Да 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Помніць, нельга забыць!

11:13 / 22.06.2011

У аграгарадку “Міхалішкі” прайшла акцыя “Трагедыя, гераізм, памяць”, прысвечаная 70-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Арганізатарамі яе сталі раённая арганізацыя “Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў” і аддзел ідэалагічнай работы Астравецкага райвыканкама.


Удзел у акцыі прынялі ветэраны вайны і працы, вязні фашысцкіх канцлагераў, намеснікі кіраўнікоў арганізацый па ідэалагічнай рабоце, сакратары пярвічных арганізацый БРСМ, ваеннаслужачыя органаў пагранічнай службы, ветэраны-афганцы, старшыні сельскіх Саветаў і  ветэранскіх арганізацый, супрацоўнікі райваенкамата, органаў  сацыяльнага забеспячэння, ЖКГ, устаноў  аховы здароўя і адукацыі, вучні і настаўнікі  Міхалішкаўскай і Альхоўскай школ.
...Сонечнай раніцай 14 чэрвеня па новай аўтадарозе, якая злучае Астравец з месцам мяркуемага будаўніцтва першай беларускай атамнай станцыі, на камфартабельным аўтобусе, прадастаўленым аўтапаркам №4, усе  адправіліся на памятную экскурсію.
Па дарозе на пытанні ўдзельнікаў акцыі адказаў вядучы спецыяліст дырэкцыі будаўніцтва АЭС Сяргей Уладзіміравіч Горын. Сабраўшыхся цікавіла, ці ёсць альтэрнатыва атамным станцыям, якія ільготы прадугледжаны для тых, хто будзе працаваць на будучай АЭС, жыхароў 30-кіламетровай зоны, пра колькасць насельніцтва, якое ў хуткім часе населіць  горад энергетыкаў Астравец. Задалі Сяргею Уладзіміравічу і пытанні асабістага характару: чаму ён вырашыў атрымаць такую прафесію,  як трапіў на Астравеччыну? На месцы мяркуемага будаўніцтва будучай АЭС Сяргей Уладзіміравіч правёў кароткую экскурсію, кожнаму ўдзельніку сустрэчы ўручыў памятныя падарункі, прадстаўленыя  дырэкцыяй будаўніцтва АЭС, – і аўтобус рушыў далей.
Наступным пунктам прыпынку стаў помнік, устаноўлены ў Міхалішках у памяць аб курсантах, лётчыках і тэхніках Пастаўскай авіяцыённай школы, загінуўшых на Міхалішкаўскім аэрадроме ў першы дзень вайны, 22 чэрвеня 1941 года. Каля помніка ўдзельнікаў акцыі сустракалі вучні  і настаўнікі дзвюх суседніх школ – Міхалішкаўскай і Альхоўскай. Тут жа прайшоў  мітынг у памяць аб загінуўшых. Удзельнікі акцыі ўсклалі да памятнага знака гірлянду і вянок, ушанавалі памяць загінуўшых  хвілінай маўчання  і адправіліся ў мясцовы Дом культуры.
Тут прайшло пасяджэнне, прысвечанае 70-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Распачаў  яго старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсеньцевіч Герт:
– Прайшло больш за 20 гадоў  з таго дня,  як было створана грамадскае аб’яднанне ветэранаў. З кожным годам сведкаў той трагічнай даты – 22 чэрвеня 1941 года – становіцца менш, сёння ў  нашай краіне засталося каля 25 тысяч ветэранаў, а ў раёне – толькі 25 чалавек. Толькі за апошні тыдзень два ветэраны  – Віктар Антонавіч Лукша і Рыгор Вікенцьевіч Мятлеўскі – пайшлі з жыцця. Яны адышлі, але памяць пра іх подзвіг назаўсёды застанецца ў сэрцах людзей.
У сваім выступленні Расціслаў Арсеньцевіч прасачыў шлях, які давялося прайсці нашым людзям, пачынаючы з трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, – час, які быў насычаны мноствам падзей, – страшных і трагічных, як Вялікая Айчынная вайна, і радасных, як палёт першага савецкага чалавека ў космас.
Раённы камісар Ігар Мікалаевіч Чычварын у сваім выступленні спыніўся на архіўных дадзеных, якімі яшчэ раз  пацвердзіў вераломнасць нападу гітлераўскай Германіі на тэрыторыю Савецкага Саюза.
Першы сакратар БРСМ Марына Мар’янаўна Кутовіч гаварыла пра валанцёрскі і цімураўскі рух, які атрымаў шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі нашага раёна. Да прыкладу, міхалішкаўскія валанцёры працуюць над праектам “Памяць” – вучні збіраюць успаміны сведкаў тых далёкіх  падзей. Валанцёрскі атрад “Анёлы” ўзяў шэфства над тымі, хто знаходзіцца ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі сельскай участковай Міхалішкаўскай бальніцы; члены атрада “Юнацтва”, які створаны пры Варнянскай школе, працуюць па праграме “Крок насустрач” – і нікога не пакідаюць без клопату. Гэтак жа плённа працуюць валанцёры Гудагайскай, Спондаўскай і Варонскай школ.
Удзельнік вайны Андрэй Андрэевіч Галагаеў успомніў першы дзень вайны – было цяжка і складана, але ў той час  кожны лічыў сябе патрыётам і разумеў, што з ворагам трэба змагацца.
– Мы перамаглі толькі дзякуючы высокаму патрыятызму, і цяпер дзяцей трэба таксама выхоўваць у духу патрыятызму. Нельга забываць тое, што было, але і прыхарошваць тыя падзеі таксама не трэба, – закончыў сваё выступленне ветэран вайны.
Пра патрыятызм нашых дзядоў і прадзедаў, а таксама пакалення, якому давялося выконваць інтэрнацыянальны  абавязак, гаварыў і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Сцяпан Сцяпанавіч Ціток.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч расказала пра дзейнасць настаўнікаў па выхаванню падрастаючага пакалення. Прынамсі, яна спынілася на даследчай дзейнасці, якую праводзяць вучні і іх настаўнікі,  рабоце музеяў і музейных пакояў, арганізацыі выстаў, экскурсій і паходаў па месцах баявой славы, правядзенні працоўных акцый і аказанні шэфскай дапамогі.
Слова для выступлення было прадастаўлена і намесніку начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Віталію Аляксандравічу Субаткевічу. Ён гаварыў пра  подзвіг воінаў-пагранічнікаў 40-х гадоў і запэўніў, што сённяшняе пакаленне ахоўнікаў мяжы  свята захоўвае памяць пра перамогу і ніколі  не зганьбіць  імя герояў-пагранічнікаў.
Таццяне Нікіфараўне Волкавай ў дзяцінстве давялося зведаць і жахі вайны, і пакуты вязня  канцэнтрацыйнага лагера.
– Голад прымушаў нас не баяцца кулі.  А потым  згарэла наша вёска, нас забраў мой хросны бацька, а ў 1944 годзе  я апынулася ў Азарычах. Тое, што там адбывалася, і цяпер стаіць  перад вачыма. Вайна забрала шмат людзей. І мне хочацца, каб слова “страта” вы вымаўлялі толькі тады, калі гэта адносілася б да закону прыроды.
Успомніла Таццяна Нікіфараўна  сваё знаходжанне ў дзіцячым доме, працу ў школе – і звярнулася да дзяцей і ваеннага камісара з просьбай:
– На могілках у Варнянах ёсць магіла савецкага салдата – аднаго з тых, хто быў паранены пасля бамбёжкі Міхалішкаўскага аэрадрома, прынамсі, так гавораць сведкі тых далёкіх часоў. Школьнікі з Варнян яе даглядаюць, але гэтага мала – трэба зрабіць, каб імя гэтага чалавека жыло ў вяках.
Ігар Рыгоравіч Усціменка, кіраўнік музея Міхалішкаўскай школы,  расказаў пра след, які пакінула вайна ў гісторыі Міхалішак і ўсяго  Астравецкага  раёна, пра яе першыя дні, пра вызваленне.
– Памяць пра тыя жахлівыя і трагічныя дні жыве і цяпер. У  Міхалішках устаноўлены тры помнікі: загінуўшым землякам, лётчыкам і курсантам Пастаўскай авіяшколы, вязням яўрэйскага гета. А пра іх подзвіг можна даведацца ў школьным музеі. Таму і цяпер – ніхто не забыты і нішто не забыта, – сказаў Ігар Рыгоравіч.
Пасля прыняцця звароту  ўдзельнікам канферэнцыі быў прапанаваны відэафільм, які складаўся з успамінаў ветэранаў, што выступалі на раённай канферэнцыі, прысвечанай 60-годдзю Вялікай Перамогі ў сакавіку 2005 года.
Удзельнікі акцыі ўсклалі вянкі і кветкі да помнікаў загінуўшым землякам і ахвярам фашызму – закатаваным яўрэям.
Закончылася канферэнцыя канцэртам мастацкай самадзейнасці Міхалішкаўскага сельскага Дома культуры і абедам, які адбыўся дзякуючы падтрымцы старшыні СВК «Міхалішкі» А.І. Чаплінскаму.
На працягу дня ўдзельнікі мерапрыемства ўспаміналі  жудасны дзень 22 чэрвеня 1941 года і тых, дзякуючы каму мы цяпер жывём ў мірнай краіне.
Усё, што адбывалася, трэба помніць – і нельга забыць!


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.