Важнейшие события в мире в "Неделя postfactum"

15:24 / 17.07.2012

Ліпеньскія выбрыкі прыроды, чарговая перамога беларускіх баскетбалістак і гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” ў аглядзе важнейшых падзей мінулага тыдня.



Пасля “дожджыку”

У мінулы панядзелак Астравеччыну накрыў лівень і шквалісты вецер. Цікава, што метэаслужбы, за выключэннем лёгкага дажджу, ніякіх прыродных катаклізмаў на гэты дзень не абяцалі. Наступствамі буры сталі вывернутыя ў некаторых месцах дрэвы, падтопленыя склепы ды падмочаныя злёгку аўтамабілі.


Дзякуй богу, што абышлося без ахвяр. На прыкладзе расійскага Крымска ўсе мы цяпер ведаем, чым можа абярнуцца бяскрыўдны ліпеньскі дожджык.


Дарэчы, на мінулым тыдні працягвалася расследванне прычын гэтай катастрофы. Па праўдзе кажучы, у тое, што бяду справакаваў толькі дождж, а не экстранны спуск вады з вадасховішча, на чым настойвалі некаторыя сродкі масавай інфармацыі адразу пасля першых паведамленняў аб навадненні ў Крымску, сапраўды верылася з цяжкасцю. Надта ўжо   сур’ёзнымі і трагічнымі былі наступствы гэтага павадку.


Аднак выключна прыродны характар катастрофы быў пацверджаны на мінулым тыдні і здымкамі з космасу. Хоць без чалавечай рукі таксама не абышлося.


Штучная дамба з камянёў, зямлі і вывернутых з коранем дрэў, на шляху вялікай вады спачатку ўзнікла між пралётамі чыгуначнага моста. А затым бурны паток спыніла аўтамабільная шаша з насыпам вышынёй у 7 метраў. Пасля таго як яна была разбурана, на горад і хлынула смертаносная хваля.



А ну, дзяўчаты!

У мінулую сераду жаночая баскетбольная зборная Беларусі ў чацвёрты раз дабілася права выступлення ў фінале еўрапейскага першынства!


Пакуль аб поспехах беларускіх баскетбалістак прадстаўнікі іншых гульнявых відаў спорту нашай краіны могуць толькі марыць.


Ці жарт сказаць – ужо на дэбютным для сябе чэмпіянаце кантынента ў 2006 годзе нашы дзяўчаты заваявалі бронзавыя медалі. У алімпійскім Пекіне, чатыры гады таму, нашу зборную спынілі толькі гаспадары алімпіяды – баскетбалісткі Кітая.


Праз год, на чарговым чэмпіянаце Еўропы беларускія баскетбалісткі хоць і засталіся без узнагарод, аднак выступілі вельмі дастойна, саступіўшы толькі будучым чэмпіёнкам – францужанкам і ў барацьбе за 3-яе месца зборнай Іспаніі. Чацвёртае месца дасталося беларускай дружыне і на чэмпіянаце свету 2010 года.


І хоць на папярэднім першынстве кантынента ў 2011 годзе нашы дзяўчаты выступілі няўдала – толькі 9-е месца – балельшчыкі вераць у поспех нашай абноўленай і памаладзеўшай зборнай на чэмпіянаце Еўропы 2013 года.



Македонская “ліра”

У мінулую нядзелю былі названы пераможцы ў конкурсе маладых выканаўцаў Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.


Шчыра кажучы, ніколі не быў вялікім аматарам гэтага конкурсу. Але перад талентам сёлетняга пераможцы, маладога спевака з Македоніі Бобана Майсоўскі з захапленнем здымаю капялюш.


І па выканаўчым майстэрстве, і па абаяльнасці, і па таленце, дадзеным прыродай, македонскі спявак быў на галаву вышэйшы за сваіх сапернікаў.


Здаецца, гэта якраз той выпадак, калі імя пераможцы ні ў каго не выклікала сумненняў.


Нашым бы спевакам  такіх якасцей! І не толькі на “Славянскім базары”. Тады і не прыйшлося б наракаць на неаб’ектыўнае судзейства, няўдалы жэрабя ці малыя грошы, выдаткаваныя на падрыхтоўку…


Ну а пакуль, спецыяльны прыз фестывалю – “Ліра” – заслужана едзе ў Македонію!