Год адыходзячы: перамогі, падзеі, адкрыцці

10:39 / 30.12.2010
Падзея года

Галоўнай падзеяй адыходзячага года, можна сказаць, яго фінішным акордам сталі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і пераканаўчая перамога на іх дзеючага кіраўніка дзяржавы. За Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку прагаласавала амаль 80 працэнтаў дарослых жыхароў раёна.
У Астравецкім раёне ўдзел у выбарах прынялі 16880 выбаршчыкаў з 17965, унесеных у спісы для тайнага галасавання. За дзеючага прэзідэнта аддалі свае галасы 14794 жыхары Астравецкага раёна. За ўсіх астатніх кандыдатаў, разам узятых, прагаласавала 1545 выбаршчыкаў. 443 чалавекі галасавалі супраць усіх кандыдатаў.



Адкрыццё года

Адыходзячы год у Астравецкім раёне прайшоў пад знакам 120-годдзя Казіміра Сваяка. І ён быў насычаны рознымі адкрыццямі, звязанымі з іменем нашага слыннага земляка. Дзякуючы прафесару Гэлене Глагоўскай і краязнаўцы Іаланце Валуевіч адкрыліся імёны ўдзельнікаў арганізаванага Канстанцінам Стэповічам Хаўрусу Сваякоў. Своеасаблівым адкрыццём для многіх стала выдадзеная ў гэтым годзе, дзякуючы спонсарскаму ўдзелу ўдзячных землякоў, кніга твораў Казіміра Сваяка.
І, вядома, галоўным адкрыццём года стала адкрыццё першага ў раёне сапраўднага музея – дома-музея Казіміра Сваяка ў вёсцы Барані.



Пагадненне года

У пачатку кастрычніка ў Лідзбарку Вармінскім (Рэспубліка Польшча) старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька і стараста Лідзбарка Вармінскага павету Марэк Хіль падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве – гэтым актам завяршылася больш чым гадавая работа па яго падрыхтоўцы і ўзгадненню.



Юбілей года

Сёлета ў студзені адзначалася 70-годдзе ўтварэння Астравецкага раёна. “Астравецкая праўда” да гэтай падзеі і апасля яе арганізавала шмат публікацый на гістарычную тэму. А таксама -- конкурс старых фотаздымкаў. “Аднойчы, шмат гадоў таму”, якія дазволілі ўзгадаць і прыадкрыць прызабытыя старонкі не такой ужо і далёкай, але, на жаль, мала вядомай гісторыі.



Перамога года

Перамогай года стаў бронзавы медаль астравецкай школьніцы Насці Вайшнаровіч на міжнароднай алімпіядзе па біялогіі, якая праходзіла ў Паўднёвай Карэі – да гэтага падобных поспехаў астраўчане не дабіваліся.



Узнагарода года

Дзяржаўную ўзнагароду -- медаль “За працоўныя заслугі” з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі атрымала ўчастковы тэрапеўт Астравецкай раённай бальніцы Данута Раманаўна Субаткевіч.



Візіт года


Гэты год для Астравеччыны быў багаты на розныя міжнародныя стасункі: раён наведала некалькі літоўскіх дэлегацый, у тым ліку дэпутатаў сейму. Летам з неафіцыйным візітам у рамках міжнароднага велапрабегу раён наведаў прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс і іншыя члены літоўскага кабінета міністраў.
І ўсё ж галоўнай міжнароднай падзеяй мінулага года стала наведванне Астравецкага раёна дэлегацыяй з Японіі – супрацоўнікаў транснацыянальнай кампаніі “Mitsubishi Heavy Industries”, якія ад кіраўніцтва нашай краіны  атрымалі прапанову паўдзельнічаць у будаўніцтве першай беларускай АЭС і на месцы вывучалі асаблівасці астравецкай пляцоўкі.



Спартыўнае дасягненне года

Увогуле спартыўнае жыццё гэтага года было насычаным падзеямі і перамогамі. Можна ўзгадаць удалыя выступленні нашых баксёраў і лёгкаатлетаў, адкрыццё новых спартыўных аб’ектаў – міні-футбольнага поля, адрэстаўраваных каткоў.
І ўсё ж галоўнай спартыўнай перамогай мінулага года, у пэўнай сэнсе сенсацыйнай, стала двайная перамога нашых юных хакеістаў – старэйшай і малодшай групы – на абласным этапе турніру “Залатая шайба” – нашы рабяты, выхаванцы трэнера Яўгенія Яфімава, змаглі перамагчы ўсіх сапернікаў, нават тых, хто штодня займаецца ў лядовых палацах. Што і казаць – малайцы!



Спаборніцтвы года

Астравеччыне даводзілася прымаць спартыўныя спаборніцтвы рознага ўзроўню. Але міжнародны турнір сёлета ў нас праводзіўся ўпершыню На базе Гервяцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу і спартыўнай залы  Рымдзюнскай школы летам праходзіў міжнародны турнір па баскетболу, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі літоўскіх абшчын дзесятка краін Еўропы, а таксама – гаспадароў.



Надзея года

Сёлета адбылася падзея, якую астраўчане даўно чакалі: падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ яна і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісалі пагадненне аб спрошчаным перасячэнні дзяржаўнай мяжы паміж нашымі дзвюма краінамі жыхарамі прыгранічных населеных пунктаў, да якіх адносіцца і Астравец. Напрыканцы года пагадненне было ратыфікавана беларускім парламентам, цяпер засталося чакаць такога ж кроку ад літоўскага сейма – і Вільнюс можа стаць для астраўчан такім жа родным і блізкім, як і некалі.