Сколько военных захоронено в братской могиле возле Гудогая. Журналистское расследование

16:03 / 11.05.2012
5690

Час бяжыць хутка. 67 гадоў прайшло з дня Вялікай Перамогі. Усе менш застаецца сведкаў той жудаснай вайны, падчас якой загінуў кожны трэці беларус. І з кожным годам нам цяжэй аднаўляць імёны тых, хто назаўсёды застаўся ў памяці людзей невядомым салдатам…


На электронную пошту  “Астравецкай праўды” напісала жыхарка Харкава з Украіны  Ніна Гербутава з просьбай аб дапамозе:


“Я шукаю магілу свайго дзядзькі – Селіверста Гербутава, ваеннапалоннага шталага 342 Маладзечна. Мы ведаем, што 14 студзеня 1942 года з Маладзечна ваеннапалонных вывезлі на расчыстку станцыі ад снегу. Дзядзька загінуў 29 студзеня 1942 года. Я знайшла ў архівах імёны 52 байцоў-ваеннапалонных, якія загінулі тут да 01.06.1942. На помніку ў Гудагаі ўвекавечаны імёны 10 байцоў. На пярэднім баку помніка выбіты імёны 13 байцоў, якія загінулі ў 1943-1944гг. Але ў архівах іх захараненні лічацца ў в. Ліпкі Вілейскага раёна Літоўскай Рэспублікі.”



Што маем?

Сапраўды, на паўночным ускрайку  пасёлка Гудагай знаходзіцца брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных. Першапачаткова помнік на ёй быў узведзены ў 1954 годзе. Значна пазней, у 1975 годзе ён быў рэканструяваны і паўстаў у тым выглядзе, якім мы бачым яго і сёння.


…Гэты помнік я помню з дзяцінства. Школа, у якой тады вучылася, знаходзілася побач, і мы ведалі, што ў гэтым будынку некалі размяшчаўся лагер ваеннапалонных. Расказвалі, што і праз шмат гадоў пасля вайны на прышкольным участку знаходзілі кавалкі калючага дроту. Але ўнутры памяшканняў нам, тагачасным вучням васьмідзясятых-дзевяностых гадоў,  пра лагер нічога не нагадвала – апроч расказаў аднавяскоўцаў і настаўнікаў. Памятаю, нам гаварылі, што воінскія пахаванні былі не толькі на месцы брацкай магілы, а  ішлі далёка ў лес. Праўда, пацвердзіць гэта ўжо няма каму…


На помніку сёння нанесены тры таблічкі з прозвішчамі – 13 на фасадзе помніка – тыя, хто загінуў  у 1944-1945 гадах, і дзве таблічкі з правага і левага бакоў помніка. На кожнай з іх  па дзесяць прозвішчаў тых, хто загінуў у 1942 годзе.


Хто яны? Адкуль узяліся гэтыя імёны? І ўвогуле – колькі чалавек і як  знайшлі свой апошні спачын у гэтай брацкай магіле? Пісьмо Ніны Гербутавай  падштурхнула да таго, каб пашукаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні.


Доўгі час – да 07.02.2005 года – лічылася, што ў брацкай магіле на станцыі Гудагай пахавана 95 ваеннаслужачых. Менавіта такія звесткі былі ў пашпарце воінскага пахавання, які захоўваецца ў раённым выканаўчым камітэце і датаваны 29 красавіка 1991 года. Імёны 13 чалавек былі вядомыя, астатнія 82 – не ведаў ніхто.


Менавіта  імёны гэтых 13 байцоў размешчаны на фасадзе помніка: старшы сяржант Міхаіл Якаўлевіч Свірыдаў (17.07.1944), малодшы сяржант Міхаіл Іванавіч Малыгін (12.07.1944), радавы Іван Васільевіч Гушчын (07.07.1944), радавы Сцяпан Васільевіч Мусіхін (21.02.1945), радавы Віктар Фёдаравіч  Сільвановіч (09.03.1945), радавы Кандрат Лук’янавіч Фалацюк (19.01.1945), радавы Сцяпан Мікалаевіч  Гаўрышка (19.01.1945), радавы Яраслаў Рыгоравіч Галайко (19.01.1945), радавы Мухамед  Камаліеў (10.07.1944), радавы Ільяс Табатдульевіч Хасанаў (10.07.1944), радавы Міхаіл Філіпавіч Дземчанка (10.07.1944), радавы Якаў Ніканаў (11.07.1944), малодшы сяржант Аляксандра Міхайлаўна Варламава (10.07.1944).


Праўда, даведацца, калі ж на помніку з’явілася  гэтая таблічка, я так і не змагла. Хутчэй за ўсё, да 1991 года, бо менавіта ў пашпарце воінскага пахавання ўтрымліваюцца звесткі пра гэтых людзей. У адпаведнасці з загадам Міністэрства абароны РБ №182 “Па пошукавай рабоце” і трапілі гэтыя спісы з архіва ў райваенкамат.


Толькі чамусьці ў кнізе “Памяць”, выдадзенай у 2004 годзе, названы імёны толькі 12 ваеннаслужачых (не ўспамінаецца імя Мухамеда Камаліева). Яшчэ адно “Чаму?” Дарэчы, яго імя не называецца і ў спісах, якія захаваліся ў райваенкамаце – магчыма, пагэтаму яно не трапіла і ў кнігу “Памяць”.


– У 2005 годзе ў пашпарт воінскага пахавання былі ўнесены змены – па новых звестках, у брацкай магіле можа быць пахавана 200 чалавек, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Т.Б. Памецька.


Гэтая ж інфармацыя даецца ў пашпарце, які датаваны 6 снежня 2007 года. “Першапачаткова воінскае пахаванне налічвала 95 ваеннаслужачых (13 – вядомыя, 82 – невядомыя воіны). Але на падставе архіўнай даведкі камітэта па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь № 10-04/25 ад 17.02.2003 года, пісьма ўпраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ад 03.02.2005 унесены змены, згодна, з  якімі  ўстаноўлена колькасць загінуўшых – 200 чалавек.”


Падобныя лічбавыя   звесткі мне ўдалося знайсці ў кнізе “Лагеры савецкіх ваеннапалонных у Беларусі. 1941-1944. Даведнік”, у якой на 163 старонцы пазначана, што ўмяшчальнасць лагера ваеннапалонных галоўнай чыгуначнай дырэкцыі “Цэнтр”, размешчанага на станцыі Гудагай, участак №4, які падпарадкоўваўся каменданту па справах ваеннапалонных акругі “Т”, складала 200 чалавек. Насупраць нумара роты стаяць лічбы 220а. Але, напэўна, умяшчальнасць не можа азначаць, што ў брацкай магіле пахавана 200 чалавек… Па сведчаннях старажылаў пасёлка,  іх было значна больш. Тут знайшлі апошні спачын не толькі ваеннапалонныя, але і людзі, чые целы выкідвалі з вагонаў, што праходзілі праз станцыю, а таксама чалавечыя шкілеты і косці, якія былі знойдзены ў бліжэйшых лясах пасля вайны.


У пашпарце, які  датаваны 2007 годам,  ужо пазначана, што вядомы імёны 42 ваеннаслужачых, целы якіх пахаваны ў брацкай магіле.


Да 13 прозвішчаў, пералічаных вышэй, дабаўлены прозвішчы яшчэ 29 ваеннаслужачых. Праўда, пакуль што на помніку ўвекавечаны толькі  такія імёны: Гаўрыіл Сцяпанавіч Каваленка (11.04.1942), Дзмітрый Кірылавіч Нішэта (20.01.1942), Фрол Аляксандравіч Сінікаў (26.03.1942), Мухамед Шагбутэнавіч Ханонаў (14.01.1942), Іван Іванавіч Зімін (18.05.1942), Міхаіл Пятровіч Ціханаў (05.02.1942), Іван Якаўлевіч Пціцын (20.01.1942), Уладзімір Андрэевіч Іваноў (05.02.1942), Міхаіл Восіпавіч Палігенка (30.04.1942), Пётр Дзмітрыевіч Карніенка (05.03.1942), Андрэй Яўстаф’евіч Панфіленка (05.03.1942), Шайсултан Хаймацінавіч Хіз(с)аміеў (20.01.1942), Іван Андрэевіч Шурскі (20.01.1942), Міхаіл Мікалаевіч Улвачоў (10.03.1942), Мікалай Іванавіч Ермалаеў (20.02.1942), Кірыл Мікалаевіч Шэўляеў (29.01.1942), Мітрафан Васільевіч Мінрыкаў (29.01.1942), Мікалай Пракоф’евіч Логінаў (06.1942), Ісаак Данілавіч Барысаў (07.05.1942), Уладзімір Самсонавіч Размадзэ (20.02.1942). Імёны гэтых ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў гады вайны ў палоне ў шталагу 342 Маладзечна,  дзякуючы падтрымцы райвыканкама і сельсавета, былі размешчаны на помніку ў Гудагаі ў 2009 годзе.


А Андрэй Пятровіч Бяскроўны (05.02.1942), Фёдар Васільевіч Емяльянаў (19.03.1942), Аляксей Дзмітрыевіч Кісляк (26.02.1942), Багдан Пятровіч Іванішын (09.04.1942), Георгій Андрыянавіч Радзіонаў (14.01.1942), Васілій Міхайлавіч Духанін (23.04.1942), Аляксандр Васільевіч Белы (26.02.1942), Міхаіл Савідавіч Бібілаў (16.05. 1942), Афанасій Іванавіч Кірылавых (03.12.1943) чакалі сваёй чаргі. Дарэчы, гэтыя імёны ўпамінаў у сваім артыкуле і Ігар Усціменка (“Астравецкая праўда”, 16 снежня 2009 года). Ён якраз і быў тым чалавекам, які, шукаючы звесткі пра Міхалішкаўскі аэрадром, натрапіў на імянныя карткі ваеннапалонных, на якіх быў размешчаны надпіс: “Гудагай”.


У апошні пашпарт воінскага пахавання, які датаваны 22 лютым 2012 года,  ужо ўнесены імёны 53 ваеннаслужачых, пахаваных у брацкай магіле ў Гудагаі.


У пашпарт унесены такія  імёны: Селіверст Селіверставіч Гербутаў (29.01.1942), Валянцін Іванавіч Князеў (21.05.1942), Васілій Іванавіч Давідаў (09.04.1942), Павел Антонавіч Дзярушкін (26.03.1942), Іван Якаўлевіч Фядоткін (26.03.1942), Міхаіл Дзмітрыевіч Гуляеў (26.03.1942), Аляксандр Рыгоравіч Іваноў (16.04. 1942), Ізрай Карамбаеў (02.04.1942), Андрэй Юр’евіч Карцінік (02.04.1942), Сабір Кузалбанаў (16.04.1942), Ціхан Музейчук (16.04.1942). Іх змагла адшукаць Ніна Гербутава.


Атрымліваецца, што яшчэ як мінімум 20 імён чакаюць таго, каб быць увекавечанымі на помніку-брацкай магіле савецкіх воінаў у Гудагаі.



Невядомыя салдаты

Ніна Гербутава таксама даслала ў  рэдакцыю матэрыялы, якія ёй удалося “накапаць”. З дакументаў рознага кшталту ёю быў складзены спіс ваеннапалонных шталага 342 Маладзечна, якія загінулі ў Гудагаі з 01.01.1942 па 01.06.1942. У ім успамінаюцца ўжо пералічаныя імёны. Але ёсць у спісе і новыя  прозвішчы. Іх – 9: Кузьма Пятровіч Ненараў (02.04.1942), Якаў Васільевіч Шыкаў (02.04.1942), Аляксандр Георгіевіч З(С)лінчанка (26.03.1942), Васілій Якаўлевіч Васільеў (02.04.1942), Рыгор Кандацьеў (19.03.1942), Анатоль Іванавіч Пецерскі (22.01.1942), Аляксандр Іванавіч Шарамецьеў (05.03.1942), Аляксей Мікалаевіч Грыбанаў (05.02.1942), Аляксандр Радзіонавіч Белякоў (05.02.1942).


Насупраць прозвішчаў усіх гэтых людзей, дата смерці якіх – 1942 год,  пазначана: загінуў у палоне. Ёсць на картках і назва пасёлка  Гудагай. Але  ці сапраўды целы гэтых ваеннапалонных былі пахаваны ў брацкай магіле ў Гудагаі? Ці, можа, названыя людзі тут толькі працавалі?


Цікавым падаецца і яшчэ адзін факт, пра які напісала Ніна Гербутава:


“У зводных картах па шталагу 342 ёсць прозвішча  Аляксандр Мішкавец – паведамляецца, што ён уцёк з лагера Гудагай і застаўся жывы. Гэта подзвіг. Яўна яму дапамагалі мясцовыя жыхары. Люда Шаўлякова (ураджэнка ст. Гудагай – А.Я.) расказвала мне, што немцы стралялі ў жанчыну, якая хацела перадаць палонным хлеб.”


Сапраўды, старажылы Гудагая не раз узгадвалі, што немцы стралялі ў людзей, якія спрабавалі дапамагчы ваеннапалонным. Але такія смельчакі ўсё роўна знаходзіліся. І таму цалкам магчыма, што нехта з палонных з дапамогай мясцовых жыхароў, змог выратавацца ад немцаў.


Імя аднаго з такіх герояў успамінаецца ў кнізе “Памяць” на старонцы 217. Гэта А.Д. Артамонаў. Але адкуль узялася інфармацыя пра гэтага чалавека? Гэта мне высветліць не ўдалося, ніякіх звестак пра А.Д. Артамонава не дае і “ОБД Мемарыял”.


А ў  інфармацыйных матэрыялах гэтага ж сайта “Данясенні аб незваротных стратах” побач з прозвішчамі Ціхан Музейчук, Кузьма Ненараў, Міхаіл Палігенка, якія ўспаміналіся вышэй, ёсць прозвішча і Аляксандра Мішкаўца – насупраць якога пазначана “geflohen” – у  перакладзе з нямецкай мовы азначае “збег”.  Яшчэ большую цікавасць выклікаў той факт, што імя М.В. Палігенка (№165) ужо нанесена на мемарыяльную пліту, імя Ціхана Музейчука (№148) таксама ёсць у пашпарце і яго збіраюцца нанесці на помнік сёлета, а вось імя Кузьмы Ненарава (№152) так і засталося незаўважаным, хаця размяшчаецца ў гэтым дакуменце на адной старонцы з вышэй згаданымі прозвішчамі. Яшчэ адно пакуль што адкрытае пытанне.


Зацікавіла мяне прозвішча Івана Якаўлевіча Фядоткіна, чыё імя знаходзіцца ў пашпарце воінскага пахавання. Ва ўліковай картцы на гэтага ваеннапалоннага пазначана: “Дата смерці 26.03.1942, Гудагай”, аднак месцам пахавання ў інфармацыі аб ваеннапалонным лічыцца Маладзечна. Кіраўнік клуба “Пошук” СШ №5 г. Маладзечна Л.Б. Князева, з якой я звязалася,  пацвердзіла, што гэты  ваеннапалонны пахаваны ў  Маладзечне. А калі ў базе “Мемарыяла”  ўводзіш толькі “Іван Фядоткін”, то месцам пахавання пазначаны Гудагай. Памылка? Ці яшчэ адна загадка?


Не атрымалася ў мяне на сайце “ОБД Мемарыял” знайсці звесткі пра Ісаака Данілавіча Барысава. У кнізе “Памяць. Маскоўская вобласць. Том 17” насупраць прозвішча чалавека з такімі ж дадзенымі значыцца: прапаў без звестак у студзені 1942 года. Хаця ён таксама значыцца ў спісах, складзеных Нінай Гербутавай. Часам здаецца: якое значэнне мае адна маленькая літарка? Аказваецца, вялікае. Па чарзе змяняючы прозвішча, імя, імя па бацьку, усё ж удалося адшукаць Ісаака Даніілавіча Барысава. Месцам пахавання яго лічыцца таксама брацкая магіла ў Гудагаі.


На сайце “ОБД Мемарыял”,  як і ў спісах, дасланых Нінай Гербутавай, ёсць падобныя прозвішчы. Да прыкладу, Шайсултан Хайламіцінавіч Хусаміеў і Шайсултан Хаймацінавіч Хіс(з)аміеў, Дзмітрый Нушэтаў і Дзмітрый Кірылавіч Нішэта. Што гэта? Памылкі ў напісанні прозвішча аднаго і таго ж чалавека – ці зусім розныя людзі?


Адзіным, пра якога я так і не змагла адшукаць ніякіх звестак, з’яўляецца А.І. Кірылавых, чыё прозвішча ўнесена ў пашпарт воінскага пахавання.  Прынамсі, у двух дакументах, размешчаных на “ОБД Мемарыяле”, месца яго пахавання лічыцца невядомым, “Імянны спіс незваротных страт” сведчыць, што А.І. Кірылавых быў пахаваны ў магіле “в. Хандогі Ляд. р-н, БССР” (калі я правільна расчытала зроблены надпіс – А.Я.) – яшчэ адна загадка ваеннай пары.


Ёсць і яшчэ адно пытанне, на якое ні Ніна Гербутава, ні я не знайшлі адказу. Ва ўліковай картцы на Пятра Карніенку стаіць запіс: Гудагай 13. Прынамсі, Ігар Усціменка лічыць, што лагер ваеннапалонных у Гудагаі насіў назву “Гудагай 13”. Дзіўным тады падаецца той факт, што на ўліковай картцы Селіверста Гербутава пазначана: Гудагай  9,  М.Н. Улвачова – Гудагай 12, а Н.І. Ермалаева – Гудагай 8. І гэтак далей. На гэтае пытанне Ніне Гербутавай не адказалі і ў цэнтры дакументацыі Дрэздэнскага аб’яднання “Саксонскія мемарыялы”. Магчыма, гэта нумары магіл? Тыя самыя, пра якія ў дзяцінстве нам расказвалі настаўнікі?


Не змагла даць адказ на загадку пра гэтыя лічбы і кіраўнік клуба “Пошук” Лідзія Барысаўна Князева.  Прынамсі, пакуль што яна нідзе не бачыла тлумачэнняў па гэтых лічбах. Але пацвердзіла, што ваеннапалонныя шталага 342 выязджалі на работы на розныя чыгуначныя станцыі і знаходзіліся там на працягу некалькіх дзён, тыдняў, месяцаў. Многія там загінулі і там жа былі пахаваны.


Ваенкам Астравецкага раёна  І.М. Чычварын лічыць, што, магчыма,  гэтыя нумары маглі быць нумарамі баракаў.


“На пярэднім  баку помніка – 13 прозвішчаў. Я вырашыла прасачыць лёс жанчыны – Аляксандры Міхайлаўны Варламавай, 1923 года нараджэння, якая загінула 10 ліпеня 1944 года.  У імянным спіску “Баявыя страты” ўказана месца пахавання – сяло Ліпкі. Вось і ўзнікла яшчэ адно пытанне”.


Гэты спіс  паспрабавала адшукаць і я. І ў  адным з дакументаў “Данясенне аб незваротных стратах №52682” на тым жа “ОБД Мемарыяле” знайшла прозвішча Аляксандры Міхайлаўны Варламавай. Дарэчы, прозвішча гэтай жанчыны занесена на мемарыяльную дошку брацкай магілы ў Гудагаі. Тым больш цікавым падаўся яшчэ адзін факт, пра які  пісала Ніна Гербутава. У гэтым дакуменце насупраць прозвішча жанчыны ў графе “дзе пахавана” пазначана: Літоўская СССР, Вілейская вобласць, с. Ліпкі, паўднёва-заходняя ўскраіна, 50 метраў ад дарогі. На гэтай жа старонцы  змешчаны прозвішчы яшчэ 18 чалавек, якія загінулі  з 9 па 11 ліпеня 1944, насупраць месца пахавання якіх  стаіць знак -//-. Ці не азначае гэта, што яны былі пахаваны ў  тым жа месцы, што і А.М. Варламава? Тады чаму Ліпкі? Няўжо месца, дзе цяпер размяшчаецца брацкая магіла ў Гудагаі, называлася  Ліпкі? Заканамерна, што  ўзнікала  яшчэ адно пытанне: магчыма,  побач з вёскай Ліпкі была яшчэ адна невядомая нам брацкая магіла?


На наступных старонках гэтага ж дакумента ўпамінаюцца прозвішчы яшчэ 16 чалавек, якія загінулі з 10 па 19 ліпеня 1944 і пахаваны ў тым жа месцы – с. Ліпкі. Сярод іх ёсць і вядомае нам прозвішча Якаў Ніканаў – той самы, чыё імя таксама выбіта на помніку ў Гудагаі.


У кнізе пахаванняў “Х.П.П.Г. №5159” (хирургический полевой подвижной госпиталь – А.Я.) таксама паўтараюцца імёны некаторых ваеннаслужачых, пералічаных у папярэднім дакуменце, але ёсць яшчэ пяць невядомых нам прозвішчаў. Зразумела, што ўсе старонкі гэтай кнігі ні я, ні Ніна Гербутава, якая даслала нам у рэдакцыю старонку са звесткамі пра Аляксандру Міхайлаўну Варламаву, не праглядзелі. Але шанс аднавіць імёны ўсіх загінуўшых з’явіўся. Я ўзрадавалася. Магчыма, атрымаецца знайсці  імёны яшчэ некалькіх загінуўшых?


Але праз некаторы час надзея прапала. Я пачала “капаць” далей – і зноў жа ў дакументах “ОБД Мемарыял” адшукала, што амаль усе гэтыя людзі пахаваны ў брацкай магіле №1 вёскі Варона – акрамя Івана Аляксандравіча Камарова, Анатоля Іосіфавіча Кісялёва і Анатоля Аляксандравіча Брунова, якія загінулі 13, 18 і 10 ліпеня 1944 года.  Чаму? А  ўжо ў выніку наступных запытаў  высветлілася, што целы А.А. Брунова, А.І. Кісялёва і І.А. Камарова  пакояцца ў брацкай магіле №1 г. Ашмяны…


Цікавым падалося і тое, што ў артыкуле Ігара Усціменкі, які быў надрукаваны на старонках “Астравецкай праўды” 8 мая 2010 года, упамінаюцца імёны Мухамеда Камаліева і Міхаіла Філіпавіча Дземчанкі, якія загінулі 10.07.1944 года і, як піша І. Усціменка, былі пахаваны ў Гурах. Тое, што месцам іх пахавання з’яўляюцца вясковыя могілкі вёскі Гуры, сцвярджаюць і дакументальныя звесткі, размешчаныя на “Мемарыяле”. Але імёны гэтых байцоў таксама высечаны на брацкай магіле ў Гудагаі. Чаму так атрымалася?


Ёсць і яшчэ адна загадка: месцам пахавання Міхаіла Іванавіча Малыгіна, які загінуў 12.07.1944 і  чыё імя таксама высечана на помніку ў Гудагаі, у дакументах “Мемарыяла” лічыцца: 50 метраў ад вёскі Селішча Ашмянскага раёна Вілейскай вобласці, брацкая магіла №7, першы рад, злева другі. Што гэта? Памылка?


Такія ж загадкі ёсць і ў  лёсах іншых прозвішчаў, размешчаных на пярэдняй мемарыяльнай дошцы брацкай магілы ў Гудагаі. Месцам пахавання С.В. Мусіхіна. В.Ф. Сільвановіча, К.Л. Фалацюка, С.М. Гаўрышка, Я.Р. Галайка дакументы “Мемарыяла” называюць грамадзянскія могілкі ў Астраўцы.


Магчыма, лічыць ураджэнец  Гудагая,  гісторык,  дырэктар Гудагайскай школы В.І. Лянкевіч, целы гэтых людзей былі пазней перазахаваны. Прынамсі, пра гэта сведчаць і ўспаміны старажылаў Гудагая, якія таксама ўспаміналі той факт, што перазахаванні былі. Гэтаксама праўдзівым, лічыць Віталій Іванавіч, з’яўляецца і  тое, што ў брацкай магіле на ўскрайку Гудагая, можа быць пахавана значна больш, чым 200 чалавек.



Пасляслоўе

Канешне,  добра, што на свеце ёсць людзі, якім неабыякава тое, што адбылося 70 гадоў назад. Дапамогу ў пошуках імён ваеннапалонных, якія былі пахаваны ў брацкай магіле ў Гудагаі, паабяцала аказаць кіраўнік маладзечанскага клуба Л.Б. Князева. Пошукі працягвае і жыхарка Украіны – Ніна Гербутава, якая б, здавалася, павінна была супакоіцца: яна знайшла месца, дзе пахаваны яе дзядзька, сёлета яго імя было ўнесена ў пашпарт воінскага пахавання ў пасёлку Гудагай, а ў хуткім часе будзе ўвекавечана на гэтым помніку. А яна працягвае шукаць. Шукае тых, хто шмат гадоў назад загінуў і быў пахаваны на нашай зямлі, у нашым раёне. Здавалася б, навошта гэта ёй?


А нам?


Было б добра, каб да пошукаў далучыліся і мы – жыхары раёна, моладзь, ваенныя, школьнікі. І тады, напэўна, хаця б на аднаго невядомага  салдата стала б менш.


“Тое, што дзядзька загінуў у Гудагаі, мы ведаем ужо амаль два гады. Цяжка хварэў мой тата, яго брат, і мы хацелі, каб ён даведаўся пра лёс Селіверста. За месяц да яго смерці прыйшлі звесткі з архіва Дрэздэна. Харытонаў пацвердзіў, што дзядзька загінуў у Гудагаі. Ваяваў Селіверст у Віцебску, потым – у Смаленску. Там мы і шукалі яго магілу. Ён вырас у вялікай сям’і – цяпер яшчэ жывуць чатыры яго сястры. Старэйшай – 91 год. І ў мінулым годзе яны яшчэ збіраліся прыехаць у Гудагай…”


Дзякуючы Ніне Гербутавай удалося знайсці новыя імёны, якія будуць увекавечаны на помніку ў Гудагаі.  І, магчыма, яшчэ ў некага супакоіцца збалелае сэрца: даведаецца, як загінуў і дзе пахаваны бацька, дзядуля, дзядзька… Не ведаю, ці патрэбна гэта душам мёртвых – каб магіла іх не была невядомай, безымяннай, а яго персанальнай, хоць і брацкай. Але жывым – дакладна патрэбна. Каб людзьмі звацца…


А  Ніна Гербутава і яе родныя маюць поўнае права прыехаць у Гудагай і ўбачыць, як ушаноўваецца памяць блізкага ім чалавека.



Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і Гудагайскага сельвыканкама, імёны яшчэ 29 загінуўшых ваеннапалонных былі занесены ў спісы і на абеліск.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений