Новые имена на памятнике погибшим в Гудагае

09:26 / 15.05.2012

Урачысты мітынг-рэквіем прайшоў напярэдадні Дня Перамогі каля брацкай магілы ў Гудагаі. Сёлета ён быў не зусім звычайны – тут адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі, на якую нанесены імёны яшчэ 29 ваеннапалонных, якія загінулі ў Гудагаі.


Да помніка-брацкай магілы мы прыехалі зараней. Дзякуючы вучням і педагогам Гудагайскай школы, каля брацкай магілы наведзены парадак. Школа і прадстаўнікі арганізацый, якія працуюць у Гудагаі, штогод прыходзяць на мітынг, ускладваюць кветкі да помніка, гавораць “дзякуй” за Перамогу. Школьнікі-піянеры стаяць у ганаровай варце. А сёлета побач з вучнямі Гудагайскай школы стаяць і члены Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.


Азмрочвае пачуцці толькі адно – з кожным годам герояў Вялікай Перамогі становіцца менш…


–                Вайна не закончана, пакуль не выяўлена імя апошняга невядомага салдата, – гаворыць пасля адкрыцця мітынгу старшыня Гудагайскага сельвыканкама М.І. Безляповіч. – І сёння, дзякуючы Ігару Усціменку і Ніне Гербутавай, а таксама газеце “Астравецкая праўда” мы змаглі ўстанавіць імёны яшчэ 29 ваеннапалонных, якія загінулі ў Гудагаі.


Марыя Іванаўна таксама падзякавала настаўнікам і вучням школы, воінам-пагранічнікам за падтрымку і дапамогу і Валерыю Бурдуну, які нанёс імёны загінуўшых ваеннапалонных на мемарыяльныя пліты.


– Права адкрыць мемарыяльныя пліты прадстаўляецца дырэктару Гудагайскай школы В.І. Лянкевічу, старшыні раённага савета ветэранаў Р.А. Герту і намесніку начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” В.А. Субаткевічу, – гучыць голас старшыні сельвыканкама. Чырвоная тканіна ўзвіваецца над таблічкамі – і адкрываюцца імёны загінуўшых, якія яшчэ нядаўна лічыліся невядомымі: С.С. Гербутаў, В.І. Князеў, В.І. Давідаў, П.А. Дзярушкін, І.Я. Фядоткін, М. Гуляеў, А.Р. Іваноў, І. Карамбаеў, А.Ю. Карцінік, С. Кузалбанаў, Ц. Музейчук, К.П. Ненараў, Я. Шыкаў, А. Злінчанка, В.Я. Васільеў, Р. Кандацьеў, А. Пецерскі, А.І. Шарамецьеў, А.М. Грыбанаў, А.Р. Белякоў, А.П. Бяскроўны, Ф.В. Емяльянаў, А.Д. Кісляк, Б.П. Іванішын, Г.А. Радзіонаў, В.М. Духанін, А.В. Белы, М.С. Бібілаў, А.І. Кірылавых.


Тое, што ўрачыстая місія адкрыць мемарыяльныя пліты была даверана менавіта В.І. Лянкевічу, Р.А. Герту і В.А. Субаткевічу, поўнасцю апраўдана і заканамерна. 60 гадоў назад Расціслаў Арсеньцевіч Герт прыехаў у Гудагай і першае, што зрабіў, – пакланіўся паўшым героям. Віталій Іванавіч Лянкевіч быў адным з тых, хто ў далёкім 1975 годзе ўзводзіў цяперашні помнік. А для Віталія Аляксандравіча Субаткевіча, афіцэра-пагранічніка, прадстаўніка маладога пакалення, гэта – свяшчэнны абавязак і наказ помніць пра подзвіг герояў Перамогі.


Слова для выступлення было прадастаўлена Р.А. Герту, які яшчэ раз нагадаў школьнікам пра цяжкія гады вайны і вызваленне, і першаму сакратару раённага камітэта БРСМ М.М. Кутовіч, якая разам з Расціславам Арсеньцевічам уручыла білеты членам БРСМ і значкі 49 гудагайскім школьнікам. Прадоўжылі ўрачыстае мерапрыемства вучні Гудагайскай школы, якія прысвяцілі героям вайны і ўсім удзельнікам мітынгу святочныя вершы.


…На брацкую магілу кладуцца кветкі – яна патанае ў іх. Чырвоныя, жоўтыя, ружовыя, фіялетавыя цюльпаны, гваздзікі, хрызантэмы ад нашчадкаў перамогі, як даніна памяці і павагі тым, хто назаўсёды застанецца ў памяці жывых.


Трохразовы ружэйны салют салютнай групы аддзела пагранічнай службы “Гудагай” парушае мірную цішыню – як напамін пра тую далёкую вайну, якая забрала мільёны ахвяр. Раздаюцца гукі духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў: “Этот день Победы…”, сэрца шчыміць – ці то ад радасці, што на некалькі невядомых салдат стала менш, ці то ад болю за тых, хто загінуў, так і не дачакаўшыся мірных салютных стрэлаў.



Алена ЯРАШЭВІЧ.