Тыдзень postfactum: пад навагоднім салютам

09:09 / 06.01.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

У чарговым святочным нумары “АП” не станем напружваць нашых чытачоў “глыбінным” аналізам і аглядам знешне- і ўнутрапалітычных падзей. Лепш разам успомнім тое, што закранула ўсіх нас на мінулым тыдні, – надыход Новага 2011 года!


У пераднавагодніх клопатах мы неяк забыліся пра дзве рэчы.
Па-першае, аб тым, што перагарнуўся лісток календара першага дзесяцігоддзя XXI стагоддзя. “Нулявыя” гады ўжо сталі гісторыяй. Хоць сама назва, у адрозненне ад “васьмідзесятых” “дзевяностых” у нас так і не прыжылася. Не паварочваецца язык і на “дзясятыя”. Яны толькі пачынаюцца. Хто яго ведае, з часам, мажліва, гэтая назва і прыжывецца.
А з “нулявымі” развіталіся мы неяк будзённа. Не інакш, “распесцілі” нас апошнія гады мінулага стагоддзя. Як жа – надыход цэлага тысячагоддзя адзначылі! Што нам цяпер да нейкага там дзясятка гадоў?!
А другое, пра што мы паступова перасталі клапаціцца, дык гэта пра пытанне, якое дамоклавым мячом вісела над намі апошнія гады: будзе ў навагоднюю ноч снег ці не? Снег быў. Прычым нават у залішняй колькасці. Вось і вер пасля гэтага ў глабальнае пацяпленне. Што б ні гаварылі пра ЖКГ – а у нас хваліць гэтую службу лічыцца дрэнным тонам – са сваімі абавязкамі камунальнікі пакуль спраўляюцца. Сумная слава Санкт-Пецярбурга, які засыпала снегам ледзь не да галавы “меднага конніка”, Астраўцу пакуль не пагражае.
Увогуле ўвесь мінулы тыдзень прайшоў пад знакам святочных клопатаў.
Удала і разумна праявіла ініцыятыву райспажыўтаварыства. Кірмашы, якія сталі рэгулярнымі і праводзяцца ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, напярэдадні калядных і навагодніх свят працавалі па некалькі дзён запар і задаволілі попыт нават самых няспешных і пераборлівых пакупнікоў. Выбар быў даволі багаты, а цэны досыць прымальныя. Прынамсі, вялены вугор каштаваў значна танней, чым апошні раз, калі,  глынаючы сліну, я на яго глядзеў летам у адной са сталічных крам.
Па даўжэзных чэргах у астравецкіх магазінах можна зрабіць выснову, што перад Новым годам прыбытак работнікі гандлю атрымалі нядрэнны. Ну а мы, пакупнікі, у чарговы раз не пашкадавалі грошай для святочнага стала. “Пайшлі” нават свежыя садовыя суніцы з Нідэрландаў амаль па тысячы рублёў за ягадку. А ўсё скардзімся на беднасць.
Дарэчы, адным толькі сталом нашы выдаткі ў Новы год не абмежаваліся.  Святочнае неба раённага цэнтра і раёна асвятлілася сапраўдным феерверкам кітайскіх салютаў. За нейкіх паўгадзіны ў паветры ў прамым сэнсе згарэла не адна тысяча долараў. Для свята нічога не шкода! Дзіўна толькі, што нідзе тыя салюты не прадаваліся. Але наш чалавек, калі чаго пажадае – абавязкова здабудзе! Праўда, асабіста  я стаў сведкам небяспечнасці кітайскай піратэхнікі. Адна з ракет са свістам паляцела зусім не ў зорнае неба, а, міма разявяк, якія стоўпіліся ў чаканні бясплатнага вогненага шоу, акурат у шыбу чыёйсьці кватэры. Падагрэты шампанскім народ быў у захапленні! Добра, што абышлося без наступстваў.
Праз гадзіну пасля наступлення Новага года пачалася святочная праграма на галоўнай плошчы Астраўца. Арыгінальнасцю яна не вызначылася. Праўда,  публіку, што сабралася ля ёлкі, тая арыгінальнасць мала цікавіла. Людзі прыйшлі, каб “выпусціць пар” пасля святочнага стала, сустрэць сяброў і знаёмых, павіншавацца, “дагнацца” і пабратацца. Для гэтай мэты вельмі добра падышлі лавачкі ў гарадскім скверы. Работнікі міліцыі, якіх было даволі шмат, за народным гуляннем сачылі пільна, але стрымана.
Увогуле, арганізацыю бяспекі падчас правядзення свята трэба адзначыць добрымі словамі. Упершыню месца гуляння было агароджана. У некага, канешне, выклікала абурэнне, што міліцыянеры не дазвалялі праносіць за “перыметр” сумкі hermes birkin і торбы, у якіх, ясная справа, былі не толькі бутэрброды на сняданак. Аднак, трэба прызнаць, падобныя меры былі цалкам апраўданымі. Бяспека людзей – перад усім. Тым больш, што святкаваць работнікі аховы парадку не перашкаджалі. А тое, што народ дысцыплінавала сама прысутнасць людзей у пагонах – было вельмі дарэчы.
Напрыканцы гуляння на плошчы арганізатары запрасілі прысутных на навагоднюю дыскатэку. “Дарагавата!” – забубнелі многія, пачуўшы цану ўваходнага білета ў 10 тысяч.
Яно і праўда – дыскатэка ж не сунічкі і не феерверк.
З Новым годам, сябры!