Тыдзень postfactum: журботная дата, сумныя думкі

16:25 / 29.06.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Хто яго ведае, колькі яшчэ спатрэбіцца часу, каб дзень 22 чэрвеня асацыіраваўся ў нашай памяці з нечым светлым і радасным?


На мінулым тыдні ўсе мы ў чарговы раз яго ўспомнілі і адзначылі. Аднак успомнілі па-рознаму. Дзіўна, але чым далей мы аддаляемся ад 1941 года, тым больш новых поглядаў на гэты  трагічны дзень з’яўляецца.
Тэлекампанія НТБ з нагоды журботнай гадавіны выпусціла ў эфір шумна разрэкламаваны, з прэтэнзіяй на аб’ектыўнасць і неперадузятасць мастацка-дакументальны фільм. Асабіста я для сябе нічога новага з яго не ўзяў. За выключэннем, бадай, агульнай інтанацыі, якая ўсё часцей, выразней і настойлівей гучыць у ацэнках падзей 70-гадовай даўнасці. Сутнасць яе заключаецца ў жаданні аўтараў падзяліць адказнасць за пачатак вайны паміж СССР і фашысцкай Германіяй у роўнай ступені. Сёння гэта называецца пераасэнсаваннем гісторыі.
Добра, што новых ацэнак не чуюць абаронцы Брэсцкай крэпасці, якія з апошніх сіл пісалі на сценах “Паміраю, але не здаюся”; лётчыкі Міхалішкаўскага аэрадрома, што загінулі пад фашыцкімі бомбамі ў першы дзень вайны; жыхары Хатыні; зруйнаванага ў першыя дні вайны Мінска… Усё гэта для некага сёння не важна. А важна тое, што мінскія радыёстанцыі нібыта служылі маякамі для нямецкай авіяцыі падчас акупацыі Польшчы; што Савецкі Саюз сам меў намер першым распачаць вайну з Германіяй. У наш час усеагульнага панавання “незалежных” спецыялістаў падобных гістарычных меркаванняў вялікае мноства. З іх вынікае, што гітлераўцы і савецкія салдаты — па сутнасці адно і тое ж.
Вось і актывіст адной украінскай нацыяналістычнай партыі ў прамым эфіры тэлебачання настойваў на гэтай кропцы гледжання. А калі яго спыталі, што называецца, у лоб, на якім баку ён бы быў у 1941 годзе, з гонарам заявіў: у радах украінскай народнай самаабароны. Той самай нацыяналістычнай арганізацыі, якая вызначылася супрацоўніцтвам з фашыстамі і сумна вядомая па зверствах свайго лідара Сцяпана Бандэры.
Дзіўна і тое, што метастазы нацызму так глыбока праніклі ў свядомасць грамадства, якое на алтар барацьбы з нацызмам паклала звыш 30 мільёнаў чалавечых жыццяў.
На мінулым тыдні ў легенду сусветнага футбола, цёмнаскурага бразільскага футбаліста Раберта Карласа, які зараз выступае ў чэмпіянаце Расіі, падчас матча кінулі бананам. Маўляў, ведай сваё месца…
На фоне шматлікіх звестак аб бясчынствах на вуліцах расійскіх гарадоў скінхэдаў і іншых “брытагаловых” падобны інцыдэнт, мажліва, можа падацца бяскрыўдным. Нават смешным. Аднак хіба можа быць смешнай знявага чалавека?
Вядомы футбаліст і проста мужны чалавек ад крыўды пакінуў поле і заплакаў.
На жаль, падобныя расісцкія выхадкі, з дазволу сказаць, футбольных фанатаў становяцца ўсё больш частымі. І не толькі на футбольных матчах.
Злачынствы на міжнацыянальнай глебе ўжо нікога не здзіўляюць.
Прыкра, што афіцыйныя ўлады пры гэтым намагаюцца захаваць бачнасць прыстойнасці і робяць выгляд, што нічога страшнага не адбываецца.
Нічым іншым, як падлашчваннем да шматлікіх груповак нацыяналістычнага кшталту гэта не патлумачыш. Вельмі небяспечны і няправільны шлях, які толькі спараджае новыя праявы расізму і нічым добрым завяршыцца не можа.
Тым часам на мінулым тыдні пачаўся суд над вядомым мадэльерам Джонам Гальяна, былым дызайнерам Дома моды “Крысціян Дзіёр”. Нацысцкія выказванні, якія ўсхвалялі Гітлера, выказаныя, выпадкова ці не, у адным з кафэ ў сакавіку, каштавалі куцюр’е месца працы. А зараз яму пагражае да шасці месяцаў турмы і штраф у некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Не дапамаглі ні гучнае імя, ні сувязі, ні былыя заслугі. І хоць спадзяванні на суровасць прысуду застаюцца досыць прывіднымі, а сума штрафу раўняецца прыкладна адной гадзіне працы мадэльера, нашмат важней тое, што дзеянні вядомага чалавека атрымалі адназначную і катэгарычную ацэнку ў грамадстве.
Так і павінна быць.
Але, на жаль, так ёсць не заўсёды…