Журналистское расследование "Астравецкай праўды": загадки михалишковского аэродрома

13:28 / 26.06.2012
3

“Вайну нельга лічыць закончанай, пакуль не пахаваны апошні загінуўшы салдат” – гаварыў Аляксандр Васільевіч Сувораў.
Чаму, хоць мінуў ужо 71 год з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, яна ўсё яшчэ працягваецца для 48-мі курсантаў Пастаўскай ваеннай авіяцыйнай школы пілотаў, якія загінулі ў першы дзень вайны на міхалішкаўскім аэрадроме?
Чаму, нягледзячы на шматлікія намаганні, месца пахавання лётчыкаў да гэтага часу так і не ўдалося адшукаць?
Колькі ўвогуле аэрадромаў існавала да вайны ля Міхалішак і які з іх бамбіла варожая авіяцыя?
Гэтыя і іншыя пытанні і пошукі адказаў – у журналісцкім расследаванні “Астравецкай праўды”.



Перадгісторыя

Аб падзеях на аэрадроме ў Міхалішках вядома нямала. Мажліва, нават, больш, чым аб якім іншым эпізодзе Вялікай Айчыннай вайны на Астравеччыне. Асабліва пасля таго, як некалькі гадоў таму была налажана сувязь з былымі лётчыкамі-курсантамі, якім пашчасціла не толькі выжыць у тым страшным пекле першага дня вайны, а і прайсці яе ўсю да пераможнага дня.
У 2005 годзе, да 60-гадовага юбілею Вялікай Перамогі, у аграгарадку быў устаноўлены мемарыяльны знак у памяць аб загінуўшых курсантах і тэхніках. Толькі вось устанавілі яго зусім не там, дзе загінулі лётчыкі.  Месца, дзе знаходзіцца брацкая магіла, было і застаецца невядомым.
Справядлівасці дзеля трэба заўважыць, што памкненні ўказаць дакладнае месца пахавання лётчыкаў былі. Людзі старэйшага пакалення неаднойчы абяцалі гэта зрабіць, але заўсёды, калі справа даходзіла да канкрэтных захадаў, успаміны чамусьці абрываліся.
Зразумець можна. Прайшло нямала часу. Ландшафт змяніўся. Ды і памяць пажылых людзей з гадамі святлейшай не становіцца.
Мала дапамаглі справе і ўспаміны былых лётчыкаў…



Непазнаныя Турлы

Мікалай Цімафеевіч Смольскі, былы курсант Пастаўскай авіяшколы, а затым лётчык-бамбардзіроўшчык, ад рукі, па памяці, намаляваў схему міхалішкаўскага аэрадрома: лётнае поле, з чатырох бакоў акружанае лесам. На полі дзве лінейкі самалётаў, палатачны гарадок, у якім жылі курсанты, бензасховішча, штабная палатка…
Стрэлкай указаны накірунак падлёту варожых самалётаў. Калі лічыць, што нямецкія самалёты прыляцелі з захаду (хоць нельга выключаць і іншай верагоднасці), план аэрадрома можна зарыентаваць адносна старон свету.
Па форме ён быў прамавугольным і распрасціраўся з поўначы на         поўдзень. У паўднёва-ўсходняй яго частцы лётчык Смольскі кружком указаў месца пахавання сваіх баявых таварышаў.
Прыкладна тое ж апісвалі ў сваіх лістах і іншыя лётчыкі: Іван Іванавіч Канавалаў, Юрый Сяргеевіч Афанасьеў, Яўген Уладзіміравіч Сімакоў.
На прыкладнае месца пахавання, праўда, указвалі толькі Смольскі і Канавалаў. Аднак ні адзін з іх непасрэднага ўдзелу ў пахаванні не прымаў і ведаў аб ім толькі са слоў таварышаў.
Праблема ў тым, што ні адзін з успамінаў аб міхалішкаўскім аэрадроме не прывязаны да канкрэтнага тапаграфічнага пункта. А яны ж былі! І самы галоўны з іх – сядзіба Котвічаў у Турлах, у якой, па некаторых звестках, знаходзіўся штаб эскадрыллі і ў непасрэднай блізкасці ад якога было лётнае поле. 
 Дзіўна, аднак лётчык Смольскі, у памяці якога захавалася досыць яркая карціна таго, што здарылася 22 чэрвеня 1941 года і які даслаў падрабязныя ўспаміны аб трагедыі міхалішкаўскага аэрадрома, гэты дом на фотаздымку 1939 года так і не пазнаў.



Асаблівасці ландшафту

Была ў схеме Мікалая Цімафеевіча  Смольскага яшчэ адна цікавая прыкмета міхалішкаўскага аэрадрома, якая, хоць і ўскосна, магла праліць свет на яго месцазнаходжанне.
Па ўспамінах ветэрана, лётнае поле з усіх бакоў акружаў лес.
Заўважым, што нічога падобнага побач з сённяшнімі Турламі няма і блізка.
Гэта можна было б спісаць на асаблівасці ландшафту, які за пасляваенныя дзесяцігоддзі мог сапраўды непазнавальна змяніцца: лес маглі высекчы, пні выкарчаваць, а аэрадром ператварыць у звычайнае поле.
Аднак і на польскай карце гэтай мясцовасці 1932 года выдання няма вялікай паляны пасярод лесу ні ля Турлаў, ні ля Маркунаў.
Дык можа, франтавікі ўспамінаюць зусім не той аэрадром, які маем на ўвазе мы?



Трэці аэрадром

Дакладна вядома – і аб гэтым добра ведаюць жыхары Міхалішак – што да вайны ў ваколіцах мястэчка было два аэрадромы.
Адзін з іх размяшчаўся ля апісаных вышэй Турлаў.
Другі будаваўся непадалёк ад Маркунаў. Праўда, да пачатку вайны так і не быў здадзены ў эксплуатацыю.
Але быў яшчэ і трэці.
Аб ім ў сваіх успамінах расказвае былая жахарка Міхалішак, а затым грамадзянка ЗША  Эстэр Левінгстон. Сцірка Кац – так яе звалі ў дзяцінстве.
Дзяўчынцы было дзевяць гадоў, калі пачалася вайна. Разам з маці Сцірка перажыла пекла Міхалішкаўскага гета. Цудам ёй удалося выжыць. Пасля вайны дзяўчына нават вярнулася ў мястэчка, але знайшла тут толькі папялішча і ўрэшце апынулася спачатку ў Заходняй Еўропе, а ўжо адтуль лёс закінуў яе ажно за акіян.
У памяці жанчыны захаваліся даволі падрабязныя ўспаміны аб даваенных Міхалішках, якія Эстэр цёпла і паважліва называе “наш горад”.
Некалькі радкоў ва ўспамінах  прысвечаны аэрадромам.
Па словах спадарыні Левінгстон, пасля ўсталявання ў мястэчку Савецкай улады і ліквідацыі прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, работа на будаўніцтве аэрадромаў стала для многіх жыхароў мястэчка адзінай крыніцай існавання. Хоць асноўныя работы ўсё ж выконваліся зняволенымі, прыгнанымі сюды з Расіі.
Эстэр Левінгстон успамінае, што адзін аэрадром размяшчаўся непадалёк ад Турлаў.
Другі – жанчына называе яго самым буйным у раёне – будаваўся ў Маркунах.
А трэці – дарэчы, ў сваіх успамінах Эстэр называе яго першым – знаходзіўся “ў паўночнай частцы горада, адразу за будынкамі, якія належалі касцёлу”.
У прывязцы да сучасных Міхалішак гэта акурат там, дзе сёння знаходзіцца мясцовая сярэдняя школа і сядзібная забудова жыхароў аграгарадка.




Па звестках “люфтвафэ” і архіваў

Тое, што памяць пажылой жанчыны не хлусіць, пацвярджае аэрафотаздымак, зроблены з нямецкага самалёта-разведчыка праз тыдзень пасля вызвалення мястэчка з-пад фашысцкай акупацыі 12 ліпеня 1944 года.
На фота, зробленым з вышыні 8 кіламетраў, можна разгледзець разбураныя Міхалішкі – замест цэнтральнай вуліцы толькі папялішчы, а таксама Вілію, Віленска-Полацкі тракт.
У паўночнай частцы мястэчка рукой нямецкага штабнога афіцэра ачэрчаны контуры няправільнай формы чатырохвугольніка.
Подпіс пад фотаздымкам -- “Flgpl. Мichaliszki ІІ” – сведчыць, што гэта аэрадром Міхалішкі.  “Flgpl.” – скарачэнне з нямецкай мовы ад слова “Flugplatz” – “аэрадром”.
Указана яго даўжыня – 1100 – і шырыня – 550 метраў.
Дарэчы, тэхнічныя характарыстыкі бамбардзіроўшчыка “СБ”, навучанне на якіх праходзілі курсанты, дазвалялі яму ўздымацца ў паветра з узлётнай паласы, не даўжэйшай за 350 метраў.
Рымская лічба ІІ у нямецкім абазначэнні азначае, напэўна, парадкавы нумар аэрадрома ў супастаўленні з іншымі пляцоўкамі, якія знаходзіліся побач з Міхалішкамі.
Праўда, у перадваенных дакументах Заходняй асобай ваеннай акругі міхалішкаўскія аэрадромы абазначаліся зусім не так.
Па звестках архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, кожны аэрадром ЗахАВА меў свой унікальны шыфр, побач з якім указвалася адлегласць ад яго да бліжэйшага буйнога населенага пункта.
Па дадзеных на 27 сакавіка 1941 года ў акрузе мелася некалькі соцень аэрадромаў і ўзлётна-пасадачных пляцовак.
Аэрадром у Турлах па архіўных дакументах праходзіць як “Легавцы” з шыфрам 140 і дадатковым указаннем “7 км. юго-западнее Михалишек».
Маркунскі аэрадром называецца “Палестина”, мае шыфр 138 і “прывязаны” да Пастаў – “55 км. юго-западнее”.
Ёсць у спісе і аэрадром “Михалишки” з шыфрам 137 і указаннем “40 км. юго-восточнее Свентян”.
Такім чынам, не прыходзіцца сумнявацца, што перад вайной ля Міхалішак існавала не два, як лічыцца, а тры аэрадромы Пастаўскай авіяшколы.
Але менавіта які з іх падвергся бамбардзіроўцы нямецкай авіяцыі ў першы дзень вайны?



Крывавы след

Эстэр Левінгстон успамінае, што праз нейкі час пасля бамбёжкі праз Міхалішкі пацягнуліся грузавікі з параненымі лётчыкамі. Дзяўчынку моцна ўзрушыла, што з кузаваў аўтамабіляў сачылася кроў і тонкімі ручаінкамі сцякала на дарогу.
Аб перавозцы параненых на грузавіках гаворыцца і ў лісце Мікалая Цімафеевіча Смольскага.
Ветэран расказваў, што ўсіх параненых павезлі на “бліжэйшую станцыю Гудагай” для далейшай адпраўкі ў шпіталь.
Аднак жа дарога з Турлаў і Лягаўцаў  у Гудагай ідзе ў процілеглым ад Міхалішак напрамку!
Тады, як усю гэтую страшную карціну магла бачыць Сцірка Кац?
Толькі ў тым выпадку, калі параненых лётчыкаў везлі на чыгуначную станцыю з Міхалішак. З аэрадрома, які тут знаходзіўся.




Аб чым расказала пахаронка?

У 1961 годзе Бакуліна Ганна Васільеўна, маці загінуўшага пад Міхалішкамі курсанта Бакуліна Мікалая Мікалаевіча, звярнулася ў Петраградскі ваенны камісарыят горада Ленінграда, дзе, напэўна, у той час пражывала, з просьбай аб выдачы копіі паведамлення аб гібелі сына – пахаронкі – якая за гады вытрапалася і прыйшла ў нягоднасць. 
Па ўзгадненні з аддзелам па персанальным уліку страт сяржантаў і салдат Савецкай Арміі, на падставе арыгінала паведамлення аб гібелі жанчыне была выдадзена дакладная копія “пахаронкі” на сына. У ёй гаворыцца: “Ваш сын, Николай Николаевич Бакулин, уроженец г. Москвы, в бою за Социалистическую Родину, верный военной присяге, проявив геройство и мужество, был убит на аэродроме Михалишки, при налете немецкой авиации 22 июня 1941 года и похоронен в м. Мехалишки”.



Паколькі копія выдавалася на падставе арыгінала, у ёй захаваны і памылкі, якія ў ім былі. Так, у анкеце на лётчыка пазначана, што ў пахаронцы памылкова ўказана месца яго нараджэння – на самай справе курсант Бакулін нарадзіўся ў горадзе Роўна.
Прысутнічае памылка і ў назве мястэчка – Мехалішкі.
Аднак у кантэксце пошукаў месцазнаходжання аэрадрома гэта не мае істотнага значэння.
Важна іншае – назва. А яна запісана досыць канкрэтна: “аэрадром Михалишки”. Звернем увагу – не “Легавцы” і не “Палестина”, а “Михалишки”.
Дарэчы, менавіта так называюць аэрадром, на якім сустрэлі вайну, і былыя курсанты Пастаўскай авіяшколы.
Мы, людзі цывільныя, для большай зручнасці навучыліся спрашчаць і змешваць розныя паняцці і назвы. Для нас што генерал, што генерал-палкоўнік – па сутнасці адно і тое ж.
Альбо калі нехта назаве сядзібу ў Турлах палацам Котвічаў у Міхалішках, то гэта, за выключэннем нейкага дапытлівага гісторыка, нікім не будзе ўспрынята як вялікая памылка – зразумела ж, аб чым гаворка!
Аднак наколькі магчыма дапусціць падобную цывільную неахайнасць у дачыненні людзей ваенных?
Ці можна, да прыкладу, уявіць, што пры існаванні афіцыйнай назвы аэрадрома ў дакуменце будзе ўказана зусім іншае найменне? Тым больш, калі гаворыцца аб месцы пахавання салдата?
Наколькі дапушчальна ўявіць, што ваенныя людзі, якія вызначаюцца дакладнасцю ва ўсім, у тым ліку і ў абазначэннях, стануць называць, напрыклад, аэрадром Лягаўцы – аэрадромам Міхалішкі?



Замест пасляслоўя

Пры напісанні гэтага артыкула менш за ўсё хацелася “прыцягнуць за вушы” сенсацыю. Усё напісанае вышэй – толькі спроба аналізу дакументаў і фактаў, якія сталі вядомымі апошнім часам.
Цалкам верагодна, што аэрадром “Лягаўцы” якраз і быў тым Міхалішкаўскім аэрадромам Пастаўскай ваеннай авіяцыйнай школы пілотаў, які быў разгромлены ў першы дзень вайны і на якім загінулі 48 курсантаў гэтай школы.
Дарэчы, шмат якія факты пацвярджаюць менавіта гэтую версію. Усе яны добра вядомыя, неаднойчы агучаны і апісаны, таму свядома не разглядаліся ў гэтым артыкуле.
Аднак фактам з’яўляецца і тое, што магіла лётчыкаў да цяперашняга часу не знойдзена, што пры такім багацці звестак, успамінаў і сведчанняў з’яўляецца ўвогуле неверагодным.
А гэта значыць, што кропку ў гісторыі Міхалішкаўскага аэрадрома пакуль ставіць рана…
І лічыць закончанай Вялікую Айчынную вайну – таксама.


Эдуард СВІРЫД.