Незвычайны камень знайшлі на мяжы пагранічнікі

14:23 / 08.04.2011

Падчас чарговага планавага абходу дзяржаўнай мяжы група пагранічнікаў на чале з камандзірам мабільнай заставы капітанам Іванам Сяргеевым знайшла ўнікальны старажтны камень з трыма выбітымі на ім крыжамі.


–Пакуль складана сказаць нешта дакладнае, – пракаменціраваў гэтую знаходку мясцовы краязнаўца Алесь Юркойць. – Знаходкай будуць займацца навукоўцы. Адно можна сказаць з упэўненасцю: камень унікальны. Ён мае незвычайную касую форму і выбітыя на ім тры крыжы без якіх-небудзь іншых надпісаў і дат, што сведчыць аб старажытнасці знойдзенага помніка. Гэты камень ці, дакладней, камяні я шукаў яшчэ гадоў дзесяць таму назад. Адзін з леснікоў распавёў мне, што бачыў да пятнаццаці такіх камянёў. Мы паехалі іх шукаць, але ўлетку ў высокай траве не знайшлі.
Незвычайны камень знаходзіцца на самай мяжы Беларусі і Літвы – ля пагранічных слупоў, таму, перш чым распачаць пошукі братоў-блізнят гэтага ўнікума, трэба атрымаць спецыяльны дазвол.
Камень стаіць непадалёк ад былога хутара Санова. Бліжэйшы жылы населены пункт з беларускага боку – Жарнэлі, з літоўскага – Канюкай.
–У сувязі з тым, што камянёў, па словах лесніка, было шмат, гэта маглі быць сярэднявечныя могілкі. Тым больш, што месца для гэтага зручнае і прыгожае – на пагорку, побач невялікая рэчка, – лічыць Алесь Юркойць. – Яшчэ адной версіяй можа быць меркаванне, што гэта прыдарожныя камяні ля старажытнай дарогі Вільня-Быстрыца. Брукаваных дарог тых часоў практычна не захавалася. А Быстрыца была вядомым мястэчкам, у некаторых крыніцах нават называлася горадам. У ёй дзейнічалі мытня і перавоз праз Вілію. Дарога на Вільню праз яе, можна сказаць, была цэнтральнай. Але праходзіла яна не так блізка ад знойдзенага каменя, таму гэтая версія менш верагодная. У любым выпадку высвятленню ісціны папярэднічаюць пошукі і даследаванні.
Ганна ЧАКУР.