Улетку збіраў сам і з дапамогай вернікаў – вучыў іх, калі нарыхтоўваць, як сушыць, ад чаго і як ужываць. На яго кватэры была цэлая зялёная аптэка. Шмат людзей уратаваў святар, прычым не проста ад хваробы – ад смерці. Сведчанні гэтых часта па-сапраўднаму цудоўных выздараўленняў запісала (і працягвае запісваць сёння) усё тая ж Іаланта Валуевіч.





…Прыход савецкай улады перавярнуў спрадвечны ўклад вясковага жыцця з ног на галаву. Праследаваць людзей пачалі за дабрабыт, за розум, за талент. А яшчэ – за веру. У віну ксяндзу Адаму Вайцяхоўскаму была інкрымінавана не толькі яго святарская пасада “сеяцеля опіуму для народа”, але і той факт, што яго брат Леанід кіраваў POW (Польскай вайсковай арганізацыяй), у якую, дарэчы, уваходзіла ўсяго 18 чалавек.
Парафія вырашыла ўратаваць свайго пастыра – ксяндза Адама схавалі ў сваім доме на хутары Ружаполле Марыя і Міхаіл Пілімоны. Тады думалася: на тыдзень, ну, няхай сабе на месяц – не могуць жа даўжэй пратрымацца такія парадкі… Жыць у затачэнні святару давялося з 1947-га па 1956 год…
Даволі хутка – свет жа не без “добрых” людзей! – па наваколлі папаўзлі чуткі, што ксёндз хаваецца ў Пілімона. Раз за разам на хутар пачалі наведвацца энкавэдысты. Калі камусьці з мясцовых жыхароў (школьнай прыбіральшчыцы, калгаснаму бухгалтару…) удавалася падслухаць размову пра чарговы налёт, Пілімона тут жа папярэджвалі, і ксёндз хаваўся ў спецыяльна зробленым тайніку – паміж двайнымі сценамі дома свайго выратавальніка. Стаяць там, затаіўшы дыханне, святару даводзілася гадзінамі, пакуль Пілімон тым часам задабрываў няпрошаных “гасцей” самагонкай ды самаробнай каўбаскай.
Аднойчы энкавэдысты завіталі знянацку, і прабрацца ў тайнік не было магчымасці. Вось яны ўжо на ганку… Уваходзяць у сені… У апошні момант ксёндз заскочыў у вялікі куфар, а гаспадыня апусціла за ім верх і, каб адвесці падазрэнні, накідала зверху стос дываноў…
Паветра ў куфры закончылася даволі хутка, і калі “лапуны” нарэшце з’ехалі, а гаспадары адкінулі шчыльна падагнаны мясцовым майстрам верх, святара яны знайшлі непрытомным…
Дзевяць гадоў хавання… Дзевяць гадоў у пастаянным чаканні: прыдуць, знойдуць, арыштуюць… І дзевяць гадоў служэння парафіі: патаемныя імшы, шлюбы, хрышчэнні, пахаванні памерлых…
Аднойчы зімовым надвячоркам да Пілімона пастукаліся людзі:
– Бяда ў нас – маці памірае. Ксяндза просіць…
Пакуль Пілімон прыглядаўся да незнаёмцаў, пробашч выйшаў да іх са сваёй схованкі – ніякі страх не мог прымусіць яго адмовіцца ад выканання святарскага абавязку…
…Ксяндза завязлі ў лес. І пасля таго, як насыцілі ўласнае зверства пабоямі, незнаёмцы прывязалі на плечы святару вялікае бервяно, сказаўшы: “Твой Езус цягаў крыж, пацягай і ты хоць адну яго частку…”
…І ён панёс. Па прыкрытых снегам калдобінах лясной дарогі. Падаючы і падымаючыся. І не знайшлося на яго шляху Сымона Кірынейчыка… І Вераніка не выйшла насустрач, каб абцерці акрываўлены твар… “Ды свяціцца імя Тваё… – шаптаў распухлымі вуснамі. – …І адпусці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым…”
А “вінаватыя”, разваліўшыся ў санях, папівалі гарэлку, глумячыся над смяротна стомленым ксяндзом…
Бліжэй да раніцы яны прывязлі і скінулі з саней ля варот Пілімона амаль нежывога святара…
…А потым надыйшла хрушчоўская “адліга”, і ксёндз Адам выйшаў нарэшце з падполля. Яго перавялі ў мястэчка Гудагай і, перш, чым дазволілі распачаць працу, строга папярэдзілі: ніякага лячэння людзей! Калі мы толькі даведаемся, што вы зноў займаецеся сваім шарлатанствам, ніякія патаемныя схованкі не дапамогуць…



Гудагай

З успамінаў Казіміра Уладзіслававіча Ковеля, жыхара мястэчка Гудагай:


– “Відаць, нейкі хворы, – вырашылі местачковыя кабеты, упершыню ўбачыўшы ксяндза Адама. – Надта ж з твару бледны.” А калі даведаліся, праз што яму давялося прайсці, заплакалі…
Яго любілі ўсе. Ды ксяндза Адама і нельга было не любіць, таму што ён быў асаблівым чалавекам. Ён быў Добрым. Той асаблівай дабрынёй, якая не сустракаецца сярод звычайных людзей. Так, напэўна, Езус любіў сваю паству – усіх разам і кожнага паасобку. Прычым усіх аднолькава – набожнага і ератыка, добрага гаспадара і горкага п’яніцу. А ўжо дзяцей любіў! Ну і яны да яго туліліся…


З успамінаў Марыі Браніславаўны Грыневіч, жыхаркі мястэчка Гудагай:







– Калі наш ксяндзулька да нас прыехаў, ён быў падобны на здань – белы-белы, ні крывінкі ў твары. Страх глянуць… У нас тады яшчэ быў пробашч – ксёндз Павел Сінкевіч. Але ён быў ужо старым нямоглым чалавекам, якога на імшу вадзілі пад рукі. Ксяндза Адама пробашч забраў да сябе ў плябанію, якая знаходзілася на месцы сённяшняга кляштара кармялітаў. Ды будынак кляштара і ёсць плябанія, толькі айцы-кармяліты пашырылі яго і дабудавалі другі паверх…
Даволі хутка ксёндз Сінкевіч памёр.

З успамінаў Казіміра Уладзіслававіча Ковеля:


– Памятаю, як дарослыя абмяркоўвалі паміж сабой пахаванне пробашча. Усё, маўляў, было зроблена толкам – і Імша, і Экзэфія. І ксяндзы чужыя прыехалі. І маліліся файна. І на памінальным стале закусак хапала. А гарэлкі не было. Ні кроплі. Нехта з чужых ксяндзоў запытаўся ў нашага, чаму няма чым памянуць душачку памерлага пробашча? Той адказаў, што не ўжывае гарэлкі. “Дык сам не пі, а людзям налі па чарцы”, – параілі. “Сам не п’ю, і іншым не дам, – спакойна, але цвёрда адказаў ксёндз Адам. – Не падымаецца ў мяне рука раздаваць людзям атруту…”
Неўзабаве пасля пахавання старога пробашча ўлады забралі ў парафіі плябанію – у ёй вырашана было зрабіць местачковую школу. Ксяндза Адама літаральна выкінулі на вуліцу. Тады яго ў свой дамок пусціў Бяляўскі. У гэты маленькі, што і сёння стаіць насупраць касцёла. Сам Бяляўскі перайшоў жыць да швагра, а дом аддаў пробашчу. Так той і пражыў у гэтай хацінцы да самай сваёй смерці – амаль 20 гадоў.
Між тым, касцёл, які, як гэта бывае звычайна, састарэў разам са старым пробашчам, з маладзейшым – пачаў маладзець. Паправілі каменную агароджу, распачалі рамонт звонку і ўнутры будынка. Неахайны выгляд мелі могілкі – людзі наставілі абгародак, лічы, да самага касцёла. На іх ачыстку ксёндз Адам сабраў нас, местачковых падрашчакоў. Выпілоўвалі сукі, прыбіралі смецце, выносілі непатрэбную агароджу. У канцы пробашч паклікаў нас на абед. Ішлі, падштурхоўваючы адзін аднаго ў бакі – маўляў, зараз ксяндзоўскіх прысмакаў паспытаем! А ён наліў нам заціркі, якую сам зварыў, і паставіў вялікую талерку з абаранкамі…
Гэта потым у яго з’явілася кухарка – гатаваць ксяндзу стала Гэлена Валуевіч, сястра-кармялітанка з Клюшчан, а тады кухарыў сам.


З успамінаў Марыяны Осіпаўны Ковель, жыхаркі мястэчка Гудагай:


– А што іншае ён мог зварыць?! Ён і сам так еў. На штодзень у кужэльнай (саматканай – Г.Ч.) сутане хадзіў. Кожную капейчыну на касцельныя справы пускаў. Іменна што капейчыну – у людзей тады грошай, лічы, зусім не было. Слоічак смятаны ці дзясятак яек яшчэ маглі прынесці на ахвяру, а грошай самі ў вочы не бачылі. А ксёндз гатовы быў падзяліцца апошнім. Адзінокіх старых падкармліваў. І пра сіротаў не забываўся. Я сама рана засталася без бацькоў, дык ксёндз Адам заўсёды цікавіўся: “Як ты, Марыся? Ці даеш сабе рады? Можа, цяжка? Можа, дапамога якая патрэбна?” І колькі разоў спрабаваў усунуць мне ў рукі то кавалачак масла, то сыр. Я не брала – сама кароўку трымала, і сябе забяспечвала, і нават на ахвяру нешта час ад часу прыносіла.
Ксёндз Адам быў міласэрным чалавекам. Незвычайна міласэрным. Людзі карысталіся яго міласэрнасцю. Нават залішне – з кожнай праблемай да яго беглі. А ён, які б ні быў стомлены, куды б ні спяшаўся, выслухае кожную, нават самую бяспутную, бабу і парадзіць ёй нешта. Ні разочку нікому не буркнуў, не абарваў размову. Гэта ж анёльскае цярпенне трэба мець, каб слухаць, як прыдзецінеўшая баба гадзіну вярзе бязглуздзіцу – у ксяндза Адама была душа анёла.
– Наш пробашч быў добрым. А наколькі – я не магу рассказаць, бо не ведаю такіх слоў, – кажа Марыя Станіславаўна Замара, яшчэ адна жыхарка мястэчка. – Адно толькі скажу: другога настолькі ж добрага чалавека мне за маё доўгае жыццё бачыць не даводзілася.
– Ён заўсёды ўсміхаўся, – падтрымлівае Марыя Браніславаўна Грынкевіч. – Як бы цяжка яму ні было. І ўсмешка ягоная была нейкай асабліва светлай. А як дапамагаў людзям! Готовы быў падзяліцца апошнім. Казалі, што ён быў лекарам, але камуністы забаранілі яму лячыць людзей. Можа, каму цішком і дапамог, але пра гэта не расказвалі – баяліся за ксяндза. Тады ж усе баяліся: і людзі, і ксёндз. Ён і так яшчэ моцна адважным быў пасля таго, што давялося перажыць. Ды пры пастаянным уціску з боку ўлады. Колькі пагрозаў ён выслухаў за тое, што дзеці хадзілі ў касцёл! Нарэшце не вытрымаў касцельны – перад пачаткам імшы станавіўся ў дзвярах і проста не дазваляў дзецям уваходзіць у касцёл.
– Некаторыя маці ўмудраліся праводзіць сваіх дзетак пад хусткай ці пад крысам паліто, – працягвае ўспамінаць Марыяна Осіпаўна Ковель. – Пра гэта “дабрадзеі” – а як жа без іх?! – тут жа даносілі ў адпаведныя ўстановы. І ксяндза зноў выклікалі…
– Бяда была з гэтымі забаронамі, – згаджаецца жыхарка станцыі Гудагай Ганна Шлыковіч. – Памятаю, прыйшоў час даводзіць дзяцей да Першай Камуніі. У касцёл нас не ўпусціў касцельны камітэтчык. З ксяндзом сустрэліся на могілках – там ён праэкзаменаваў дзяцей на веданне асноўных малітваў і паблагаславіў.
– Часы ваяўнічага атэізму… – сумна ўсміхаецца ўрач-неўрапатолаг з вялікім працоўным стажам Вікторыя Феліцыянаўна Шышла, якой, як яна сама лічыць, моцна пашчасціла быць знаёмай з гудагайскім святаром. – Ксёндз Адам Вайцяхоўскі даваў нам з мужам патаемны шлюб – муж быў партыйным, ды і ў мяне маглі быць непрыемнасці на працы. Шлюбную цырымонію святар правёў у плябаніі, якая ў той час месцілася ў невялікай драўлянай хатцы насупраць касцёла. А пасля таго, як рытуал быў завершаны, ксёндз Адам павіншаваў нас. І зрабіў нам цудоўны падарунак – сеў за піяніна і сыграў некалькі твораў Шапэна. Невялічкі пакой напоўніўся светлымі гукамі, і ўсе страхі і напружанасць апошніх дзён зніклі самі сабой.


З успамінаў Марыяны Осіпаўны Ковель:






– Ён і святар быў – ад Бога. Голасу асаблівага не меў, але ў навучанні людзей быў моцны. Словы яго казанняў сцяліліся самі сабой, а гэта атрымліваецца далёка не ў кожнага ксяндза. Харошыя словы знаходзіў, павучальныя. Часта ўзыходзіў на амбонію… Цярплівасці… Найбольш ён вучыў нас цярплівасці.
Машын тады было няшмат, і да чарговага хворага ці канаючага ксяндза вязлі на вазе або на матацыкле. З сабой ён заўсёды браў званочак, які сваім звонам абвяшчаў людзям: Найсвяцейшы Сакрамэнт блізка. Людзі кленчылі проста на вуліцы…
Многа новага ўвёў ксёндз Адам у касцёле. На Грамніцы ён заахвочваў людзей, каб у душах складалі прысягу ад гарэлкі. Хто на колькі можа. Але не больш, чым на год. “Чалавек – істота слабая, – казаў наш святар. – І лепш ахвяравацца на меншы тэрмін і яго вытрымаць, чым парушыць зарок, дадзены Богу”. З тымі, хто складаў такую прысягу, ён разам маліўся, а потым даваў цалаваць Крыж.
Ксёндз Адам увёў у практыку адараванне ля Панскага Гробу. У Вялікую пятніцу ў касцёле выстаўляўся Найсвяцейшы Сакрамэнт, і ад гэтага моманту малітва ў касцёле не спынялася да самай Рэзурэкцыі – адна вёска змяняла другую, “кулка” ішло за “кулкам”. І ўсе стараліся, каб іх малітвы і спевы гучалі найпрыгажэй. Нават рэпетыравалі папярэдне.
І гэта ён прыдумаў устанаўліваць па вёсцы алтарыкі на свята Божага Цела – раней мы пра такое нават не чулі.
А якімі сталі гудагайскія працэсіі! У іх удзельнічала столькі людзей, што пачатак і канец працэсіі злучаліся, і вакол касцёла нібы круцілася людское кола. Розгалас пра нашага ксяндза хутка разышоўся па наваколлі, і да Гудагайскага касцёла сталі гарнуцца людзі з іншых парафій. А колькі ў нас было ашмянскіх вернікаў, храм якіх камуністы ператварылі ў завод…


З успамінаў Марыі Браніславаўны Грынкевіч:


– Людзі хлынулі да нас з усіх бакоў. І кожны стараўся не проста памаліцца перад цудатворным абразам ды паспавядацца нашаму пробашчу, але і што-небудзь зрабіць для касцёла. Хоць бы якую дробязь. Гэта таму, што памкненні святара перадаюцца пастве напрамую. Былі пашыты прыгожыя харугвы для працэсій. Нашу насілі пятнаццаць дзяўчат – адна з нас несла саму харугву, астатнія – стужкі, якія ад яе адыходзілі. Мясцовыя майстры выстругалі алтарыкі для працэсій і фігуркі.
Але бязбожжа, ініцыянаванае камуністычнай уладай, прыносіла свае плады – частка людзей адышла ад Бога. І святатацтва для такіх перастала быць грахом.
Аднойчы ў касцёле злодзеі выразалі бакавыя дзверы – мелі намер выкрасці залаты посуд і абразы. Яны ўжо пакавалі ўсё бліскучае ў мяшкі, калі ксёндз Адам увайшоў у касцёл. Спакойна, без крыку, гэтак жа, як ён звычайна размаўляў з людзьмі – ён растлумачыў рабаўнікам, што ніводнай залатой рэчы ў касцёле няма. Што так званае сусальнае золата – гэта пакрыццё звычайнага металу тонкім, усяго ў некалькі мікронаў, залатым напыленнем. І што атрымаць за яго яны нічога не змогуць. Зніякавелыя злодзеі пакінулі касцёл з нічым.
А праз нейкі час…


З успамінаў Казіміра Уладзіслававіча Ковеля:


– Па вёсцы хадзілі чуткі, што па начах пад вокнамі ксяндза круцяцца нейкія падазроныя людзі. Што не раз стукаліся да яго то ў акно, то ў дзверы. Сам ксёндз Адам маўчаў – ён не умеў жаліцца. І касцельны камітэт не прымаў ніякіх мер.
Напалі на яго сярод дня. Уварваліся ў хату і сталі біць. Патрабавалі аддаць грошы. Здзекваліся, пакуль нехта з выпадковых прахожых не пачуў стогны ксяндза…
…Людзі гналі бандытаў ажно да Ступкоўшчыны. І калі б дагналі, самасуду было б не пазбегнуць. Але ксёндз Адам… Міласэрны ксёндз Адам, збіты, у парваным рабаўнікамі адзенні, убачыўшы, што робіцца, стаў маліцца за сваіх мучыцеляў: “…Як і мы адпускаем вінаватым нашым”. Ён не хацеў, каб на парафіі быў грэх. Ды і не ўмеў ён інакш: усіх яму было аднолькава шкада – і добрых, і злых…
Але на той момант ксяндзу Адаму было ўжо каля сямідзесяці, і атрыманы стрэс, які налажыўся на дзевяць гадоў жахлівага чакання паміж двайнымі сценамі ружапольскага дома, не прайшоў дарэмна. Ксёндз стаў баяцца. Ён не мог заснуць у ложку, у якім адпачываў пасля абеду, калі на яго напалі бандыты, і заказаў майму тату, які быў сталяром, вялікі куфар з вечкам (драўляны верх – Г.Ч.). У гэтым куфры ён і спаў да самай сваёй смерці.
Не так доўга, таму што ксёндз Адам стаў чазнуць літаральна на вачах – неўзабаве ўрачы паставілі яму бязлітасны дыягназ: анкалогія. Лячыўся. Ім апеквалася Вікторыя Феліцыянаўна Шышла. А памёр у 1973 годзе ў Вільні ў бальніцы.






На пахаванні прысутнічалі адзінаццаць ксяндзоў з розных парафій. А людзей было – не падступіцца. Пахавалі адразу за касцёлам, у некалькіх метрах ад алтара, на якім ён на працягу дваццаці гадоў служыў Богу і людзям. З часам ягоная кухарка, кармелітанка Гэлена Валуевіч прывязла з Вільні вось гэты прыгожы помнік з чорнага граніту. На ім –фатаграфія ксяндза, з якой ён усміхаецца нам па-ранейшаму светла і ўсёдаравальна.
– Некалькі гадоў таму з Польшчы да нас у Гудагай прыязджаў святар, які збіраў факты жыцця ксяндза Адама Вайцяхоўскага. Ён казаў, што нашага пробашча маюць намер вынесці на алтар – прылічыць да благаславёных. Толькі дакументаў для гэтага трэба сабраць – двума вазамі не вывезеш. Ён і ў Клюшчаны ездзіў, там запісваў расповеды людзей. Казаў, што да нас завітае яшчэ не раз. І не завітаў… Гады паўтары таму мы даведаліся, што даследчык жыцця ксяндза Вайцяхоўскага, які, дарэчы, сам быў старым і кульгавым на адну нагу чалавекам – памёр… Справа прылічэння да благаславёных павісла ў паветры...

Дапісала матэрыял. Паставіла кропку. Яшчэ раз упэўнілася ў адсутнасці на маніторы лічбавай фотакамеры адзнятых на магіле святара кадраў…
І раптам з памяці выплыла сямігадовай даўнасці паездка ў Кракаў. Тады ў адным з кракаўскіх касцёлаў мая спадарожніца вырашыла зрабіць фатаграфію месца пахавання манаха Ежы Гедройця, які шэсць стагоддзяў таму склаў першыя манаскія зарокі менавіта на Астравеччыне, у Быстрыцкім кляштары. Фотаапарат прыяцелькі раптам заклініла, і, як яна ні старалася, ёй не ўдалося зрабіць ніводнага кадра. І дастаткова было выйсці на вуліцу, каб апарат зноў пачаў функцыянаваць… Ежы, прылічэннем якога да сонму святых меў намер заняцца сам Святы Ян Павел ІІ, так пасля смерці Святога Айца і застаўся непрылічаным…
Што ж яны, святыя па сваёй сутнасці і незаслужана забытыя іх нашчадкамі, хочуць сказаць нам, адварочваючыся ад нашых цікаўных аб’ектываў?


---------------------
Ганна ЧАКУР.